Прыпавесць карыкатуры

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Як без слоў гаварыць на ўсіх мовах свету
Карыкатуры, зусім неабавязкова быць прывязанай да газетнай ці часопіснай паласы і засяроджвацца выключна на візуалізацыі сацыяльных актуалій. Гэтаму жанру вельмі пасуе філасафічнасць і паглыбленасць у так званыя вечныя тэмы. Менавіта ў такім кірунку шчыруе азербайджанскі графік Байрам Гаджызадэ, чыя персанальная выстава пад назваю “Без слоў” прайшла ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

/i/content/pi/cult/623/13850/13-1.jpgШмат для каго слова “карыкатура” (асабліва ў спалучэнні “карыкатура на…”) гучыць як вызначэнне зласлівага скажэння рэчаіснасці і спосабу з чагосьці альбо кагосьці пакпіць, паздзекавацца. Між тым, карыкатура — з’ява з культурнага шэрагу. Гэта адзін з жанраў выяўленчага мастацтва, дзе эфект камічнасці дасягаецца за кошт перабольшання і абвостранасці рысаў, нечаканых суадносін і прыпадабненняў. Вялікія майстры карыкатуры зрабілі ўнёсак у мастацтва не меншы, чым прадстаўнікі іншых творчых цэхаў, а маштабам іхняй аўдыторыі і магчымасцям уплыву на грамадскую думку могуць пазайздросціць нават мастакі-манументалісты, чые творы аздабляюць гарадскія плошчы.

Згаданы ж намі творца шанаваны на радзіме і ў замежжы. Ён старшыня аб’яднання мастакоў-карыкатурыстаў Азербайджана, прэзідэнт азербайджанскай групы ў Міжнароднай федэрацыі аб’яднанняў карыкатурыстаў і член рэдакцыйнай калегіі еўрапейскага часопіса “Feconews”, старшыня і член журы мноства міжнародных конкурсаў, мае шмат міжнародных узнагарод. Спадар Гаджызадэ ўганараваны званнем заслужанага дзеяча мастацтваў Азербайджанскай Рэспублікі. Творчасць ён паспяхова сумяшчае з выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю: мае ступень доктара філасофіі і мастацтвазнаўства, рыхтуе прафесіяналаў у Азербайджанскім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

На вернісажы наш карэспандэнт меў магчымасць пагутарыць з мастаком. Той распавёў, што да карыкатуры як да формы творчага самавыяўлення ён прыйшоў не выпадкова, а цалкам асэнсавана. Тое, што будзе працаваць менавіта ў гэтым жанры, мастак ведаў яшчэ ў час вучобы ў Азербайджанскай дзяржаўнай мастацкай школе. Гэта ўпэўненасць умацавалася, калі Байрам Гаджызадэ займаўся на факультэце графікі ва ўніверсітэце, у якім зараз сам выкладае. Ён мог бы засяродзіцца на кніжнай аздобе (гэта спецыялізацыя вельмі шануецца ў творчым асяродку і лічыцца прэстыжнай сярод студэнтаў мастацкіх ВНУ), але менавіта карыкатура стала для яго справай жыцця. Справа ў тым, што спадару Байраму хацелася быць не ілюстратарам ці інтэрпрэтатарам чужых думак, а стваральнікам уласных графічных прыпавесцяў. Ягоныя малюнкі насамрэч з’яўляюцца сціслымі па форме, але сэнсоўна насычанымі аповедамі пра чалавечую натуру, сутнасна змяніць якую няздольныя ні навуковы прагрэс, ні сацыяльныя катаклізмы, ні класавая мараль, ні рэлігійная этыка. Яны выклікаюць усмешкі, але на сэрцы пры гэтым роспачна. Карыкатуры Байрама Гаджызадэ звернуты да ўсіх людзей ва ўсіх краінах, але ў іх прасочваецца спецыфіка Усходу. Пры ўсім касмапалітызме карыкатуры як жанру мастацтва іх аўтар застаецца азербайджанскім мастаком.

Варта дадаць, што Азербайджан — першая краіна мусульманскага свету, дзе з’явіўся сатырычны часопіс. Было гэта на пачатку мінулага стагоддзя, што для свайго часу стала з’явай рэвалюцыйнага кшталту. Часопіс быў аздоблены карыкатурамі. І гэта, калі браць да ўвагі дамінаванне культурных традыцый іслама, можна лічыць навацыяй.

Сёння, па словах спадара Гаджызадэ, у Азербайджане прыблізна сто карыкатурыстаў, але творчы актыў складаюць чалавек пятнаццаць. Стварэнне карыкатурыстамі Азербайджана ўласнага творчага аб’яднання выклікана як патрэбаю творчага сумоўя, так і мэтаю надання пэўнай статуснасці гэтай мастацкай спецыялізацыі. Пры наяўнасці такога творчага асяродку прасцей забяспечыць пераемнасць традыцый і ўкараненне наватарства.

Спадар Байрам выказаў пэўную занепакоенасць тым, што ў выніку шырокамаштабнай змены эстэтычных арыенціраў грамадства пад пагрозай аказалася сістэма мастацкай адукацыі, пабудаваная на класічнай, праверанай часам метадалогіі. (Нешта падобнае, дадам, адбываецца бадай на ўсёй постсавецкай прасторы). Здараецца, што выпускнікам вышэйшай мастацкай школы не стае майстэрства для выканання адказных дзяржаўных заказаў. Даводзіцца ў такіх выпадках звяртацца да спецыялістаў звонку. Вось і аб’яднанне карыкатурыстаў, якое ён узначальвае, мае клопат пра захаванне высокай планкі майстэрства і глыбокай змястоўнасці ў канкрэтнай творчай справе.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"