Энергія Магілёва. І для яго

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

Экспрэс-тур з V.I.P.- земляком: Магілёў / Разгорнуты сінопсіс для будучай п’есы аб малой радзіме з установамі культуры ў галоўнай ролі
Якая песня без баяна, якая зорка без расы, якая маршрутка без шансону. Але па дарозе ў Магілёў яе кіроўца злітаваўся, і пасажыры абышліся зусім без песень. А вось на зваротным шляху кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі, рэжысёр, акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка, які нарадзіўся ў гэтым горадзе, кампанію мне ўжо не склаў. І разбаўляў маю “адзіноту” расійскі спявак і кампазітар Андрэй Касінскі, на ўсю моц паведамляючы з калонак, што “мы жарим, жарим, жарим, жарим корюшку с тобой всю ночь. Ах, Оля, Оля, Оля, Оля, Олюшка, пусть улетят печали наши прочь…” Але мой смутак не ляцеў, і я гараваў пра лёс рыбы. І перабіраў у памяці “перыпетыі” паездкi, калі мы з Аляксандрам Анатольевічам зазірнулі ў некалькі ўстаноў культуры Магілёва.

/i/content/pi/cult/615/13676/10-1.jpgТут ён вучыўся ў хіміка-біялагічным класе, дзе выкладчыкамі былі выпускнікі БДУ, а там традыцыі самадзейных тэатраў прыжыліся, вось педагогі і перанеслі апошнія ў школу, прапаноўваючы навучэнцам паўдзельнічаць у пастаноўках-скетчах, шаржах на навуковыя тэмы, што тыя з радасцю і рабілі. Аднак сцэнічная “зараза” да падлетка Сашы не прыстала, і па заканчэнні школы ён збіраўся пайсці ў медыцыну. І нават яго зусім выпадковы запіс у сёмым класе ў тэатральны гурток Палаца піянераў і школьнікаў (цяпер Абласны цэнтр творчасці), які адчуваў хранічную патрэбу ў хлопчыках на разнастайныя ролі, з намечанага шляху збіць не мог. Пакуль у старшых класах пад уплывам кіраўнікоў народнага тэатра Дома культуры чыгуначнікаў (пазней Цэнтр культуры і вольнага часу чыгуначнікаў, а цяпер Культурна-спартыўны цэнтр), у якім Саша апынуўся таксама не па загадзе сэрца, ён і задумаўся пра іншы выбар.

— Па тым маіх адчуваннях Магілёў тады быў горадам досыць аднастайным, сумным ды змрочным, горадам вечнай пахмурнай восені, у культурным сэнсе — правалам, за рэдкімі выключэннямі, — узгадвае Аляксандр Анатольевіч. — І маё парыванне збегчы з яго было, з аднаго боку, свядомым, а з іншага — не. Так, хацелася з’ехаць, а куды?.. Куды дарога прывядзе. Ну, а калі разумныя людзі раілі, дык няхай гэта будзе звязана з акцёрствам.

У 2002 годзе ён ўжо заканчвае тады яшчэ Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры (без прыдатна “мастацтваў”), атрымаўшы кваліфікацыю “Рэжысёр. Выкладчык”.

Людзі і “манекены”

Рэдкім выключэннем у магілёўскiм культурным жыццi пачатку — сярэдзіны 1990-х пры тым, што Абласны драматычны тэатр у той час знаходзіўся на капрамонце, быў Абласны тэатр лялек з галоўным рэжысёрам Алегам Жугждам.

— У мяне, як у любога дзіцяці, уяўленне пра той тэатр было як пра нешта сапраўды дзіцячае і наіўнае, — дзеліцца Аляксандр. — І вось я ў яго трапляю, па-мойму, на спектакль “Чайка”. У ім і лялек было няшмат, затое дзейнічалі “жывыя” акцёры, якія гралі ў настолькі камернай прасторы, што да іх можна было дакрануцца рукой. Напэўна, тады я і палюбіў блізкiя зносіны з публікай.

Дакрануцца і сёння можна, але з тых часоў, знаходзячыся ў ранейшым будынку, тэатр разросся — у шырыню, вышыню, глыбіню. Паказаў нам амаль усе яго патаемныя памяшканні дырэктар Уладзімір Андрэенка, нават у самыя нетры мы спусціліся, дзе ў майстэрнях працуюць бутафоры і абнаўляюцца ды ствараюцца лялькі. Каласальнае ўражанне пакінуў гэты сапраўдны Дом Мастацтва. Будзь у нас больш часу, экскурсія магла б стацца даўжэйшай, да таго ж, аўдыенцыі ў Уладзіміра Сцяпанавіча чакалі госці са Смаленскага абласнога тэатра лялек, што прыехалі ў той вечар на спектакль “Пікавая дама”, які прывёз Гродзенскі абласны тэатр лялек.

— А вы гастралюеце? — спытаў я ў Андрэенкі і з задавальненнем яшчэ раз кінуў погляд на газету “Культура”, што ляжала на стале ў кабінеце дырэктара.

— У апошнія дзесяць гадоў шмат — у Польшчы, Германіі, Галандыі, Расіі... У асноўным гэта фестывалі. Цяпер ідуць перамовы аб камерцыйных гастролях з некалькімі спектаклямі па расійскіх гарадах.

Самай вялікай праблемай і ў дзейнасці свайго тэатра, і беларускіх тэатраў лялек наогул Уладзімір Сцяпанавіч называе тое, што сярод профільных ВНУ краіны толькі Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў навучае акцёрскаму ды рэжысёрскаму майстэрству такога профілю: на маладых прафесіяналаў у гэтай галіне культуры дэфіцыт. Рэпутацыю наймоцнага прафесіянала, таленту мае цяперашні галоўны рэжысёр тэатра Ігар Казакоў. Яго пастаноўкі становяцца падзеямі не толькі ў горадзе ці вобласці, але і ў краіне наогул, рэгулярна прэтэндуючы на ўзнагароды ў сферы тэатральнага мастацтва. Замежныя фестывалі таксама не пакінулі без прызоў гэтыя спектаклі. Сярод найбліжэйшых планаў Ігара Аляксандравіча — да канца года выпусціць спектакль “Сіняя-сіняя“ паводле апавядання Уладзіміра Караткевіча, а ў вельмі недалёкай перспектыве — паставіць трыпціх па беларускіх казках.

— У тэатры дванаццаць акцёраў, — інфармуе дырэктар. — Становішча не катастрафічнае, але... Малюся, каб ніхто з трупы праз нейкія прычыны не выбываў на доўгі тэрмін. Шукаем у каледжах культуры практыкантаў, а вось да стварэння ў такіх кропках курсаў і выхавання там акцёраў для тэатра наш галоўны рэжысёр ставіцца без энтузіязму. Спробы такія рабіліся, але ні да чаго добрага не прывялі. Я яму кажу: “Глядзі, дачакаешся, з вуліцы будзем падмену набіраць“. А яшчэ ходзяць чуткі, што ідзе новая хваля аптымізацыі...

Дэкарацыі, касцюмы, лялек, як я ўжо згадваў, тут робяць сваімі сіламі. Матэрыялы для іх даражэюць рэгулярна, у адрозненне ад кошту на білеты. На бесцырымоннае пытанне пра тарыфы служачых тэатра спадар Андрэенка толькі з прыкрасцю адмахнуўся і павёў нас да сваёй мары — да часткі даху будынка, дзе думае стварыць тэатральны дворык — летнюю мансарду. Каб людзі, якія прыйшлі на спектакль, змаглі бываць тут час да яго пачатку за кубкам кавы, каб па заканчэнні імпрэзы можна было зноў зазірнуць сюды і артыстам, і гледачам — пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы.

Не здзічэлі б...

— Краязнаўчы музей у школьныя гады існаваў у маім жыцці ў выглядзе абавязковых экскурсій, — гаворыць адкрыта Марчанка. — І, збіраючыся ў нашу з вамі паездку, я спецыяльна пакапаўся ў інтэрнэце на прадмет таго, што ж у гэтай установе адбываецца цяпер. Я не хаджу ў нейкія музеі толькі таму, што яны лічацца як бы абавязковымі для наведвання. Іду на пэўныя выставы, мерапрыемствы, якія мяне чымсьці заінтрыгавалі. І так ва ўсім.

Жаданне вывучыць гісторыю роднага краю больш падрабязна прыйшло да Аляксандра з узростам ды з падачы аднаго з сяброў, які сам цікавіўся Магілёўшчынай і па сваёй тэлевізійнай прафесіі шмат ёй займаўся. Марчанка перакананы, што такія “эгаістычныя“ звесткі неабходныя людзям яго рамяства ў творчасці. Тым больш, калі яны служаць у РТБД.

...У Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі праходзілі экскурсіі, іх праводзіла вядучы навуковы супрацоўнік Марына Тарасава. Да адной з іх (школьнікаў) далучыўся і Аляксандр Марчанка, які ўважліва слухаў Марыну Анатольеўну ды разглядаў экспанаты — у адрозненне ад большасці дзяцей, што бавілі час у сваіх гаджэтах. Падчас аднаго з кароткіх “антрактаў“ паміж групавымі наведваннямі мы пагутарылі са спадарыняй Тарасавай. (Дарэчы, у ходзе такіх даверлівых дыялогаў мы з Аляксандрам Анатольевічам мяняліся ролямі: ён выступаў у якасці “добрага следчага“, калі размова заходзіла аб дасягненнях устаноў, а я, ледзь гаворка тычылася праблем, прыкідваў на сябе адзежку “злога“, і наадварот. Марчанка нярэдка ў “допытах“ браў ініцыятыву на сябе, чым выгадна адрозніваўся ад большасці маіх папярэдніх “спадарожнікаў“ па вандраваннях.)

“Скардзячыся“ Марыне Тарасавай на паводзіны ў музеі дзяцей, я пайшоў далей, рызыкнуўшы вылучыць тэзіс аб тым, што прыток публікі ў такія ўстановы здараецца толькі ў дні, калі наведванне іх бясплатнае.

— А я неаднаразова чула: “Скажыце, калі ў вас бясплатны дзень, тады мы і прыйдзем“, — пагадзілася спадарыня Тарасава. — Імкненне да дармовага ў людзях невынішчальнае. Маё ж глыбокае перакананне заключаецца ў тым, што стаўленне людзей да музеяў — гэта паказчык маральнага здароўя грамадства. Хочуць яны захаваць гісторыю сваёй краіны, будуць хадзіць у музеі, тым самым матэрыяльна падтрымліваючы іх. Не будуць... Музеі, бібліятэкі, тэатры — гэта апошняе, што засталося ў чалавецтва, каб яно не здзiчэла да канца.

Краязнаўчы музей — шыкоўны, быццам бы якісьці з нацыянальных! Са скрупулёзна падабраным фондам, з найцікавым ды падрабязным матэрыялам. Візуальна асаблівы ўпор, як я зразумеў, робіцца на дыярамы. Да некаторых з іх прыкладаецца аўдыясуправаджэнне, напрыклад, гукі жывёльнага свету. На першым паверсе — невялікая крамка гандлюе вырабамі магілёўскіх жа майстроў — фігуркамі звяркоў, дамавікоў, размаляванымі талеркамі, эксклюзіўнымі лыжачкамі, ёсць абавязковыя каляндарыкі ды магніцікі. Можна набыць і аўдыягід па установе. Навар ад такой камерцыі не надта вялікі, але і такім спосабам аказваецца ўвага наведвальнікам.

— На жаль, пытанне фінансавання — балючае для нас, — адзначае Марына Анатольеўна. — Дзяржава, вядома, вылучае сродкі, але для жаданага абнаўлення іх недастаткова. У апошнія тры гады мы не можам сабе дазволіць новыя вітрыны, набыццё новых экспанатаў.

Тарасава з выклікам, у якім няцяжка было пачуць горыч, заўважыла, што разумее тую моладзь, якая, “атпакутваўшы“ размеркаванне, з культуры бяжыць, што пройдзе дзесяць гадоў, пачне сыходзіць яе пакаленне работнікаў культуры, а змены яму — з неабходным багажом навыкаў ды ведаў — не будзе...

Аўтэнтыка вам у хаце!

— У Гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу я быў, напэўна, парачку разоў, на якіхсьці ранішніках, — кажа Аляксандр Марчанка. — Будынак адрамантавалі, знешні выгляд яго мне вельмі падабаецца. А знакаміты цэнтр быў народным тэатрам “Валянцін“, які стварыў акцёр і рэжысёр Валянцін Ермаловіч. Наогул, у дачыненні да ўсёй беларускай культуры варта казаць пра ролю асобы ў ёй. Калі гэта чалавек, які шукае, наватар, то і, дапусцім, назва цэнтра культуры, у якім ён працуе, будзе гучаць у станоўчым сэнсе не толькі падчас чарговых “дажынак“, а пастаянна. А ёсць і такія людзі ў нашай культуры, чые прозвішчы з’яўляюцца намінальнымі — у адмоўным сэнсе.

Спадар Марчанка часам не разумее, па якіх правілах на ўзроўні дзяржавы “гуляюць“ у айчыннай культуры. Не разумее, калі яе дзеляць на добрую і дрэнную (“той “водападзел“ павінен быць, магчыма, такім: альбо гэта культура, альбо не“), яму не стае крытычнасці ды супрацьпастаўлення, “разнадумства“ і разнастайнасці.

— Мне таксама не хапае, — і я некалькі штучна завастраю. — Умоўна кажучы, як спявалі 60 гадоў таму ў дамах культуры “Хабанеру“, так і працягваюць спяваць, як плялі з саломы, так і плятуць, форма мала мяняецца. Выдатна, што яны — сканцэнтраванне народнай самадзейнасці, гурткоў па інтарэсах, але “рэпертуару“ ва ўсім хочацца пасучасней.

— Так, чаго мы ад іх хочам? — падтрымлівае мяне Марчанка. — І што яны могуць прапанаваць з новага?

Дырэктара цэнтра Вікторыю Максімаву мы і папрасілі разбурыць нашы “стэрэатыпы“ на канкрэтных прыкладах. Але спачатку ўдакладнілі, што тэатр “Валянцін“ па-ранейшаму ў ім працуе. Штогод ЦКiВЧ праводзіць больш за шэсцьсот мерапрыемстваў (і дае свае памяшканні для сустрэч, якія носяць афіцыйны характар, сямейных урачыстасцяў і да таго падобнага). У яго фарміраваннях спяваюць, танчаць, гуляюць, малююць, чаканяць сувенірныя манеты, займаюцца фотасправай і шмат яшчэ чым ад малога да вялікага агульнай колькасцю каля 800 чалавек. Да эксклюзіву Вікторыя Леанідаўна адносіць куток этнічнай культуры “Беларуская хатка“, дзе ў выглядзе розных прадметаў акумуляваліся ўсе нашы ўяўленні пра некалі “тыповы“ беларускі сялянскі побыт. (Між іншым, тое-сёе пад аўтэнтыку вырабляюць ўмельцы народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Чараўніцы“ самога цэнтра, а іх вырабы прадаюцца ў згаданай краме).

— Як можна адмовіцца ад, як вы кажаце, “хабанер“, ад такога нашага мінулага ў культуры? — звяртаецца да мяне спадарыня Максімава. — Гэта падмурак, на якім трымаецца дзяржава. Краіна, населеная людзьмі, якія не жадаюць памятаць свой род, якая не беражэ свае карані, непазбежна гіне. Таму ёсць мноства прыкладаў у гісторыі. Іншая справа, што побач з векавымі дрэвамі, вядома, павінен расці і лес-маладняк. У нашым выпадку — як развіццё традыцый, як штосьці новае.

Тэатральныя калектывы цэнтра гатовыя да навацый на стыку формы-зместу, яны хацелі б паэксперыментаваць з гукам ды відэашэрагам, намёткі ёсць, але ва ўстановы пакуль няма грошай на адпаведную апаратуру, якая дазволіла б ажыццявіць гэты “капрыз“. І ўсё роўна тут не здаюцца, шукаюць неабходную тэхніку па-за сваімі сцянамі і выкарыстоўваюць яе ў працы. А часткова ліквідуе фінансавыя “дзіркі“ бацькоўскі камітэт, які дзейнічае пры ўстанове. Адной з апошніх яго добрых спраў стаў збор сродкаў на куплю калготаў для харэаграфічных ансамбляў. Татальнае ж абнаўленне гардэроба ў ЦКiВЧ адбылося пару гадоў таму — каля 20 гадоў тут чакалі таго моманту, калі выдзеленых бюджэтных сродкаў хопіць на такі маспашыў.

Яшчэ пра эксклюзів. Сумесна з этнаграфічным комплексам традыцыйных народных промыслаў “Зялёны гай“ цэнтр летась упершыню правёў на месцы размяшчэння гэтай рэплікі вёскі XIX стагоддзя старадаўні абрад “Зялёныя святкі“. У далейшым такое ўзаемадзеянне плануецца пашыраць ды ўзбуйняць — святаў, звязаных з нацыянальнымі традыцыямі, у Беларусі хапае. У Пячэрскім лесапарку на Каляды ўжо не першы год праходзіць конкурс на прыгатаванне юшкі, спадарожнічае яму тэатралізаванае шоу, заснаванае на абрадах, задзейнічаны ў ім і калектывы ЦКiВЧ. Увогуле, план па фінансах ды мерапрыемствам Цэнтр краіне дае (першы ў 2016-м ужо перавыкананы).

— Засмучае тое, што за апошнія гады ў горадзе закрыліся не адна і не дзве ўстановы клубнага тыпу, — уздыхае Вікторыя Леанідаўна. — Асабліва ведамствы ў гэтым “атрымалі поспех“, пазбаўляючыся ад сваіх ДК. Што рабіць, пытанне рэнтабельнасці прадпрыемстваў сёння стаіць вельмі жорстка.

“Выступаючы ад імя ўсіх сваіх калегаў па культуры“, дырэктар згадала і славутыя тыпавыя штатныя расклады, якія калі і карэктуюцца, то ў вельмі малой ступені, у цэлым застаючыся нязменнымі ледзь не з савецкіх часоў. А аптымізацыя працягваецца, і хто з новага года павінен замест аптымізаванага машыніста сцэны выносіць крэслы — незразумела. Як незразумела, хто абавязаны ўставіць на месца цаглiну, якая выпала са сцяны, калі інжынер-будаўнік не прадугледжаны.

Добрае слова для Магілёва

— За 20 гадоў Магілёў змяніўся ў лепшы бок, — праводзячы мяне да шансону, абагульняе Аляксандр Марчанка. — Уласна, як змяніліся, скажам, усе абласныя гарады, якія сталі больш рэльефнымі, сталі мець больш выяўленыя, уласцівыя толькі ім асаблівасці, пачынаючы са сваёй архітэктурнай часткі і заканчваючы нейкімі іншымі ўнутранымі працэсамі. Думаю, такую... культурную выпукласць Магілёва фармуюць у тым ліку міжнародныя акцыі, маштабныя фестывалі. Працуюць на поўную моц тэатры, адрэстаўраваныя шматлікія помнікі ды гістарычныя аб’екты, аказалася, што жывыя традыцыі. Падабаецца мне яго цяперашні ландшафт, нейкая ў яго цяпер ёсць... паэтычная энергія!

Мінск — Магілёў — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"