Таямніца званоў — па палічках

№ 1 (1284) 07.01.2017 - 13.01.2017 г

Традыцыя званарства на беларускіх землях мае багатую гісторыю і сведчыць не толькі пра набожнасць нашых продкаў ды сучаснікаў, але і пра культурныя адметнасці.

/i/content/pi/cult/619/13771/11-1.jpg

Званар Рыгор Дарковіч з вёскі Прылукі Брэсцкага раёна. / Фота Алены ШАЦЬКО

З гэтай нагоды ўяўляецца каштоўным даследаванне па выяўленні спецыфікі стылю і нацыянальнай самабытнасці традыцыі беларускага званарства, якое было зроблена кандыдатам мастацтвазнаўства Аленай Шацько ў кнізе “Калакольны звон Белай Русі: тысячагоддзе традыцыі”, высока ацэненай Выдавецкім саветам Рускай Праваслаўнай Царквы. Толькі за апошнія некалькі месяцаў аўтар прэзентавала кнігу на Валыні, у Маскве, у Ташкенце.

Алена Шацько не толькі правяла пашпартызацыю званоў, якія захаваліся да нашых дзён, але і вылучыла асаблівасці выкарыстання, стаўленне да іх саміх званароў і прыхаджан, уключанасць званоў у кантэкст духоўнага жыцця. Такія этнаграфічныя факты, як абмыванне і ўпрыгожванне званоў рознакаляровымі стужкамі на Вялікдзень, славесныя характарыстыкі іх гучання (“спявае”, “кажа”, “плача”), сведчаць пра сакралізацыю званоў і званіц у традыцыйнай свядомасці мясцовых жыхароў. Важна, што ў многіх сельскіх храмах да гэтага часу захоўваюцца аўтэнтычныя выканальніцкія традыцыі. Гэтым шмат у чым вызначаецца спецыфіка царкоўнага звону, па ўзорах якога Аленай Шацько зроблены партытуры, прадстаўленыя на старонках кнігі.

Вельмі важна і надалей працягваць працу па выяўленні і даследаванні старадаўніх званоў. З гэтай мэтай Аленай Шацько ўпершыню ў беларускай навуцы быў распрацаваны адмысловы экспедыцыйны апытальнік, якім могуць скарыстацца краязнаўцы, этнографы, работнікі культуры. Адказы на пытанні можна дасылаць на паштовы адрас рэдакцыі.

Экспедыцыйны апытальнік

Важна пазначыць, хто адказвае: прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, месца пражывання, дату інтэрв’ю. Неабходна запісаць надпіс на кожным звоне, зафіксаваць выявы абразоў, намаляваць план размяшчэння званоў на званіцы з указаннем з поўначы на поўдзень, запісаць памеры званоў, зрабіць фота, запісаць на дыктафон гучанне кожнага звона.

Рэспандэнту задаюцца наступныя пытанні:

1. Ці захаваліся дакументы царквы, летапіс храма? Магчыма, ёсць інфармацыя, як куплялі званы, дзе, хто быў ахвярадаўцам.

2. Ці адлівалі ў вашай мясцовасці званы?

3. Богаслужэнні ў царкве праходзілі па нядзелях і святочных днях? На якія святы былі ўсяночныя службы?

4. Літургія. Ці званілі на “Ойча наш” або толькі на “Верую”?

5. Святар прыязджаў здалёк або жыў побач з храмам? Ці прыязджаў калі-небудзь архірэй? Як тады званілі?

6. Ці маюць званы вашай царквы назвы? Ці ёсць у вас любімыя званы, чым адрозніваецца іх гучанне? Хто-небудзь памятае, як іх асвячалі?

7. Ці ведаеце вы легенды, песні, паданні, прымаўкі пра званы, званароў? Ці ведаеце цікавыя гісторыі, звязаныя са званамі ў вашай царкве або ў суседніх?

8. Ці чулі званы ў іншых храмах, манастырах? Якіх? Чым адрозніваецца іх гучанне?

9. Да званара. Хто вас навучыў асновам званарства? Як звалі лепшага званара храма? Як ён працаваў (седзячы, стоячы, з педаллю або апранаў вяроўку на нагу)? Як звон уплывае на ваша здароўе? Ці бывае такое, што званіць не хочацца, не атрымліваецца, няма настрою? Пра што вы думаеце, калі звоніце? Куды глядзіце падчас звону?

10. Ці вядомыя прыказкі, прымаўкі, малітвы, якія дапамагаюць званіць у званы?

11. Вялікдзень. Ці званілі на ўсяночнай падчас чытання Евангелля? На Вялікдзень на воклічы “Хрыстос Уваскрэс” падчас хрэснага ходу стралялі ў стрэльбу, ракеты, “мажджэру”?

12. Хто вельмі добра званіў на Вялікдзень у 1921 — 1939 гадах? Як яго звалі? Каго не пускалі званіць? Што памятаеце пра жыццё званара?

13. Ці мылі званы да Вялікадня, упрыгожвалі (напрыклад, стужачкамі)? Колькі дзён званілі? Ці дапускаліся да званоў дзяўчаты? Каля царквы на Вялікдзень спявалі песні? (Маецца на ўвазе які-небудзь народны абрад.) На хрэсны ход неслі іконы толькі незамужнія дзяўчаты? На якія святы адбываўся хрэсны ход? Колькі разоў абыходзілі храм? У далёкія вёскі быў хрэсны ход? Ці было, каб хварэлі людзі ці жывёлы і тады званілі ў званы ўвесь дзень? Ці білі ў званы ў вашай вёсцы, калі здараўся пажар?

14. Як званілі, калі паміраў чалавек? Гэта называлі “па душы”? Па звоне маглі зразумець, хто памёр (жанчына ці мужчына)?

15. На вянчанне званілі ці прыязджалі з музыкамі? Ці званілі на заручыны маладых?

16. Ці збіралі званару гарцы? Што давалі, колькі? Калі ён ездзіў па тое, восенню?

17. Якое свята было ў вашай мясцовасці асаблівым? Як яго называлі? Ці праводзіўся кірмаш? Адкуль прыязджалі, што прадавалі, спявалі?

18. Ці маюцца ў вас званы, якія хавалі ці вывозілі ў гады Першай сусветнай або Вялікай Айчыннай войнаў? Хто? У час вайны ў храме працягваліся богаслужэнні? Ці засталіся ў мясцовых жыхароў фота са званамі? Ці хавалі званы ў касцёле? У суседніх вёсках?

19. Колькі вёсак было прыпісана да вашага прыходу?

20. Чаму любіце гучанне звону? Падрабязна запісаць.

21. Ці забаранялі званіць пасля вайны? Царкву закрывалі? Былі выпадкі, каб моладзь і ў гэтыя гады прыходзіла на Вялікдзень і званіла?

22. Якія вам вядомыя публікацыі мясцовых краязнаўцаў у апошнія гады (кнігі, прэса), з інфармацыяй пра званароў, званы, у тым ліку знойдзеныя ў XXI стагоддзі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"