Больш-менш або фантазіі?

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

Культурны чыннік у архітэктуры: усё ж прасочваецца ці не?
У Беларускім саюзе архітэктараў адбылася выстава дыпломных праектаў выпускнікоў сямі вышэйшых і трох сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Беларусі з архітэктурным профілем ці адпаведнымі спецыяльнасцямі (Мінск, Брэст, Гомель, Магілёў, Наваполацк) прадстаўленых на Х Рэспубліканскі конкурс. Адразу адзначу: у намінацыі “Вясковая архітэктура” гэтым разам узнагароды не прысуджаліся.

/i/content/pi/cult/615/13691/7-2.jpgЯк станоўчую з’яву варта адзначыць тую акалічнасць, што дыпломныя работы геаграфічна прывязаныя да таго ж горада і рэгіёна, дзе знаходзіцца навучальная ўстанова. Так, дыпломам першай ступені ў намінацыі “Горадабудаўніцтва” быў адзначаны праект рэгенерацыі ахоўнай зоны рэчышча Заходняй Дзвіны ў Полацку, прадстаўлены Полацкім дзяржаўным універсітэтам (Наваполацк). Праўда, на мінчан, якія ўзялі астатнія першыя месцы ў намінацыях гэта завядзёнка не распаўсюджваецца. Сярод іх праекты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту “Рэнавацыя тытунёвай фабрыкі ў горадзе Гродна” (“Рэканструкцыя будынкаў”) і “Архітэктурна-дызайнерская канцэпцыя рэкрэакцыйнай прыбрэжнай тэрыторыі ў горадзе Полацку” (“Ландшафная архітэктура”). Праект таго ж ВНУ “Сістэма прыбярэжных тэрыторый у горадзе Віцебску” атрымаў дыплом другой ступені (“Горадабудаўніцтва”). Можна быць упэўненым, што калі на нейкі аб’ект за межамі сталіцы паклалі вока мінчане, дык ён або ўжо мае агульнанацыянальнае значэнне, або прыдбае такі статус у найбліжэйшы час. У гэтым сэнсе ў кантэксце конкурсу дыпломных работ прысутнасць полацкай, віцебскай і гродзенскай тэм у мінскіх праектах дае падставы меркаваць, што турыстычны патэнцыял гэтых гарадоў будзе клопатам не толькі мясцовай улады, але — усёй краіны.

Аднак большасць як прадстаўленых, так і адзначаных праектаў усё ж датычыць сталіцы. Гэта і Гран-пры — “Цэнтр падводнага свету”, і дыплом ІІ ступені за праект “Архітэктура пентхаўсаў у структуры мінскай забудовы нізкай і сярэдняй шчыльнасці” (“Архітэктура жылых будынкаў”), і такая ж узнагарода за “Архітэктурна-дызайнерскую рэканструкцыю заапарка ў Чыжоўцы” (“Ландшафтная архітэктура”). Усе распрацоўкі — БНТУ. Відавочнае дамінаванне гэтага ўніверсітэта можна ўспрымаць і як нармальную з’яву, і як сведчанне недапрацовак у сістэмы падрыхтоўкі архітэктараў у рэгіёнах.

Уся архітэктура — гэта стварэнне камфортнага асяродку з больш-менш выразна выяўленым культурным чыннікам, але ўласна культурных аб’ектаў на конкурс было прадстаўлена няшмат. Тым больш прыемна, што адзін з такіх праектаў адзначаны дыпломам другой ступені (“Дызайн інтэр’ера”) — “Інтэр’ер дзіцячага цэнтра ў Новай Баравой” (БНТУ). Даволі цікавымі падаліся мне і адзначаны дыпломамі першай і другой ступені сярод ССНУ ў намінацыя “Архітэктура” праект ад Магілёўскага архітэктурна-будаўнічага каледжа “Рэканструкцыя гістарычнага будынка пад цэнтр дзіцячай творчасці” і праект “Цэнтр выканаўчых відаў мастацтва” ад Мінскага архітэктурна-будаўнічага каледжу. Цэнтр дзіцячай творчасці ў Магілёве плануецца размясціць у будынку, які раней займаў штаб вайсковай часткі. Будынак уяўляе гістарычную каштоўнасць і стаіць на дарагой, так бы мовіць, зямлі, бо побач — чыгуначны вакзал. У перспектыве непадалёк пабудуюць дзіцячы сад і школу. Такім чынам важныя сацыяльныя аб’екты паўстануць у крокавай даступнасці для жыхароў наваколля. Гэты праект, у адрозненне ад архітэктурных фантазій, мае шанцы быць рэалізаваным.

Цяпер наконт тых самых фантазій… Маладое пакаленне, перш чым акрэсліцца з уласным стылем, ідзе шляхам, што вызначылі папярэднікі, скарыстоўвае не свае напрацоўкі. Гэта, зрэшты, натуральна. Узоры архітэктурнай моды адчуваюцца шмат у якіх прадстаўленых на конкурс праектах. Пры гэтым моладзь пераймае ад “дарослых” не толькі станоўчыя якасці. Мне падаецца, што сёння архітэктары, і не толькі маладыя, часта засяроджваюцца на канкрэтных аб’ектах, якіх трактуюцца як універсальныя, а само асяроддзе, дзе яны мусяць існаваць, не бярэцца да ўвагі. А часам і проста ігнаруецца. Аб’ект зыходна не разглядаецца як частка ансамбля, не трактуецца як чыннік вялікай прасторы, што мусіць быць эстэтычна арганізаванай. Нават у праектах, адзначаных у намінацыі “Горадабудаўніцтва” адчуваецца брак пачуцця ансамблевасці.

Конкурс паказаў і неблагі творчы патэнцыял маладых архітэктараў, і тэндэнцыі архітэктуры. На жаль, далёка не ўсе яны станоўчыя. Адно спадзяванне: жыццё прымусіць лічыцца з рэчаіснасцю, скіруе прагу самасцвярджэння ў рэчышча здаровага сэнсу.

На здымку: праект Цэнтра падводнага свету ў Мінску (БНТУ).

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"