Імправізацыя даўжынёй у тысячагоддзе

№ 48 (1288) 26.11.2016 - 02.12.2016 г

Што звязвае “трубастых” джазменаў і мелізмы нашых бабуль?
Валерый Дайнэка стаў з украінскай даследчыцай фальклору, філолагам, PhD Анжэлай Гергель сааўтарам кнігі “Тыя, хто ажыўляюць міфы”. Цяпер гатовая і другая кніга (абедзве выйшлі ў Кіеве і, лічы, недаступныя нашаму чытачу) з удзелам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, вакаліста ансамбля “Беларускія песняры”. “К” пагартала старонкі выдання і даведалася, чаму зробленыя Дайнэкам падчас працы ў ансамблі “Песняры” аранжыроўкі ён лічыць хутчэй самастойнымі творамі, як размяжоўвае народную музыку і сучасную пры звароце да фальклору, а таксама пра тое, чым сэр Род Сцюарт датычны да знакамітай “А дзе была вуціца”. Перад вамі — вытрымкі з выдання.

/i/content/pi/cult/614/13656/15-1.jpgПра джаз

Граць джаз было маёй марай! І ён для мяне — перадусім, імправізацыя, дзе музыкант здольны раскрыцца да канца. Калі чалавек добра ведае джазавую гармонію і можа чытаць з ліста, але ў яго няма дару імправізацыі, гэта як бы няскончаны джазмен. Джаз можа быць чым заўгодна — тое шматгранная музыка: у ім усе стылі ды напрамкі змяшаныя, яны нібыта перарастаюць адзін у другі, зліваюцца, а пасля разыходзяцца. Джаз падобны да стыхіі.

Пра “Песняроў” і “Бітлз”

Калі “Песняры” пачыналі артыстычнае жыццё, шмат чаму яны вучыліся ў “Бітлз”. Уладзімір Мулявін вельмі любіў той гурт. І шмат у чым натхняўся ў іх, у музыцы, якая здавалася авангарднай — яна ж страсянула свет ў 1960-я. “Песняры” выконвалі тыя творы, дзе можна было паказаць свой “пяснярскі” вакал, сугучны вакалу “Бітлз”. Агульнае ў гэтых музыкантаў — і тыя, і другія цудоўныя меладысты, у абодвух залагоджаны спеў, а найгалоўнае: і “Бітлз”, і “Песняры” са сваёй музыкай сталіся першымі на сваёй Бацькаўшчыне. Хто ведае: мо без “Бітлз” не было б і “Песняроў”.

Пра фольк-рок і фальклор

Сёння паняцці “фольк-рок”, “фольк-джаз” ужо дэвальваваліся. А ў 1960 — 1970-я тое было неверагоднай з’явай. Нейкая бязмежная творчасць, дзе з лёгкасцю перамешваліся культуры, эпохі, якія заўгодна творчыя пачаткі. І рабілася ўсё тое неяк небесстаронна, энергетычна, а галоўнае — абсалютна індывідуальна. Адрываліся ад душы! Зараз так не адрываюцца…

Усе даўнія песні маюць агульныя карані, а нацыянальныя рысы — значна больш познія. І нашы апрацоўкі я не назваў бы “амерыканскімі”, як кажуць некаторыя, а проста сучаснымі. Нарэшце, фальклор, этнас у чыстым выглядзе — тое не пра “Песняроў”. У нашай творчасці хутчэй меў месца зварот да народнай музыкі ў працэсе напісання новай сучаснай музыкі.

Мне заўжды хацелася паяднаць беларускую песню з афрыканскай ды давесці сабе: тое — магчыма! Прычым не проста паставіць поруч розныя мелодыі, але стварыць арганічныя аранжыроўкі. Такія, дзе канцэптуальнасць дасягаецца за кошт прыроднай арганічнасці, сплаву мелодый ды “смачных” хадоў — нязвыклае развіццё тэмы, змена рытму, яскравае сола, цікавая інструментальная партыя…

Пра ўплывы

Да працы ў “Песнярах” я захапляўся англамоўнай музыкай — больш дакладна “чорнай”. Маімі кумірамі былі Сціві Уандар, Рэй Чарльз, Лайнал Рычы, Джордж Бэнсан. У брата, да ўсяго, мелася шмат нот: Дзюк Элінгтан, Аскар Пітэрсан, Дэйв Брубэк. Я часам сядаў за фартэпіяна і развучваў эцюды, джазавыя творы, даставаў тэксты, перапісваў і запамінаў іх, слухаў пласцінкі. Фатаграфіі вялікіх джазавых музыкантаў, якія ў нас з’яўляліся, былі страшнай якасці, але мы ўпотай, у школе пад партай, паказвалі адзін другому тых губастых, “вачыстых” і “трубастых” неграў. З братам любілі слухаць па радыё “Метраном” па агульнасаюзнай сетцы, “Час джазу” Віласа Кановера і праграму па заяўках штосуботу па “Голасе Амерыкі”. У адной з іх распавядалася, як цяпер вядомы джазіст Георгій Гаранян яшчэ маладым, седзячы ў кампаніі, выпадкова ляпнуў, што ён грае на саксафоне, хаця ўмеў толькі на фартэпіяна. Знаёмыя, злавіўшы яго на слове, прапанавалі выступіць на студэнцкім вечары. Дык Гаранян за месяц самастойна вывучыўся прыстойна граць на саксафоне. Ніхто тады яшчэ не ведаў, што ён стане вялікім саксафаністам, кампазітарам, дырыжорам (і проста цудоўным чалавекам). Тая гісторыя мяне моцна ўразіла: у нас жа ў кансерваторыі не было джазавага аддзялення, і практычна ўсе саксафаністы Мінска былі самавучкамі.

Маё дзяцінства прыпадае на той перыяд, калі слова “джаз” нельга было вымаўляць уголас. А забаронены плод, вядома, салодкі. Тым больш, мы з братам Генадзем займаліся сур’ёзнай музыкай — вучыліся ў музычнай школе, гралі: я — на скрыпцы, ён — на фартэпіяна. Але ў нас не выключаўся эфір, адкуль мы бралі па начах усю інфу з “Голасу Амерыкі” ды іншых станцый. І адтуль жа я “здымаў” шмат партый, вакальных у тым ліку. Бацька часам выкручваў лямпы ў нас з Генам з прыёмнікаў. Зразумела, ён хацеў, каб мы з братам уначы высыпаліся як след і, “адпачнуўшы”, ішлі на заняткі. Нам жа здавалася, што тое забарона, маўляў, каб не слухалі падобнага кшталту музыку. Таму яна станавілася яшчэ больш прывабнай. Мы праводзілі ноч каля прыёмніка, усё ўпітвалі, вывучалі… Усю інфармацыю, якую толькі можна было дастаць, запісвалі на вялікі студыйны магнітафон “Эльфа” і праслухоўвалі колькі разоў цягам сутак, вывучваючы ці не на памяць. Ну а паступова джаз стаў заваёўваць пазіцыі і прасачыўся да нас.

Дарэчы, падчас працы ў “Песнярах” у перапынках між канцэртамі часта выконваліся джазавыя рэчы. Я разаграваўся гэтак, спрабаваў штосьці імправізаваць. Але мы адштурхоўваліся ад народных хораў. І ад пачатку ўцямілі, што найпершая мелодыя ў гісторыі чалавецтва была імправізацыяй! Нават у вёсках спяваюць не так, як сто гадоў таму. Аднойчы падчас фальклорнай экспедыцыі бабулі спявалі так прыгожа, з такой мелізматыкай, што я нават праслязіўся. Але тое ўсё ж сучасная імправізацыя. А возьмем іх шматгалоссе — гэта ж таксама імправізацыя! Зразумела, спачатку ўсё спявалася ва ўнісон. А яшчэ, я ўпэўнены, рытмы былі іншымі — балазе песні выконваліся падчас пэўнай работы альбо абраду. Багата фальклорных калектываў апрацоўваюць даўнія мелодыі ў сучасным стылі з мэтай прывабіць публіку. У першую чаргу яны выкарыстоўваюць рытмічную аснову — нібыта і сучасную, а вось не цікава, нудотна. Нават у рытме і тэмпе мае быць імправізацыя.

Мой бацька рабіў аранжыроўкі для сваіх хораў (а іх у яго заўжды было каля трох — чатырох, бо патрэбна было неяк жыць і ўтрымліваць сям’ю), але ён распісваў партыі максімум на тры галасы. (Калектывы яго знаходзіліся ў розных арганізацыях, таму ён не абцяжарваў сябе разнастайнасцю рэпертуару.) Адсюль вынікае, што я ў яго нічога не ўзяў у плане досведу з апрацоўкамі. Выхоўваўся сам на амерыканскіх джазавых вакальных гуртах “The Hi-Lo`s”, “The Four Freshmen”, “Manhattan Transfer”, “New York Voices”… Я пачуў іх у запісах — у нас на тэлебачанні акурат пра такіх вёў джазавую праграму Валерый Лебедзеў. Мы з ім пазнаёміліся, а яшчэ з кіраўніком аркестра радыё і тэлебачання Барысам Райскім. Уласна, на радыё я і спяваў, а яшчэ, навучаючыся ў школе і ў музычным вучылішчы, — у квартэце накшталт джазавага: у нас быў рок-гурт “Менестрэлі”. Я працаваў таксама сольна ў рэстаране з класічным джазавым рэпертуарам, граў у вучылішчным аркестры ў Райскага на альце.

Я прагнуў спяваць па тыпова джазавай схеме спачатку асноўную мелодыю, потым тая пакрысе пераўтваралася і праходзіла нібыта каля асноўнай. Ну а паколькі сутыкнуўся яшчэ і з народнымі песнямі на прыктыцы і ў інстытуце на харавым дырыжыраванні, таму сам бог загадаў скарыстацца ведамі. Адсюль і досыць складаныя песні ў маіх апрацоўках — “Ой, дубе”, “Ой, дзе ж мы ходзім...”, “Ты мне песню спей дзяўчына”, “А ў полі бяроза” (тое песня Ігара Паліводы, словы народныя). Гэта ўсё а-капэла, і колькі яшчэ такога кшталту ўставак у іншых песнях! Мала таго, іх патрэбна было і развучваць з людзьмі, у якіх няма практыкі спеву джазавых акордаў. Вось дзе праца!

Пра аранжыроўкі ў “Песнярах”

У працэс апрацоўкі ўключаліся ўсе музыканты. А найлепшымі ж аранжыроўшчыкамі ў “Песнярах” былі, ёсць і будуць Анатоль Гілевіч, Уладзімір Ткачэнка і Ігар Палівода. Пра свае аранжыраванні я наогул гаворкі не вяду, бо не лічу іх аранжыроўкамі, тое хутчэй самастойныя творы. Калі аранжыроўкі — “апрананне” мелодыі ў пэўную структуру, у адзенне з галасоў ды інструментаў, я свае песні не “апранаў”, а ствараў, намагаўся асцярожна апрацаваць кожную ноту, акорд і гук.

Мулявін адбіраў песні, якія, як высветлілася, былі надзвычай даўнімі, мелі век да тысячы гадоў. Пры спробах іх аранжыравання выявілася: не ўсе паддаюцца апрацоўцы. А тыя, што ўсё ж можна было аранжыраваць, вымагалі надзвычай асцярожнага падыходу, ведання спецыфікі народнай песні, законаў яе гарманізацыі. Нейкія рэчы, пасля шматлікіх спробаў, адкладаліся — або Мулявін аддаваў такую рэч мне.

Тэксты практычна не зазнавалі зменаў, ды і не так глыбока мы цікавіліся паходжаннем абрадавых рэчаў (Мулявін даў — я як верны салдат зрабіў!). А вось гармонія (у народнай музыцы яны больш прымітыўныя), часта і мелодыя змяняліся. Рабілася тое выключна для паляпшэння музычнай формы. Напрыклад, у джазавых апрацоўках, выкарыстоўваючы ладавую структуру, часцей мелодыя захоўваецца нязменнай, а гармонія падкладаецца любая, атрымліваецца цікава.

У маіх а-капэльных аранжыроўках, як “Ой, дзе ж мы ходзім…”, “А дзе была вуціца”, “Ой, дубе”, “Ты мне песню спей, дзяўчына”, і гармонія, і мелодыя імправізацыйна змененыя. Апошняя з музыкай Уладзіміра Мулявіна на верш Янкі Купалы — адна з найбольш складаных рэчаў у мяне: уклаў у яе ўсё, што тады ведаў і ўмеў (ну, і два тыдні здароўя, пакуль пісаў). Потым мы яе яшчэ месяц развучвалі. Адзіны запіс зроблены не на студыі, а проста ў зале на рэпетыцыі, жыўцом, але пасля кожнага куплету мы рабілі прыпынак і пачыналі наступны. Потым наш гукарэжысёр склеіў усе куплеты ў цэлы твор, каб засталося ўражанне жывога выканання. А песня складнай выявілася: танальны план складаны з некалькімі мадуляцыямі, прычым далёкімі. У песні шэсць куплетаў, і калі ўсе іх пакінуць у адной танальнасці — туга атрымаецца. Таму я і выкарыстаў складаныя мадуляцыі ды супастаўленні. А яшчэ хацелася вярнуцца ў колішнюю танальнасць — і зрабілі ж тое дакладна! Вось такія мы самародкі! (Праўда, па гармоніі ў школе меў моцную тройку!)

Калі ж рабілі “Ой, дзе ж мы ходзім…” з каляндарна-абрадавай праграмы, памятаю, наслухаўся джаз-гурта “The Singers Unlimited”, і пад уражаннем выкарыстаў пэўныя прыёмы ў гэтай песні. Пісаў дзесьці пару тыдняў. Мы паставілі тую рэч у самы пачатак — выходзілі і адразу ж забівалі публіку ўласнай моцай! А вось аранжыроўку для “А дзе была вуціца” я рабіў пад уражаннем адной песні Рода Сцюарта.

Ці змяняецца пры апрацоўцы змест песні? Натуральна! Нават абрадавыя песні, якія спяваюць сучасныя фальклорныя калектывы, у большасці выконваюца як гульні, прычым — дзіцячыя. Але ж у даўніну той жа Яшчур быў, хутчэй, персанажам трагічным. На жаль, атрымліваецца, нават не ведаюць ансамблі, пра што спяваюць.

Падрыхтаваў і пераклаў з украінскай мовы фрагменты кнігі Сяргей ТРАФІЛАЎ

 

Пра кнігу "К" пісала тут.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах