Новы фармат — ранейшы “нефармат”

№ 34 (1264) 20.08.2016 - 27.08.2016 г

Заваяваць публіку для класікі: раней — немагчыма, цяпер — рэальна
Як сёння, ва ўмовах усеагульнай даступнасці інтэрнэту, папулярызаваць музычную класіку? Чым прыцягваць публіку да акадэмічных выступленняў? Як увогуле ўтрымліваць увагу непадрыхтаванай аўдыторыі ў час такіх канцэртаў? Чым заахвоціць моладзь? Яшчэ зусім нядаўна ўсе гэтыя пытанні ўяўляліся невырашальнымі. Сёння ж беларускія музыканты і арганізатары выступленняў прапануюць некалькі апрабаваных на практыцы варыянтаў “нефарматных” канцэртаў.

Усе на свежае паветра!

Не толькі эстрадныя, але і класічныя канцэрты і спектаклі ў фармаце “адкрытага паветра” літаральна за некалькі апошніх гадоў трывала прапісаліся па самых розных беларускіх адрасах: ля Мірскага замка, ва ўнутраным дворыку палаца Радзівілаў у Нясвіжы, ля сталічнай Ратушы, на прыступках саміх тэатраў, у парках. Ініцыятыва ішла ад вядучых нацыянальных калектываў, але праз час штосьці падобнае пачалі ладзіць і на месцах, уласнымі сіламі. Тая ж Віцебская абласная філармонія таксама “абжыла” свой унутраны дворык, у кіраўніцтва ўзніклі думкі пашырыць “вулічную” прастору. Ёсць прыклады і ў іншых рэгіёнах.

Праўда, не заўсёды такія імпрэзы адпавядаюць законам вулічнага мастацтва. Справа ж не толькі ў тым, каб “перацягнуць” пляцоўку са звыклай залы на вуліцу, але і каб напоўніць наваколле адпаведным рэпертуарам. А яшчэ — прывабіць тую “выпадковую” публіку, якая не збіралася на канцэрт спецыяльна — так, міма ішла. А зацікавіўшыся, засталася. Усе хутка зразумелі, што для такіх паказаў падыходзяць творы “з настроем” — не абавязкова адно радасным, можна і элегічным, галоўнае — каб ад іх зыходзілі прыгажосць і зачараванне. А па жанры — больш пажаданыя мініяцюры, а не буйныя разгорнутыя палотны па гадзіне і болей гучання./i/content/pi/cult/600/13337/6-1.jpg

Сярод найбольш удалых праектаў — “Класіка ля Ратушы з “velcom”: увесь ліпень і жнівень (восем субот запар!) Мінгарвыканкам і фонд “Ідэя” збіраюць ля мінскай Ратушы выбітных музыкантаў. Арт-дырэктарам і прадзюсарам гэтага своеасаблівага фестывалю выступае кіраўнік Музычнага дома “Класіка” і адданы прыхільнік беларускай музычнай культуры розных стагоддзяў Аляксандр Чахоўскі. Да напаўнення праграм ён падышоў з вялікай адказнасцю, раіўся са спецыялістамі. Канцэрты зроблены максімальна разнастайнымі, каб таму, хто завітаў на іх аднойчы, захацелася б прыйсці яшчэ і яшчэ: не паўтараюцца ні выканаўцы, ні творы, ні нават стылёвыя кірункі. Тут і сімфанічныя шэдэўры, і фартэпіянная музыка, і творы з рэпертуару лепшых вакалістаў свету, і ўзоры эпохі барока, прычым на інструментах тае пары, набліжана да аўтэнтычнай манеры выкананні. Музыка Галівуда і іспанская класіка, уключаючы фламэнка.

Пры такой размаітасці — надзвычай багата прадстаўлена ўласна беларуская музычная культура. І што надзвычай важна — не толькі праз нашых лепшых выканаўцаў розных пакаленняў (ажно да таленавітых дзяцей з лаўрэацкім спісам перамог на прэстыжных міжнародных конкурсах), розных рэгіёнаў (20 жніўня — прыезд сімфанічнага аркестра Магілёўскай капэлы пад кіраўніцтвам дырыжора Херарда Эстрада Марцінаса з Венесуэлы), але і праз творы беларускіх кампазітараў розных эпох. На закрыцці праекта 27 жніўня беларуская музыка будзе гучаць побач з польскай і венскай класікай у выкананні польскага струннага квартэта. А “MuzzicDom Orchestra” на чале з Іванам Касцяхіным адкрые для публікі творы сучаснікаў: Галіны Гарэлавай, Вячаслава Кузняцова, Уладзіміра Кур’яна, Аляксандра Літвіноўскага. Адбудзецца і “забытая прэм’ера”: упершыню прагучыць сюіта кампазітара пачатку ХХ стагоддзя Людвіга Рагоўскага. Вядзе канцэрты сам Аляксандр Чахоўскі — і робіць гэта бліскуча, бо і атмасферу адпаведную стварае, і на інфармацыйную напоўненасць не забываецца, і на гумар.

Ды ўсё ж далейшае развіццё падобных праектаў павінна ісці, на маю думку, не толькі “ўшыр”, але і “ўглыб”. І справа тут не столькі ўласна ў музыцы, колькі — у яе атачэнні. Засвоеная пляцоўка ля Ратушы — гэта цудоўна. Але можна і трэба працягваць пошук іншых месцаў, у тым ліку для стварэння больш камфортнага адпачынку слухачоў. Справа не адно ў экране, які з’явіўся ля ратушы, каб і ў апошніх шэрагах публіка не толькі чула, але і бачыла выканаўцаў. Справа — у праславутай траўцы, на якой магла б месціцца моладзь (такая практыка распаўсюджана ў замежжы). У дадатковых пунктах харчавання, каб можна было прыходзіць не ўласна на дзве гадзіны канцэрта, а на ўвесь дзень.

Міністэрства культуры краіны і Мінгарвыканкам пра гэта думаюць і даволі паспяхова. Сведчаннем — канцэрты ў рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь, я люблю цябе!”, што ладзіліся ў гандлёвым цэнтры “Сталіца” па суботах з канца лютага па пачатак мая. Выступалі там выканаўцы і творчыя калектывы ўстаноў адукацыі Мінска і вобласці — ад дзяцей да студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Хтосьці паслухаць прыходзіў спецыяльна. Бясплатна ж! А хтосьці, нарабіўшы пакупак, спыніўся проста адпачыць. Акустыка, праўда, там не лепшая. Але мэта выступленняў — прыцягнуць увагу. І яна была дасягнута.

Фестываль без праменаду?

Магічнае слова “фестываль” здольнае прыцягнуць большую ўвагу, чым асобны праект. А калі гэта фестываль класічнай музыкі, вырашаны ў форме цыкла акадэмічных канцэртаў без іншых “вабнотак”?

Паспяховым прыкладам такога кшталту стаў Першы форум класічнай музыкі ў Гомелі, які ў халодныя снежаньскія дні раптам “загаварыў” пра… Бетховена, адзначыўшы тым самым 245 гадоў з дня нараджэння вялікага класіка. Ініцыятарам таго праекту выступіў малады галоўны дырыжор Гомельскага сімфанічнага аркестра Мурад Асуіл — і мясцовыя ўлады яго падтрымалі. У абласны цэнтр прыехалі лепшыя музыканты краіны. Канцэрты суправаджаліся прафесійнымі каментарыямі — практычна сціслымі лекцыямі, майстар-класамі для творчай моладзі і ўсіх ахвотных. Выдатная магчымасць для гамяльчан далучыцца да сусветнага культурнага працэсу! А яшчэ — папулярызацыя самога горада на культурнай карце Беларусі і Еўропы.

Можна згадаць і “Студзеньскія музычныя вечары” ў Брэсце, якія ўжо больш за чвэрць стагоддзя папулярызуюць класіку. Але ж адметнасць гомельскага форуму — у ягонай скіраванасці на адну творчую асобу, жаданне паглыбіцца ў творчасць аднаго кампазітара. Такі шлях таксама мае свае плюсы: падобнае “паглыбленне” садзейнічае ўзрастанню цікавасці. Хай спачатку да адной творчай постаці. А потым — да другой, да трэцяй. Гэтак можна і ўсю гісторыю сусветнай музыкі “вывучыць”! Не засумуюць і знаўцы: штосьці накшталт “поўнага збору твораў” заўсёды дае маленькія і вялікія адкрыцці, дазваляе “пераглядзець” хрэстаматыйныя ісціны, пачуць вядомую музыку быццам упершыню, заўважыўшы ў ёй штосьці новае.

Сінтэз — не “сінтэтыка”

Яшчэ адзін плённы варыянт — спалучэнне музыкі з іншымі мастацтвамі. Той жа сінтэз музыкі і слова. Але да ўсяго можна знайсці новыя падыходы. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета правёў увесну акцыю “Чытаем Караткевіча”. У Камерную залу запрасілі знакамітасцяў са сфер культуры і спорту. Кожнаму далі прачытаць па некалькі радкоў — вершаваных ці празаічных. І ўсё гэта — на фоне фрагментаў з оперы Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда” ў фартэпіянным, зразумела, выкананні (ідэя выкарыстаць менавіта гэты оперны клавір нарадзілася ў канцэртмайстра Святланы Колас-Івановай). Пасля “чытанняў” гледачоў запрасілі на оперу, створаную паводле аповесці пісьменніка. Але гледачоў было больш, чым звычайна: такія “літаратурна-музычныя ўводзіны” вымусілі прыйсці нават тых, хто раней ні з класікай, ні з операй, ні з беларускай музыкай “не сябраваў”.

Апошнім часам сталі распаўсюджвацца тэатралізаваныя канцэрты, прычым самых розных відаў. Адна з найбольш адданых прыхільніц такой формы — салістка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Лідзія Кузьміцкая, якая некалькі гадоў запар ладзіць свае творчыя вечары менавіта такім чынам, спалучаючы вакальныя спевы з акцёрскімі міні-маналогамі. У якасці апошніх могуць быць і вершы, і ліставанне, што мае дачыненне да выконваемых твораў, і вытрымкі з даследчай літаратуры.

А “Музычная гасцёўня” ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі! Яе ініцыятар і нязменная вядучая Таццяна Старчанка выступае сапраўднай “гаспадыняй” гэтага “музычнага салона”. Нават калі выступленне ладзіцца на вялікай сцэне, адчуванне “салоннасці” ў высокім сэнсе гэтага слова, асаблівай сардэчнасці, “камернасці”, быццам звяртаюцца асабіста да цябе, не знікае. Можна згадаць і іншыя філарманічныя праекты, у тым ліку на чале з Аляксандрам Анісімавым і Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі, якім маэстра кіруе, заснаваныя на сінтэзе з літаратурным тэатрам, відэа, жывапісам, нават навукай. Такія вечары галоўны дырыжор зрабіў сапраўдным “брэндам” свайго калектыву. Узнікаюць і больш камерныя прыклады сінтэзу, дзе фартэпіянная музыка, прычым у выкананні славутага Аляксандра Музыкантава, яднаецца з псіхалогіяй, медыцынай.

Ну, а разнастайныя тэматычныя вечарыны — увогуле цудоўны пляц для любых фантазій, у тым ліку рэжысёрскіх. Дададзім, што згаданы Музычны дом “Класіка” пачаў добра “спецыялізавацца” на падобных тэматычных праграмах, паказваючы іх не толькі ў сталіцы, прычым на розных пляцоўках, уключаючы музей-сядзібу ў Лошыцкім парку, але і па іншых гарадах Беларусі. Аляксандр Чахоўскі неаднойчы выступаў і ініцыятарам класічных флэш-мобаў. Адзін з нядаўніх, нагадаем, праходзіў у сталічным гандлёвым цэнтры непадалёк ад вакзала — напярэдадні “Класікі ля Ратушы…”: оперныя спевакі выступілі “ў ролях” наведвальніка, афіцыянткі кавярні, супрацоўніка кінатэатра...

Польскі інстытут у Мінску, здольны на ўсялякага роду “крэатывы”, чарговы “Дзень нараджэння Фрыдэрыка Шапэна” святкаваў у згаданым вышэй гандлёвым цэнтры “Сталіца” (дарэчы, яшчэ да пачатку апісаных “субот” з вучнёўска-лаўрэацкімі выступленнямі). Акрамя ўласна музыкі вялікага класіка (і, вядома, аповеду пра кампазітара), арганізатары далучылі яшчэ беларускую анімацыйную стужку “Шапэн” з цыклу “Казкі старога піяніна” — з запрашэннем рэжысёра Ірыны Кадзюковай. А яшчэ — максімальна ўключылі інтэрактыў: праводзілі конкурсы, віктарыны — з прызамі, зразумела. А ў фінале святкавання выкацілі вялізны торт — і запрасілі прысутных на дэгустацыю.

А самім слабо?

Інтэрактыў — увогуле бяспройгрышны варыянт. Каб прадэманстраваць яго магчымасці, на прэс-канферэнцыі, прысвечанай “Класіцы ля Ратушы…”, журналістаў запрасілі “падыграць” на ўдарных інструментах ансамбля “Класік-Авангард”, а пасля яшчэ і “прадырыжыраваць”. А на адным з канцэртаў праекта “музыкантамі” выступалі гледачы — гэтак жа, як гэта было і ў філармоніі, на адным з канцэртаў праекта “Класіка — гэта класна!” Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі на чале з Яўгенам Бушковым. У такт музыцы прысутныя на плошчы чырыкалі, квакалі, уздыхалі, хрыпелі, шамацелі праграмкамі ды іншымі лісткамі паперы — усё па загадзе дырыжора (і задуме расійскага кампазітара Міхаіла Бронера).

Штосьці падобнае прапаноўваў у свой час знакаміты англійскі кампазітар ХХ стагоддзя Бенджамін Брытэн — аўтар уласнай педагагічнай методыкі. На такім жа інтэрактыве будаваў музычнае выхаванне Дзмітрый Кабалеўскі. Прыклады можна працягваць да бясконцасці. Дык давайце іх рэалізоўваць! Не ў адзіным экземпляры, і не ў некалькіх, а куды часцей.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"