Крымінальны Шышкін

№ 4 (1287) 28.01.2017 - 03.02.2017 г

Дэтэктыўная гісторыя ў дзвюх частках
Жнівень 2013 года. Расія. Уладзімірская вобласць. Горад Вязнікі. Гісторыка-мастацкі музей, які праз два гады адзначыць 100 гадоў з дня заснавання. Музей, хаця і лічыцца правінцыйным, вельмі добры. Акрамя ўсяго іншага, мае выдатны збор рускага жывапісу (з дарэвалюцыйнай калекцыі мясцовага прамыслоўца і мецэната Сяргея Сянькова).

/i/content/pi/cult/622/13820/13-1.jpgЧастка першая

У ноч на 24 жніўня ў гэтым музеі адбылася не зусім “звычайная гісторыя”: невядомыя злачынцы ў чорных масках скралі тры карціны выдатных рускіх жывапісцаў — “Лес. Яліны” Івана Шышкіна, “Рыбалоў” Канстанціна Каровіна і “Першы снег” Станіслава Жукоўскага, нашага суайчынніка. У тую ноч залы музея з моцнымі кратамі на вокнах і сучаснай сігналізацыяй ахоўвала жанчына-пенсіянерка. Але гэтая трайная абарона не дапамагла. Калі паліцэйскія прыбылі ў 23 гадзіны на сігнал трывогі, яны знайшлі прыкаваную кайданкамі да лесвіцы 68-гадовую вартаўніцу і на месцы трох палотнаў — голыя сцены. Ніякіх слядоў узлому, ніякага бязладдзя… Дадам, што кожны вечар, у 19 гадзін, музей зачыняецца на замок. Што ж тады адбылося? Галоўная версія: злачынцы, якія прыйшлі сюды ў якасці наведвальнікаў, перад закрыццём ужо знаходзіліся ўнутры будынка і дзесьці схаваліся, чакаючы цемры. Потым забралі ў вартаўніцы ключы і накіраваліся ў галоўныя залы другога паверха. Нягледзячы на тое, што пры адкрыцці першай жа дзверы спрацавала сігналізацыя, злодзеі паспелі забраць карціны і выйсці з будынка. Па іншай версіі, сігналізацыя спрацавала толькі пры выхадзе злачынцаў з музея. Цяжка сказаць, чаму яны выбралі менавіта гэтыя карціны, а не іншыя, не менш каштоўныя, напрыклад, палотны Васіля Верашчагіна, Уладзіміра Макоўскага, Мікалая Крымава ці Фёдара Сычкова... Хутчэй за ўсё, гэта быў чыйсьці канкрэтны заказ — заказ прыватнага калекцыянера, бо збыць іх унутры краіны або за мяжу вельмі складана. А мо “людзі ў чорным” так спяшаліся, што проста ўзялі тое, што адразу трапіла на вочы? Так ці інакш прайшло тры з паловай гады, і — ніякіх слядоў, хаця пошукі ідуць па ўсіх кірунках і па факце гэтага крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа па 164-м артыкуле Крымінальнага кодэкса Расіі — “крадзёж прадметаў, якія маюць асаблівую каштоўнасць”.

Аналагічны выпадак адбыўся восенню 1982 года, калі злодзей з таго ж вязнікаўскага музея ноччу выкраў аж восем карцін рускіх мастакоў, у тым ліку палотны “Чорнае мора” Івана Айвазоўскага, “Сабор святога Марка ў Венецыі” Аляксея Дубаўскога, “Мора ля вострава Капры” Васіля Мяшкова, “Чарэшня” Уладзіміра Усевалжскага, “Адліга” Сяргея Калмыкова… Агульная вартасць урону была ацэнена па тых часах амаль у 20 тысяч рублёў. Аднак злодзея злавілі, але карціны зніклі, бо, па ягоным прызнанні, ён пабаяўся арышту і гэтыя карціны проста знішчыў. Хлопца прыгаварылі да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Частка другая

Карціну выявілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пры затрыманні членаў злачыннай групы, якая арганізоўвала праз нашу краіну міжнародны канал па пастаўцы наркотыкаў.

Затрыманне злачынцаў адбылося 16 студзеня гэтага года, калі наркотык прыбыў у Беларусь і было зафіксавана яго месцазнаходжанне (адзін з гаражоў аграгарадка Ждановічы пад Мінскам), а таксама месца сустрэчы кур’ераў па перапраўцы “тавара”. Лідара злачыннай групоўкі наркагандляроў затрымалі байцы спецпадраздзялення “Алмаз” у Мінскім раёне. Адначасова былі арыштаваны і іншыя злачынцы з буйной партыяй “наркаты” — 552 таблеткі экстазі, амаль 250 грамаў какаіна і больш за 300 грамаў гашышу. А ў адным з аўтамабіляў і была знойдзена шышкінская карціна. Супрацоўнікі наркакантролю звярнулі ўвагу на подпіс “И. Шишкин. 1897 г.” і зрабілі здагадку, што гэта можа быць арыгінал. Праверылі ўсе арыенціроўкі і накіравалі запыт у Інтэрпол. Там паведамілі, што — так: карціна Шышкіна была выкрадзена ў 2013 годзе з Вязнікаўскага гісторыка-мастацкага музея.

Поспех аперацыі беларускіх спецслужбаў быў не выпадковы. Яна рыхтавалася МУС Беларусі яшчэ ў снежні мінулага года, калі з аператыўных крыніц стала вядома, што ў студзені з Расіі ў нашу краіну рыхтуецца тайная, глыбока заканспіраваная пастаўка наркотыкаў і псіхатропаў у асабліва буйных памерах. Да работы былі падключаны падраздзяленні ГУУС Мінгарвыканкама і УУС Мінаблвыканкама.

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў паведаміў, што 18 студзеня атрымаў ад першага намесніка міністра ўнутраных спраў Беларусі Івана Падгурскага ліст з просьбай правесці мастацтвазнаўчае даследаванне карціны Івана Шышкіна “Лес. Яліны”, якая была канфіскавана беларускай крымінальнай міліцыяй у выніку спецыяльнай аперацыі. Па звестках МУС, якраз гэта карціна была скрадзена невядомымі асобамі з Вязнікаўскага гісторыка-мастацкага музея ў Расіі. Дык вось, МУС папрасіла музей адказаць на пытанні: аб атрыбуцыі твора (аўтарства, час і месца стварэння); аб мастацкай ці гісторыка-культурнай каштоўнасці; вызначыць, арыгінал гэта альбо копія (унікальная ці серыйная); і, нарэшце, калі гэта сапраўднае палатно, — якая яго прыкладная грашовая вартасць.

На момант падрыхтоўкі матэрыяла большасць экспертыз музеем ужо праведзена. Па словах загадчыцы сектара лабараторыі фізіка-хімічных даследаванняў Анжалікі Міцкевіч, такая праца пачалася з таго, што параўналі гэтую карціну пад назвай “Лес. Яліны” (1897, палатно, алей, 82х60) з той карцінай Шышкіна, вельмі падобнай на “вязнікаўскую”, якая ўжо шмат гадоў належыць нашаму музею. Яна носіць назву “Хвоі”, але мастак намаляваў той пейзаж на пяць гадоў раней. Гэта палатно (74,2х53,3) у 1970 годзе было перададзена ў дар музею ад маскоўскага калекцыянера Трэскіна. Падабенства той і другой карціны не выклікала аніякага сумнення: нават просты візуальны агляд казаў пра аўтарства Шышкіна. Потым абодва творы “прапусцілі” праз рэнтген і рупліва прааналізавалі. Пацвердзілася першая здагадка: аўтарскі подпіс сапраўдны, фарбавая фактура абодвух палотнаў ідэнтычная, “каранёвая”, што яшчэ раз і даказаў хімічны аналіз фарбавага слою. Іншымі словамі, тэхніка-тэхналагічная экспертыза ўстанавіла, што карціна “Лес. Яліны” належыць пэндзлю Івана Шышкіна і з’яўляецца арыгіналам. Цікава, што на адваротным баку карціны захаваўся і інвентарны нумар карціны з Вязнікаўскага музея. Праўда, ён быў злачынцамі замазаны, але, мабыць, яны так спяшаліся, што зрабілі сваю чорную справу дрэнна, і гэтыя музейныя лічбы зараз можна пабачыць няўзброеным вокам, што, дарэчы, і дапамагло вызначыць, якому расійскаму музею гэты Шышкін належыць.

Аказваецца, карціну гандляры прывезлі з Расіі ў Беларусь, каб паказаць “тавар лепшым бокам” патэнцыйнаму пакупніку, але штосьці не склалася з-за спрэчак у цане. І тады наркагандляры запланавалі твор зноў вывезці ў Расію і ў Маскве прапанаваць яго новаму нелегальнаму пакупніку, грамадзяніну адной з краін СНД, за сто тысяч долараў і тры кілаграмы какаіна, хаця вартасць яе на легальных аўкцыёнах магла дасягаць прыкладна двух мільёнаў “зялёных”.

Як будуць разгортвацца падзеі далей, час пакажа…

P.S.

У студэнцтве мне выпаў гонар працаваць у Рускім музеі ў фондзе Івана Шышкіна. Заданне было адно: акуратна разабраць шматлікія шышкінскія папкі з малюнкамі пяром, алоўкам і акварэллю ды прыдумаць да тых твораў назвы. Гэта былі малюнкі натурныя, дэталізаваныя, альбо хуткія, нібы створаныя на бягу, а таксама параўнальна рэдкія кампазіцыйныя, гэта значыць — эцюдны матэрыял для будучых карцін. Працуючы з тымі папкамі, я быццам на свае вочы бачыў, як уважліва і пранікліва, з любоўю і цярплівасцю мастак вывучаў натуру ва ўсіх яе праявах: ад магутных дрэў, працятых сонечным святлом, да тонкага ажурнага лісця папаратніка; ад ганарлівых аблокаў у высокім небе да сціплых лясных траў, імхоў, буралому і палявых кветак; ад плыткіх расколін на кары старых дубоў да моцнай матэрыяльнасці вулляў ці хвоі на ўзгорку... А колькі было малюнкаў уласна пра яліны, якія потым ператвараліся ў карціны, падобныя да той, пра якую мы зараз вядзем размову, не палічыць. Не памятаю дакладна, якую колькасць назваў я тады прыдумаў (а гэта не так проста, бо яны не павінны былі паўтарацца) і колькі апрацаваў адпаведных фондаўскіх картак, але тое, што больш за дзе сотні — гэта факт. І прыкладна трэць з іх прысвечана менавіта хвоям. А гэты твор, які стаў галоўным “персанажам” сённяшняй нашай размовы, быў створаны за некалькі месяцаў да смерці мастака. Яго самая апошняя работа, таксама прысвечаная любімаму хвойнаму лесу — пад назвай “Лясное царства”— так і засталася незавершанай. Мастак пайшоў з жыцця 8 сакавіка 1898 года ў сваёй майстэрні, проста ля мальберта…

На ілюстрацыях:

1. Карціна Івана Шышкіна “Лес. Яліны” на момант правядзення экспертызы ў НММ Беларусі.

2. Іван Шышкін. “Хвоі” (з фондаў НММ Беларусі).

3. Аўтограф мастака на выратаваным палатне.

4. Замазаны інвентарны нумар на адваротным баку карціны “Лес. Яліны”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"