Віртуальны музей кляштара

№ 7 (1290) 18.02.2017 - 24.02.2017 г

Горад Бяроза Брэсцкай вобласці ў гэтым годзе рыхтуецца адзначыць свой 540-гадовы юбілей. У старажытнасці гэта была вёсачка, сваё ж развіццё як мястэчка атрымала дзякуючы будаўніцтву кляштара ордэна картэзіянцаў. Яго будаўніцтва вялося з 1648 па 1689 гады, і да нашых дзён захаваліся фрагменты старажытных пабудоў. У 2014 годзе дзякуючы намаганням кіраўніцтва райвыканкама была праведзена рэканструкцыя ўязной брамы манастыра, цяпер яе выгляд упрыгожвае герб горада.

/i/content/pi/cult/625/13886/11-1.jpgГісторыя старажытных сцен прыцягвае як знаўцаў мінулага, так і замежных турыстаў, нядаўна тут, да прыкладу, пабывалі прадстаўнікі Фонду Тадэвуша Касцюшкі з Польшчы. Сёння аднаго простага аповеду экскурсавода ўжо недастаткова, таму Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей імкнецца прыцягваць наведвальнікаў не толькі багаццем сваіх фондаў і зборам унікальных рарытэтаў, але і сучаснымі інавацыйнымі праектамі. Адзін з найноўшых — “Віртуальны музей “Бярозаўскі картэзіянскі манастыр. Гісторыя заснавання і дзейнасці” — удастоены дыплома III ступені на нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, які адбыўся мінулай восенню ў Магілёве. Бяроза стала пераможцам сярод 109 музеяў рэспублікі ў намінацыі “За лепшы музейны праект”.

У Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі сабрана нямала матэрыялаў, якія тычацца гісторыі ўзнікнення і дзейнасці манастыра, аформлена адпаведная экспазіцыя ды працягваецца пошук новых дакументаў і звестак з мэтай больш поўнага адлюстравання гістарычнага мінулага роднага краю. А ў мінулы Год культуры супрацоўнікамі музея быў распрацаваны віртуальны музей з выкарыстаннем сучасных камп’ютарных тэхналогій. Цяпер ужо з дапамогай інтэрактыўных сродкаў можна ўбачыць прыгажосць ды веліч помніка архітэктуры і шырэй азнаёміцца з яго ўнікальнай гісторыяй. Факт прысутнасці дасягаецца праз выкарыстанне наяўных у фондах музея шматлікіх матэрыялаў: чарцяжоў, схем, фатаграфій, гравюр, карт, карцін, скульптур, акварэляў. Ёсць і макеты дакладных копій манастыра, а таксама калекцыя карцін з яго відамі ў розныя часы.

— Наш новы праект рэалізоўваўся ў праграме, якая дазваляе ствараць інтэрактыўныя панарамы, што дае магчымасць адчуць эфект прысутнасці ў экспазіцыі. Зараз любы зацікаўлены зможа знайсці праект ў інтэрнэце і азнаёміцца з ім. Акрамя таго, ён транслюецца ў экспазіцыйнай зале музея, і кожны наведвальнік мае магчымасць даведацца пра гісторыю кляштара віртуальна, — распавядае дырэктар Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Любоў Ківатыцкая. — Да таго ж з’явілася рэальная магчымасць цэласна і гарманічна данесці да гледача ўвесь захаваўшыся матэрыял. Інтэрнэт-карыстальнікам прапануецца прагуляцца па шасці залах віртуальнага музея, дзе прадстаўлена гісторыя ордэна картэзіянцаў і кляштара ў розныя эпохі. Так, першая расказвае пра Бярозу ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, другая прысвечана гісторыі ордэна, трэцяя — жыццю манахаў манастыра. У наступных залах прадстаўлена наступная гісторыя кляштара, у адной з іх размясцілася віртуальная карцінная галерэя.

На стварэнне новага праекта, які калектыў музея змог ажыццявіць пры актыўнай падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама, спатрэбілася больш за год. Віртуальны музей размешчаны на афіцыйным сайце музея.

Разалія КАРПЕШ

Бяроза