Калі мясцовыя ацэняць сваю спадчыну

№ 5 (1288) 04.02.2017 - 10.02.2017 г

Зміцер ЗАЙКО, больш вядомы як рэпер Вожык, нарадзіўся ў горадзе Сянно Віцебскай вобласці, вучыўся на гістарычным факультэце БДУ, дзе атрымаў рэдкую для Беларусі кваліфікацыю “гісторык-этнолаг” (большасць выпускнікоў гістфака маюць у дыпломе запіс “Гісторык. Настаўнік гісторыі”). Працаваў у розных гарадах Беларусі і Украіны, развіваў музычныя і дабрачынныя праекты ў галіне сацыяльнага прадпрымальніцтва. Улетку 2016 года вярнуўся дамоў, дзе цяпер працуе на пасадзе метадыста па аматарскіх аб’яднаннях Сенненскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

/i/content/pi/cult/623/13848/12-1.jpgСітуацыя цікавая, бо чалавек свядома абраў дзяржаўную сферу культуры, не з’яўляючыся маладым спецыялістам і маючы вопыт удзелу ў нефармальных культурных ініцыятывах. Чалавек сучасны, так бы мовіць, з пакалення сацсетак (у мове праскокваюць выразы кшталту “кучу лайкаў сабраў”). Пра асаблівасці працы гутарым са Змітром у Мінску, куды ён прыехаў на курсы павышэння кваліфікацыі (вывучае сацыякультурны менеджмент у Інстытуце культуры Беларусі).

— Зміцер, чаму ты вырашыў працаваць у дзяржаўнай сферы культуры?

— Я ў свой час меў вопыт працы ў Сенненскай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот. Вярнуўшыся, вырашыў паспрабаваць нешта яшчэ. На гістфаку пісаў дыплом на тэму “Традыцыйная абраднасць Сенненшчыны пасля Вялікай Айчыннай вайны”, збіраў матэрыял па вёсках. На жаль, у той час яшчэ не карыстаўся сродкамі аўдыя- і відэафіксацыі, толькі рабіў нататкі ў сшытку. Пасля атрымання дыплома не дужа цікавіўся этналогіяй. І музычныя інтарэсы былі далёкімі ад фальклору. Два разы выйграў на мінскім хіп-хоп фестывалі “Freestyle-cup”, мае беларускамоўныя рэп-кампазіцыі сталі вельмі папулярнымі на Украіне і ў Беларусі. Творчая дзейнасць дапамагала ў сацыяльнай і культурнай: прыехаць у інтэрнат з канцэртам значна больш цікава, чым проста прывезці дзецям цацкі… Мая спецыялізацыя па дыпломе, дарэчы, як найлепш адпавядае мэтам Кодэкса аб культуры: “прыярытэт развiцця беларускай нацыянальнай культуры і прызнанне беларускай мовы адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту”. Мабыць, і ў райвыканкаме так палічылі, узяўшы мяне на працу. Я разумеў, што грошаў у культуры не зараблю, ішоў, канечне ж, не па іх, а па пэўную самарэалізацыю.

— Як твой вопыт удзелу ў нефармальных культурных ініцыятывах прыдаўся для працы ў Сенненскім РЦКНТ?

— Я шмат магу прапанаваць з таго, што раней не рабілася. Планую адкрыць канал на “Youtube” і выкладаць туды запісы мерапрыемстваў. На пачатку сакавіка хацеў бы зладзіць канцэрт для сенненскай моладзі, прывезці Паліну Рэспубліку і Пятра Клюева: у Сянне ідэальныя ўмовы для гастралёраў, 80 працэнтаў ад кошту білета ідзе музыканту. (Дарэчы, на Украіне дзяржаўныя дамы культуры супрацоўнічаюць, дзеляцца апаратурай падчас мерапрыемстваў з недзяржаўнымі арганізацыямі. Апошнія, у сваю чаргу, дапамагаюць дамам культуры ладзіць цікавыя імпрэзы. Я бачыў плён такога супрацоўніцтва на ўласныя вочы, мяне запрашалі ў дом культуры горада Васількоў пад Кіевам працаваць рэжысёрам-пастаноўшчыкам. Мне здаецца, такое дзяржаўна-грамадскае партнёрства — гэта шлях і для Беларусі. Пакуль у Сянне функцыі НДА маглі б выконваць аматарскія аб’яднанні, якімі я займаюся на працы.) Я хацеў бы стварыць этнаклуб, ладзіць традыцыйныя святы, танцы. У маі ў раёне адбудзецца семінар-практыкум па Ходцаўскай кадрылі, што прэтэндуе на статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Буду рыхтаваць дакументы на яе разгляд Радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, спадзяюся, маючы пэўны вопыт праектнага менеджменту і працы з мультымедыя, зрабіць гэта хутка.

— Ці даводзіцца падчас працы сутыкацца з іншымі праявамі традыцыйнай культуры, акрамя танцаў?

— Я прысутнічаў на ўсіх аглядах сельскіх устаноў культуры раёна, што праходзілі за час маёй працы. Быў уражаны, як малымі сродкамі і малой колькасцю работнікаў робяцца такія цікавыя мерапрыемствы. Пра іх абавязкова трэба інфармаваць самую шырокую аўдыторыю! У вёсках Папоўка, Машканы і Ходцы адноўленае калядаванне. У апошняй, акрамя ўжо згаданай кадрылі, захоўваюць традыцыйныя гульні, рэцэпты. У Доме рамёстваў аднавілі сенненскі строй. У раёне сабраны вялікі фальклорны архіў: рукапісныя матэрыялы, аўдыя, відэа — скарб для зацікаўленага даследчыка! Праўда, архіў яшчэ патрабуе парадкавання. Шмат застаецца недаследаванных пытанняў. Напрыклад, уплыў стараабрадцаў на сенненскі строй, аднаўленне першапачатковага складу каляднага гурту (кажуць, у нас не насілі зорку). Я планую сабраць як мага больш звестак пра раён з прац этнографаў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Пра нашы мясціны пісалі Еўдакім Раманаў, Кірыла Анікіевіч. Хочацца ў працы грунтавацца на навуковай аснове. У той жа час не варта забывацца на папулярызацыю: мабыць, каб Ходцаўскую кадрылю затанчылі ў Сянне, варта зрабіць ролік, як яе выконваюць мінскія танцоры. Ці нават беларусы Нью-Ёрку. Тады і мясцовыя ацэняць уласную спадчыну.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"