— У які момант і пры якіх абставінах ты зразумеў, што Беларусь мае патрэбу ў такім міні-туры?
— Усе гады майго свядомага жыцця я пра гэта думаў. Таму што сітуацыя з культурай вакол як была, так і застаецца пасіўнай. Канешне, вельмі прыемна, што ў нас цягам некалькіх гадоў каля Ратушы ладзяцца вечары класічнай і джазавай музыкі, бо людзі з такой музыкай амаль не знаёмыя — большасць чакае хлеба і відовішчаў. А гэта, дарэчы, вялікая праблема, таму што ў нас класічную музыку слухае толькі пэўны пласт людзей, які хоць неяк з ёй звязаны.
Кожнае лета ў Мінск з-за мяжы прыязджаюць мае сябры-музыканты, і мы думаем, што будзем рабіць у бліжэйшыя месяцы. Напрыканцы мая з’явілася спантанная ідэя: а можа, паехаць? Тым больш ёсць пэўныя людзі ў рэгіёнах, якія дапамогуць з арганізацыяй. Я пачаў абзвоньваць іх і пытацца, ці можна нам разлічваць на канцэрты ў чэрвені. І ў нас атрымалася. Хаця неаднойчы нас папярэджвалі: лета, ніхто не прыйдзе. Узнікае адчуванне, што падчас адпачынкаў людзі ў Беларусі проста знікаюць. Часцей за ўсё беларусаў можа сабраць толькі гучнае імя кшталту Башмета, Співакова, у той час як, напрыклад, у Расіі ўжо ёсць свая выхаваная публіка, якая цікавіцца рознымі фестывалямі і ў залах не пакідае вольных месцаў.
— Растлумач, калі ласка, па якім прынцыпе выбудоўваўся ваш маршрут?
— У Жлобіне я бываў, рыхтаваўся да конкурсу, мяне сюды запрашалі. А дзякуючы маёй сяброўцы, што родам з Барысава, нам далі пляцоўку ў музычнай школе, дзе яна вучылася. Астатнія больш-менш буйныя гарады нам не далі адказ. Што тычыцца Мінска, то ў Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага я пісаў сам. Распавёў, што мы хочам прадэманстраваць, як гэта зробім. Галерэя пагадзілася, але перад гэтым папрасіла мяне прыйсці на прэзентацыю іх выставы і сыграць на фартэпіяна. Пасля гэтага я пачуў слова “Канешне!” Установа нават дапамагла нам з афішай. Астатнія тры я рабіў сам, што не так складана. З Музеем Заіра Азгура таксама не было ніякіх пытанняў.
— Чаму вашай пляцоўкай у рэгіёнах сталі выключна музычныя школы?
— Канешне, у кожным горадзе ёсць ДК. Але нам параілі не разлічваць на якасць іх музычных інструментаў, хаця я ўсё роўна туды тэлефанаваў. У школах сітуацыя зваротная. У Барысаўскай ДМШ было нават два раялі, што дазволіла нам выканаць у дуэце джазавы твор. То бок у нас праграма перыядычна вар’іравалася у залежнасці ад абставін і ўмоў.
— Вы гралі для пэўнай аўдыторыі?
— Не. Было вельмі прыемна, калі на першым канцэрце ў Барысаве зал быў забіты поўнасцю. Для нас 100-120 чалавек сталі нечаканасцю. Канешне, прыйшлі тыя, хто вучыцца ці вучыўся ў гэтай школе, выкладчыкі, знаёмыя тых людзей, але былі і проста зацікаўленыя гараджане. На жлобінскім канцэрце публіку складалі менавіта музыканты. Ды і жыхароў у гарадах зноў жа менш, асабліва летам.
— У чым заключалася ваша задача, і ці дасягнулі вы пастаўленых мэтаў?
— Мы правялі чатыры паўнавартасныя канцэрты, паказалі, што ўмеем, вынеслі ўрокі і для саміх сябе. Арганізоўваць міні-тур — адказна не толькі перад самім сабой, але і перад сябрамі, перад публікай. Мы ўсведамлялі: ідэя — спантанная, тэрміны сціслыя. Прызнацца, я больш люблю публіку якраз несталічную, таму што людзі ў рэгіёнах больш адкрытыя. Многія мінчане ў нечым спешчаныя культурай і індустрыяй забаў. У маленькіх жа гарадах вельмі рэдка выступаюць музыканты. Насамрэч, нам часта казалі: цудоўна, што вы да нас прыехалі. А мы згодныя, тым больш гэта было і весела, і цікава.
— Ты пісаў у сваім “Фэйсбуку”, рэакцыя ў публікі была рознай. Што гэта азначае?
— Некаторым людзям больш падабаўся гук віяланчэлі, камусьці — іншы інструмент. Многім прыйшлася даспадобы рамантычная музыка. Нехта аддаваў перавагу сучаснай. Галоўнае, што людзі ўсё гэта абмяркоўвалі. І нават лепш, калі яны маюць розныя перавагі, а не сцвярджаюць, што ім проста ўсё падабаецца. Не здзіўлюся, калі камусьці з прафесіяналаў наша выкананне не падалося ўзорным. Згаджуся, што хтосьці мог чуць і больш цікавыя варыяцыі. Але наша задача была паказаць сваё ўменне і данесці да людзей цудоўную музыку. На большае мы пакуль не прэтэндавалі.
— Як ты дамаўляўся з сябрамі, асабліва з Маркам, які выправіўся ў гэту авантуру, лічы, адразу з Нью-Ёрка?
— Ды я проста яму прама напісаў: “Марк, ты гатовы граць у Беларусі?” Удакладніў, што інструменты могуць быць не заўсёды выдатнымі, а залы — нязвыклымі. Усё ж такі ён жыве ў амерыканскіх рэаліях, дзе ўсё адпавядае належнай якасці. Там і аўдыторыя значна шырэйшая. У нас жа ўсё наадварот. Пачынаючы з таго, што нашы залы для выступленняў па краіне робяць звычайныя будаўнікі. Па ўсім жа свеце за гэта адказваюць спецыялісты па акустыцы. Ведаючы ўсё тое, я насамрэч баяўся пісаць Марку, які да гэтых часоў паспеў ужо сыграць у Карнэгі-холе. Але ён згадзіўся, як і ўсе астатнія, і ніхто не расчараваўся. Галоўны ўрок, які мы вынеслі, тычыцца прафесійнага ды асабістага. Мы ўсе, блізкія сябры, неаднойчы ў гэтай прыгодзе перажывалі канфліктныя сітуацыі. І менавіта мне гэтыя прафесійныя моманты размежаваць было складана. Таму павінен навучыцца кожны творца, які плануе працаваць разам са сваімі сябрамі.
— Якія думкі засталіся пасля менеджарскага дэбюту?
— Мне заўсёды было цікава, як гэта адбываецца. У нашай краіне такі від менеджменту адсутнічае цалкам. Таму трэба рабіць усё самому.
— Гучыць як вердыкт.
— Такі прынцып работы пасуе для ўсіх, хто хоча нечага дасягнуць. Дзякуючы такім рухам, пошуку пляцовак, у мяне з’явілася многа знаёмых. Не толькі мы знаходзілі людзей, але і яны нас таксама. Там, дзе канцэрты ў рэшце рэшт прайшлі, дамовіцца не складала ніякіх праблем. Адзінае, што ў некаторых установах мы ўважліва і доўга выбіралі дату, каб яна падыходзіла ўсім, бо нам пасля туру трэба было ехаць у Львоў на майстар-класы.
— Вясенняе турнэ віяланчаліста Івана Карызны адбылося не без дапамогі магутнага спонсара. Чаму ты і твае сябры абралі зусім іншы шлях?
— Не ўлічваючы Марка, не будзем пакуль што параўноўваць сябе з узроўнем Івана Карызны і яго паплечнікаў. Яны на галаву вышэйшыя за нас, большыя прафесіяналы. Канешне, ім у гэтым выпадку знайсці спонсара было лягчэй, тым больш іх рэальна ўсе тут ведаюць. Мы ж пачаткоўцы. Дарэчы, тур Карызны сабраў поўныя залы. І атрыманыя грошы яны выдаткавалі на дабрачыннасць.
— У другі раз паспрабуеш падключыць каго-небудзь грашавітага да ідэі?
— Шчыра кажучы, напэўна, не.
— А хто, у такім выпадку, пакрываў усе выдаткі вашага міні-тура?
— У рэгіёнах канцэрты былі бясплатныя. Галерэя Савіцкага брала за ўваход на канцэрт як за звычайны білет, а музей Азгура вызначыў невялікую цану за ўваход і нават падзяліў з намі суму збораў. Дарэчы, канцэрт сабраў прыстойна людзей, у тым ліку дзякуючы вусным запрашэнням падчас “Кінемо”. У Жлобіне мы ставілі “данат-бокс”, гэта нармальная практыка па ўсім свеце, і тыя грошы акупілі нам дарогу. А ў Барысаве нас добра накармілі, ды і ехаць туды блізка. Па ўсім свеце, зноў жа, класічныя музыканты маюць магчымасць зарабіць на вуліцы, і гэта не трэба кожны раз узгадняць з гарвыканкамам. І справа нават не ў грошах, а ў тым, што падобныя выступленні — частка вулічнай і гарадской культуры. Адкуль пайшло тое ж танга? Гэта ж абсалютна барушная музыка, якую граюць у аргенцінскіх, кубінскіх барах ці каля іх. У гэтым ёсць сваё хараство. У Львове таксама адзначыў, што граюць на кожным рагу вуліц, прычым розную музыку на розных інструментах: баянах, акардэонах, струнных, на народных украінскіх. Але тут галоўнае не перайсці гэту мяжу: не застацца на вуліцы ці не “загрымець” назаўсёды ў кавер-бэнд.
— Ці многа таленавітых людзей, зусім-зусім маладых, як ты, рыхтуецца зараз вылупіцца са сваіх шкарлупін?
— Мне падаецца, многа. Канешне, з гадамі іх становіцца менш, залежнасць прапарцыйна суадносіцца з перспектывамі ў музычнай сферы. Маладым трэба не толькі расці, яны павінны мець магчымасці: ездзіць па конкурсах, канцэртах, пастаянна граць, прывыкаць да сцэны. Толькі калі малады музыкант да яе прыстасуецца, ён зможа абсалютна камфортна сябе на ёй адчуваць і паказваць свой максімум. У мяне самога яшчэ ёсць такая праблема: я граю дастаткова многа і доўга, але хваляванне перад сцэнай пакуль што поўнасцю не перамог. Увогуле, калі чалавек нешта хоча зрабіць, ён зможа знайсці сабе месца. Праблема ў тым, што месца такое можа аказацца і ў большасці выпадкаў аказваецца не ў Беларусі.