“Салон нас не цікавіць”

№ 2 (1285) 14.01.2017 - 20.01.2017 г

Полацкая мастацкая галерэя можа пахваліцца не толькі фрэскамі са Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, якія дзякуючы ўнікальнай рэстаўрацыйнай методыцы, па сутнасці, пераўтварыліся з манументальнага жывапісу ў станковы, і не толькі цудоўнай калекцыяй абразоў. Адзін з яе паверхаў займае грунтоўная экспазіцыя паваеннага беларускага мастацтва. Прычым важнасць тут уяўляюць нават не столькі імёны і ўласна творы, колькі памкненні сфармуляваць цэласны кантэкст гэтага, здавалася б, нядаўняга перыяду. Фарміраваннем калекцыі, якое вядзецца цягам ужо больш як трыццаці гадоў, займаецца сёння загадчыца галерэі Ларыса ЛЫСЕНКА.

/i/content/pi/cult/620/13779/12-1.jpg— Звычайна галерэі або музеі па-за межамі сталіцы лакалізуюць увагу на мастацтве свайго рэгіёна. Вы ж замахнуліся на куды больш амбітную задачу…

— Прабачце, але Полацк — гэта ў прынцыпе выключэнне ў спісе беларускіх гарадоў, прычым ягоны асаблівы культурны стасус адчуваўся заўсёды. Прыкладам, у 1981 годзе ў будынку нашага Богаяўленскага сабора адкрылася зусім неправінцыйная паводле ўсіх параметраў галерэя, дзе выстаўляліся лепшыя мастакі з усяго СССР — прычым мастакі шчырыя, некан’юнктурныя, глыбокія. І калі ты на свае вочы бачыш шмат добрага сучаснага мастацтва, у цябе неяк само па сабе з’яўляецца памкненне яго збіраць — што мы і пачалі рабіць у 1985 годзе.

Наша мэта — паказаць ход падзей у тым мастацтве, якое паўставала ў ХХ стагоддзі на беларускай зямлі, прасачыць паслядоўнасць яго эстэтычнай эвалюцыі, выкрышталізаваць нейкія найбольш характэрныя рысы. Да ўсяго, на нас паўплываў і сам час, агульная атмасфера ў творчым асяроддзі. Тады мастакі не аглядаліся на пакупніка, і захаплялі іх не кошты работ, а несупынныя ўнутраныя пошукі. Здаралася, калі карціна на выставе выклікала ўсеагульнае захапленне, у аўтара ўзнікалі падазрэнні: а ці не занадта ён працуе на публіку. Менавіта такіх мастакоў мы і імкнемся збіраць. Салон нас не цікавіць.

— Слухаючы вашу экскурсію, разумееш, што да выбару твораў вы ставіцеся вельмі прыдзірліва…

— Для нас важна разгледзець і адлюстраваць тыя тэндэнцыі, якія былі найбольш характэрнымі для пэўнага перыяду — давайце ўмоўна падзяляць іх на дзесяцігоддзі. Напрыклад, манеру пісьма, альбо выбар тэмы, альбо каларыстыку. Адпаведна, трэба адшукаць, па-першае, таго аўтара, які найбольш ярка выяўляе гэтыя прынцыповыя якасці. А па-другое — той ягоны твор, які выразна характарызуе і яго самога і яго час. Мастакі пішуць дзясяткі карцін, але далёка не кожная з іх этапная. Нам патрэбны творы, якія маюць музейнае значэнне, і гэтым усё сказана!

— Тое што адразу кідаецца ў вочы — у вашай экспазіцыі амаль не прадстаўлены сацрэалізм. Чаму?

— Мы ставілі перад сабой задачу адлюстраваць не грамадска-палітычнае жыццё, але эстэтычнае развіццё і фарміраванне выяўленчай культуры нашага народа. Як, напрыклад, арнаменты строяў дэманструюць беларускае бачанне хараства. А ствараліся яны, дарэчы, зусім не на замову нейкага пана — выключна ад шчырага сэрца. Бо дзяржзаказ — гэта ж амаль той самы салон. Ён дыктуе творцу вельмі жорсткія ўмовы, і асабістае меркаванне аўтара зазвычай нікога асабліва не цікавіла. Таму ў сваёй экспазіцыі мы імкнемся зазірнуць у глыбіню халсціны, а не павярхоўна ілюстраваць тыя з’явы гісторыі, якія, шчыра кажучы, маюць да мастацтва вельмі апасродкаванае дачыненне.

— Аднак гэты падыход не адпавядае гістарычным рэаліям. Хочам мы таго ці не, але сацрэалізм пэўны час выразна дамінаваў у беларускім мастацтве…

— І сапраўды, пры павярхоўным на яго поглядзе можа падацца, нібы яно крочыла ў нагу з агульнымі палітычнымі павевамі СССР. Але гэта толькі адзін аспект гісторыі мастацтва. Бо малюючы ўдарнікаў і даярак, аўтары ў той самы час рабілі нешта і для сябе, кіруючыся выключна ўласным натхненнем, а не замовай. Там няма нічога крамольнага: звычайныя пейзажы альбо нацюрморты. Такія работы нярэдка нават і не прызначаліся для выставаў, назаўсёды застаючыся ў майстэрнях і дэманструючыся хіба ў вузкім коле сяброў. Навошта мастакі іх пісалі? Адказ просты: ім карцела займацца жывапісам, ставячы перад сабой чыста прафесійныя задачы. І атрымлівалася! “Нацюрморт з айвой” Віталя Цвіркі, якім мы асабліва ганарымся — гэта ж твор увогуле на ўсе часы!

— Адпаведна, вы лічыце, што для гісторыі беларускага мастацтва гэтыя пейзажы больш істотныя за тыя працы, якія адлюстроўваюць эпоху?

— Але ж пейзаж таксама здатны адлюстроўваць эпоху — прынамсі, у выяўленчым мастацтве. І калі прыгледзіцца, тэхніка або каларыстыка выразна характарызуе свой час. Скажам, у 50-я і 70-я гады мастакі падыходзілі да пейзажу вельмі па-рознаму, прычым аналіз гэтых выяўленчых тэндэнцый дазваляе прасачыць вельмі важныя культурныя працэсы. А менавіта яны нас найперш і цікавяць. Хаця, вядома, і ў пейзажах прачытваецца пэўны гістарычны кантэкст. Прыкладам, змрочны краявід Сяргея Каткова вянчае сонейка, якое ўзыходзіць і надае аптымізму. Іначай той твор наўрад ці прайшоў бы мастацкі савет.

— Чаго вам найбольш не хапае ў калекцыі?

— Усяго не пералічыш! Даўно мару займець карціну Міхаіла Філіповіча — мастака, які і пасюль у нас напаўзабыты. Альбо творы Антона Бархаткова — на жаль, самыя важныя з іх захоўваюцца па-за межамі краіны… Увогуле, калекцыю я лічу незавершанай, яе яшчэ можна папаўняць і папаўняць. Вельмі хацелася б збіраць, скажам, мастацкую фатаграфію…

— А, напрыклад, відэаарт альбо інсталяцыі? Іх у нас, па-мойму, увогуле ніхто не збірае.

 — Чаму б не? Але ў нас пакуль не хапае сіл ды рэсурсаў нават на ДПМ, ды і сучаснай скульптуры не тое каб зашмат. Вядома, у ідэале кожную калекцыю павінен весці адмысловы супрацоўнік, аднак… дзе ж ты возьмеш столькі штатных адзінак? Таму ў асноўным арыентуемся на жывапіс — выключна з той прычыны, што немагчыма ўсё ахапіць.

— Ці ёсць у вас фінансавая магчымасць набываць работы?

— Быў час, калі штогод на закупкі з бюджэту выдаткоўвалася ў эквіваленце тысяча долараў. Вы кажаце, мала? Так, але для нашай галерэі гэта былі нядрэнныя грошы. Многія мастакі ахвотна прадаюць нам свае творы за сімвалічную цану, разумеючы розніцу паміж музеем і прыватным пакупніком. Аднак ужо даўно і той тысячы мы не атрымліваем, толькі ў апошнія два гады зноў выдзяляліся невялікія грошы. Сёлета вось прыдбалі толькі адну работу — скульптуру Галіны Гаравой. Вядома ж, такая сітуацыя дрэнная: твор музейнага значэння не будзе чакаць, пакуль у нас з’явіцца магчымасць яго набыць, ён можа сплыць у любы момант. Я не кажу ўжо пра тое, што час ідзе хутка, і многія мастакі знікаюць разам са сваімі работамі.

Увогуле, самая галоўная крыніца паступленняў — гэта зменныя выставы. Летась іх адбылося ў нас 23, і зазвычай мастакі пакідаюць у нашай калекцыі той ці іншы свой твор. Прычым яны саромеюцца падарыць “прахадную” работу, бо разумеюць, што трапляюць у залаты фонд, і ў гэтых аналах ім не хацелася б выглядаць горай за сваіх калегаў. Таму на 30-годдзе галерэі нам дарылі тыя работы, якія мы самі выбіралі!

— Ці ахвотна едуць мастакі выстаўляцца ў Полацк?

— Бывае, нехта і адмаўляецца — бо разумее, што тут у яго добрых продажаў не будзе. Але большасць ставіцца з вялікім энтузіязмам, цэнячы саму магчымасць выставіцца ў старадаўніх мурах езуіцкага калегіюма ды ведаючы, што над экспазіцыяй мы будзем шчыраваць вельмі дбайна. Тым больш, і ўвага публікі забяспечана. На вернісажах у нас збіраецца недзе па сто чалавек. Вельмі шмат моладзі, якая любіць інтэлектуальнае сучаснае мастацтва.

— А ці ёсць у звычайных наведвальнікаў інтарэс да сучаснай гісторыі нашага мастацтва?

— Бывае, напачатку “чалавек з вуліцы” апынаецца ў пэўнай разгубленасці. Але варта яму праслухаць экскурсію, якая паступова раскрывае ўтоены для вока змест палотнаў і таямніцы творчасці мастака — і разгубленасць змяняецца захапленнем.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА