Недагаворанасць як творчы почырк

№ 45 (1275) 05.11.2016 - 11.11.2016 г

Метал-музыкант, татуіроўшчык, супярэчлівы мастак...
Пра сябе як пра прамысловага дызайнера, чые работы павінны, у прыватнасці, спрыяць продажу таго ці іншага прадукту, лідар сталічнага гурта “Znich” і майстар аднаго з мінскіх тату-салонаў Алесь ТАБОЛІЧ кажа ў кантэксце рэкламы i вокладак аўдыязапісаў (у асноўным — выканаўцаў “цяжкага” кірунку). Выпускнік Рэспубліканскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Iвана Ахрэмчыка і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (кафедра графічнага дызайну) аддае перавагу, калі так складваюцца абставіны, каб яго называлі творчым дызайнерам, у чыiх работах лабавая атака на меркаванага пакупніка суседнічае з мастацкай ідэяй, у высокім сэнсе гэтых словаў. У гэтым жа матэрыяле мы вымусілі яго пабыць пераважна ў скуры творцы — толькі мастака чыстага, без усялякага намеру азалаціцца.

/i/content/pi/cult/611/13595/12-2.jpgНа вокладках касет ды пласцінак, афішах “ад Таболіча” прысутнічалі і прысутнічаюць выявы старажытных камянёў, што нярэдка нагадваюць крыжы, якія, у сваю чаргу, могуць асацыявацца з чалавечымі целамі; элементы нацыянальнага арнаменту ці нешта звязанае з іншай аўтэнтыкай, такой, як салярныя знакі, абярэгі, ідалы. Але асабліва гэта характэрна для дызайнерскіх ды збольшага жывапісных работ. Прыцягваюць яго чалавечыя рукі, далоні, якія ён выкарыстоўвае ў якасці як бы “фону” альбо спадарожнага інструмента для таго ж крыжападобнага ўзору. Такім чынам і ўзнікае скончаная семантычная сувязь. Важнае месца адводзіць тэкстуры, часам яна адыгрывае галоўную ролю ў творах. І зноў камяні, камяні, камяні...

— Такое іх багацце ў маёй камп’ютарнай графіцы я звязваю з тым уражаннем, якое на мяне зрабіла ў дзяцінстве наведванне парка-музея камянёў у мiнскім мікрараёне “Уручча”, — тлумачыць Алесь. — І вось тое пачуццё судакранання да чагосьцi загадкавага, дзіўнага, прыгожага, да чагосьцi грунтоўнага, магутнага і... нават хрупкага я доўгія гады спрабую перадаць у сваіх работах любых жанраў. З узростам яно, вядома, неяк трансфармуецца, але не так, каб надта моцна. Напрыклад, з нейкага моманту я не змог прадстаўляць вось гэтыя стылізаваныя валуны — на паперы, на экране — без якога-небудзь нацыянальнага дапаўнення. Ды яно і само прасілася.

Таболіч ужо даўно індыферэнтна рэагуе на тое, калі яго называюць бацькам беларускай татуіроўкі, бо доля праўды — у большай ці меншай ступені — у тым ёсць. Гэтаксама ён не спяшаецца адмаўляць, што з’яўляецца адным з тых, з чыiх работ у краіне пачыналася дызайнерскае мастацтва, якое нясе ў сабе прыкметы беларускасці (у цяперашняй яе актуальнасці — адноснай) — мінімальныя, ды выразныя.

З першаасновай Алесь можа абыходзіцца вольна. Да прыкладу, адзін з тысячагадовых камянёў-крыжоў, на якім намаляваны крыж паменш, ён ператварыў з дапамогай фотамантажу ў частку жаночай постаці, унутры якой знаходзіцца немаўля. Выйшла, па версіі Таболіча, гэткая багіня ўрадлівасці. Ці... Мара — багіня смерці. “Паскакаць”, увогуле, можаце самі: чалавек у чалавеку, жыццё ў жыцці, смерць у смерці, крыж у крыжы, вера ў веры...

На пытанне, ці не бянтэжыць Алеся самога, што ў яго работах немалое месца адведзена сімволіцы, ён паціскае плячыма: “Хто яго ведае... Я сам часам не разумею, што хачу сказаць тым ці іншым. Мае работы — гэта пытанні, а не адказы. Можа, сімвалы — асэнсаваныя ды інтуітыўныя — неяк пракладваюць дарогу для разумення — і для мяне, і для іншых людзей. Гэта пошук. Духоўны — перш за ўсё”.

Карціны, у якіх на сябе “цягнулі коўдру” камяні, сталі дыпломнай работай Алеся ў акадэміі. Выкладчыкі здзіўляліся, маўляў, што можна прыдумаць такога арыгінальнага з валунамі? Да таго ж, чаму за гэта ўзяўся рэкламшчык-дызайнер? Дзе шампуні з каўбасамі, дзе сацыялка? Аднак найвышэйшы бал ён атрымаў, пачуўшы ў свой адрас каментарый: “У Таболічы не забілі жывапісца”. Дарэчы, дыплом гэты — з дванаццаці малюнкаў, па колькасці месяцаў у годзе, — потым быў выдадзены як каляндар, перададзены ў бібліятэкі, школы.

Але не толькі камяні трывожаць уяўленне Алеся. Вось — арол. Дзюба, вока. Ёсць у птушкi гэтай нешта ад чалавечага погляду, вострага, напышлівага, насцярожанага ды... небяспечнага. Вы пагаджаецеся? А праз секунду лёгка, адным рухам жывая iстота ўзнiмецца з месца і паляціць чыніць свае чорна-белыя ракавыя справы...

Яркасць фарбаў Таболіч дазваляў і дазваляе, звяртаючыся да традыцыйнага жывапісу. Акрамя любімых нацюрмортаў, сюжэты ў iм таксама мудрагелістыя сустракаюцца, апускання ўнутр адлюстраванага хапае, і заўсёды ёсць настрой, эмоцыі. І “вішанькі” з “вінаградзінкамi” (“смакоты”), раскіданыя па палатне. Мабыць, тут больш відавочна выказана ўзаемапранікненне чалавека і прыроды. Яго дачыненнi з агнём, вадой, небам, зямлёй.

— Думаю, дарэчы, што сённяшняе класічнае выяўленчае мастацтва шмат у чым сілкуецца ад дызайну, — кажа Алесь. — Ідзе спрашчэнне акадэмічнага жывапісу, моцных рысавальшчыкаў становіцца менш. Усё неяк... графічна. Наогул, мастак зараз — паняцце вельмі плытнае...

Меркаванне мастацтвазнаўцы Пётры Васілеўскага

— Здараецца так, што дыпломная работа мастакоў на наступным працяглым прамежку часу вызначае іх творчы шлях, калі яны пішуць і пішуць нешта падобнае, само сабой, у тым жа жанры. І ў тых жа сэнсах, дарэчы. З таго, што паказаў Алесь, лепшым мне здаўся менавіта “дыплом”. У ім ёсць канцэптуальнасць, там сродкі адпавядаюць мэце. У параўнанні з іншымі яго творамі, гэтыя, на мой погляд, — пакуль вяршыня творчасці Таболіча. Але як графік ён моцны не тады, калі ставіць перад сабой задачу і пачынае яе выконваць, а калі дае волю эмоцыям, калі яго пачынае “несці”. Адсюль я раблю выснову, што і як чалавек, і як мастак ён вельмі залежны ад псіхалагічнага інструментарыя, і карыстаецца ім ён пакуль не гэтак лёгка. Вокладкі ж, хутчэй, выглядаюць як працяг агульнапрынятых тэндэнцый: ён бярэ пэўны канцэпт і дадае ў яго “фішкі” — нешта нацыянальнае. Калі браць жывапісныя работы, дык тут я бачу, хутчэй, “пагоню” за колеравымі эфектамі, чым жаданне данесці нешта сакральнае, як тое ж яго графічнае — язычнiцкае ў камянях: сюжэт тут другарадны. Гэта такое нешта яркае, абстрактнае і з доляй рэалізму, каб было за што зачапіцца воку. Выплеск уласных эмоцый без усялякага другога камерцыйнага дна. Я паважаю такіх людзей.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"