Дзі Капрыа яшчэ не ведае…

№ 30 (1260) 23.07.2016 - 29.07.2016 г

Журналісцкі аўтатур газеты "Культура" / Чым пушча не партнёр: Белавежскія акцэнты Свіслаччыны
Два артыкулы запар (апошнія ў чарговым аўтатураўскім цыкле) прысвечаны культуры Свіслацкага раёна. А яна тут — вельмі адмысловая, часам нечаканая, іншым разам супярэчлівая, але ў любым выпадку — цікавая ды перспектыўная.

/i/content/pi/cult/596/13246/10-1.jpgМы згадвалі, якія выбітныя асобы паўплывалі на развіццё свіслацкага краю. Адзін Напалеон Орда чаго варты. А Вінцэнт Тышкевіч ды Кастусь Каліноўскі?! Першы валодаў горадам, клапаціўся пра ягоную шляхетнасць, другі тут жыў, вучыўся, на справе дбаў пра будучыню “дзецюкоў“ беларускіх, за што і быў асуджаны на смерць. Мала хто пра іх сёння ведае. Згадваецца характэрнае пытанне ў сталічным тралейбусе, які ідзе па вуліцы, названай у гонар Напалеона Орды: “А пры чым тут арда?“. Калі сітуацыю не выпраўляць, застанемся не нацыяй, нават не народам — нязграбным натоўпам на святой зямлі.

І яшчэ адна папярэдняя даведка ў дачыненні да, так бы мовіць, геапалітыкі Свіслацкага раёна: на яго тэрыторыі — палова беларускай часткі Нацыянальнага парка “Белавежская пушча“. Але пра яе — трошкі пазней…

Перад Свіслацкай школай мастацтваў — бюст Кастуся Каліноўскага. Прыгледзеліся да знакамітага інсургента і ў чарговы раз здзівіліся, як ён падобны да галівудскага акцёра Леанарда Дзі Капрыа. Агульная думка літаральна скача на паверхню нашага ўспрымання рэчаіснасці: запрасіць кіназорку на “Беларусьфільм”, пераканаць яго, што такая роля толькі дадасць яму сацыяльнай значнасці. Відаць, толькі журналісты не баяцца фантастычных і, на першы погляд, не выканальных праектаў. Да “каліноўскай“ тэмы мы будзем звяртацца яшчэ не раз…

Скіроўваемся ў школу мастацтваў. Яе гісторыя — таксама поўная свайго драматызму. Справа ў тым, што сёлета ўстанове спаўняецца паўстагоддзя, больш за 15 гадоў яна была самым праблемным даўгабудам для мясцовага кіраўніцтва. І ўсё ж рамонт быў завершаны, і выдаткавана было на яго ў старых цэнах 14 мільярдаў рублёў. Сума ўнушальная, затое будынак ДШМ стаў адным з яркіх архітэктурных аб’ектаў цэнтральнай забудовы горада. Выхоўваюцца тут музыканты, мастакі, танцоры, апрача жывапіснага кірунку ёсць і дэкаратыўна-прыкладны.

“Баль Вінцэнта Тышкевіча“

Дырэктар Марына Далідоўская сённяшнім статусам школы цалкам задаволена: “У нас нават студыя гуказапісу ёсць!“ Пытаемся пра брэндавыя адметнасці. Марына Маратаўна не губляецца: “У верасні будзем ладзіць ужо трэці па ліку адкрыты рэгіянальны пленэр-конкурс юных мастакоў “Сімфонія велічы Белавежскай пушчы“.

Гаворка зайшла пра часіны Вінцэнта Тышкевіча, які не толькі рэканструяваў мястэчка, але і даў старт Свіслацкім кірмашам, якія займелі еўрапейскую вядомасць. І не толькі бойкім гандлем славіліся тыя кірмашы, але і мастацкім “гучаннем“. Марына Далідоўская цалкам пагаджаецца, што колішнія брэнды мястэчка трэба пакрысе вяртаць і зноў замацоўваць. І такая справа робіцца. Трэці год запар райцэнтр запрашае на “Свіслацкі кірмаш”, дзе можна не толькі прыдбаць работы, скажам, мясцовых бясконца таленавітых ганчароў, але і паўдзельнічаць у “Балі Тышкевіча“, які адкрываюць аніматары ў вобразах Вінцэнта Тышкевіча і ягонай жонкі Тэрэзы Панятоўскай. Апрача тэатралізацыі гледачам прапаноўваецца канцэрт лепшых музычных калектываў раёна. Рэпертуар, натуральна, — шляхетны.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Вельмі пазітыўныя сустрэчы і знаёмствы. І самае галоўнае, што ў дзіцячай школе мастацтваў і ў бібліятэцы дух лунае творчы. Прынамсі, твары ва ўсіх супрацоўнікаў — радасныя. У дзіцячай школе мастацтваў мяне ўразілі жывапісныя работы педагогаў, а ў раённай бібліятэцы тое, з якім піетэтам тут ставяцца да аўтографа Гогаля, які цудам захаваўся ў раёне. Адзінае кепска: трансгранічных праектаў мала, і брэнд Кастуся Каліноўскага ніяк не раскручваецца. Так што чакаць не дачакацца Дзі Капрыа свайго зорнага часу. Ці я памыляюся?

“Дзікая кніга“

Пра дырэктара Свіслацкай райбібліятэкі Святлану Піваварчык мы пісалі яшчэ ў другой палове чэрвеня. Тады ў мястэчку прайшоў арганізаваны па яе ініцыятыве раённы фестываль “Кніга і час“. Шчыра кажучы, вельмі здзівіліся выдумцы Святланы Іванаўны. Прынамсі, нідзе па Беларусі аналагічных маштабных кніжных акцый з удзелам бібліятэкараў, пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў і чытачоў пакуль няма. Але не будзем паўтарацца. Тым больш, установа назапасіла ўнікальны досвед у краязнаўчай, экалагічнай дзейнасці. Хтосьці запярэчыць: “У гэтай дзейнасці вельмі многія ўстановы дамагліся немалога поспеху. У чым жа свіслацкая ўнікальнасць?“ У тым, што Свіслаччына напалову — Белавежа. І тут пра экалогію альбо ніяк, альбо максімальна заглыблена.

Мы былі не паверылі гэтай заглыбленасці, але бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Святлана Калачык прапанавала пазнаёміцца з бібліятэчнай друкаванай (і не толькі) прадукцыяй. Мы ўгледзеліся ды ўчыталіся… Можна назваць мясцовых бібліятэкараў самымі карпатлівымі даследчыкамі і прапагандыстамі “Самага “дзікага“ балота ў свеце“ (так называюцца і буклет, і электронная прэзентацыя). Дзікае яно таму, што некранутае. У гэта паверыць можна. А вось у тое, што балота, частка якога доўжыцца ў пушчы, з’яўляецца равеснікам егіпецкіх пірамід (больш за шэсць тысяч гадоў), паверыць надта цяжка. Але гэта так. Лішне казаць, што ўнікальныя тут і расліны, і птушкі, і дрэвы. “Балота, — напісана ў буклеце, — нібыта гістарычная кніга, якую можна чытаць бясконца“.

Аднак галоўнае ў тым, што Святлана Піваварчык звязалася з Беластоцкай публічнай бібліятэкай і прапанавала калегам сумесны праект экалагічнага выхавання. Водгук атрымала самы прыязны. “У нас ёсць аўтобус на васямнаццаць месцаў, — распавядае дырэктар райбібліятэкі. — І пры пэўным фінансаванні мы хоць сёння гатовы правезці ахвотных па нашых экалагічных маршрутах“. Будзем спадзявацца, што свіслацкія бібліятэкары жаданы грант атрымаюць. Яны, па нашым меркаванні, гэтага заслугоўваюць. Прынамсі, гатовы працаваць не толькі сярод кніжных паліц, але і ў фармаце “open air”. Доказ таму — раённы кніжны фестываль, які, спадзяемся, таксама стане брэндам.

Ініцыятывы... амаль няма?

Гасцініцы ў Свіслачы няма. Дзе прытулак на ноч шукаць? Дапамаглі бібліятэкары. Далі нумар тэлефона гасцінічнага комплексу “Жаркаўшчына“, што месціцца побач з аднайменнай вёсачкай, якая, у сваю чаргу, мае пушчанскую прапіску. Галоўны тут — ураджэнец Жаркаўшчыны Святаслаў Болбат. Ён нам і прытулак даў, і па Белавежы павазіў, каментуючы свае адносіны з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Свіслацкага райвыканкама.

Запаветныя межы пушчы пераадолелі без перашкод (калі толькі не згадваць пра асобныя ўчасткі дарогі, прыдатныя толькі для руху пазадарожнікаў), бо пра наш прыезд ужо ведалі. Комплекс уразіў не толькі камфортам заходнееўрапейскага маштабу. Адзін з ягоных карпусоў — трохпавярховы драўляны маёнтак належаў калісьці графу Тышкевічу. Не Вінцэнту, а Тадэвушу, якому ўладанні дасталіся ў адпаведнасці з тэстаментам Вінцэнта. Асабняк, як распавёў Святаслаў Болбат, не быў часовым летнім жытлом, бо Тышкевіч заняўся нарыхтоўкай белавежскай драўніны і жыў тут цягам года. Кажуць, была тут бібліятэка для вяскоўцаў, Летні тэатр з французскім рэжысёрам. Памёр Тышкевіч у Парыжы. Маёнтак не раз гарэў, але быў старанна адноўлены і займеў новае гасцінічнае жыццё. Да слова, як сведчаць звесткі на інфармацыйным шчыце побач з сядзібай, у XVIII стагоддзі сваяк Тышкевічаў Тызенгаўз вёў перамовы пра набыццё гэтага маёнтка са славутым філосафам Жан-Жакам Русо…

Знаёмства з гаспадарлівым Святаславам Болбатам дала нам столькі фактуры, што ўвесь наступны дзень мы прысвяцілі пошукам адказаў на пытанні, якія агучыў спадар Святаслаў. Але пра гэта — у бліжэйшых нумарах “К“.

“Ёсць баль Вінцэнта Тышкевіча, чаму б не быць балю Тадэвуша?“ — падумалі мы. Аказваецца, ёсць такая тэатралізацыя. Але аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі не мае да таго дачынення. Святаславу Болбату прыйшлося займець сваю творчую групу, што і спець можа, і станцаваць. Давайце разам пазнаёмімся з ягоным меркаваннем наконт развіцця і пушчы, і культурнага адпачынку, і райвыканкамаўскіх аддзелаў.

— У нас распрацавана дастатковая колькасць турыстычных маршрутаў, і пешых, і веласіпедных, і аўтамабільных, — кажа кіраўнік. — Райвыканкамаўскія аддзелы, якія займаюцца культурай ды турызмам маглі б на гэтым зарабляць, але асаблівай ініцыятывы не праяўляюць. Гэта не столькі нам трэба, колькі ім. У нас даволі гнуткая сістэма экскурсій. Пэўныя групы мы ўвогуле можам суправаджаць па першым часе бясплатна, дзеля рэкламы. Я любую ініцыятыву збоку буду вітаць.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Ці не самая галоўная каштоўнасць нашых аўтападарожжаў па родным краі — знаёмства з цікавымі людзьмі, неабыякавымі да лёсу Радзімы. Кажу гэта без перабольшвання і пафасу. Узяць таго ж Святаслава Болбата. Чалавек пачуваецца гаспадаром. Ён ведае, як і што зрабіць. Імкнецца развіваць комплекс, рабіць яго даступным не толькі па коштавым дыяпазоне, але нават па міжканфесійным. І тыя два крыжы, праваслаўны і каталіцкі, каля ўладкаванай ім крынічкі,  задумы пра аднаўленне колішняй каплічкі — у чарговы раз сведчаць пра гэта. Пасля знаёмства са Святаславам Васільевічам можна сказаць: чалавек на сваім месцы. І гэта дае вялікую надзею.

Паспець на цягнічок

Сваіх ініцыятыў у Болбата хапае. Адрадзіў крыніцу ў белавежскім гушчары. А вада тут — найчысцейшая. Альтанкі ды лавачкі з інфармацыйнымі шчытамі — таксама справа рук Святаслава Васільевіча. Расчыстка падмурка былога касцёла — таксама. Пастаянна ўзнікаюць новыя маршруты. Апошні праект — вандроўка ўздоўж вузкакалейкі, якую праклалі немцы падчас апошняй вайны: і яны былі ласыя да белавежскай драўніны. А ў перспектыве маршрут гэты абяцае стаць чыгуначным: па рэйках пабяжыць сапраўдны цягнічок з вагончыкамі. Скажыце, хто адмовіцца стаць удзельнікам такой прыгоды пад векавой белавежскай засенню? Вось толькі для гэтага трэба прыкласці сумесныя намаганні розных ведамстваў і арганізацый, бо тая рарытэтная вузкакалейка цягнецца з польскага боку Белавежскай пушчы ў беларускі. Адпаведна ўзнікаюць пытанні, найперш, па перасячэнні турыстамі мяжы. А наконт фінансавання, прынамсі, польскі бок абедзвюма рукамі “за”.

Чытач можа задаць пытанне: “А якой ініцыятывы вы чакаеце ад аддзела? Цягнічок штурхаць?“ Не. Возьмем, да прыкладу, такі турыстычны аб’ект, як Аўгустоўскі канал у Гродзенскім раёне. Тут аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мае імправізаваны амфітэатр, а дом рамёстваў — гандлёвыя месцы. Значыць, даюцца канцэрты, прадаюцца сувеніры. Для самых розных узроставых груп ладзяцца тэатралізацыі. Паслугі — платныя, даход — стабільны. Гэта мы і называем культурным забеспячэннем турыстычных аб’ектаў. А на Свіслаччыне замест канала — Белавежская пушча. Вось толькі няма пакуль у ёй выразных слядоў работнікаў культуры.

Грошы, як апалае лісце, ляжаць пад нагамі. Варта нагнуцца, каб іх падабраць.

Агульнае (не)лірычнае завяршэнне

У пушчанскай Свіслаччыне адзіны шлях развіцця — турыстычны. Чым раней у раёне гэта зразумеюць і пачнуць вучыцца на практыцы “акультурваць“ гэты працэс, тым менш праблем застанецца ў мясцовых работнікаў культуры. І выснова тут такая: Белавежская пушча для іх — найпершы партнёр не толькі ў камерцыйнай справе, але і ў творчай самарэалізацыі. Тышкевічы, прынамсі, гэта добра ведалі.

Мінск — Ваўкавыскі — Бераставіцкі і Свіслацкі раёны Гродзеншчыны — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"