А інфармацыйная шыльдачка ўдакладняе: “Падстаўка для кветніка з двухбаковай выявай быка. Бетон арміраваны, першая палова XX стагоддзя. Знойдзеная пры расчыстцы рэчышча ракі Сож у 2008 годзе”.
Дык хто тут?..
Адліўка з вапняку, умацаваная металічнай арматурай, уяўляе з сябе сіметрычна размешчаныя бычыныя галовы. Даволі незвычайны аб’ект для нашых краёў. Але ці сапраўды перад намі “падстаўка для кветніка”? Скажам, матыў двухаблічнага Януса быў надзвычай актуальны ў грэчаскім і персідскім мастацтве VII — VI стагоддзяў да нашай эры. Пратома — выява пярэдняй часткі цела жывёлы або міфалагічнай істоты, галавы ці морды, — з’яўляецца распаўсюджанай формай фігурнага завяршэння рытона, скульптурнага афармлення капітэлі калоны, прадмета мэблі, ювелірнага вырабу. Праз увядзенне іх старажытныя народы нібы ўсталёўвалі сувязь паміж небам і зямлёй, знаходзячы дадатковую абарону і заступніцтва. Уласна з вобразам быка звязаныя міфалогія старажытных Егіпта і Грэцыі, Пярэдняй Азіі. Урэшце, любое бажаство ў часы старажытных цывілізацый магло прымаць выгляд быка або мець звязаныя з ім атрыбуты, а сімвалізм быка звязаны з магутнай жыццёвай энергіяй. Вядома, рэлігійная падаплёка даўно змянілася сімвалічным значэннем жывёлы, але праявы “татэмізму” ў пэўным выглядзе дагэтуль прысутнічаюць.
Быкі з парку Палаца Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі. / Фота прадастаўлены аўтарам
Навошта?..
Да каго прыйшла ідэя размясціць быкоў у гомельскім парку? Шыльдачка пад помнікам абвяшчае, што часам стварэння з’яўляецца першая палова XX стагоддзя. З 1903 па 1917 год маёнткам кіравала ўдава княгіня Ірына Паскевіч. Ці магло яе цікавіць узвядзенне падобных скульптур, калі палацава-паркавы ансамбль меў цалкам завершаны выгляд? Наўрад ці.
У савецкі перыяд для ўпрыгожання парку культуры і адпачынку імя Луначарскага, нароўні з помнікамі Сталіну і Леніну, гіганцкімі жабамі, дэльфінамі і аленямі ля фантанаў, наўрад ці магла паўстаць патрэба дапоўніць агульную карціну скульптурай каменнага ліцця ў гістарычным стылі. Хіба скульптура зубра, думаецца, магла б з’явіцца. Сімвал Беларусі ўсё ж такі. Прычым паўстала б такая выява цалкам, таму што ў выпадку з зубрам асабліва важны выразны кантраст магутных грудзей, што зліліся з галавой, і амаль вытанчанай задняй часткі тулава. Аднак і партрэтнае падабенства тут не на карысць зубра.
Гісторыя, цалкам вычарпаная ў XIX стагоддзі
У канцы ХVIII стагоддзя вызваленае ад абавязковай дзяржаўнай службы дваранства ўзялося ўладкоўваць свае сядзібы, кіруючыся густамі яшчэ XVII стагоддзя. Гэтай моды прытрымліваліся ўсе, пачынаючы з расійскіх імператараў. Вялікай папулярнасцю карысталіся палотны мастакоў-класіцыстаў Нікаля Пусэна, Рычы Марка, Ісака дэ Мушарона, Юбэра Хюбэра (адзін з яго твораў уваходзіў у збор Фёдара Паскевіча) ды іншых песняроў “маляўнічых руін”.
“Шляхецкія гнёзды” і сёння дзівяць пачуццём гармоніі, якім прасякнуты ансамблі палацаў і паркаў таго часу. Перлінай сярод падобных можна назваць гомельскі палац. Адам Ідзкоўскі, вядомы польскі архітэктар, прапанаваў новым уладальнікам маёнтка князям Паскевічам мадэль пераўтварэння класічнай архітэктуры ў духу 30 — 40-х гадоў XIX стагоддзя. Мосцікі, лебедзі, аркі, калоны і паўкалоны, разнастайныя вазы і, вядома, мармуровыя фігуры павінны былі цешыць вока. Праект Ідзкоўскага, як вядома, быў максімальна рэалізаваны.
Развіццём палацава-паркавай інфраструктуры асабліва інтэнсіўна займаўся Фёдар Паскевіч, які ўспадкаваў гомельскі маёнтак у 1856 годзе. Ён пражываў у ім, у адрозненне ад бацькі Івана Фёдаравіча, які служыў намеснікам імператара Мікалая I у Варшаве і там жа памёр. Дык вось, пры Фёдары Паскевічы замест ганка з прыступкамі ля ўваходу ў палац быў размешчаны дугападобны пандус для ўезду і спуску карэт, з боку ракі з’явілася паўцыркульная тэраса з гротам, у зімовы сад і аглядавую вежу быў ператвораны цукровы завод, былі ўзведзены для пахавання членаў сям’і Паскевічаў капліца з пахавальняй. Праўда, нам не вядома, як ставіўся найяснейшы князь да паркавай скульптуры. Прынамсі, з дахаў “Гомельскага замка” статуі зніклі.
Дык пра што маўчаць камяні?...
“Трэба ўсім растлумачыць, — пісаў у сярэдзіне XIX стагоддзя Мікалай Пагодзін, гісторык, пісьменнік, журналіст, акадэмік, — што вузкае акенца ў царкоўнай сцяне, тая ці іншая лінія ў разьбяных і ляпных упрыгожваннях, пэўныя дзверы, шматок закляклай скуры, знак, выразаны на камені, гліняная рэч або медны крыжык, абразок са сцёртымі надпісамі, старая цэгла — таксама помнікі, у некаторых выпадках значна больш каштоўныя, чым залатое маніста або срэбныя каралі”.
Да гэтага часу на тэрыторыі парку знаходзяць фрагменты мармуровых скульптур, а цагляны мур XIX стагоддзя пастаментаў пад скульптуры хаваецца пад насыпнымі кветнікамі. Рэстаўрацыя палаца, якая завяршылася да 2004 года, вярнула яму велічнае гістарычнае аблічча, балазе аўтэнтычнасць і гістарызм дарэвалюцыйнай культурнай спадчыны цяпер “каціруецца”. Пластыка ж вялікіх і малых формаў застаецца дакладным злепкам сваёй эпохі. Напрыклад, як выразна перадае час стварэння помнік Мікалаю Румянцаву, усталяваны перад палацам у 1996 годзе. У адрозненне ад вобразу кабінетнага вучонага і дзяржаўнага дзеяча пачатку XIX стагоддзя, якім напісаны Румянцаў сваім сучаснікам, англійскім мастаком Джонам Доу, тут чырвоны камандзір з жалезнай мускулатурай заклікае да бою. Адбіўся ў выяве, відаць, шматгадовы падыход да стварэння помнікаў невядомаму салдату. А дзве вазы каменнага ліцця ў выглядзе кратараў з другога боку палаца, якія перажылі амаль у поўнай захаванасці дзве вайны, дзякуючы вапне набылі агульны выгляд з грубаватымі бетоннымі кветнікамі, усталяванымі на тэрыторыі парку ў наш час. Ніхто не патрабуе піетэту да неабходнага сёння паркавага аксэсуара, але гістарычныя вазы безумоўна вартыя ўвагі, і акурат яны шмат страцілі ад такога падабенства.
Нядрэнна ўпісалася ў асяроддзе бронзавая скульптура князя Паскевіча з сабакамі гомельскага аўтара Вячаслава Далгова. Можа быць, дзякуючы некатораму “натуралізму” (сабакі — яны і ёсць сабакі), а можа і размяшчэнню ўдалечыні ад палацавай архітэктуры, гэты аб’ект не ўступае ў супярэчнасць з гісторыяй, а ўносіць разнастайнасць ва ўпрыгожванне сучаснага ансамбля. Дарэчы, музей, абапіраючыся на дакументальныя крыніцы, плануе абнавіць помнік генералу-фельдмаршалу Івану Паскевічу, які існаваў калісьці на тэрыторыі парку.
Але ж ні на воднай фатаграфіі за апошнія 150 гадоў няма скульптуры быкоў. Ніхто са старажылаў не пакінуў пра яе вусных сведчанняў. Толькі вядомы гомельскі краязнаўца Уладзімір Літвінаў згадвае, што ў юнацтве яму давялося бачыць, як некалькі (!) падобных скульптур валяліся на зямлі каля будынка падстанцыі за Лебядзінай сажалкай.
Алена КАЛУГІНА, малодшы навуковы супрацоўнік Музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля