Там, дзе інтэрактыў не забаронены

№ 37 (1267) 10.09.2016 - 17.09.2016 г

Жыхары аграгарадка ў кіно не ходзяць, але танчаць на “пятачку”
Сарачы — радзіма фестывалю дзіцячай тэатральнай творчасці «Чароўны куфэрак”, які з пэўнага часу аграгарадок дзеліць з Любанню. Але толькі гэтай нагоды для гонару жыхарам былой вёсачкі, размешчанай у Мінскай вобласці, мала. У яе гісторыі ёсць знакавыя здзяйсненні, адметныя героі, але калі ўжо я завастрыў увагу на тэатры, дык, як вы зразумелі, размова сёння пойдзе пра яго, а больш дакладна пра чалавека, які рэалізуе сябе ў гэтым відзе мастацтва. А яшчэ — у кіно, а яшчэ... З гонарам сучасных Сарачоў, акцёрам Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Максімам Брагiнцом, мы абыходзім установы культуры, знаёмыя яму з маленства, цікавімся, чым жывуць яны зараз.

Два погляды на бібліятэкі

У Сарацкай сельскай бібліятэцы ў азначаны дзень быў выхадны, але патрапіць у яе мы змаглі. Зрабіўшы некалькі здымкаў, я запрасіў Брагiнца за невялікі столік і распачаў “допыт”, “катуючы” візаві на кніжную тэму.

Адной з першых прачытаных кніг для маленькага Максімкi стала... Біблія (прычым, з прыгожымі малюнкамі), якую “парэкамендавала” яму бабуля. Зразумела, дзіця гадоў у сем — восем мала разумела, пра што і пра каго чытае, але “асадачак” — патрэбны — застаўся ў Брагiнцы і па гэты час. З белетрыстыкі падлетак выбіраў Толкіна, Верна, папулярную геаграфічную літаратуру, а на антрэсолях і дагэтуль захоўваюцца падшыўкі газеты “Савецкі спорт” тых гадоў. Дарэчы, амаль да заканчэння школы наш герой не мог вызначыцца, чым жа ён хоча займацца ў жыцці — прафесійным футболам або акцёрствам. Пераважыла другое, аднак, Максіма на спартыўным газоне і сёння можна сустрэць: службу ў тэатры і ўдзел у кіназдымках ён сумяшчае з працай футбольным суддзёй, абслугоўваючы матчы пакуль другой лігі, гульні дубліруючых складаў лігі вышэйшай, жаночай вышэйшай, юнацкае першынство.

Галоўная ж кніжная прыхільнасць артыста — беларуская літаратура на беларускай мове, вядома (Быкаў, Шамякін, Мележ, Колас, Купала, Караткевіч, Багдановіч...), любоў да якой прышчапіла яму школьны настаўнік і адначасова класны кіраўнік Вольга Якавец. Цікавіцца артыст і замежнай сучаснай прозай. Брагінец перакананы ў тым, што акцёры абавязаны быць начытанымі — хаця б з прычыны прафесійнай: багаж іх папаўняецца і слоўнікавым запасам, і нейкімі годнымі ўвагi вобразамі, тым, што акружае чалавека. І набор гэты, прапушчаны праз сябе, вядома, выплёскваецца ў творчасць.

— Для вас важна, на якім носьбіце прадстаўлена кніга? — я пачаў падбірацца да бібліятэчных спраў.

— Нішто не можа параўнацца з паперай. Адчуванне вагі кнігі — як адчуванне вагі таго, пра што ў ёй распавядаецца. Шолах старонак, пах. Даводзіцца карыстацца смартфонам, каб нешта пачытаць, але калі ёсць магчымасць выбару — я рэтраград. Мне сумна, калі бачу ў метро людзей, якія чытаюць з планшэтаў. Калі гэта нейкі масіўны “талмуд”, то тады выкарыстанне іх лагічнае. Але Хэмінгуэй або Рэмарк з камп’ютара... Існуе асцярога, што цяперашнія бацькі, “выхаваныя” гаджатамі, і дзецям сваім не змогуць перадаць асаблівае стаўленне да літаратуры на папяровым носьбіце. Ды і ці шмат сёння наогул чытаюць хлопчыкі і дзяўчынкі? У іх іншыя “гульні” — камп’ютар, сацыяльныя сеткі, пакемоны, тэлеканалы забаўляльныя… Ведаеце, налета мне споўніцца 30 гадоў, можа, я раблюся буркуном, але ў 15 — 16 гадоў мы жылі больш весела, разнастайна. І “балдзелі”, і нагружалі галаву. Зараз жа ў моладзі ўсё неяк лёгка адбываецца, часцяком бяздумна, інстынктыўна.

/i/content/pi/cult/603/13409/10-1.jpg

Да суседства ў бібліятэках папяровай літаратуры з электроннай Максім Віктаравіч ставіцца з разуменнем. Калі людзі прыходзяць у гэтыя установы — няма розніцы, па якую кнігу. Напэўна, па меры развіцця цывілізацыі, “электронка” будзе выціскаць паперу і з бібліятэк, чаму спрыяе, дапусцім, тэхнічны прагрэс, экалагічнасць.

Але ўсё ж кавалачак рэтра ў якім-небудзь выглядзе застанецца, спадзяецца Брагінец. І сам з сарацкай бібліятэкай развітвацца не збіраецца: у ёй па-ранейшаму маецца ягоны фармуляр. І мама акцёра таксама бярэ тут кнігі, часопісы.

— Бібліятэкі сёння трансфармуюцца ў культурна-забаўляльныя установы... — заўважыў я.

— Мне яны нагадваюць выставачныя павільёны, куды публіка не імкнецца. Але да таго, пра што вы сказалі, стаўлюся неадназначна, з асцярогай. Калі ў бібліятэках дзейнічаюць аб’яднанні, якія займаюцца і прапагандай кнігі, то я за любы “кіпеж”, які ідзе на карысць. Калі ж гэта нейкія гурткі, мерапрыемствы, якія не маюць да культуры ніякага дачынення, дык я супраць. А вернісажы мастакоў там дарэчныя, няшумныя творчыя акцыі таксама. Ды нават гульнявыя куткі (па сваім досведзе ведаю: мы з жонкай водзім дачку ў адну з мінскіх дзіцячых бібліятэк, і пакуль адзін з нас выбірае штосьці для яе, іншы гарэзіць з малечай).

Брагінец шчыра верыць, што людзі, “наеўшыся” інтэрнэту, у бібліятэкі вернуцца. А пракласці ім зваротны шлях можа і артыст. Праўда, маю раптоўна выказаную ініцыятыву пра тое, што як чалавек вядомы ён мог бы выступіць у той жа роднай сельскай бібліятэцы папулярызатарам беларускай кнігі, часам уладкоўваючы тут літаратурныя чытанні, Максім Віктаравіч успрыняў са збянтэжанасцю. Ідэя здалася яму цікавай, але, лічачы сябе сціплым ды яшчэ не настолькі медыйным, ён вось так з ходу прапанаваць свае паслугі ў дадзеным кантэксце пасаромеўся б. Мо крыху пазней. Але такая рэклама — праз персанажаў прыкметных — неабходная, пагадзіўся Брагінец. А наогул, пра папулярызацыю чаго-небудзь істотнага ў родным аграгарадку ён не забывае, прыязджаючы сюды на той жа “Чароўны куфэрак” альбо удзельнічаючы ў іншых культурных падзеях.

