Тактыка ўзаемадзеяння

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

У віцебскім Музеі Марка Шагала з’явіцца аўдыядыскрыпцыя для выстаў і фільмаў для наведвальнікаў са слабым зрокам. Гэткі ж праект рэалізуе Нацыянальны мастацкі. А якія яшчэ паслугі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі (у прыватнасці — дзяцей) існуюць ва ўстановах культуры краіны? Мы зрабілі агляд па тэме, які, вядома, можна пашыраць канкрэтнымі прыкладамі работы з досведу работнікаў сферы.

Бібліятэка без межаў

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ёсць электронныя лупы, машына “Кнігалюб-кампакт”, аўдыядакументы, камп’ютары з брайлеўскім дысплэем. А ў даведачна-бібліяграфічным аддзеле Мінскай абласной бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна прапануюць літаратуру са шрыфтам Брайля. Віцебская абласная бібліятэка імя Уладзіміра Леніна супрацоўнічае з рэабілітацыйнымі школамі. Намеснік дырэктара Вольга Камендантава кажа, што тут дзеткі з захворваннямі апорна-рухальнага апарата знаёмяцца з кнігамі-цацкамі, якія развіваюць маторыку рук. Для чытачоў са слабым зрокам бібліятэка набыла 158 аўдыякніг (у тым ліку па школьнай праграме), маюцца 4 назвы часопісаў са шрыфтам Брайля для дарослых ды падлеткаў. А таксама наведвальнікі ўсіх узростаў катэгорый могуць карыстацца тыфлакомплексам.

Па словах намесніка дырэктара па абслугоўванні карыстальнікаў Таццяны Барабаншчыкавай і вядучага бібліятэкара Веранікі Сцяпулькінай, Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя Уладзіміра Леніна супрацоўнічае з абласным жа Цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама з Улукаўскай дапаможнай школай-інтэрнатам для дзяцей-сірот. Кніжніца арганізоўвае цыкл пазнаваўча-гульнявых праграм, а таксама выезды валанцёраў з тэатралізаванымі прадстаўленнямі. Праводзяцца акцыі (напрыклад, “Падары радасць дзіцяці”, “Для нас усе свае”), а на працягу года ладзіўся “Кірмаш патрэбных рэчаў” па зборы цацак, канцтавараў, прысмакаў. Сёлета ж супрацоўнікі аддзела літаратуры на замежных мовах пазнаёмілі навучэнцаў дапаможнай школы-інтэрната № 5 з 3D-кнігамі, 3D-мадэляваннем: дзеткі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця стваралі аб’ёмныя малюнкі ручкай “3Doodler”.

Светлагорская раённая дзіцячая бібліятэка пры падтрымцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі рэалізуе праект “Кніжная гісторыя” з чытаннямі твораў дзіцячых пісьменнікаў, медыяпрэзентацыямі (яны суправаджаюцца праглядам мультфільмаў), практычнымі заняткамі па маляванні, лепцы і аплікацыі. На мерапрыемствах ужо пабывала больш за 150 выхаванцаў цэнтра.

Як паведаміла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Іна Машканцава, у бібліятэках Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы абласнога цэнтра арганізавана работа ў рамках плана мерапрыемстваў “Мы і асаблівыя дзеці”, які рэалізуецца сумесна са спецыяльнай агульнаадукацыйнай школай-інтэрнатам для дзяцей з парушэннямі зроку, спецыяльнай агульнаадукацыйнай школай-інтэрнатам для дзяцей з парушэннем слыху і дапаможнай школай № 1 для дзяцей з асаблівасцямі ў псіхафізічным развіцці. Сталыя наведвальнікі — каля 100 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для іх ладзяцца літаратурныя гадзіны, турніры знаўцаў кнігі, гульні, пазнаваўча-забаўляльныя марафоны, чытанні вершаў і казак, паказы мультфільмаў па літаратурных творах, імпрэзы з элементамі творчасці і гульні. Да ўсяго, існуе праект па стварэнні тактыльных кніг “Цёплыя кнігі”, распачаты бібліятэкарамі летась. Робяць іх з розных матэрыялаў, змяшчаючы на старонках брайлеўскі шрыфт. Паводле Іны Машканцавай, сёння ў фондзе спецбібліятэкі інвалідаў па зроку ёсць ужо 5 такіх асобнікаў.

Ашмянская раённая дзіцячая бібліятэка супрацоўнічае з Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — штогод бярэ спісы дзяцей-інвалідаў (іх ва ўстанову запісана 13), на фармулярах гэтай катэгорыі чытачоў робіць пазнакі, напрыклад, пра тое, чым цікавіцца дзіця, пра ўлюбёны прадмет у школе. Сіламі супрацоўнікаў установы культуры і ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Лялечны карагод” праводзяцца лялечныя спектаклі, у тым ліку — тэатр на фланэлеграфе, дзе малечы самі ўдзельнічаюць у пастаноўцы. Праўда, дадае Іна Машканцава з абласнога ўпраўлення ІРКСМ, у рабоце з такой катэгорыяй чытачоў, як дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, і самі бацькі не заўсёды хочуць агучваць праблемы, адпаведна, таксама патрабуюць асаблівага падыходу.

У аддзелах і філіялах Абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага праводзяцца чытанні, а таксама гульнёвыя праграмы, гульні-віктарыны, урокі дабрыні, дні бібліятэрапіі… У фондах жа знаходзяцца маляўнічыя кнігі-цацкі з буйным шрыфтам, “кнігі, якія размаўляюць”, музычныя кнігі, кнігі-панарамы. Таксама дзеці з абмежаванымі магчымасцямі наведваюць мультыцэнтр “Совушка”.

У Магілёўскай дзіцячай бібліятэцы-філіяле № 2 абслугоўваюць інвалідаў па зроку. Намеснік дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк горада Вольга Волкава адзначыла, што ў 2014-м установа набыла адпаведнае абсталяванне. Арганізоўваюцца конкурсы, сёлета праводзілася некалькі дабрачынных акцый, зараз доўжыцца адна з іх — “Мішка-касалапы да малышоў ідзе”: сабранае аддадуць у спецыялізаваны дом дзіцяці з арганічным парушэннем ЦНС з паразай псіхікі. А напрыклад, бібліятэка-філіял № 4 імя Міхаіла Лермантава праводзіць акцыю “Дапамагаць лёгка”: збіраюцца кнігі, канцтавары, цацкі ў Магілёўскі гарадскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Публічныя бібліятэкі Брэсцкай вобласці таксама займаюцца арганізацыяй імпрэз для дзетак да 15 гадоў: экскурсіі па кніжніцах, літаратурныя гульні, віктарыны, ранішнікі, спектаклі лялечных тэатраў і тэатраў кніг (напрыклад, “Усмешка” пры Ганцавіцкай раённай дзіцячай бібліятэцы). Арганізоўваюцца выставы творчых работ дзяцей і падлеткаў з абмежаванымі магчымасцямі, працуюць аматарскія аб’яднанні і клубы па інтарэсах, дзе ўдзельнічаюць дзеці-інваліды (напрыклад, клуб “Дабрыня” пры брэсцкай Цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна). Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ІРКСМ аблвыканкама Алена Цагойка, ці не ўсе ЦБС вобласці супрацоўнічаюць з тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацабслугоўвання насельніцтва і карэкцыйнымі групамі дзіцячых садкоў і школ-інтэрнатаў.

Пад “крыламі“ валанцёраў

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі ў кірунку ўзаемадзеяння з асобамі з абмежаванымі магчымасцямі існуе сістэма ільгот. У верасні праводзіцца свята-конкурс мастацкага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Сонечны свет для ўсіх” для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прыкладна такая ж сітуацыя і ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Па словах загадчыка аддзела навукова-асветніцкай работы і сувязі з грамадскасцю Вікторыі Заяц, музей праводзіць экскурсіі для дзяцей з асаблівасцямі слыху, а вось спецыяльных праграм не прадугледжана. Для дзяцей жа са слабым зрокам ёсць брайлі (але яны зараз на рэстаўрацыі). Магілёўскі краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманава праводзіць у гэтым кірунку толькі экскурсіі ды выязныя заняткі — асобнага пакета паслуг, скажам, для дзяцей-інвалідаў не прапануюць. Загадчык навукова-асветніцкага аддзела Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Зінаіда Кульша сказала, што летась тут правялі выставу тактыльнай скульптуры Леаніда Тарабукі. Установа ладзіць разавыя экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але не так часта: у многіх патэнцыйна ахвотных праблема з транспартам.

Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі прапануе ранішнікі, святочныя мерапрыемствы для навучэнцаў спецшкол, дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот. Скажам, ранішнік “Каляднае падарожжа вакол свету” адбыўся для Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Паводле інфармацыі згаданай раней Іны Машканцавай, праводзяцца сумесныя мерапрыемствы з Хатнім тэатрам “Мар’я-Умеліца” для дзяцей-інвалідаў, імпрэза “Хата з матчынай душой” у аздараўленчым летніку “Купалінка”. Таксама музей супрацоўнічае з абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Традыцыйныя і сумесныя мерапрыемствы ў музеі з дзіцячым хоспісам, “У пошуках самага галоўнага” (з французскімі валанцёрамі), “Анёл з табой” (з валанцёрамі з абласнога цэнтра), “Пад крыламі анёлаў” (з мінчанамі), а таксама з міжнародным аб’яднаннем “Тэатра” (спектакль “Чароўны амулет”). Мінскі абласны краязнаўчы музей бясплатна праводзіць экскурсіі ды музейныя заняткі (па заяўкам) для Цэнтра рэабілітацыі інвалідаў і санаторных школ-інтэрнатаў для дзяцей з парушэннем зроку і апорна-рухальнага апарату.

Паводле інфармацыі старшага навуковага супрацоўніка Музея гісторыі горада Мінска Ганны Ясюк, сёлета на базе арт-гасцёўні “Высокае места” сумесна з Мінскім аддзяленнем Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам адбыўся сацыяльны мастацкі праект “Вылячэнне мастацтвам”, у якім прынялі ўдзел 20 сталічных дзяцей рознага ўзросту з абмежаванымі магчымасцямі. Мастачка Улада Белавусава-Кірэенка правяла майстар-клас па графічнай тэхніцы “манатыпія”, а таксама прайшлі сустрэчы з творцам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Тамарай Васюк, Алай Непачаловіч і Наталляй Сухаверхавай.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст