“…Сон” для летняй ночы

№ 40 (1270) 01.10.2016 - 07.10.2016 г

5 кастрычніка на ХІ Міжнародным фестывалі Юрыя Башмета адбудзецца сусветная прэм’ера чарговага беларускага твора, замоўленага арганізатарамі форуму. Аўтар новай сімфанічнай партытуры — наш 28-гадовы кампазітар Сяргей БАДАЛАЎ, які працягвае навучанне ў Польшчы і мае ўжо вялікі “паслужны” спіс, што пачынаецца з безлічы перамог на прэстыжных міжнародных конкурсах ды фестывалях.

— Ваш твор мае англамоўную назву — “Sleepwalker”. Гэта зварот да заходняга слухача?

— Зусім не. Рускамоўная назва “Идущий сквозь сон”. Але хацелася знайсці штосьці больш кідкае, сціслае, у адно слова. І што атрымаецца — “лунацік”, “самнамбул”? Тады ўжо лепш англамоўная версія, якая можа мець не толькі даслоўны, але і больш паэтычны пераклад.

— Па-беларуску я крыху перайначыла б: “Той, хто крочыць скрозь сон”. І хто ж там ідзе?

— У вас атрымліваецца амаль паводле Янкі Купалы! А я не хацеў бы нікому навязваць ніякай інтэрпрэтацыі — кожны вольны сам пачуць і ў назве, і ў музыцы твора штосьці сваё. Звярнуўшыся да патройнага складу аркестра і вялікай колькасці ўдарных, імкнуўся захаваць адчуванне сну. Але, як ва ўсялякім сне, там з’яўляюцца розныя… скажам так, “гукавыя аб’екты”.

— І гучыць ваш “…Сон” у адным канцэрце са “Скіфскай сюітай” Сяргея Пракоф’ева, напісанай тым у 23 гады, і аўтарскай вечарынай жывога ўкраінскага класіка Валянціна Сільвестрава, сусветна знакамітага яшчэ з 1960-х. Не баіцеся такога зорнага суседства?

— Наадварот, для мяне гэта вялікі гонар! Лічу, фестываль Юрыя Башмета робіць добрую справу, замаўляючы праз Міністэрства культуры Беларусі новыя сімфанічныя творы айчынным кампазітарам — як сталым, так і маладым.

— Летась была прэм’ера Алега Хадоскі — “Грамадзяне горада Кале”. Раней — Вольгі Падгайскай (“Туман”), Валерыя Воранава (“Архітэктон”), Канстанціна Яськова (“Сны замкавай гары”), Вячаслава Кузняцова (“Паганскае дзейства”), Галіны Гарэлавай (“Ingemisco”  — “Уздыхаю”).

— Для мяне шмат у чым сімвалічна, што пачыналася гэта традыцыя менавіта з Галіны Канстанцінаўны, у якой я вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Потым былі іншыя ўстановы — у Польшчы, Германіі, майстар-класы ў замежжы. Параўнаўшы, магу адказна засведчыць: усё, што ўмею, было закладзена пад яе кіраўніцтвам. Ніхто іншы не аддаваў мне столькі часу, сіл, энергіі, свайго вопыту, сэрца і душы.

— Усё пазнаецца ў параўнанні? У чым тады адметнасць еўрапейскага навучання?

— Там больш акцэнтуецца самастойная работа. Нашы ж музыканты-настаўнікі да кожнага свайго навучэнца ставяцца, бы да ўласнага дзіцяці. Мяркую па сабе. Пра Дзятлаўскую дзіцячую школу мастацтваў на Гродзеншчыне жартам гавораць, што там, маўляў, прызямліўся НЛА. Іначай чым растлумачыць, што адтуль выходзіць столькі будучых прафесіяналаў! Але космас тут не пры чым: усё гэта заслуга Святланы Мазырка, якая выкладае… сальфеджыа — прадмет, які лічыцца самым, бадай, нелюбімым у многіх юных музыкантаў. Але дзякуючы менавіта яе ўрокам я ў свой час пачаў сачыняць музыку. Яна і дадаткова са мной займалася, і на праслухоўванні, кансультацыі вадзіла. Пазней добрыя тэарэтычныя веды, асабліва ў галіне музычнай формы, я атрымаў у Алены Каляды ў Мінскім музычным каледжы імя Глінкі, дзе мы слухалі шмат музыкі розных стыляў і эпох, уключаючы найсучасныя творы. Ды пра кожнага выкладчыка можна гаварыць гадзінамі!

/i/content/pi/cult/606/13478/6-1.jpg

Сяргей Бадалаў. / Фота прадастаўлена героем матэрыяла

— Шкадуеце, што з’ехалі?

— І так і не. Тэхнічнае забеспячэнне тамтэйшых навучальных устаноў куды вышэйшае: ёсць і студыі гуказапісу, і ўласныя канцэртныя залы з добрай акустыкай. Апроч таго, вялікая колькасць фестываляў ды конкурсаў сучаснай акадэмічнай музыкі. У нас склалася выдатная сістэма трохступеннага навучання: дзіцячая музычная школа — каледж — Акадэмія музыкі. Але што далей? Дзе і каму паказаць сваё майстэрства? На Захадзе даўно існуе разгалінаваная сетка конкурсна-фестывальнага руху. У нас таксама, здавалася б, яна ёсць. Але не закранае кампазітарскую творчасць акадэмічнага плана: куды больш такіх святаў ды спаборніцтваў ладзіцца сярод эстрадных музыкантаў. А між тым акадэмічная музыка — бы тая фундаментальная навука, на падмурку якой развіваецца ўсё суквецце навук прыкладных. Ды ў нас яе не шануюць належным чынам. Калі што і адбываецца ў гэтай сферы, дык амаль выключна ў сценах Акадэміі музыкі, дзе тая ж Гарэлава, узначальваючы кафедру кампазіцыі, штогод прыдумвае які-небудзь “унутрыкансерваторскі” кампазітарскі конкурс. Гэта цудоўна, але, на жаль, замала! Бо нашы творцы не імкнуцца выходзіць на еўрапейскі ўзровень. У той жа Польшчы ўсё літаральна віруе, і ўдзел студэнтаў у кампазітарскіх конкурсах стаў не проста паўсядзённасцю — ледзь не нормай жыцця. А колькі фестываляў сучаснай акадэмічнай музыкі! А ў нас — ніводнага.

— У нас такі фестываль таксама быў — у пачатку 1990-х. Праводзіўся Беларускім саюзам кампазітараў і створанай тады пры ім Асацыяцыяй сучасных кампазітараў, якая па выніках першага форуму была прынята ў члены аднайменнай міжнароднай арганізацыі. Але праз некалькі гадоў энтузіязм разбіўся аб грашовыя праблемы.

— Дык чаму б не аднавіць такі форум? У замежжы па развіцці гэтай галіны, менавіта акадэмічнай, мяркуюць пра ўзровень музычнай культуры ўвогуле. Так што гэта яшчэ і пытанне нацыянальнага прэстыжу!

— Ведаю, вы таксама, патрапіўшы ў Польшчу, сталі арганізатарам польска-беларускага форуму, дзе цягам трох дзён ладзіліся, цытую, “творчыя сустрэчы, канферэнцыі, канцэрты маладых кампазітараў дзвюх краін”. Замежжа дае больш творчых магчымасцяў?

— Дарэмна думаць, што там усё з неба звальваецца. Фестываляў і конкурсаў сапраўды шмат — калі ласка, удзельнічай. Адна мая п’еса выйграла адразу на пяці конкурсах. Але калі чагосьці хочаш, усё даводзіцца рабіць і “прабіваць” самому.

— Маеце на ўвазе прадзюсарскую дзейнасць? Раскажыце, як вам удалося здзейсніць нашумелы праект “Асвея” ў Лодзі.

— Галоўнае — жаданне. Я люблю працаваць на кантрастах. Дагэтуль у мяне быў мультымедыйны перформанс “N.K.D.M” для голасу і ансамбля, разлічаны ўсяго на аднаго гледача. Да яго быў зняты фільм, каб можна было трансляваць для аднаго чалавека. Такая вось канцэпцыя! Я на гэта ўсе свае грошы патраціў, але твор перамог на конкурсе ў Кітаі. А потым мяне ўгаварылі выкласці відэа ў інтэрнэт: там жа таксама чалавек — сам-насам. Наступную працу вырашыў зрабіць цалкам супрацьлеглую — разлічаную на шырокую “стадыённую” публіку. Хацелася данесці акадэмічную, падкрэслю, музыку ў максімальна прывабнай форме — як шоу Мадонны ці, лепей, Кайлі Міноўг, з відэапраекцыямі, харэаграфіяй, толькі замест эстрадных хітоў — аркестр і аўтэнтычныя галасы. З’явілася ідэя, і я пачаў шукаць для яе ўвасаблення адпаведны фестываль. Знайшоў “Light.Move.Festival — 2015” у Лодзі. Пераканаў арганізатараў, тыя вырашылі фінансаваць праект, але я павінен быў знайсці ўсё патрэбнае па мінімальных коштах. Давялося самому сабраць аркестр, зрабіць гукарэжысуру і шырокафарматныя відэапраекцыі, знайсці аніматараў, мадэльнага выгляду дзяўчат і хлопцаў, наняць аператара, праектаваць касцюмы і ставіць харэаграфію. Неабходнае абсталяванне набывалася па дэталях у 17 фірмах. У выніку паўгадзінны праект, на які я патраціў амаль год жыцця, сабраў паўмільёна гледачоў і дэманстраваўся на фестывалі 22 разы за 3 вечары.

— Кампазітар і прадзюсар — розныя прафесіі! Ці не шкада часу, за які можна было напісаць яшчэ колькі твораў? А можа, зараз такі час, што кампазітар павінен быць “за ўсіх адразу”?

— Не павінен, а вымушаны. Але і ў такіх умовах важна знайсці карыснае для сябе і ўласнай спецыяльнасці. Тое ж прадзюсаванне — частка маёй натуры: ставіць перад сабой мэту і ісці да яе. Ці ж не патрэбна гэта ўменне кампазітару? Галоўнае, каб мэта была вартая высілкаў.

— У “Асвеі” (давялося паглядзець яе ў інтэрнэце) актуальная яшчэ адна ідэя — выкарыстаць у нечаканым кантэксце нашу аўтэнтыку. Штосьці падобнае было чатыры гады таму ў праекце “Колаварот” на сцэне Камернай залы Белдзяржфілармоніі, вы таксама ў ім удзельнічалі.

— Для “Асвеі” я запрасіў той жа фальклорны гурт “Страла” Універсітэта культуры і мастацтваў. І на аснове народных песень (а ў мяне яшчэ са студэнцкіх фальклорных экспедыцый на чале з Ларысай Касцюкавец засталося вельмі кранальнае стаўленне да вясковых бабуль, што нам іх спявалі) зрабіў гісторыю дзяўчыны, якая марыла пра каханне, але была выдадзена за нялюбага і скончыла жыццё самагубствам.

— Чаму праект не ў Беларусі?

— У нас на яго было б складана знайсці грошы. Але цяпер, калі ўсё зроблена і аўтарскія правы на “Асвею” належаць мне, я быў бы рады прапанаваць яе таму ж Нясвіжскаму замку, калі там хто зацікавіцца. Увогуле “Асвея” магла б упрыгожыць любы фестываль пад адкрытым небам — той жа рыцарскі турнір. Усё, што для гэтага трэба, — аркестр, сцэна, праектар, гукарэжысура. Але нанова шукаць усё самому? Не, я сваю працу зрабіў…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"