Кароткае дыханне ў вялікім заплыве

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Плюсы і мінусы фестывалю мабільнага кіно
Уладальнікам Гран-пры Міжнароднага кінафестывалю мабільнага кіно “velcom Smartfilm” стаў беларускі рэжысёр Кірыл Нонг і яго футурыстычная драма “Работнік месяца”. У дзясятку лепшых (з 273 работ з 48 краін, дасланых на конкурс) таксама ўвайшлі яшчэ тры стужкі нашых суайчыннікаў — “Умзарозум” Антона Байдзёнка, “Памятаць” Кацярыны Нікановіч і “137 гадзін” Дзмітрыя Сахарука. Нядрэнны вынік для беларускай кінематаграфіі, які яшчэ раз нагадвае пра маладое пакаленне аўтараў. Тым не менш, сам фармат фестывалю кажа не толькі пра “беларускі трэнд”, а хутчэй пра тое, што мабільнае кіно — паўнавартасная з’ява.

/i/content/pi/cult/622/13825/7-1.jpg

Фота прадастаўлена прэс-службай фестывалю

Фестываль мабільнага кіно ладзіцца ўжо некалькі гадоў. Але, прызнаюся, паўнавартасна пазнаёміцца з яго структурай і работай мне давялося толькі сёлета. Па сутнасці, фармат фэсту — зацяжны марафон майстар-класаў, які вянчае абвяшчэнне пераможцаў конкурсу. Работы на апошні прымаюцца ўвесь час фестывалю (а гэта каля двух месяцаў — фестываль распачаўся ў лістападзе 2016-га, а скончыўся на мінулым тыдні), а пасля дэдлайну за грунтоўную працу бярэцца журы, што з прэтэндэнтаў і абірае топ-10 і пераможцаў. Кінакрытык і культуролаг Максім Жбанкоў, праграмны дырэктар “Лістапада”, кінааналітык Ігар Сукманаў, кінакрытык і кінаблогер Антон Сідарэнка, рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў ды студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандра Сергеевіч (яна атрымала гэта месца ў асобным спаборніцтве) — вось імёны тых экспертаў, якія, бадай, з’яўляюцца самымі паўнавартаснымі ўдзельнікамі фестывалю. Чаму? Таму што яны не толькі маюць магчымасць паглядзець усе 273 працы, што былі ўрэшце заяўлены на конкурс, але і паўдзельнічаць у майстар-класах. А галоўнае, што выяўляе форум мабільнага кіно: на жаль, месца гледача ў гэтым “парадзе актыўнасцяў” не прадугледжваецца. Ёсць майстар-класы для зацікаўленых, конкурс-спаборніцтва для рэжысёраў, шорт-ліст для прэсы, вызначаны журы, але вось гледачу, бадай, і застаецца, што толькі прагляд тых самых дзесяці лепшых стужак у інтэрнэце. А што вы хацелі для фестывалю мабільнага кіно? — спытаецца нехта. “Фестывалю, — адкажу, — акурат фестывалю”.

Марафон майстар-класаў

У зале арт-прасторы “Цэх” — яблыку недзе ўпасці. Я на майстар-класе “Прадзюсаванне і лайф-хакі”, які ладзіўся падчас “Смартфільма” ў снежні 2016-га. У пакоі — парадку пяці дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі паслухаць беларускіх і замежных экспертаў. Расійскі сцэнарыст, прадзюсар нашумелых трылераў “Дыслайк”, “Пікавая дама” Іван Капітонаў распавядае пра трэнды ў сучасным глядацкім кіно. “Сёння ў модзе хорары, — дзеліцца адмысловец, — і робяцца яны па адмысловых законах”. Прадзюсар фестывалю “Паўночнае ззянне” Вольга Чайкоўская ахвотна расказвае пра свой вопыт працы на індустрыяльных платформах міжнародных фестываляў. Адмыслоўца па фестывальнай стратэгіі, куратар праекта “FilmFest Club” Людміла Жыгалава і акаўнт-менеджар крэатыўнага агенцтва “Малако” Ганна Чыжова даюць спісы платформаў, якія дапамогуць у прасоўванні кіно, акцэнтуюць асноўныя этапы планавання бюджэту на прасоўванне…

Усё гэта — пра практычны досвед працы прадзюсарам і пра тое, якім чынам дзейнічае міжнародная кінаіндустрыя (ды расійскі кінарынак на прыкладзе асобнай кампаніі ў асобе Капітонава). Пытанні ўдзельнікаў толькі пацвярджаюць два галоўныя трэнды: па-першае, хваля новых кінематаграфістаў, якую мы бачым, скажам, на “Лістападзе”, — толькі вяршыня айсбергу кінааматараў. Іх нашмат больш. Па-другое, попыт на падобныя майстар-класы, улічваючы прагу новых аўтараў да самарэалізацыі, у бліжэйшыя гады будзе толькі расці. Вялікія інстытуцыі не паспяваюць за тэхнічным прагрэсам і не ў стане аператыўна зрэагаваць на запыты маладога пакалення. А яно шукае практыкаў, якія могуць падзяліцца сваім досведам ды нават памылкамі.

Буду шчырай, калі знаходзішся ўнутры падзеі — яе адчуванне прысутнічае! Кожны майстар-клас — і асобная карысць, і шоу. Як, да прыкладу, адбылося падчас майстар-класа “Кінакрытыка — люстэрка сучаснага кіно”, у якім браў удзел не толькі вядомы расійскі кіназнаўца Антон Долін, але беларускія кінагуру  — Максім Жбанкоў і Антон Сідарэнка. У іх “персанальнай” частцы вядомыя ў беларускай кінасферы постаці “ўчынілі” бліскучую дуэль з дасціпнымі кпінамі і дэманстрацыяй розных падыходаў да крытычнага пісьма. З аднаго боку, гэта было захапляльнае шоу, а з іншага — еўрапейскі падыход да прадмета, які прапаноўвае розныя пункты погляду. Долін выглядаў на гэтым фоне, як па мне, цалкам празаічна, што, тым часам, ніяк не адмяняе яго прафесіяналізму ды харызмы. Прынамсі, вядомы кіназнаўца зазначыў, што кінакрытыка, нягледзячы на сваё паступовае знікненне як жанру (рэцэнзаванне ў газетах), набывае сёння новае жыццё ў іншых формах. Дарэчы, што да народнага пісьма, блогерскай крытыкі, бум на якую назіраецца ў інтэрнэце апошнім часам, то кіназнаўца прапанаваў ставіцца да гэтых праяў цярпліва. “Так, народныя крытыкі, вядома, засмечваюць эфір, але тое можна сказаць і ў дачыненні да прафесійных кіназнаўцаў. У кожнага — свая думка. Дзе адно меркаванне, там два, побач знойдзецца і трэцяе. Але гэты сад — адзіная на сёння сістэма ацэнкі кіно”.

And the winner is…

Вось так, паступова трапляючы ў розныя “цэхі” кінаіндустрыі, дайшлі да фіналу. Апошні, варта адзначыць, прагучаў “на высокай ноце”: шорт-ліст, які прапанавалі ўвазе прэсы ў выглядзе адмыслова зладжанага паказу, і сапраўды пераконваў, што мабільнае кіно цалкам канкурэнтная з’ява, здольная на разнастайныя і змястоўныя выказванні.

Прынамсі, Антон Сідарэнка падкрэсліў адметнасць беларускага мабільнага кіно: “Я ўбачыў на прыкладзе стужак беларускіх аўтараў, што мы маем сваю асаблівую ментальнасць і яна заўважная”. Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў выявіў намаганні айчынных аўтараў рабіць даступнае і адкрытае кіно, што адлюстроўвае імкненне “быць пачутымі”, прагу зваротнай сувязі. Ігар Сукманаў заўважыў вартасць мабільнага кіно адкрываць наноў вядомыя жанры і віды кінематографа: “Тыя тэхнічныя магчымасці, што раней былі даступныя адзінкам, эліце, сёння — у руках мільёнаў. І ў гэтым — вялікая знаходка гэтага фестывалю, калі мы трапляем у стан пераадкрыцця кінематографа. І мабільнае кіно гучыць тут як новае слова, а не пераймальніцтва. Кожная стужка — маленькі мабільны сусвет”.

Гран-пры — фільм беларуса Кірыла Нонга “Работнік года” — прапанавала, лічы, жанр сацыяльнай футурыстычнай драмы, дзе атмасферна адлюстраваны свет карпарацый, у якіх людзей замяняюць робаты. На маю думку, гэтай вартасцю — таленавіта створанай атмасферай — абраная работа і вычэрпваецца. Але Максім Жбанкоў падкрэсліў у ліку адметнасцяў “Работніка года” спробу адлюстравання іншай рэальнасці. “Той, аб якой у нас не прынята казаць. Гэта новая матрыца беларускага кіно”, — патлумачыў Жбанкоў выбар журы.

У гэтым эксперты ды арганізатары фэсту, магчыма, маюць рацыю. Мысліць на будучыню, пра будучыню і ў рэчышчы сусветных тэндэнцый. Але той самы “сад меркаванняў”, пра які казаў Антон Долін, калі глядач мог бы пазнаёміцца з міжнародным “вялікім уловам” “Velcom Smartfilm” хаця б у сотню фільмаў — пачуць і ўбачыць не ўдалося. Так, “дзясятка лепшых” атрымалася нядрэнная, але ўсё, што застаецца ў дачыненні да астатніх работ — паверыць на слова. Фестываль мабільнага кіно, безумоўна, прыцягвае ўвагу, але ў яго акцый, на жаль, пакуль “кароткае дыханне”.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

І прысмак “Бульбамуві”

Мае ўзаемастасункі з фестывалем “velcom Smartfilm” можна ахарактарызваць як салонную аперэтку, у якой безжурботны кавалер па няясных для сябе матывах зноў і зноў імкнецца дамагчыся ўвагі пагардлівай прыгажуні.

Пачалося ўсё з сакрушальнага правалу — знятая ў 2013 годзе кароткаметражка па апавяданні О.Генры аказалася справядліва дурацкай і цалкам апраўдана не трапіла ў шорт-ліст фестывалю. Праз два гады не менш драматычны рэванш — наш сумесны з Дзмітрыем Бялінскім буктрэйлер на верш Мікалая Касцюкевіча “Настальгія” дасягнуў шорт-ліста, але далей не прарваўся. Кожная падобная няўдача сур’ёзна біла па самалюбстве, і каб узбадзёрыцца, даводзілася даваць унутраны зарок — ніколі больш у фестывалі не ўдзельнічаць. Але дадзенае абяцанне неспасцігальным чынам пастаянна парушалася. Так адбылося і ў трэці раз, ужо занадта прыманка аказалася заманлівай.

Арганізатары фестывалю прапанавалі незвычайную ініцыятыву — зладзілі цэлае шоу з выбарам пятага ўдзельніка журы. У свеце кансерватыўнага падыходу да прызначэння яго пастаянных сяброў, магчымасць надзялiць простага смяротнага ўладай судзіць і радзіць выглядала па-добраму дэмакратычна. Хоць, прызнаюся, сам не падзяляю такі падыход — несці адказнасць за ўзнагароджанне аўтарскай працы павінны людзі, якія звязаны са сферай кіно напрасткі (а не ўскосна). Для простых гледачоў дастаткова ладзіць асобнае глядацкае галасаванне. Сам конкурс складаўся з трох этапаў: онлайн-тэст на пазнаванне кінакадраў, конкурс рэцэнзій і асабістае сумоўе з кандыдатамі. Ва ўсёй гэтай задумцы мяне асабіста натхняў толькі конкурс рэцэнзій — альтэрнатыўнай магчымасці, здольнай разабрацца ў тым, наколькі адэкватная твая ўласная кінааналітыка, у беларускім медыяасяродку практычна няма. Ну, акрамя сяброўскіх паляпванняў па плячы ад калег па цэху і чаканых каментароў ад чытачоў у сетцы: “Аўтар — круглы ідыёт”.

Для чысціні эксперыменту давялося нават паіграць у канспіролага, падпісаўшыся чужым імем. Два першыя этапы прайшлі адносна лёгка: тэст быў здадзены, а рэцэнзія прайшла праз фільтр экспертнага меркавання. У выніку да фіналу дайшло 100 чалавек з 1000 прэтэндэнтаў. З двума з іх я знаёмы асабіста — гэта прафесійныя кінааглядальнікі Аляксандр Дудзік (з “Камсамольскай праўды ў Беларусі”) і Дзмітрый Бялінскі (аўтар расійскага партала “Кінакадр”). Усе астатнія аказаліся прадстаўнікамі розных сфер: ад студэнтаў Акадэміі мастацтваў да аматараў пісаць рэцэнзіі дзеля лайкаў у сацсетках. Заключны этап адбору прайшоў у кінатэатры з утульнымі канапамі і касмічнымі коштамі на білеты, прычым у дзіўнаватым фармаце тварам да твару. З аднаго боку — сябры журы (Ігар Сукманаў, Антон Сідарэнка, Максім Жбанкоў, Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў) і запрошаныя экзекутары (прадзюсар Уладзімір Максімкаў і арт-дырэктар бара “Хуліган” Макс Старцаў), з іншай — наша каманда прэтэндэнтаў на ўключэнне ў пантэон, што ўціснулася ў крэслы. Сустрэча па вялікім рахунку нагадвала сумбурнае сумоўе, у якім працадаўца не да канца разумее, навошта яму новы работнік, а суіскальнік імкнецца спадабацца ў любым выпадку.

Мінуючы фазу сцiплых спіч-прадстаўленняў, прыйшоў час армагедона: ад экспертаў сыпаліся абстрактныя пытанні, якія зводзіліся да такіх жа агульных і абстрактных адказаў. Напрыклад, “Для чаго рэжысёр здымае кіно?” або “Якія фільмы не павінны былі ўвогуле з’яўляцца на свет?” Атрымалася вербальная куча мала, у духу нятленных ток-шоу на каналах “Беларусь-1” і “АНТ”, дзе даводзілася пару разоў прысутнічаць. Зрэшты, чаго пакутаваць: у плане красамоўства трэнінг — выдатны. Перамогу ў выніку атрымала студэнтка БДАМ, якая навучаецца на тэлеаператара.

А зараз пару думак пра сам фестываль. Да свайго шасцігоддзя ён падабраўся паўнавартасна аформленай на культурнай карце Беларусі падзеяй. Арганізатары паспелі наэксперыментавацца з фарматамі відэапрац (былі трэйлеры да фільмаў, якія не існуюць, буктрэйлеры кніг і гэтак далей), натхнілі некалькі кінематаграфістаў-пачаткоўцаў (сярод іх — Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, рэжысёр паспяховай фестывальнай драмы “Адной крыві”) і сфарміравалі прыстойнае фан-кам’юніці. Асаблівай была форма ўзаемадзеяння з гледачом — усе работы ўдзельнікаў месціліся ў сетцы, даючы магчымасць прасачыць, як расце і развіваецца мясцовая кінасупольнасць. У цэлым, фэст замёр у кроку да дасканаласці.

Лагічным крокам эвалюцыі мог бы стаць выхад форуму на міжнародны ўзровень, калі нацыянальны кінакантэкст змешваецца з глабальным. Што і было зроблена — заяўкі на ўдзел даслалі прэтэндэнты з 48 краін свету, а з навучальнымі майстар-класамі ў Мінску выступілі вядомыя расійскія і беларускія кінарэжысёры, кінакрытыкі, сцэнарысты. Уся адукацыйная шуміха адцягвала ўвагу ад таемства самога фестывалю, які, як вядома, без гледача існаваць не можа.

Сёлета з не зусім зразумелай прычыны арганізатары вырашылі не публікаваць у вольным доступе ўсе 273 дасланыя карціны, абмежаваўшыся толькі шорт-лістам, які сфарміравала журы. З-за гэтага “Velcom Smartfilm” пачаў нагадваць конкурс ананімных прац, а не фестываль у класічным яго разуменні, з традыцыйнымі праглядамі. Алею ў агонь падлілі вынікі галасавання журы, калі палова прызавых месцаў (у тым ліку і Гран-пры) конкурсу дасталіся айчынным карцінам. Збоку такое рашэнне падаецца не столькі заслужанай перамогай беларускага мабільнага кіно, колькі свядомым рухам збавіцца ад комплексаў творчай уражлівасці.

Недастаткова ясны механізм галасавання, пабудаваны на даверы да меркавання беларускага журы, разрадзіў пафас міжнароднай падзеі, што старанна нагнятаўся. Самабытны “Velcom Smartfilm” пераўтварыўся ў аватар фестывалю “Бульбамуві”, дзе аўтары добра знаёмыя з густамі журы, а пераможцу не так складана вылічыць. Метамарфоза, што адбылася, аказалася не трагічнай, а павучальнай. Калi іншаземцы нам не перашкода, даўно час штурмаваць іх фестывальныя фарпосты. Толькі б порах зноў сырым не аказаўся.

Тарас ТАРНАЛІЦКІ, кінааглядальнік

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"