Анімацыйныя прагалы

№ 33 (1263) 13.08.2016 - 20.08.2016 г

Інавацыі пачынаюцца з мультсерыяла? або Зноў пра тое, што рэдкая птушка “даляціць” да эфіраў з нашым кіно

Правобраз стартапа — Нулік

Цягам тыднёвага адпачынку з амаль трохгадовым дзіцем проста немагчыма не натрапіць на тэлеменю з мультфільмамі (некаторыя сем’і, адмовіўшыся ад “зомбаскрыні”, карыстаюцца для спажывання анімацыі, скажам, планшэтам ці ноўтбукам). І ведаеце, тыдзень прагляду пераканаў мяне: расійскія мультсерыялы скіраваныя не проста на забаву, а на фарміраванне сутнасна новага светапогляду ў чарговым пакаленні дзяцей.

“Фіксікі”, “Наватары”, “Пін-код” — нават назвы намякаюць на акрэслены падыход у іх прадзюсараў: вучымся вынаходзіць, генераваць ідэі, прапаноўваць інавацыі. Ды нават у абрыдлых, падаецца, нават дзецям “Смяшарыках” ці “Мішках-мімімішках” ёсць добры “загруз” на тэму “зрабі сам”. Пра што гэта сведчыць? На маю думку, пра тое, што стваральнікі навуковага цэнтра “Сколкава” ў нашых усходніх суседзяў не толькі ўмеюць вынаходзіць жорсткі дыск на 50 Мб з неўздымнай вагой і вар’яцкім коштам. Пры ўсім скепсісе адносна некаторых другасных распрацовак тое “Сколкава” на слыху. А на месца сённяшніх навукоўцаў прыйдзе тое пакаленне, якое, паводле адной з тытульных песенек серыяла “Наватары”, будзе сапраўды гатовае да закліку “а ты изобрети, а ты изобрети”.
/i/content/pi/cult/599/13311/4-1.jpg
А што ў нас? На жаль, праграм ці тым больш анімацыі, прысвечаных уласна беларускай навуцы, у нас, падаецца, няма ў тэлеэфіры. Прынамсі, сістэмных. Сумныя дакументальныя фільмы з сухімі біяграфіямі сучасных вучоных-юбіляраў — гэта суцэльныя хваласпевы на адрас асобы, але не навукі. І дзецям іх не пакажаш. Праўда, і на агульнанавуковыя тэмы для шырокай аўдыторыі праграм у нас вобмаль. А іх, найперш дзіцячых, юнацкіх, маладзёжных, з нестандартнай аператарскай работай, з небанальнымі тэкстамі ў вядучага, якому, дарэчы, давяраў бы юны глядач як правадніку ў свет навукі, з наўмысна кліпавай падачай фактаў і звестак, так не стае. Урэшце, спадзявацца на іх з’яўленне не выпадае.

Як і на з’яўленне серыяльнай анімацыі з канкрэтна зададзенай мэтавай аўдыторыяй (дзеці, скажам ад 3 да 10 гадоў) і, уласна, вызначанай мэтай: падрыхтаваць пакаленне інаватараў. Колькі ні рупіліся б мы пра духоўнае ў юнай асобе, пра яе культурны стрыжань, нельга адмаўляць: сістэма прафарыентацыі ў нас пачынае дзейнічаць усё ж значна пазней. А ўявіце як узрасла б яе эфектыўнасць, каб дзіця ў 10 гадоў ведала калі не будучую спецыяльнасць, дык, прынамсі, жаданы кірунак наступнага навучання, сферы дзейнасці? І я ўпэўнены: для гэтага нам патрэбны свае “Фіксікі”, “Наватары”, “Пін-код”.

Шаноўныя прафесіяналы ад анімацыі, мусіць, скажуць: “Папса!” Фармальна — так. Але ж паспрабуйце зірнуць пад прапанаваным мной вуглом. Будучыня пачынаецца сёння, ці не так? І можна (патрэбна нават) ганарыцца дасягненнямі нашай фестывальнай анімацыі. Але нельга забывацца на свайго спажыўца, якому патрэбны і “ўнутраныя” мультсерыялы на шмат-шмат серый, каб было што паказаць блокамі ў тэлеэфіры. А яшчэ — неэкспартныя мультфільмы са сваімі супергероямі (нацыянальнага кшталту, скажам, вакол пушчанскіх валадароў зуброў разыграць гісторыю Вітаўта і Ягайлы — мая даўняя мара), каб было на што дзяцей з бацькамі ці класам выправіць у кінатэатр. Ну і дазвольце памарыць пра дзіцячы тэлеканал з беларускім кантэнтам, прычым з, прынамсі, напалову беларускамоўным. Карацей, паставіць “птушачку” ў клетцы калі не “зроблена”, дык “запланавана” побач з гэтымі ідэямі нельга. Затое будзем зноў і зноў наракаць на непрайм-тайм для нашай анімацыі і скардзіцца, што яе мала хто глядзіць. А мо проста час паралельна з ёй рабіць найперш глядзібельныя рэчы “на спажыўца” і выпрацаваць для гэтага схему фінансавання, магчыма, і з боку дзяржавы для пачатку (але не толькі)? Бо тут не 10 стужак патрэбна, а сотні пяці-сяміхвілінак за год.

Ды і паспрабуй прыдумаць такіх герояў, такую іх візуалізацыю, каб дзіця не толькі спяшалася паглядзець чарговую серыю, але і з задавальненнем “заліпала” на паўторах, каб пасля патрабавала набыць значок, рукзачок, дзённік з тымі самымі Лясяшамі ці Сімкай і Нулікам. Я ў гэтай сістэме бачу стройнасць: спачатку малое пабачыць Нуліка (блакітны болцік, калі я не памыляюся) у звычайным болціку ў бацькавай скрыні з інструментамі, а пасля закруціць “нулікамі”, ужо забыўшыся пра іх існаванне нават, дэталі свайго першага вынаходніцтва. Падаецца, кола замыкаецца: справа зроблена, сацыяльны эфект дасягнуты. Гэтая думка яшчэ больш для мяне стала відавочнай, калі аўтарытэтны ў справе навацыі заснавальнік партала Tut.by Юрый Зісер так пракаментаваў на сваёй старонцы ў Facebook трэцюю перамогу ў конкурсе праграмавання Google юнага беларускага праграміста Генадзя Караткевіча: “Як ведаць: гэты хлопец можа стварыць стартап-забойцу Гугла, зноў будзем ганарыцца”.

У тэму да сваіх разваг нагадаю вось якую цытату з выступлення Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі падчас V Усебеларускага народнага сходу: “Трэба кіравацца правілам, што найважнейшая сфера капіталаўкладанняў — інавацыі, гэта значыць стварэнне новай, навукаёмістай прадукцыі, канкурэнтаздольнай на сусветным рынку”. Гэта ж, на маю думку, тычыцца і культуры, і, калі казаць прыватна, тых самых адсутных у нас мультсерыялаў. Калі суседзі пра гэта рупяцца сёння (у тым ліку праз фінансаванне з боку мясцовага Міністэрства культуры, пра што сведчыць уступны цітр да кожнай з серый), вынік будзе заўтра ў выглядзе актыўных “сколкаўцаў”. Сёння не прамінула, упэўнены, і для нас, а Нацыянальная акадэмія навук ці Парк высокіх тэхналогій, мяркую, не адмовіліся б ад удзелу ў падобным праекце, скіраваным на пакаленне наватараў-стартапераў.

Сяргей ТРАФІЛАЎ

ТВТ пакалення next

Айчынныя аніматары не любяць, калі іх просяць зрабіць беларускі аналаг папулярнага ў свеце мультсерыяла. Маўляў, у любым выпадку гэта станецца толькі клонам вядомай стужкі. Яны маюць рацыю, але я не адмаўлялася б ад добрай ідэі стварыць беларускі фільм адукацыйна-вынаходніцкага кірунку… Рызыкну прапанаваць звярнуцца да нацыянальнай літаратурнай класікі, каб паспрабаваць перарабіць яе ў сучасны арыгінальны прадукт.

Напярэдадні Дня ведаў мас-медыя стракацяць абурэннямі настаўнікаў на цяперашніх школьнікаў, якія з лёгкасцю карыстаюцца любымі гаджэтамі, але пры гэтым абсалютна бездапаможныя ў элементарных рэчах, якія тычацца бытавых пытанняў. Каб нешта вынайсці, спачатку неабходна навучыцца заўважаць паломку звычайнага і ўмець гэта падправіць. Напрыклад, ведаць, што настольная лямпа “ачуняе”, калі ў ёй замяніць перагарэлую лямпачку новай, што можна і самому прышыць гузік, які вылецеў са школьнай формы, і не бегчы па новую машынку ў краму, а ўсяго выраўняць вось, якая пагнулася ад неналежных нагрузак. Нічога не нагадвае? Ёсць цудоўная аповесць Янкі Маўра “ТВТ”, якраз на тэму таго, як з дробнымі паломкамі можа справіцца любы шкаляр, галоўнае — зразумець праблему і не баяцца паспрабаваць самастойна яе выправіць.

Вось той нацыянальны трэндавы матэрыял, які сам просіцца ў рукі! Канешне, з аповесцю, напісанай у 1934 годзе, неабходна шмат працаваць, каб пакінуць за дужкамі адпаведны таму часу ідэалагічны падтэкст. Патрэбна будзе замест архаічных рэчаў накшталт паламанага прымуса скласці новы спіс звычайных для сучасных кватэр прыбораў, прыдумаць новую абрэвіятуру ці іншую расшыфроўку загалоўку, бо наўрад ці фокус-група з цяперашніх дзяцей з запалам успрыме “Таварыства Ваяўнічых Тэхнікаў”. Не верыце, што з гэтага можа нешта атрымацца? Аднак звышпапулярны ў дзятвы (між іншым, і іх бацькоў) серыял “Фіксікі” мае ў аснове аповесць Эдуарда Успенскага “Гарантыйныя чалавечкі”. Сцэнарысты каменя на камені не пакінулі ад першапачатковага даволі састарэлага тэксту, змяніўшы імёны герояў, іх вобразы, сюжэтныя лініі і многае іншае. Яны зачапіліся толькі за ідэю — і атрымалі надзвычайны вынік!

Творы Янкі Маўра — сапраўдная скрабніца ідэй для пераасэнсавання і сучаснага ўвасаблення, варта толькі прыгледзецца. З “Палескіх рабінзонаў” можа атрымацца прыгодніцкая стужка для юных натуралістаў, якая неназойліва навучыць школьнікаў разбірацца ў флоры і фаўне роднага краю. Адштурхнуўшыся ад аповесці “У краіне райскай птушкі”, можна скласці сцэнарый для навукова-прыгодніцкага мультыплікацыйнага серыяла, каб дзеці знаёміліся з культурай іншых краін. Ёсць жа ў палякаў адзін з цыклаў пра Болека і Лёлека, прысвечаны вандроўцы вакол свету, дык чаму мы пра такі варыянт не задумваемся?

Дарэчы, адукацыйная скіраванасць серыялаў дапаможа пазбавіцца “ахілесавай пяты” нашай анімацыі: яна адразу адкрывае рэальныя рынкі збыту прадукцыі. Калі цяжка прабіцца на тэлебачанне і на экраны кінатэатраў, трэба выходзіць на школы. Зараз не толькі сталічныя, але і рэгіянальныя ўстановы сярэдняй адукацыі аснашчаны відэапраектарамі. Яны могуць закупіць мультсерыял у якасці нагляднага дапаможніка для малодшых класаў, а таксама для адпаведных дысцыплін накшталт біялогіі, геаграфіі, гісторыі — у залежнасці ад зместу стужкі.

Для папулярызацыі новых айчынных персанажаў можна выкарыстаць… сеткавыя крамы. Пад Новы год адна з беларускіх сетак заказала вялікі тыраж календароў з “Машай і Мядзведзем”, а потым бясплатна раздавала згодна з пэўнымі лічбамі у таварным чэку наклейкі да яго. Ці трэба казаць, што калекцыянаваннем тых мультвыяў “захварэлі” многія дзеці, а раздзявальні дзіцячых садоў і малодшых школ хутка ператварыліся ў пункты абмену “паўторак”. Праз паўгода сетка вырашыла паўтарыць трук ужо з чарговым сіквелам “Ледніковага перыяду”. Чаму не паспрабаваць маркетынгавы ход у адваротным кірунку: выпусціць альбом з кадрамі з айчыннай анімацыі, каб, заахвоціўшы яскравымі малюнкамі, прывесці патэнцыйную аўдыторыю да экрана?

Іншымі словамі, ідэі ляжаць на паверхні. Іх можна прапанаваць у якасці новай культурнай ініцыятывы, дарэчы. Зразумела, што стварэнне мультыплікацыі вымагае мноства як творчых, так і фінансавых намаганняў, што нашым аніматарам як паветра не стае індустрыі, таленавітых менеджараў і маркетолагаў. Але можа прыйшоў час не пабаяцца і паспрабаваць зрабіць, пакуль гэтая тэма сапраўды запатрабаваная?

Настасся ПАНКРАТАВА

Па ранейшаму незнаёмы

Па шчырасці, ужо нямала тэкстаў напісана пра тое, якая павінна быць наша анімацыя і чаго ёй не хапае. Але давайце вернемся да таго, на якіх “чароўных сайтах”, як спявае папулярны гурт “J:Морс”, яна дэманструецца, і дзе “лавіць” тую “залатую рыбку”. На фестывалі анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” ў Магілёве, які ладзіцца раз на год? На беларускіх тэлеканалах, якія робяць-такі паказы раз-пораз? У якіхсьці крамах, дзе прадаюцца дыскі з беларускімі мультфільмамі (а такія былі, між іншым)? Тыя выбраныя месцы, скажам шчыра, што прыкласці трыпутнік да бальной нагі: штосьці робіцца, але чамусьці выніку асабліва не заўважна.

Па-сутнасці, я — пра тое, што кантакта беларускай анімацыі з гледачом па-ранейшаму не адбываецца. Так, работы беларускіх майстроў ёсць у інтэрнэце. І буйныя медыя не аднаразова прысвячалі публікацыі з “відэа” праблемам айчыннай анімацыйнай індустрыі. Але ўсё гэта, на мой погляд, адзінкавыя стрэлы на фоне рознакаляровага феерверку амерыканскай, еўрапейскай і расійскай прадукцыі, што пануе навокал. Сёння проста паказаць свой фільм дзесьці там не дастаткова — час патрабуе іншых падыходаў. І адзін з іх — выбудоўваць свае асобныя каналы да гледача, дасягаючы праз іх персанальнай, а не абстрактнай камунікацыі з ім, і няспынна рэкламавацца. Ці назіраем мы штосьці падобнае? Не!

Дзеля справядлівасці, можна ўсё ж назваць адну пляцоўку, якая сістэматычна выходзіць да публікі, — згаданы вышэй фестываль “Анімаёўка”. Форум стварае пэўны кантэкст, дае знак аўдыторыі, якой цікава паглядзець менавіта анімацыю. Магчыма, яго “пазыўныя” сёння не такія чутныя, ды і ўнутраная структура патрабуе новай “камплектацыі”, але ён ёсць, і працаваць з ім можна. Тэлебачанне? Мяркую, большасць спажыўцоў тэлекамунікацыйных аператараў цудоўна ведаюць тры мульт-“дэсанты”: “Карусель”, “Nickelodeon”, “Мульт”; ды яшчэ ёсць у наяўнасці асобны пакет “Дзіцячы”, у які ўваходзяць пяць каналаў. Толькі, на жаль, беларускай прадукцыі на іх — не больш за 1%. (Пакінем гэты працэнт, таму што на расійскіх кабельных, бывае, дэманструюцца стужкі беларускіх аўтараў, але, вядома, тое зусім не правіла). Беларускае тэлебачанне? Акрамя перадачы “Калыханка” там увогуле складана адшукаць праграмы, дзе дэманструюцца мультфільмы; “Паца Ваца” даўно “спачыў”, асобнымі паказамі на “Беларусь 3” прагалы не залатаеш…

Вось тут давайце і паспрабуем шчыра адказаць сабе на пытанне: ці прысутнічае ў сённяшнім медыйным полі — менавіта на сталай аснове, а не ў выглядзе выпадковых эфіраў — анімацыя “made in Belarus”? Напэўна, не. Кінатэатры? Тут увогуле пра канкурэнцыю казаць не даводзіцца: “піксараўская” анімацыя з папкорнам і газіроўкай — і рэдкі творчы вечар беларускага аніматара? Пры ўсёй павазе да апошніх, мяркую, сённяшні дарослы спажывец хутчэй павядзе дзіця на той сеанс, што больш даступны (у сэнсе, частаты паказаў) для пачатку. Дык чаму здзіўляцца тады, што маленькі глядач заваяваны сёння Спанч Бобам, фіксікамі, жывёламі Зверафермы, усім, кім хочаш, але не дзяўчынкай Жэняй, Піліпкай, Несцеркай, Мышкай ці Рыбкай па імені Нельга з аднайменных фільмаў беларускіх аніматараў? Большасць дзяцей проста не ведае гэтых герояў. Я не слепа трымаюся за перавагу нашай прадукцыі, кажу ўсяго пра тое, што глядач з ёй па-ранейшаму проста не знаёмы.

Як бы журналісты, кінакрытыкі, кінематаграфісты і мастакі не аддавалі належнае майстэрству і школе беларускіх аўтараў, іх мастацкай пазіцыі, але спецыфіка часу сёння такая, што перамагае не толькі таленавіты, але і той, хто не спыняецца прасоўваць сябе, робячы, уласна, і свой шлях да публікі спажывай для розуму. Для каго робіцца фільм? Якую рэакцыю ён выклікае? Хто яго патэнцыйная аўдыторыя? Не “арганізаваны” глядач, а жывы, выпадковы. Шукаць “фідбэк”, цікавіцца — што бачаць дзеці, дарослыя ў стужках, якія сёння ёсць кропкі судакранання аўтара і гледача? Чым жыве дзіцячая аўдыторыя і якое пакаленне (як яго назваць — 2020?) расце зараз “на нашых вачах” ды пры, здаецца, нашым удзеле? Мне падаецца, што гэтага ўзаемнакарыснага працэсу паразумення паміж нашым аўтарам і гледачом не адбываецца — і адпаведна няма і феномену беларускага анімацыйнага кіно.

Тут важна падкрэсліць вельмі далікатную рэч. Пазіцыя мастака заўжды, на мой погляд, павінна заставацца на першым месцы. Але ствараць фільмы “ў нікуды”, застаючыся на выспе сваёй мастацкай выключнасці, — шлях тупіковы. Галоўная праблема сёння ў тым, што каналаў сувязі — у самым шырокім сэнсе, камунікацыі стваральнікаў анімацыі “made in Belarus” і гледача, які расце ў Беларусі, катастрафічна не стае. Іх, лічы, няма, а значыць, ацаніць у канкрэтных персанальных рэакцыях дзяцей і дарослых айчынную прадукцыю немагчыма.

Наша анімацыя з яе цудоўнымі аўтарамі, на жаль, па-ранейшаму знаходзіцца ў ізаляцыі. А значыць, папраўляць нам, па-сутнасці, і няма чаго — па шчырасці, мы не ведаем, якія героі яе насяляюць. Вось будзе свой тэлеканал беларускіх фільмаў — тады і пагаворым.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах
Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"