Знарок і не

№ 38 (1268) 17.09.2016 - 24.09.2016 г

Распавяду пра назіранні, якія ўпэўнілі мяне, наколькі малы час і, у маштабах краіны, невялікія выдаткі патрэбныя для таго, каб сфармаваць у самай шырокай грамады ўяўленне станоўчасці ўсведамлення сябе беларусамі. Карацей, пра незнарочысты і знарочысты патрыятызм.

Сярод маіх знаёмых ёсць тыя, каму колькасць вышываначных элементаў, што цягам апошніх месяцаў актыўна множыцца ў розных праявах візуальнай камунікацыі, падаецца, мякка кажучы, залішняй. Відаць, ад таго, што, пачаўшыся як грамадская ініцыятыва, цяпер яны сталі нагадваць бег навыперадкі: маўляў, хто зробіць тыя дэталі лагатыпаў, упаковак, банераў найбольш кідкімі, той малайчынка. Прымаючы гэта скептычнае меркаванне і такую яго аргументацыю, мне ўсё ж тэндэнцыя падабаецца. Пакрысе за кошт візуалізацый мы рушым да асноўнага, да сутнасці, да свядомасці. Хоць і знарочыста.

Далей — сіла слова. Падаеццца, у сучасным свеце “спажывання” інфармацыі поглядам выява замяніла і пісьмовае, і агучанае слова. Але калі ўбачыў на майках беларускай зборнай па баскетболе простае і яснае “Зборная тваёй краіны”, няхай і на рэкламным плакаце, верце-не верце, нешта ўнутры затрымцела прыемнай дрыготкай. А якая шыкоўная назва “Белыя крылы” (і адразу метафарычная глеба для далейшай раскруткі) нацыянальнай каманды па футболе! І адразу ж перапоўненая “Барысаў-Арэна”! Гэта пра патрыятызм выказаны, але ўжо незнарочысты, як мне падаецца.

І трэцяе назіранне. Фестываль хмелю, соладу і вады ў Лідзе. Мо хтосьці падумае, што ўражанні на ім і канцэнтруюцца вакол прадукту, што атрымліваецца пры спалучэнні названых інгрэдыентаў. Ані! Вядучы Віталь Воднеў паміж выступленнямі гуртоў хэдлайнераў на галоўнай сцэне (“Трубяцкі”, “Нейра Дзюбель”, “Здоб шы здуб”, “Бі-2”) займаў паўзы не толькі рэкламаваннем брэнда-арганізатара, але і спевамі са шматтысячным натоўпам. І калі спачатку гэта былі агульнавядомыя рэчы, скажам, з мультфільмаў савецкай эпохі, дык раптам усё змянілася. І Дажынкавая плошча Ліды пачала спяваць “Бялявую, чарнявую…”, “Калядачкі” і далей па рэпертуары “Песняроў”, затым далучыліся і больш сучасныя “Тры чарапахі” і “Госці” Лявона Вольскага. Ну а лейтматывам гучалі словы “любоў” і “Беларусь” у разнастайных спалучэннях. І, думаю, ні ў каго са збольшага маладой аўдыторыі не ўзнікала шырока тыражаванай у некаторых крыніцах “грэблівасці” да “звонкага “дзе” і густога “чаго”, ужо даўно міфічнага непрымання моладдзю беларускай мовы, паблажлівасці да беларускай музыкі.

Цяпер, праз пару тыдняў, думаю: знарочысты ці незнарочысты такі патрыятызм? Калі ўбачыў, як Віталь заскочыў у прэс-палатку за сцэну і папрасіў калег правесці невялікі “мазгавы штурм”, каб прыгадаць агульнавядомыя песні для наступнага яго выхаду на сцэну, я зразумеў, што гэта — імправізацыя. Але як яна прыдалася для абсалютна, падавалася б, нетэматычнай імпрэзы! Урэшце, характар патрыятызму ў дадзеным выпадку мо і не мае асаблівага значэння. Мы пакуль (на жаль) у пачатку гэтага простага і складанага адначасова шляху любові да свайго.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах