План, стары баян, “узорнае” званне і…

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Онлайн-канферэнцыя “К”: эстэтычнае выхаванне
Мы рэдка пішам пра дадатковую эстэтычную адукацыю. Прычына таму наступная: у музычных школах ці школах мастацтва, як падаецца, у разы менш праблем, чым у клубных, бібліятэчных ды музейных установах. Прынамсі, кадраў хапае (амаль усе выкладчыкі з вышэйшай адукацыяй), заробкі (на паўтары, дзве стаўкі) — адносна неблагія. А што яшчэ трэба для спакойнай выніковай працы? Зрэшты, вузкія месцы ёсць і тут. Таму паспрабуем прааналізаваць сённяшнюю сітуацыю з набыццём менавіта музычнай пачатковай адукацыі. Нам дапамогуць начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Нараўлянскага — Віктар ЗАХАРАНКА, Валожынскага — Вікенцій АДАМОВІЧ і Зэльвенскага — Галіна РАМАНЧУК райвыканкамаў, дырэктары ДШМ: Сенненскай — Іван СМІРНОЎ, Ракаўскай (Валожынскі раён) — Юлія МЯКІНКА, Зэльвенскай — Вольга ГЕНЮШ.

Яўген Рагін:

— Чаго не стае музычным аддзяленням школ у першую чаргу?

Віктар Захаранка:

— Новых інструментаў. Нашаму фартэпіяна — за дваццаць гадоў. Не хапае і сцэнічных касцюмаў. Са спонсарамі на сёння самі ведаеце, якая сітуацыя. Безумоўна, сёе-тое спрабуем набываць за пазабюджэт, але і ён не бязмежны. Не ратуе становішча і падтрымка бацькоў.

Вікенцій Адамовіч:

— Зазначу спярша, што ў нашым буйным раёне — чатыры школы мастацтваў: у Валожыне з Гародзькаўскім філіялам, у Івянцы з філіялам у Дорах, Ракаве і Вішневе. Гэта каля 800 вучняў. З імі пакуль “плюсуем”, але ўзбуйненне сельсаветаў, знікненне вёсак неўзабаве прывядуць да скарачэння агульнай колькасці юных талентаў… А вось другая праблема, сапраўды, звязана менавіта з недахопам якасных музычных інструментаў. Для індывідуальных заняткаў дзяцей яны ёсць (бацькі тут, натуральна, стараюцца), а вось для канцэртнай дзейнасці аркестраў і ансамбляў…

Іван Смірноў:

— Мы новыя цымбалы куплялі гады чатыры таму. Цяпер іх робяць беларускія майстры-індывідуалы. Дзіўная рэч: калі гэты інструмент выраблялі на Маладзечанскай фабрыцы, якасць яго была нашмат лепшай.

Яўген Рагін:

— Відаць, ушчэнт згублена рамесніцкая пераемнасць, а ініцыятыву з радасцю перахапілі кітайцы.

Іван Смірноў:

— Не, канцэртныя інструменты ў нас ёсць. Берагу іх, як залаты фонд. Праўда, баяны не “Юпіцер“, але тульскія.

Яўген Рагін:

— Калі апошні раз бралі ўдзел у міжнародных музычных конкурсах?

Іван Смірноў:

— У 2008 годзе. Ездзілі па запрашэнні ў Прыбалтыку, занялі другое і трэцяе месцы.

Яўген Рагін:

— Вы цікавіліся, як вырашаецца пытанне з музычнымі інструментамі ў іншых абласцях?

Віктар Захаранка:

— Не, шчыра кажучы. Я разумею, пра што вы, і пагаджаюся: пэўныя праблемы ДШМ варта закрываць цэнтралізавана.

Вікенцій Адамовіч:

— Вобласць выдаткоўвае нам сродкі, але іх хапае для набыцця прыкладна аднаго інструмента ў год. І гэта на шэсць устаноў. А нашы пазабюджэтныя магчымасці, як вы цудоўна ведаеце, досыць абмежаваныя.

Галіна Раманчук:

— А мы за тры апошнія гады вельмі істотна абнавілі інструментарый ДШМ за кошт абласной дапамогі. Ёсць баян, з якім не сорамна выступаць на самых прадстаўнічых конкурсах, ёсць, натуральна, і перамогі ў гэтых спаборніцтвах.

Яўген Рагін:

— Застаецца загадкай, чаму досвед Гродзеншчыны ў кірунку мэтанакіраванага абнаўлення музычных інструментаў для школ мастацтваў так і не стаў набыткам для работнікаў культуры з іншых абласцей. Што тычыцца “К”, дык на яе старонках не раз і не два асвятлялася пытанне мэтанакіраванай дзейнасці галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама па падтрымцы школ мастацтваў… Галіна Мікалаеўна, а што ўсё ж турбуе ў рабоце ДШМ?

Галіна Раманчук:

— Паверце, няма ў нас істотных праблем з эстэтычным выхаваннем. Мы нават здолелі адрамантаваць гаспадарчым спосабам школу мастацтваў у Зэльве, яе філіял у аграгарадку Дзярэчын. А кіраўніку Зэльвенскай ДШМ сёлета прысвоена званне “Чалавек года”. Пагадзіцеся, гэты факт — цудоўнае пацвярджэнне маіх словаў.

Віктар Захаранка:

— Філіялаў у нас няма, ёсць класы — у Галоўчыцкай Будзе і аграгарадку Дзямідаў. Тут вучыцца 19 чалавек. А ўсяго ў Нараўлянскай ДШМ — 233 вучні, палова з іх займаецца на музычным аддзяленні (ёсць яшчэ мастацкі і харэаграфічны кірункі навучання).

Яўген Рагін:

— У свой час вялікі спадзеў у справе эстэтычнага выхавання (і не толькі школьнікаў) ускладаўся на сельскія філарманічныя пляцоўкі. Ці апраўдаўся на сёння той спадзеў?

Віктар Захаранка:

— Такая пляцоўка была арганізавана ў вёсцы Завойць. Але не пры музычнай школе, а пры СДК. Аднак Завойць — вёска, без перабольшання — бесперспектыўная, далейшых выпрабаванняў аптымізацыяй устаноў культуры, хутчэй за ўсё, не вытрывае…

Яўген Рагін:

— Інакш кажучы, Бетховена там ужо няма каму слухаць… З планам па аказанні платных паслуг установа спраўляецца?

Віктар Захаранка:

— Вось тут — аніякіх праблем. У ДШМ ёсць гасразліковыя класы, куды прыходзяць дарослыя, каб навучыцца ігры, скажам, на гітары. Але асноўная нагрузка ў пазабюджэтнай дзейнасці кладзецца на народны ансамбль “Беларускія ўзоры”. З дапамогай гэтага выкладчыцкага калектыву школа зарабляе ў месяц па 400 — 500 дэнамінаваных рублёў.

Яўген Рагін:

— Салідна… А ёсць узорны калектыў?

Віктар Захаранка:

— Пакуль няма.

Вікенцій Адамовіч:

— Хачу сказаць пра філарманічныя пляцоўкі. Яны, сапраўды, патрэбныя толькі ў буйных населеных пунктах. Пры школах у Валожыне і Ракаве яны дзейнічаюць. І нараканняў на Белдзяржфілармонію тут  — аніякіх. Натуральна, класічная музыка карыстаецца попытам толькі сярод навучэнцаў і выкладчыкаў ДШМ. Мы яшчэ не паспелі выхаваць паўнацэннага слухача і аматара класікі.

Яўген Рагін:

— Самае галоўнае пытанне: па якіх крытэрыях ацэньваеце працу музычнага аддзялення?

Віктар Захаранка:

— Па тым, што ў нас ёсць самыя разнапланавыя інструменты, і патрэбу навучэнцаў у іх засваенні мы цалкам задавальняем.

Вікенцій Адамовіч:

— У нас спектр ацэнкі — значна шырэйшы. Тут варта мець на ўвазе колькасць народных і ўзорных калектываў (у нас іх таксама малавата — толькі чатыры). А таксама — удзел у конкурсах, узровень паступлення падлеткаў у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Мы павялічылі б маштабы міжнародных конкурсных прарываў (Ракаўская ДШМ у гэтым кірунку актыўнічае), каб знаходзілася спонсарства на належным узроўні.

Яўген Рагін:

— А ў міжнародных конкурсах вучні Нараўлянскай ДШМ бяруць удзел?

Віктар Захаранка:

— Не. На аздараўленне ў замежжа ездзяць пастаянна, бо мы ж — чарнобыльскі рэгіён. Там, канешне, выкарыстоўваюць любую магчымасць, каб выступіць з канцэртам. А ў міжнародных конкурсах нашы юныя музыканты пакуль не адзначыліся.

Яўген Рагін:

— Колькі можа зарабіць настаўнік музычнай школы за месяц?

Вікенцій Адамовіч:

— Да шасцісот пяцідзесяці рублёў на дзве стаўкі. Ставак хапае, клімат у калектывах неблагі, будынкі для школ — дыхтоўныя.

Юлія Мякінка:

— Летась мы перабраліся ў новы будынак колішняй канторы сельгаспрадпрыемства. Месца — цудоўнае: у цэнтры паселішча і ля касцёла. Даўно марылі пра такія пярэбары. Так што праблем з недахопам плошчаў у нас няма і ўсе сантэхнічныя зручнасці — не на двары.

Яўген Рагін:

— Я ведаю, Юлія Аляксандраўна, што вы ў свой час самі вучыліся ў Ракаўскай музычнай школе…

Юлія Мякінка:

— І першы яе дырэктар Ірына Іванаўна Старасценка была маім педагогам па спецыяльнасці. Скончыла клас цымбалаў. А пасля музычнага вучылішча прыйшла працаваць выкладчыкам у родную школу. Універсітэт культуры і мастацтваў заканчвала ўжо завочна… Хачу наконт спонсарства колькі словаў сказаць. Нам, да прыкладу, пашанцавала з мецэнатам. Ён нам і мэблю прыдбаў для новай школы, і музычныя інструменты, а таксама дапамог з паездкай на конкурс у Італію.

Яўген Рагін:

— Патлумачце, калі ласка, якім чынам вы прызвычаіліся да ўдзелу ў міжнародных музычных конкурсах.

Юлія Мякінка:

— Шчыра скажу, што доўгі час рыхтаваліся да такіх важных выпрабаванняў. А калі адчулі, што і мы штосьці можам, паставілі перад сабой неадкладную задачу: асвоіць замежжа. З адрасамі конкурсаў дапамог інтэрнэт. Наш дзіцячы інструментальны ансамбль “Менестрэлі” выправіўся ў Вільнюс з дапамогай бацькоў. Вярнуўся лаўрэатам міжнароднага конкурсу “Парад аркестраў“. А выдаткі на паездку ў Італію, на музычны конкурс “Рэгата талентаў“, узяў на сябе згаданы мецэнат. Паехалі не толькі “Менестрэлі“, але і хор “Іслачанка“. У выніку і тыя, і другія занялі ў сваіх намінацыях першае месца. Словам, не трэба баяцца нязведанага. У гэтым — гарантыя творчага руху наперад.

Яўген Рагін:

— Давайце пацікавімся ў Вольгі Генюш, за што канкрэтна яна атрымала званне “Чалавек года Гродзеншчыны”.

Вольга Генюш:

— Я лепш раскажу пра тое, што ў нас не адзін шыкоўны баян, а два. І каштуюць яны ў суме (у старых цэнах) амаль 180 мільёнаў. Абноўлены інструменты для духавога аркестра. Я сама — духавік, таму вельмі перажывала за аркестр. А цяпер ёсць нават ягонае сэрца — туба. Натуральна, у нас ёсць усе падставы для выніковага ўдзелу ў самых розных конкурсах. Сёлета ўдзельнічалі ў трох міжнародных — займелі двух лаўрэатаў і пяці абласных — чатыры лаўрэаты.

Яўген Рагін:

— Ці выконваеце план па аказанні платных паслуг?

Вольга Генюш:

— Безумоўна! Дарэчы, сёлета нам трэба зарабіць 72 мільёны (у старых грашовых адзінках) пазабюджэтных рублёў. Заданне цалкам рэальнае. Справімся з ім за кошт канцэртнай дзейнасці не толькі двух народных калектываў (сярод іх — і духавы аркестр), але і выкладчыкаў-салістаў.

Яўген Рагін:

— А што, узорнага калектыву ў школе няма?

Вольга Генюш:

— Мы сёлета над гэтым працуем і спадзяемся, што неўзабаве званне займее цудоўны дзіцячы харэаграфічны калектыў.

Іван Смірноў:

— У Сянно ёсць і народны, і ўзорны ансамблі.

Яўген Рагін:

— Якая доля заробленага пазабюджэту дастаецца вам?

Вольга Генюш:

— І тут грэх скардзіцца. Ляпніна для замалёвак з натуры для мастацкага аддзялення, пюпітры, струны, падстаўкі для ног вельмі дорага каштуюць. Але набываем усё гэта за свой кошт.

Яўген Рагін:

— Што параілі б калегам з іншых абласцей, Вольга Яўгенаўна?

Вольга Генюш:

— Дапамога вобласці — гэта цудоўна, але варта і самім варушыцца. Рахункі-фактуры для набыцця музычных інструментаў трэба рыхтаваць загадзя. Тое ж самае тычыцца і арганізацыі тэндараў. Карацей, неабходна самім прагназаваць сваю будучыню. Падаецца, такога аналізу не стае асобным маім калегам з іншых абласцей.

Яўген Рагін:

— Пра што марыце, Вольга Яўгенаўна?

Вольга Генюш:

— Пра набыццё годных сцэнічных касцюмаў для нашых харэаграфічных калектываў.

Іван Смірноў:

— Некалькі словаў пра нашу матэрыяльную базу, бо тут ёсць чым ганарыцца. Які ўжо год працуем у будынку былога райкама партыі. У свой час мы зрабілі тут грунтоўны рамонт. Дапамаглі і нядаўнія абласныя дажынкі. З камп’ютарным паркам няма праблем. Так што бліжэйшая мая задача ў тым, каб захаваць і базу, педагагічны штат. Ходзяць чуткі, што чарговая хваля аптымізацыі закране і школы мастацтваў. А не хацелася б.

Ад рэдакцыі

Усё, пагадзіцеся, навідавоку. План па аказанні платных паслуг ДШМ выконваюць. Прычым, з немалой карысцю для сябе. Гэта — плюс. Але мінус, як падаецца, пераважае. Няма якасных музычных інструментаў, адсутнічаюць падставы для ўпэўненага ўдзелу ў прэстыжных конкурсах. З-за гэтага ў пэўнай ступені назіраецца дэфіцыт дзіцячых калектываў са званнем “узорны». Губляецца, як цяпер модна казаць, матывацыя для ўдумлівых заняткаў музыкай. У сваю чаргу істотна зніжаецца выніковасць працы ДШМ. Услед за адным з удзельнікаў сённяшняй канферэнцыі паўторым: “А не хацелася б“.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"