Складанасці прагляду: Нацыянальны конкурс “Лістапада”

№ 49 (1299) 03.12.2016 - 09.12.2016 г

Пераможцы, праблемы і трэнды індустрыі белкіно / Частка II
Дзесяць ігравых стужак, якія былі прадстаўлены сёлета ў Нацыянальным конкурсе мінскага кінафестывалю, складана падвесці пад адну пазіцыю. У спаборніцтва патрапілі і нашумелы “Граф у апельсінах” Улады Сяньковай, сатырычны “Кансьерж” Роберта Сенекі, сямейны саспенс “Мой брат” Нэлы Васілеўскай, прыпавесць-фантасмагорыя “Дваццацьшаснаццаць” Дзмітрыя Рачкоўскага і Андрэя Крывецкага… Але рэй адразу ж захапілі “Душы мёртвыя” Віктара Красоўскага, сацыяльная драма на “фоне аднаго камбіната”, і “Каханне і партнёрства” Мікіты Лаўрэцкага — меладрама з элементамі камедыі ў стылі мамблкор. Стужкі вельмі розныя, але вакол іх хочацца паразважаць у кантэксце дзвюх розных парадыгмаў беларускага кіно.

/i/content/pi/cult/615/13673/8-1.jpg“Барока” 1990-х?

“Я назваў бы “Душы мёртвыя” “барочным” фільмам, — падзяліўся сваім бачаннем стужкі-пераможцы Нацыянальнага конкурсу “Лістапад” сябра сёлетняга журы Артур Клінаў. — Я ўражлівы да падобных формаў, люблю барока, мяркую, гэта бачна па маіх творах, і структура “Душаў…” мне падалася менавіта такой”. У дачыненні да сацыяльнай драмы Віктара Красоўскага гучалі розныя эпітэты, але метафара мастака і літаратара мне падаецца вельмі дарэчнай.

Месца дзеяння ў фільме — вытворчы камбінат. Калектыў, у складзе якога ёсць і людзі з абмежаванымі магчымасцямі, пражываюць свой чарговы рабочы дзень, што афарбаваны карпаратыўны святам, якое набліжаецца. Вытворчыя будні, якія не пазбаўленыя малых і вялікіх драм: індывідуальная траекторыя персанажаў і іх учынкаў складаецца ў агульны малюнак. Карціна Віктара Красоўскага яшчэ на этапе свайго стварэння прагучала як стужка з пэўнай тэхнічнай прэтэнзіяй — гісторыя мусіць быць знятая “адным кадрам”. Так і атрымалася. Але самае галоўнае ў гэтым эксперыменце, што прыём не пераўтварыўся ў адно практыкаванне. Форма надала зместу новае вымярэнне, ператварыўшы месца дзеяння ў метафару кожнай сацыяльнай канструкцыі.

Камера бясконца рухаецца па камбінату, пераследуючы аднаго персанажа, а потым пераключаючыся на іншага: галоўных герояў тут няма, усе постаці — элементы цэлага арганізма. Праз чарговае аблічча той арганізм раскрывае свае ўнутраныя артэрыі, вузлы і сувязі. І крочачы па адным з такіх (пера)ходаў, мы даходзім да “галоўнай дзверы” ўмоўнай канструкцыі, за якой — пустэча і зіма. “Сэрца” ў сацыяльнага стварэння пад умоўнай назвай “камбінат” не аказваецца — усе падпарадкавана іншым мэтам і задачам. Самых слабых у гэтым канструкце заменяць на іншых.

Як адзначае рэжысёр стужкі, яго прынцып працы — гэта прапрацоўка кожнай сцэны, кожнага дыялогу. Выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “рэжысёр драмы”, Віктар мае досвед тэатральных пастановак, таксама як і вопыт напісання п’ес. На ІІІ Міжнародным форуме тэатральнага мастацтва “ТэАРТ” у беларускай праграме сабраў станоўчыя водгукі спектакль “Patris”, у аснове якога — акурат п’еса Віктара Красоўскага, Сяргея Анцалевіча і Дзмітрыя Багаслаўскага. Тыя навыкі рэжысёр актыўна скарыстоўвае і ў кінатворчасці, таму дыялогі ды мізансцэны звычайна “слабыя” складнікі маладога кіно, у карціне Красоўскага распрацаваныя і вывераныя дакладна. Адпаведна — зусім па-іншаму выглядаюць акцёры, якім ёсць чым заняцца. У “Душах… ” задзейнічаны вядомыя постаці беларускай сцэны: Павел Харланчук-Южанкоў, Генадзь Фамін, Марына Беляковіч, Максім Брагінец, Віктар Молчан... Але варта бачыць, як іх прафесіяналізм скіроўваецца ў належнае рэчышча, не пакідаючы зазораў для пераігравання і акцёрскіх клішэ — і гэта акурат тая самая рэжысура, на адсутнасць якой часта спасылаюцца. “Душы мёртвыя” — гэта той самы прыклад, калі кіно задумваецца і прапацоўваецца да дробязяў, ствараючы суцэльную рытмічную кампазіцыю. Гэта кіно, якое, абапіраецца на тэатр, яго драму, каб у выніку стварыць моцны ансамбль дзеяння і фону, дзе першае раскрывае другое.

Не хочацца звяртаць увагу ў стужцы на яе сацыяльны пасыл, які для большасці відавочны. Мяне больш прываблівае тут дзіўная адсылка да 1990-х, “прыпарошаная” рацыянальным холадам 2000-х. Вельмі знакава гучыць у карціне верш Веліміра Хлебнікава, укладзены ў вусны героя-інваліда: “Ещё раз, еще раз,/ Я для вас / Звезда. / Горе моряку, взявшему / Неверный угол своей ладьи / И звезды: / Он разобьется о камни, / О подводные мели. Горе и Вам, взявшим / Неверный угол сердца ко мне: / Вы разобьетесь о камни, / И камни будут надсмехаться / Над Вами. / Как вы надсмехались / Надо мной”.

Можа быць, у тыя часы мы былі яшчэ жывыя?

Гарадская “празрыстасць” 2010-х?

Яшчэ напачатку “Лістапада-2016” праграмны дырэктар фестывалю Ігар Сукманаў у дачыненні да фільмаў Мікіты Лаўрэцкага сказаў. “Рэжысёр адчувае сённяшнюю эпоху, ён — хранограф, які праз архітэктурны асяродак, атмасферу горада, размовы, якія нібыта нічога не значаць у яго фільмах, перадае дух часу. Пры чым, аўтар робіць гэта ў своеасаблівым кінематаграфічным ключы, наватарскім для нашага асяродку, змешваючы “заходнія” жанры, і ў той жа час “прызямляючы” іх на нашу глебу”. Мікіта, чый “Беларускі псіхапат” прагрымеў, як для нашых шырот, на леташнім мінскім кінафоруме, сёлета прадставіў у конкурс новую стужку “Каханне і партнёрства”.

Усё засталося па-ранейшаму: адсутнасць іранічнай дыстанцыі да герояў, галоўны прынцып, якога прытрымліваецца рэжысёр, “нізкая якасць” выявы, што супрацьпастаўляецца той самай “прыгожай карцінцы” высокабюджэтнага кіно, і тое самае дзеянне, якое павярхоўным гледачом звычайна апісваецца як “баўбатня ды хаджэнні”. Усё так — ды не так: бо, акрамя дзіўнага гумару і пэўнага эстэтычнага кодэксу, кіно Лаўрэцкага вызначаецца прагрэсіўным пасылам, незаўважным для масавага гледача на першы погляд — уменнем бачыць важнае ў малым. Яго фільмы ўпэўнена прапагандуюць пяшчоту паўсядзённасці — горада, вуліц, звычайных людзей. І гэты светапогляд аўтара набыў яшчэ адно ўвасабленне ў яго новай стужцы.

Галоўныя героі “Кахання і партнёрства” — відэаблогер Ігар і яго дзяўчына Света — прыязджаюць у родны для Ігара Віцебск, каб наведаць маму хлопца. Яны прыходзяць у знакавыя для Ігара мясціны, шпацыруюць па горадзе, успамінаюць… Іх размовы пра ўсё на свеце: ды прыкладу, пра тое, як Света імкнулася пазнаёміцца з дзяўчатамі ў школе — якім чынам гэта адбылося, чаму Ігар не хоча знайсці працу з добрай аплатай... Іх шпацыры “перабіваюцца” запісамі хлопца на тэлефон для свайго відэаблога. Дык у чым сэнс гісторыі, спытае хтосьці? А ён у тым, што паўсядзённасць і ёсць наша тканіна быцця, на якую мы не звяртаем увагі. Не варта думаць, што стужка Мікіты Лаўрэцкага не мае сцэнарнай асновы. Рэжысёр дзейнічаў згодна з правіламі “ідэя — сцэнарый — кастынг” — усё як належыць. Але свежасць Мікітавай работы ў той самай рэабілітацыі звычайнага атачэння, якое становіцца адмысловым героем карціны. Кіно як жыццё, а не жыццё як кіно. Наш выбар жыццёвай пазіцыі. Гэта “алічбоўка” рэальнасці і пешчанне яе прыгажосці. Гарады, якія ловяць агні і святло, і каханне, што не цураецца сяброўства і падтрымкі. Вядома, гэты падыход мае свае “падводныя камяні”: дзе тая мяжа, калі гісторыя раскрывае паўсядзённасць, а не падначальваецца апошняй? Мяркую, гэта пытанне, надзвычай важнае для падобнай кшталту гісторый.

Таксама спрэчным мне падаўся ў “Каханні…” і выбар акцёра на галоўную ролю (Ігара Рагаткі), які парушыў своеасаблівую арганіку дзеяння менавіта праз відавочны малюнак ролі. У адрозненні ад актрысы — Вольгі Кавалёвай, прыцягальнасць і харызма якой наадварот расла з кожным кадрам.

Магчыма, на прыкладзе кіно Мікіты Лаўрэцкага 2010-ыя ўвойдуць у гісторыю менавіта такімі? З героямі, якія, нягледзячы на разгубленасць і непрыстасаванасць да свету, здольныя бачыць прыгажосць у будзёным і саміх сябе? Калі гэтак — тое зусім няблага.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"