Што можа грамадства?

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

Каб ведаць, што адна і тая ж зямля ў розныя гады мае розную ўрадлівасць, не абавязкова быць спецыялістам у галіне сельскай гаспадаркі. Бо, калі хочаш ад глебы нешта мець, трэба яшчэ дадаць сваю руплівасць. Аднак усе намаганні могуць не прынесці жаданага выніку праз неспрыяльнае надвор’е. А яшчэ здараецца, што ўрадлівыя грады ператвараюць у газон з меркаванняў прагматычных: ураджай не апраўдвае ўкладзеных высілкаў і сродкаў. Навучальны працэс мае пэўнае падабенства з сітуацыяй, якую я абмаляваў вышэй.

/i/content/pi/cult/596/13252/7-1.jpgКадравы і матэрыяльны патэнцыял навучальнай установы, а таксама яе традыцыі можна параўнаць з урадлівай глебай, укаранёнасць у якую дае плён толькі пры руплівасці вучня і настаўніка. Спрыяльнае надвор’е — гэта гарантаваная дзяржаўная падтрымка вучылішча, універсітэта, акадэміі. Але ўсё гэта можа і не спрацаваць ці спрацаваць не надта эфектыўна, калі да гэтага не надасца важны вонкавы чыннік — усведамленне грамадой актуальнасці ведаў і запатрабаванасці кваліфікацыі, якія тыя навучальныя ўстановы даюць сваім выпускнікам. На практыцы гэта азначае для выпускніка адсутнасць вартай перспектывы, што, у сваю чаргу, пэўным чынам адаб’ецца на навучальным працэсе.

Я не адзін год назіраю за абаронаю дыпломных работ на двух факультэтах БДТМІ/БДАМ: дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама — мастацкага. На маю думку, у кожнай такой імпрэзе можна вылучыць работу, якая сваёй формай і зместам відавочна адлюстроўвае існы стан мастацтва і верагодны напрамак ягонага развіцця ў блізкай перспектыве. Такія творы надоўга запамінаюцца. Прычым, я разумею, што якасныя ацэнкі ды і сам адбор у дадзеным выпадку маюць характар суб’ектыўны.

У 1975 годзе я, студэнт БДТМІ, быў вельмі ўражаны дыпломнай работай графіка Сяргея Халамава “Спорт”. Экспрэсіўная, я сказаў бы — калючая, манера аўтара выразна выбівалася з уласцівай таму часу стылёвай плыні. А змест тычыўся не стадыёнаў, а жыцця. Вось вялікі натоўп кідаецца да нейкай фантомнай мэты, дасягаюць жа фінішу стомленыя адзінкі. Працэс адбываецца на вачах гледачоў, што не хаваюць эмоцый, і суддзяў, цалкам эмоцый пазбаўленых. Апошні аркуш серыі называўся “Эстафета”: усё паўторыцца зноў, па тым жа сцэнарыі…

1976 год. Ілюстрацыямі да “Пінскай шляхты” абараняецца графік Уладзімір Савіч. На маю думку, гэта і па сёння лепшая графічная інтэрпрэтацыя літаратурных вобразаў Дуніна-Марцінкевіча і адзін з каштоўнейшых твораў так званай “этнаграфічнай” плыні ў нашым мастацтве.

1978 год. Дыпломная работа скульптара Святланы Гарбуновай “Сымон Будны”. Усталяваны ў Нясвіжы як помнік рэфарматару-асветніку, гэты твор — класіка нашай манументальнай скульптуры.

1987 год. Валерый Янушкевіч прадстаўляе на абарону натуральнага памеру рабочую мадэль помніка Адаму Міцкевічу. Сёння помнік упрыгожвае Навагрудак. Магу сцвярджаць, што ён, як мінімум, не горшы за тыя помнікі паэту, што стаяць у Львове, Варшаве, Парыжы, а з нядаўняга часу — і ў Мінску. Гэта таксама ўжо класіка. Тады ж Сяргей Логвін прадставіў на абарону дыплома помнік расстраляным акупантамі ваеннапалонным. Усталяваны ў Мінску на скрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Калініна.

1990 год. Манументаліст Алесь Пушкін зрабіў роспіс “Парнат” у фае актавай залы Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве. Вядомы маскоўскі мастак, які быў на той абароне старшынёй Дзяржаўнай камісіі, сказаў, што каб гэтай работай, якую зрабіў адзін чалавек, абараняўся цэлы курс, усе атрымалі б найвышэйшую адзнаку. Маскоўскі мэтр павіншаваў Беларусь “з нараджэннем вялікага мастака”.

1992 год. Акадэмію заканчвае графік Юрый Якавенка. У ягонай дыпломнай рабоце “Архіпелаг” ужо выявіліся рысы непаўторнага стылю і арыгінальнага мыслення — чыннікі, што прынеслі аўтару славу далёка за межамі нашай краіны.

1997 год. Мастак-манументаліст Ларыса Макатун, дыпломная работа — пано “Дзяцінства Еўропы”: арыгінальная, псіхалагічна глыбокая трактоўка антычнага міфа пра выкраданне Еўропы. Наяўнасць псіхалагізму ў манументальным творы — з’ява рэдкая.

2001 год. Графік Алена Каламіец абараняецца серыяй аркушаў “Радзівілы”. Гэты твор на той момант стаўся візуалізацыяй грамадскай думкі пра неабходнасць вяртання ў беларускі гістарычны кантэкст сацыяльнай эліты, выбітнымі прадстаўнікамі якой з’яўляюцца Радзівілы.

...Я згадваю абароны дыпломных работ, на якіх прысутнічаў, і творы, якія бачыў на свае вочы. А згадаў я гэтую даўніну з тае прычыны, што ўжо працяглы час абарона мастацкага факультэта не пакідае ў мяне такіх яскравых ўражанняў. Прытым, што якасць адукацыі не пагоршылася, а новае пакаленне выкладчыкаў акадэміі — гэта асобы з багатым досведам, творча актыўныя. Досыць высокі быў прафесійны ўзровень работ і на сёлетняй абароне. Няма падстаў сумнявацца ў таленце і інтэлекце выпускнікоў. Але ж чамусьці пабачанае мяне не зачапіла ні тэмамі, ні сюжэтамі, ні вобразным ладам.

А калі я параўноўваю, скажам, згаданыя вышэй дыпломы Гарбуновай, Логвіна, Янушкевіча з сёлетнімі кваліфікацыйнымі работамі скульптараў, мне падаецца, што вялікая эпоха адышла ў нябыт. А тое, што прыйшло ёй на змену, не мае пакуль уцямнага вызначэння. Зрэшты, пра іншыя творчыя спецыялізацыі гэтай абароны можна сказаць нешта падобнае. Змяніўся, здрабнеў маштаб “манументалкі”, ад тэм грамадскага гучання адышоў жывапіс. Па-ранейшаму высока трымае планку графіка, але ў асноўным за кошт тэхнічнага патэнцыялу.

Атрымліваецца, што і глеба ўрадлівая, і садоўнікі руплівыя, а вынік не той, на які можна было б пры гэтых чынніках разлічваць. У дыпломных работах сёлетніх выпускнікоў мастацкага факультэта адсутнічае сацыяльны маштаб і псіхалагічная глыбіня, уласцівыя творчасці пакалення, якое колісь у той акадэміі вучылася, а сёння працуе ў ёй выкладчыкамі. Чаму ж у адной alma mater такія розныя дзеці?

Я бачу прычыну гэтай з’явы ў вонкавых варунках, у тым, што адбываецца не ў самім мастацтве, а вакол яго. Сёння, калі ў грамадстве пануе практыцызм і функцыянальнасць, у сферы эстэтыкі рэй вядзе дызайн. Мастацтва ж выяўленчае, якое, скажам так, абслугоўвае на чалавечым узроўні пачуцці, а на сацыяльным — ідэалогію, адсунута на перыферыю. Калі на першых курсах у студэнта мастацкага факультэта яшчэ захоўваецца рамантычнае ўяўленне пра будучую прафесію, дык бліжэй да дыплома ён ужо мае даволі аб’ектыўнае ўяўленне пра рэчаіснасць, з якой сутыкнецца пасля заканчэння ВНУ. І верагодна, што ў рэчаіснасці гэтай ён будзе працаваць не на дзяржаву і грамадства, а на прыватнага замоўцу. Альбо ўвогуле працы па спецыяльнасці не будзе мець. Гэта ж нездарма апошнім часам на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага мастацтва выпускнікі абараняюцца аздобаю інтэр’ераў прыватнага жытла. А ад жывапісцаў я чуў, што гаму карціны часам вызначае не сюжэт, а колер сцен жытла ці офіса, якому мастацкае палатно мусіць паводле жадання замоўцы адпавядаць. Так што сёння маем у выяўленчым мастацтве іншы маштаб, духоўны і фізічны.

А калі так, дык чаго замарочвацца праектамі, кшталту тых, пра якія сказана ў першай частцы нататак; рабіць тое, на што няма ні замоўцы, ні пакупніка? Лепей засяродзіцца на чымсьці відавочна ліквідным. Не будзем, так бы мовіць, гарод гарадзіць, з якім клопату не абярэшся, а зладзім раўнюсенькі газон. І зменіцца сітуацыя ў лепшы бок, у сэнсе — вернецца да сацыяльных стандартаў і манументальнага маштабу, які быў у нашай нядаўняй гісторыі, калі патрэбу ў гэтым адчуе грамада, а замовіць дзяржава. Ну, а пакуль акадэмія мае клопат не згубіць высокія стандарты навучання ва ўмовах зніжэння эстэтычных запытаў грамадства. З іншага боку, акадэмія — дастаткова аўтарытэтная ўстанова, здольная станоўча ўплываць на грамадства і дапамагчы дзяржаве вызначыць культурныя прыярытэты.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"