Падлік ягадак і святы

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

Калі па матэрыялах штотыднёвай рубрыкі “На людным месцы” вывучаць геаграфію краіны, дык часам можна не далічыцца цэлых абласцей Беларусі. Сёння на нашай карце, складзенай паводле лістоў чытачоў, зусім няма Брэстчыны, Магілёўшчыны і, што ўжо не навіна, Гомельшчыны. “К” гэты факт вельмі турбуе. А вас, паважаныя чытачы з ліку кіраўнікоў сферы культуры названых абласцей?

/i/content/pi/cult/606/13485/11-1.jpgПачнем сёння з Мінска. Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, краязнавец, паведамляе пра індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Янкушкевіча, які за 2 гады выдаў мінімум 5 кніг. Апошняе ўражанне спадара Шалахоўскага — выданне “Клецкія бітвы 1506 і 1706 гадоў”: “У кнізе гісторыка Андрэя Блінца распавядаецца пра дзве ваенныя падзеі, якія аб’ядноўвае адно месца здарэння. Гэтыя бітвы значна паўплывалі на гістарычнае развіццё Беларусі. Разгром крымскіх татар войскам ВКЛ у жніўні 1506 года з’яўляецца адной з найбольш славутых перамог у айчыннай гісторыі. А бітва паміж шведамі і расійска-ўкраінскімі злучэннямі вясной 1709-га стала кульмінацыяй баявых дзеянняў у Наваградскім ваяводстве падчас Паўночнай вайны”.

Віцебскі рэгіён гэтым разам прадстаўлены трыма паведамленнямі. У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбыўся паэтычны вечар Ірыны Малашэнка, на якім прэзентаваўся зборнік яе вершаў “Я вновь ищу в порыве вдохновенья”. Матэрыялы дапамаглі апрацаваць і выдаць аднадумцы і сябры з АМЦНТ.

8 кастрычніка ў аграгарадку Зялёнка Полацкага раёна пройдзе народнае свята “Кузьмінкі”. Не складана здагадацца, што прысвечана яно гэтай парой збору ўраджаю. Мясцовыя жыхары адрадзілі старажытную традыцыю святкавання, узнавілі ўсе этапы абрадавых дзеянняў, характэрных для свайго краю. Больш за шэсць дзясяткаў аматараў народных абрадаў створаць саламяныя ўбраныя пудзілы і тым самым прадэманструюць свае ўменні і веданне традыцыйнага сімвала збору ўраджаю. Запэўніваем, што стварэнне гэтага аб’екта — толькі маленькая частка багатай праграмы свята.

А зараз — буйны агляд дзейнасці ў ліставанні рэдакцыі з самай актыўнай і ўзорнай Гродзенскай вобласцю. Напрыканцы верасня ў Ашмянскай раённай бібліятэцы адбыўся юбілейны вечар да 20-годдзя заснавання клуба “Сустрэча” — “20, альбо Ўсё толькі пачынаецца”. Вядучыя імпрэзы Вольга Тарашкевіч, што і даслала нам ліст, разам з Сяргеем Жылікам вярнулі прысутных у 1990-я, калі загадчыку аддзела абслугоўвання і інфармацыі Марыне Белавус і метадысту Галіне Палубінскай прыйшла ідэя стварыць клуб зносін і сустрэч. За 20 гадоў аб’яднанне набыло папулярнасць у чытачоў бібліятэкі ды наогул — сярод жыхароў горада. Для клуба традыцыйныя сустрэчы з мастакамі, музыкантамі, паэтамі і іншымі таленавітымі людзьмі.

Воранаўскі гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу 23 верасня правёў творчы юбілейны канцэрт Аляксандра Мацюка “Ні дня без песні”. Яго героя на радзіме ведаюць як кампазітара, спевака, кіраўніка і ўдзельніка розных музычных калектываў. З юбілеем павіншавалі Мацюка ў тым ліку старшыня Воранаўскага райвыканкама Мікалай Розум, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Ястрэмская, настаяцель царквы Святога благавернага князя Аляксандра Неўскага Іярэй Ігар Валошын.

І зноў Воранаўшчына. Парафіяльнае свята ў імя святога Лінаса, піша Наталля Івуць, адзначаецца ў вёсцы Пялеса, дзе пражываюць этнічныя літоўцы, і сабрала гасцей з розных куткоў Беларусі і Літвы. На мерапрыемстве прысутнічаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Падзея даўно ўжо пераўтварылася ў свята літоўскай культуры, на якое прыязджаюць шаноўныя госці. Сёлета ў іх ліку — пасол Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андрус Пулокас, генеральны консул Літоўскай Рэспублікі ў Гродна Генадзіюс Мацкяліс, віцэ-консул Міндаўгас Даміонайціс, прадстаўнікі мясцовай улады: старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Роік, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Карповіч, а таксама начальнікі аддзелаў райвыканкама Алена Ястрэмская і Алена Ганевіч.

У гарадскім пасёлку Радунь Воранаўскага раёна 27 верасня сабраліся сотні прадстаўнікоў сусветнай яўрэйскай супольнасці, каб аддаць даніну памяці і павагі вялікаму прапаведніку — філосафу, равіну і духоўнаму лідару гэтага народа Хафецу Хаіму. У дзень смерці равіна вернікі з Ізраіля, ЗША, Канады, Францыі, Расіі і іншых дзяржаў правялі ў Радуні масавую малітву.

Чацвёртая навіна з таго ж раёна, што стаў абсалютным рэкардсмэнам па колькасці навін. Работнікі культуры ў Пагародна ў пяты раз правялі восеньскі кірмаш. На свята запрасілі народных умельцаў і рамеснікаў раёна, а таксама аматарскія калектывы і выканаўцаў.

Дзякуй за ліст Ірыне Дыдышка, метадысту аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Аўтар паведамляе, што 24 верасня ва ўстанове адбылося раённае свята “Згукі бацькаўшчыны”, першы этап якога называўся “Талака” і быў прымеркаваны да беларускага земляробчага календара. Другая яго частка — “Багач”  — прысвечана заканчэнню збора ўраджаю. Напрыканцы дзеі ўсе ўдзельнікі правялі абрад “Дажынкі” — замясілі разам хлеб і спяклі каравай.

Бульбяны пір? Гэта пра свята бульбы ў аграгарадку Белагурна, што ў Дзятлаўскім раёне. Імпрэза сабрала вакол сябе аматараў нацыянальнай кухні: бульбяныя катлеты, пірагі з грыбамі, бульбяныя бліны з мясам, з сырным начыннем, бульба са шкваркамі, а таксама уха і саленні — вось чым усе жадаючыя маглі пачаставацца на гэтым тыдні ў Белагурне.

У Казлоўшчыне (Дзятлаўскі раён) на гэтым тыдні правялі свята пасёлка. Урачыстасці пачаліся з шэсця мясцовых працоўных калектываў у суправаджэнні зводнага духавога аркестра гарадскога пасёлка Наваельня. Канцэртную праграму адкрыў дзіцячы танцавальны калектыў, затым увагу перахапіў старшыня Казлоўшчынскага сельскага выканкама Вадзім Бялетка, які нагадаў жыхарам важныя этапы развіцця іх паселішча. Акрамя канцэрта прайшла і выстава майстроў-рамеснікаў, забаўляльная праграма для дзяцей, турнір па шахматах.

25 верасня ў аграгарадку Лунно Мастоўскага раёна прайшоў другі этап свята “Добры дзень, суседзі!”, у рамках якога госці да жыхароў Лунно прыехалі з аграгарадка Харціца. Падзея стала нагодай для канцэрта, што прайшоў каля Цэнтра культуры і адпачынку: гучалі песні ў выкананні калектыва аматарскай творчасці Харціцкага цэнтра вольнага часу і культуры. А пасля імпрэзы прайшлі спартыўныя спаборніцтвы паміж жыхарамі аграгарадкоў, працавала выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст