Манеты ёсць ужо, а скарбонкі толькі будуць…

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

“Грашовыя” дрэвы, скарбонкі ў выглядзе парася ці сабакі, карціны з манет і дзясяткі самых розных сувеніраў. На ўсё гэта цягам самага бліжэйшага часу попыт павялічыцца. Прычына з’явы адна: сёлетняя дэнамінацыя. Але ці падрыхтаваліся, скажам, раённыя Дамы рамёстваў да гэтай падзеі? Ці чакаюць збольшага вырабы “made in Сhina”?

/i/content/pi/cult/593/13199/4-22.jpgНапрыклад, ці ёсць у айчынных РДР цікавыя вырабы-скарбонкі, якія можна за не надта вялікую суму набыць для хатняга ўжытку? Як я даведаўся, на адным з раскручаных сайтаў сёння прапануюць набыць скарбонкі ў выглядзе парасяці, кракадзіла, вялізнай гіры, мішкі, малпачкі, скрынкі і нават бонды. Каштуюць такія рэчы па-рознаму — ад 4 да 62 дэнамінаваных рублёў. Ёсць, напрыклад, і смешны кот-байкер за 107 рублёў. Ці ж змогуць ім скласці канкурэнцыю народныя майстры ва ўстановах культуры?

Так, па словах дырэктара Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Маргарыты Саланевіч, яны пастаянна робяць пад замову невялічкія партманэ, скарбонкі, розныя сувеніры, у тым ліку і пад выкарыстанне манет. Але асноўныя і самыя запатрабаваныя ў наведвальнікаў рэчы — гэта блузкі і вышымайкі. Каштуюць яны прыкладна 50 новых рублёў і карыстаюцца нязменным попытам. Пра ўкараненне скарбонак для манет у вытворчасць майстроў сваёй установы культуры Маргарыта Саланевіч ужо задумалася.

Яшчэ адзін кіраўнік падобнай установы культуры — Антопальскага раённага цэнтра рамёстваў Драгічынскага раёна Галіна Сцепанюк — распавяла “К”, што драўляныя скарбонкі ў іх стала ёсць у продажы, але сёлета яны карыстаюцца вялікім попытам, і таму іх хутка раскупляюць. Прычым кошт падобнай скарбонкі цалкам дэмакратычны — у межах 5 дэнамінаваных рублёў. “Я лічу, што лепш зрабіць сувенірную рэч недарагой, каб яе хутка прадаць, — кажа Галіна Сцепанюк. — Гэта мая нязменная пазіцыя. І тое, што мы без асаблівых цяжкасцяў выконваем план платных паслуг у 25 мільёнаў старых рублёў на год, сведчыць, што я не памыляюся”.

У сваю чаргу, дырэктар Гарадоцкага раённага дома рамёстваў і фальклору Марына Гушча лічыць, што ў сённяшніх умовах варта абавязкова ўлічваць кан’юнктуру рынку, запыты пакупнікоў і, канечне, не стаяць на месцы, а развівацца. “Менавіта з гэтай прычыны мы найбліжэйшым часам распачнём выраб грашовых скарбонак для манет з гліны, — кажа візаві. — Бо гэта абавязкова будзе запатрабавана нашымі наведвальнікамі. Ды і план платных паслуг, натуральна, трэба выконваць. А ён у нас даволі вялікі — больш за 30 мільёнаў “даліпеньскіх” рублёў”.

Як бачна, пакуль Дамы рамёстваў — прынамсі, тыя, у якія я звярнуўся, — не прэзентуюць у сваіх калекцыях сотні сувеніраў на манетную тэматыку. І гэта нягледзячы на тое, што кіраўнікі ўстаноў культуры ведаюць пра запатрабаванасць тых жа партманэ ды скарбонак у пакупнікоў. Але відавочна, у хуткім часе такія сувеніры стала “прапішуцца” на паліцах салонаў-крамаў у айчынных РДР — гэтага запатрабуе ад майстроў само жыццё. І зменлівы рынак.

Напрыканцы дадам, што толькі ў Гарадку на Віцебшчыне мяне парадавалі тым, што пры іхняй установе культуры існуе салон-крама “Ля Парнаса”. Многія ж дамы рамёстваў працуюць з пакупнікамі толькі пад замову або распрадаюць свае вырабы на кірмашах і святочных раённых імпрэзах. Між тым, “К” ужо колькі гадоў піша пра тое, што РДР без салона-крамы — гэта не ўчарашні, а нават пазаўчарашні дзень. Але, як бачна, воз і дагэтуль там. Вынікае, што адсутнасць кропак па продажы сувенірнай прадукцыі так і застаецца праблемай для айчынных раённых дамоў рамёстваў. І пісаць пра гэта журналістам “К” і іншых рэспубліканскіх СМІ давядзецца яшчэ доўга. Нягледзячы на сённяшнюю канкурэнцыю сярод майстроў народнай творчасці і кан’юнктуру рынку, пра якую ведаюць усе і ўсюды…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"