Пра бібліятэчны абардаж, шпакоўню ды Дзень снегу

№ 3 (1286) 21.01.2017 - 28.01.2017 г

Інтэрнэт — вялікая справа. Цікавую інфармацыю знайшлі мае сябры па сацыяльных сетках. У аэрапорце Уладзівастока пачала дзейнічаць мабільная бібліятэка. Можна падсесці да шыльды з адлюстраваннем кніжнай паліцы (на вокладцы кожнага выдання — QR-код) і спампаваць твор, які зробіць паветраную вандроўку змястоўнай і цікавай. На імправізаванай паліцы — некалькі соцень разнастайных кніг. Сям-там такую паслугу можна сустрэць і ў нас.

/i/content/pi/cult/621/13814/14-1.jpgСпачатку — нізка інфармацый з сацыяльных сетак. Першае месца ў маім рэйтынгу займае Мастоўская раённая дзіцячая бібліятэка. У гонар 8-годдзя чытача Кірыла бібліятэка ўзяла гульнявы пакой “Зялёны востраў” на… абардаж. Так! Пярэстая каманда самых сапраўдных піратаў прапанавала падлеткам правесці вечарынку. Ніхто, натуральна, не быў супраць. Сумеснымі высілкамі бібліятэкараў-піратаў і юных чытачоў быў праведзены квэст па пошуках пірацкага скарбу. Да слова, тэарэтычныя развагі спецыялістаў пра магчымасці квэстаў вы можаце прачытаць на 11-й старонцы нашай газеты.

Пра самыя розныя калядныя сустрэчы ў Слонімскай гарадской бібліятэцы № 1, аграгарадку Пагародна, Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы паведамілі праз сацыяльныя сеткі адпаведна Слонімская, Іўеўская, Бераставіцкая раённыя бібліятэкі. А Смаргонская райбібліятэка распавяла пра тое, што філіял “Гарадская дзіцячая бібліятэка” з экскурсіяй наведалі першакласнікі. Значыць, чытачоў ва ўстанове паболее. Іўеўская раённая бібліятэка абвесціла зімовы праект “Сталоўка для птушак”. З чаго толькі не былі зробленыя тыя кармушкі! Адзін юны чытач, не надта дасведчаны ў арніталогіі, нават шпакоўню прыцягнуў… І невялічкая выснова на падставе прачытанага. Установы культуры Гродзеншчыны не перастаюць здзіўляць: ваўсю і рэгулярна піяраць сябе не толькі на старонках “Культуры”, але і ў шматлікіх сацыяльных сетках. Нічога не маю супраць. Рэкламу нестандартнага варта весці самым шырокім фронтам, бо ад гэтага імідж установы залежыць.

Пра Калядны фэст — і ў лісце ад Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Праграма складалася з пралогу, тэатралізаванай часткі. Удзел у фэсце прынялі наступныя філіялы: Крупаўскі і Бердаўскі дамы культуры, Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу. Прысутнічалі і сябры з Літоўскай Рэспублікі, з горада Шальчынінкай — ансамбль песні і танца “Сольчане”.

Год культуры-2016 у Цэнтры культуры і народнай творчасці Дзятлава завяршыўся вялікім канцэртам. На раённай сцэне выступілі народны хор ветэранаў працы, народны ансамбль музыкі і песні “Ятранка”, зводны духавы аркестр гарпасёлка Наваельня, вакальны гурт Дзятлаўскай школы мастацтваў, узорны ансамбль скрыпачоў “Зорачкі”, тэатр ігры роставых лялек, узорная тэатральная студыя “Мелодыя душы” Цэнтра культуры і народнай творчасці… Краязнаўчы музей і цэнтральная раённая бібліятэка ладзілі ў фае майстар-класы і выставы, разыгрывалі латарэю.

Зараз — падборка звестак ад вядучага метадыста Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэя Струнчанкі. “У выставачнай зале нашай установы, — піша ён, — прайшла творчая вечарына з удзелам паэткі Людмілы Саўчанка, кампазітара Мар’яна Зелянкевіча і народнага вакальнага ансамбля “Вікторыя” дэпартамента аховы МУС Першамайскага аддзела Віцебска”.

Сусветны дзень снегу адзначаны ў аграгарадку Мазалава. Супрацоўнікі СДК і сельскай бібліятэкі падрыхтавалі праграму, што ўключыла не толькі конкурсы і гульні, але і лепку снежных фігур. У бібліятэцы працавала выстава кніг на “снежную” тэматыку. А майстрыха Вольга Ганчарова вучыла дзяўчынак ды хлапчукоў вырабляць годныя сувеніры.

У Мазалаўскай дзіцячай школе мастацтваў навучэнцаў пасвяцілі ў музыканты. Усе першакласнікі атрымалі памятныя падарункі.

І апошняя на сёння інфармацыя ад вядучага метадыста Віцебскага АМЦНТ: “У выставачнай зале нашага цэнтра працуе выстава дзіцячай творчасці. Тут прэзентуюцца работы ўдзельнікаў узорнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Лепельскага РДК, узорнай мастацкай студыі “Каларыт” Расонскай ДШМ, народнай студыі выяўленчага мастацтва Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі, узорнай студыі ”Жывапіс” Цэнтра культуры горада Наваполацка. На вернісажы выступілі салісты вакальна-эстраднай студыі “Серпанцін” Ганна Елісеенка і Сяргей Рыдзіка, калектыў эстраднага танца ”Тэр-а-дэнс” абласнога палаца дзяцей і моладзі”.

У Ганцавіцкай дзіцячай школе мастацтваў сабраліся фальклорныя калектывы з вёсак Люсіна, Раздзялавічы, Хатынічы, Дзятлавічы (Лунінецкі раён) і Крывошын (Ляхавіцкі раён). Сустрэча была прысвечана мясцовым абрадавым традыцыям. Гаворка ішла пра сістэму вывучэння і пераймання традыцыі, пра папулярызацыю спадчыны свайго краю.

Настаўнік дзіцячай школы мастацтваў № 3 горада Барань Аршанскага раёна Наталля Латышава распавядае пра народны ансамбль народнай музыкі “Сакавінка”. Кіраўнік калектыву — Валянціна Вінаградава. У рэпертуары — творы кампазітараў XIX — XXI стагоддзяў (класічны і эстрадны кірункі). Калектыў актыўна супрацоўнічае з прадпрыемствамі і арганізацыямі, пастаянна ладзіць для іх святочныя мерапрыемствы. Удзел у конкурсах і канцэртах — таксама абавязковы і, як правіла, — паспяховы.

Мінулы год культуры згадвае загадчык аддзела культурна-дасугавай дзейнасці Уздзенскага раённага дома культуры Людміла Цвірко. “Клубныя мерапрыемствы, — сцвярджае яна, — былі самымі разнастайнымі па форме. Да прыкладу, быў распачаты культурна-грамадскі праект “Скарбонка мая — Уздзеншчына!” Ужо ў сакавіку работнікі Каралёўскага сельскага дома культуры і Дзешчанскага цэнтра вольнага часу запрасілі землякоў на майскае тэатралізаванае свята “Сёння, як нідзе, Свята Крапівы ідзе”. Потым было абласное свята гумару “Я — пякучка-крапіва!” Важным складнікам праекта стаў раённы фестываль нацыянальных культур. Восем дыяспар горада і раёна прэзентавалі сваё традыцыйнае мастацтва.. На базе Цепленьскага СДК упершыню прайшло раённае свята-конкурс аматарскіх тэатральных калектываў. У вёсцы Войкава адбылося хлебаробскае свята, у вёсцы Возера — свята вяртання народнай дваровай гульні, у вёсцы Літва — свята вады і калодзежа… Скончыўся 2016-ы раённым фестывалем талентаў работнікаў культуры “Калядная зорка”. Самы багаты на фактуру ліст сённяшняга агляду. І гэта пры тым, што сёе-тое давялося падкараціць, каб змясціць і іншую карэспандэнцыю. Але і пры гэтым цудоўна зразумела, што ў “рэпертуарным спісе” на Уздзеншчыне летась панавалі выдумка ды знаходлівасць з кемлівасцю.

Пра чарговае бібліятэчнае мерапрыемства распавядае загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Столінскай раённай бібліятэкі Людміла Падколзіна. Самае старадаўняе паселішча раёна — Давыд-Гарадок. Так атрымалася, што адсюль родам — пісьменнікі Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімір Глушакоў, Георгій Марчук. У чытальнай зале райбібліятэкі прайшла днямі літаратурная гадзіна, прысвечаная 70-годдзю Георгія Марчука. Яго творы тым днём чыталі вучні мясцовай школы.

Цягам усяго года Беларускі гульнявы тэатр роставых лялек Цэнтра культуры Дзятлава запрашае паглядзець спектакль пра прыгоды снегавіка Олафа і яго сяброў у Краіне магічных парасонаў. Інтрыга? Яна! Мы некалькі разоў пісалі пра гэты незвычайны тэатр. Цікава, як вырасла майстэрства ”лялек” за гэты час?

Дзякуй за паведамленні, шаноўныя чытачы! Пішыце і надалей, здзіўляйце ды радуйце сваёй неабыякавасцю.

 

Феерыя балю ў Мірскім замку

7 студзеня ў інтэр’ерах Партрэтнай залы музея “Замкавы комплекс “Мір” адбыўся Калядны Мірскі баль.

Гасцей сабралі з нагоды імянінаў Тэафіліі Канстанцыі Радзівіл — сястры князя Караля Станіслава Радзівіла, знакамітага “пане Каханку”. Для ўдзельнікаў былі арганізаваны танцавальныя майстар-класы ад шоу-балета “Феерыя” пад кіраўніцтвам Аляксея Кісялёва, а незабыўную атмасферу вечара ўсім прысутным стварылі музыканты ансамбля “Класік-Авангард”. Госці Каляднага балю прынялі ўдзел і ў гульнях XVIII стагоддзя, а таксама прайшліся з экскурсіяй па залах замка, напрыканцы якой быў арганізаваны міні-квэст з зашыфраваным пасланнем ад князя Радзівіла.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"