Пра тое, як працуе бібліятэка нам, хай і трошкі, распавёў Фёдар Крупянькоў — дырэктар Сарацкага сельскага дома культуры, дзе і размяшчаецца кніжніца. Матэрыяльна-тэхнічна ўстанова пачуваецца нармальна, пра што сведчыць новая мэбля, а ў дзень яе наведвае не менш за 20 чалавек. Між іншым, Фёдар Фёдаравіч не падзяляе аптымізму Максіма Віктаравіча і мяркуе, што бібліятэкі ў іх класічным варыянце не выжывуць. І на будучыню такіх устаноў увогуле — “вінтажных” ды навацыйных, са “смакам” тэхналогій альбо з папяровымі тамамі — ён глядзіць без рамантызму. Падставай для такой высновы паслужыла неаднаразовае наведванне ім сучаснай “Нацыяналкі”: можа, так супалі зоркі, але ў візіты тыя спадар Крупянькоў лёгка пералічваў наведвальнікаў залаў галоўнай бібліятэкі краіны...

Зімовы сад і "Летуценнікі"

А ў СДК з раніцы і да абеда праходзіла раённая педканферэнцыя. Натуральна, дырэктар установы “рулiў” спадарожным працэсам. Чакаючы Крупянькова, мы з Брагiнцом не спяшаючыся абыходзілі будынак, абсталяванне якога проста “забівала”: выключная чысціня, светлыя памяшкання, мудрагелістая лесвіца на другі паверх, сталы для рускага ды амерыканскага більярда, зімовы сад (!). Так, тры гады таму ў Доме культуры прайшоў капітальны рамонт, але і без яго ўсё тут падтрымлівалася ў ідэальным парадку, паведаміў мне акцёр. І “выправіўся” ва ўспаміны, якія звязвалі яго з СДК.

Абмінуць Дом культуры ён ніяк не мог: бацькі яго пазнаёміліся ў хоры гэтай установы (тата спяваў ледзь не да пенсіі), а тры старэйшыя браты ды малодшая сястра прайшлі праз дзіцячы тэатр “Летуценнiкi” (некалькі гадоў таму ён пераехаў у Любанскую дзіцячую школу мастацтваў). Вучачыся ў чацвёртым класе, Максім таксама апынуўся ў ім, і хадзіў туды да завяршэння вучобы ў школе. Прычым паступіў у “Летуценнiкi” хлапчук, што ўжо меў у багажы выступы з вершамі ды песнямі перад аднакласнікамі ды настаўнікамі. Першай жа работай для артыста-пачаткоўца стала роля робата (у масоўцы) у спектаклі “Сiнязорка”, першай вялікай роляй — Пясчанiк ў спектаклі “Мэва” па казках Сяргея Кавалёва (за яе ён быў адзначаны прызам на мінскім Міжнародным фестывалі дзіцячых тэатраў "Крок у неба”). Увогуле ж, выбіраючы паміж iгрой на баяне (2 гады вучобы ў Любані ў музычнай школе), харэаграфічным і харавым гурткамі пры СДК, якія ён наведваў паралельна, Максім спыніўся на тэатры. Перш у Сарачах, потым — у Мiнску: у 2004 годзе Брагінец паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на спецыяльнасць “Акцёрскае мастацтва” (кірунак “Драматычны тэатр і кіно”).

— Чаму тэатр? — тлумачыць Максім Віктаравіч. — Таму што я не люблю сядзець на месцы: толькі граць на баяне, толькі танцаваць, толькі спяваць. Я — чалавек руху, свабоды. А тэатр — мастацтва сінтэтычнае, якое аб’ядноўвае ўсё тое, што прапануе акцёру для самарэалізацыі розныя формы. І атрымліваецца ў мяне ўсё з ім (цьфу-цьфу-цьфу)...

Гутарка са спадаром Крупяньковым прайшла ў працоўным рэжыме, без афіцыёзу, не сказаць, што на бягу, але на нагах — да дырэктарскага кабінета так і не дабраліся. Дык вось, СДК дзівіць колькасцю ды разнастайнасцю праектаў, ужо гадамі апрабаваных і адносна новых. Арганізацыяй іх займаюцца яго ўсе... пяць адміністрацыйна-творчых работнікаў. Да звыклых дыскатэк тут дадаліся танцавальна-канцэртныя мерапрыемствы, якія праходзяць у прымальнае надвор’е на так званым “пятачку” за будынкам. Нягледзячы на тое, што арыентаваныя яны на дарослых, на іх прыходзіць увесь аграгарадок: і тыя, каму за сорак, і тыя, каму да гэтага веку яшчэ далёка, дзядулі ды бабулі з унукамі ды ўнучкамі, мамы з немаўлятамі ў вазочках. І “адрываюцца” пад музыку на любы густ — “жывую” (разам з танцавальным калектывам “Расiца” або з хорам “Праснiца”) ды “нежывую” (з прайгравальнікаў), ультраактуальную, народную ды савецкую папсу, водзяць карагоды, падпяваюць. Рэгулярна праводзяцца святы вуліц, з тымі ж скокамі, песнямі. З афармленнем, з пачастункамі — гаспадыні стараюцца адна перад адной вылучыцца фірмовымі стравамі, — з падарункамі. Святы вёсак, калі СДК вывозіць сваю культурную праграму ў населеныя пункты раёна, залучаючы ў яе мясцовых жыхароў. Адукацыйная міжраённая сямейная гульня “Сарацкi навігатар” ды міжраённы ж конкурс сярод сем’яў “Валадар сяла”, КВЗ...

А вось фільмы ў Доме культуры калі і паказваюць, дык з дапамогай плэера: якасць паслуг кінавідэапраката задавальняць перастала. Да таго ж падала і наведванне сеансаў.

Летась Дом культуры выканаў план платных паслуг на 200 мільёнаў рублёў, сёлета ён склаў 250 мільёнаў (у старых грошах). Праблем з яго выкананнем не будзе, запэўніў дырэктар. Пытанні ж у дзейнасці СДК спадар Крупянькоў праецыруе на цяжкасці, з якімі сутыкаюцца ў сваёй працы аналагічныя ўстановы Беларусі. Так, ён наракае на тое, што да запланаваных яго Домам культуры на год выступленняў айчынных артыстаў, зверху ў справаздачны перыяд сістэматычна “просяць” далучыць канцэрты іншых выканаўцаў, нярэдка тых, якія тут ужо неаднойчы адзначыліся і на каго народ не пойдзе. (Дарэчы, да некаторых нашых “зорак” у Фёдара Фёдаравіча стаўленне крытычнае: прычына ў тым, што ў заяўленай гадзіннай-паўтарагадзіннай праграме гастралёры могуць па паўгадзіны мець зносіны з залай.) Канстатуе дырэктар і тое, што кантакты паміж “шараговымі” работнікамі культуры абласцей ды раёнаў звяліся да мінімуму. Сустракаюцца, спехам абменьваюцца думкамі ды вопытам некаторыя з іх, у асноўным, на буйных нарадах, а, напрыклад, на рэгулярныя спецыялізаваныя семінары практычна забыліся. Фёдар Фёдаравіч настойвае і на тым, што ўстановам культуры трэба больш спаборнічаць паміж сабой, што, ён лічыць, стымулявала б развіццё арганізацый.

Не адкруціцца...

Гісторыка-краязнаўчы музей “Сарачы”, які знаходзіцца ў мясцовай сярэдняй школе, развіваюць энтузіясты, дзякуючы якім ён і адкрыўся ў 2004 годзе. У музейным пакоі прадстаўлены экспазіцыі, якія распавядаюць пра тую мясцовасць, якая цяпер завецца Любанскім раёнам — ад яе старажытных часоў да дня сённяшняга, пра людзей гэтай зямлі, пра саму школу. Кіруе музеем (і гісторыка-краязнаўчым гуртком “Пошук”) Вячаслаў Бялькевіч — настаўнік гісторыі, грамадазнаўства, АБЖ...

— Як усё паспяваеце? — пытаюся ў яго.

— Так і паспяваю, рыхтуючыся адначасова да ўрокаў у 5 — 9 класах. Вызвалены музейшчык, вядома, не зашкодзіў бы.

— Але па штатным раскладзе ён у школе быць не можа, — уступае ў гутарку яе дырэктар Святлана Канановіч. — А колькі за апошні час па ўсёй краіне музеяў, бібліятэк з сельскіх дамоў культуры перанесены ў школы. І на каго кладзецца дадатковая нагрузка?..

Ды, як той казаў, а каму цяпер лёгка? Але асфальт народны у “Сарачы” не зарастае: кожны госць аграгарадка музей наведвае, праходзяць экскурсіі для навучэнцаў школ, “даймаюць” журналісты, заходзяць кіраўнікі розных узроўняў.

Сродкі ж для падтрымання яго “ў форме” ды папаўнення фондаў адшукваюцца пераважна ўласнымі сіламі. (Я ж прыклаў намаганне да таго, каб патрымаць у руках нейкі дагістарычны камень, які выконваў, хутчэй за ўсё, функцыю зброі або прымітыўнага інструмента: акуратны інтэрактыў у установе не забаронены.) У матэрыяльна-тэхнічным плане ён жыве не горш і не лепш за іншыя падобныя установы, размешчаныя ў школах. Выйграе часам нейкія праекты: апошні прынёс музею мультымедыя-ўстаноўку, ноўтбук, два дыктафоны, навушнікі, шафу, але...

— Фіранкі замяніць бы, бо вісяць з года заснавання музея, — прызнаецца Вячаслаў Міхайлавіч. — Доўга не было дывана, які закрывае не самыя ідэальныя падлогі, са столі, бывае, сыплецца... Патрэбна і крэсла больш камфортнае. Можа, рашоткі на вокны. Стэнд нам зрабілі такі, што ён выбіваецца з агульнай каляровай гамы, а памылак арфаграфічных на ім — не менш за дваццаць...

На адным са стэндаў з фотаздымкамі сарачан, якія сталі вядомыя за межамі сваёй радзімы, і партрэт Максіма Брагiнца. Натуральна, паўстала пытанне:

— І што распавядаеце пра яго гасцям?

— Выпускнік 2004 года Брагінец Максім Віктаравіч, акцёр, рэжысёр, футбольны арбітр, — пералічвае Бялькевіч.

— Капітан школьнай каманды “Што? Дзе? Калі?”, — дапаўняе дырэктар.

— Зняўся амаль у трох дзясятках фільмаў, — “Адліга”, “Паляванне на гаўляйтара”, “Дастыш фантастыш”, “Дзяржаўная мяжа”, “Каменская” і гэтак далей, — працягвае Бялькевіч. — Працаваў у Новым драматычным тэатры, Драматычным тэатры Беларускай арміі, у Маладзёжным, зараз служыць у РТБД. Артыст запатрабаваны — як на нашым творчым рынку, так і на расійскім.

У гэты момант лейцы зноў трапілi мне “пад хвост” і я высунуў чарговую ініцыятыву: аб правядзенні творчай сустрэчы Брагiнца са школьнікамі. Той зноў засаромеўся, а Святлана Леанідаўна і яе намеснік па выхаваўчай працы Вольга Жураўская мяне падтрымалі. Не адкруціцца, карацей, артысту...

Добрае слова землякам

— Сарачы і працаваць ўмеюць, і адпачыць, і даць культуру! — у канцы нашага “забегу” надышла чарга ганарыцца Максіму Брагiнцу. — Наша моладзь таксама ўся ў камп’ютарах, з меншым задавальненнем далучаецца да культурнага жыцця аграгарадка, чым мае аднагодкі ў свой час, не такая яна актыўная ў гэтым сэнсе, больш у ёй спажывецкага падыходу, чым жадання ўнесці свой унёсак у мерапрыемства. Але ёсць людзі, якія імкнуцца выцягнуць іх з “сацыялак”, не даюць ім... засохнуць, такія, як Фёдар Фёдаравіч, Вячаслаў Міхайлавіч. Як Васіль Каткавец — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама, яго жонка Ала Валянцінаўна — кіраўнік тэатра “Летуценнiкi”. Гэта — класныя людзі! Так, наогул, усе мае землякі, класныя!..

Мінск — Любанскі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"