Кнігі з топ-10 — бясплатна

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

Погляд спецыяліста: рэкламаваць трэба не бібліятэкі, а іх сучасныя фонды
22 лістапада адбылася сустрэча супрацоўнікаў газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва” з дзіцячымі бібліятэкарамі сталіцы. Што яна дала? Супрацоўнікі СМІ атрымалі жаданую крытыку, бібліятэкары выказалі свае праблемы, з надзеяй узняць іх на старонках газеты і тым самым прыцягнуць улады і грамадства да вырашэння апошніх. Але я павяду гаворку з гэтай нагоды пра тэмы, якія ўзнімаліся: пра прэстыж прафесіі, платныя паслугі і ролю рэкламы ў бібліятэчнай справе.

/i/content/pi/cult/615/13689/7-1.jpgВедаеце, лягчэй за ўсё сказаць: “Навошта патрэбны бібліятэкі — туды ніхто не ходзіць, а бібліятэкары штаны праседжваюць і чаі ганяюць”. І толькі бібліятэкары ды іх чытачы ведаюць, што гэта лухта і паклёп. Сучасная сталічная дзіцячая бібліятэка — гэта акіян задавальненняў, гульняў, конкурсаў, ужо не кажучы пра разнастайны фонд.

Практычная дзейнасць бібліятэк краіны ўжо даўно выйшла за рамкі вузкапрафесійнай. Сёння бібліятэкар павінен спяваць, скакаць і фокусы паказваць (дасканалае веданне кніжнага фонду — неаспрэчнае патрабаванне). Але хто-ніхто пайшоў далей: і ў адным памяшканні спалучыў духоўную культуру з фізічнай — размясцілі ў бібліятэцы спартыўны трэнажор, паставілі вагі. Паслугі тыя платныя. І тут узнікае пытанне: бібліятэка імкнецца грошы зарабіць ці такім чынам прывабіць чытачоў?

Ні з першым варыянтам развіцця падзей, ні з другім не пагаджуся. Бібліятэка павінна заставацца бібліятэкай — цэнтрам культурна-адукацыйнага баўлення вольнага часу. А паесці і скінуць лішнія калорыі можна і ў іншых месцах, балазе іх зараз дастаткова.

А вось ідэя ўзяць шлюб у сценах бібліятэкі — арыгінальная. Пасля адкрыцця новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі ў маладых было модна туды наведвацца. Урачыстая цырымонія, усе прыгожа апранутыя, шчаслівыя, а навокал кнігі. На гэтым можна і грошай зарабіць, і добрую PR-акцыю зрабіць як бібліятэкі ў цэлым, так і чытання, асобных кніг.

А што да рэкламы... Сацыяльныя сеткі ў разлік не бяру, бо сябры бібліятэчных старонак, у большасці, і ёсць чытачамі гэтых самых устаноў альбо калегі супрацоўнікаў. Урэшце, рэклама менавіта бібліятэк будзе неактуальная, пра іх існаванне і так усе ведаюць. А вось пра разнастайны фонд з рэгулярнымі паступленнямі, пра мерапрыемствы, сустрэчы, якія ладзяцца ў сценах бібліятэк, у курсе не так і шмат людзей. Большая частка грамадства ўпэўнена, што ўстановы не камплектуюцца сучаснай літаратурай, а стэрэатып, што бібліятэкар — гэта бабуля ў вялікіх старамодных акулярах з гулькай на галаве, моцна трымаецца ў грамадстве.

Неаднойчы чула ад нашых новых чытачоў выразы накшталт: “А мы і не ведалі, што ў бібліятэках такія добрыя кнігі”, “У вас выбар кніг большы, чым у кнігарні”, “Мы трацім грошы за тое, што тут даюць бясплатна”. Менавіта пра фонды бібліятэк павінна быць рэклама ва ўніверсальных газетах і часопісах, навастных сайтах, на білбордах горада, па радыё і тэлебачанні. (І тут хочацца сказаць словы падзякі прафесійнай прэсе, якая, на маю думку, бібліятэкі не крыўдзіць. Адно што нашу прафесійную прэсу большая частка грамадства не чытае.) І ў нашу бібліятэку прыходзіць шмат карыстальнікаў са спісам кніг з інтэрнэту. Там размяшчаюць іх рэкламу, а чытачы ідуць да нас па бясплатныя асобнікі. Такім чынам мы можам скарыстацца чужой рэкламай у сваіх мэтах: дастаткова толькі гучна абвясціць, што кнігі з апошняга топ-10 ёсць у бібліятэках. У нас чэргі за імі будуць, а пакуль чытач будзе чакаць разрэкламаваную кніжку, іншае што-небудзь пачытае, калі бібліятэкар яго зацікавіць. У нас прапаноўваць людзям выданні значна прасцей, чым у крамах ці ў тым жа інтэрнэце. Выразы накшталт “не спадабаецца, дык прынясеце ды памяняеце на што іншае, грошы плаціць жа не трэба” або “не выбірайце паміж гэтымі кнігамі, вазьміце абедзве, бясплатна ж” робяць сваю справу. І чалавек, які прыйшоў па нешта канкрэтнае, становіцца нашым сталым чытачом. Хвалюе толькі чаканае змяншэнне фінансавання ў наступным годзе: чытачу, нават не самаму пераборліваму, патрэбны навінкі.

З кнігамі беларускіх выдавецтваў і асабліва беларускамоўнымі кнігамі ў параўнанні з рускамоўнымі — справа процілеглая. Іх у сеціве няма, ні рэкламы на іх, ні анатацыі ці рэцэнзіі, ні здымка вокладкі. Таксама няма ў сеціве і большасці беларускіх пісьменнікаў: не хочуць яны самі сябе піярыць. Можа, спадзяюцца на працу бібліятэкараў? Гэта яшчэ адна тэма для дыскусіі: а ці павінен бібліятэкар піярыць пэўныя кнігі пэўных аўтараў? Але на маю думку, з-за адсутнасці нашых пісьменнікаў у сеціве, дарэчы, і склалася меркаванне, што па-беларуску няма нічога вартага. А гэта зусім не так. Прынамсі, у літаратуры для дзяцей.

Каля месяца таму ў нашай бібліятэцы было нестандартнае для нас мерапрыемства. Да мяне звярнуліся з просьбай правесці нешта накшталт лекцыі для маладых мам на тэму “Што чытаць для малых дзетак па-беларуску”. Мерапрыемства цягнулася больш за гадзіну і гэтага часу не хапіла, каб распавесці пра ўсе вартыя ўвагі беларускія творы. Але няяркія вокладкі, малая колькасць малюнкаў, маленькі шрыфт не робяць такія выданні папулярнымі. І як бы тут бібліятэкар не нахвальваў кнігу, дзіця не возьме яе, бо бракуе паліграфічнай якасці. А цікавасць да беларускай кнігі і да беларускай мовы пакрысе павялічваецца…

Сёння ў маладзёжным асяродку модна размаўляць па-беларуску — гэта адзін са спосабаў вылучыцца, звярнуць на сябе ўвагу. А лепшы спосаб пашырыць слоўнікавы запас — чытаць кнігі. І тут зноў праблема: адсутнасць рэкламы беларускамоўных кніг. Новы сацыяльна-культурны праект “Movabox”, накіраваны ў выглядзе буккросінга на падтрымку беларускай культуры, мовы і літаратуры, — амаль што адзіны падобны праект, і той ініцыянаваны прыватнай кампаніяй (зразумела, не без сваіх камерцыйна-рэкламных мэтаў). Варта задумацца пісьменніцкай супольнасці.

У дзейнасці бібліятэк на сённяшні дзень праблем хапае — і прававая неабароненасць, і несумленныя чытачы, і недастатковая матэрыяльна-тэхнічная база, і ўсё тое ж малое фінансаванне. Магчыма, калісьці яны будуць вырашаны. А пакуль што мы піярым кнігі, чытанне і бібліятэкі толькі ў сваё задавальненне, бо зарплата спецыялістаў нашых устаноў — гэта яшчэ адна вялікая праблема нашай працы.

Марына ПЕТРАШКЕВІЧ, бібліятэкар