Алея народных

№ 43 (1273) 22.10.2016 - 28.10.2016 г

Халоднай раніцай 21 кастрычніка ўздоўж бульвара Мулявіна, які атачае Беларускую дзяржаўную філармонію, была закладзена Алея славы. Маладыя блакітныя ялінкі пасадзілі васямнаццаць асоб, уганараваных званнем народных артыстаў, дзеячаў датычных да музычных мастацтваў Беларусі, разам з прадстаўнікамі прадпрыемстваў Савецкага раёна сталіцы.

/i/content/pi/cult/609/13539/1-1.jpgЯк адзначыў кіраўнік адміністрацыі раёна Юрый Трушчанка, такую еднасць дзеячаў культуры і флагманаў вытворчасці нельга не палічыць сімвалічнай. А намеснік міністра культуры Беларусі Аляксандр Яцко падкрэсліў важнасць і дарэчнасць гэтай падзеі менавіта ў гэты год, што абвешчаны Годам культуры.

Аляксандр Анісімаў, Наталля Гайда, Валянціна Гаявая, Міхаіл Дрынеўскі, Валянцін Дудкевіч, Валянцін Елізар’еў, Леанід Захлеўны, Міхаіл Казінец, Ігар Лучанок, Святлана Лясун, Уладзімір Пятроў, Васіль Раінчык, Дзмітрый Смольскі, Міхаіл Фінберг, Эдуард Ханок, Алена Цялькова, Ніна Шарубіна, Анатоль Ярмоленка — гэта цэлая эпоха ў гісторыі беларускай культуры, залаты фонд айчыннай музыкі, сузор’е яе здабыткаў. Шыльды менавіта з названымі прозвішчамі будуць упрыгожваць Алею славы.

Генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Гарбар выказаў спадзяванне, што Алея — гэта толькі пачатак вялікага ландшафтнага комплексу, у якім знойдзецца месца і для адкрытай канцэртнай пляцоўкі, і для фантана, і для Алеі зорак, якія пайшлі ўжо з жыцця і пакінулі багатую спадчыну нам і нашым нашчадкам — Святлана Данілюк, Яўген Глебаў, Уладзімір Мулявін...

Дарэчы, блакітная елка сімвалізуе вечнае жыццё і духоўнае багацце.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст