“Безнал” ці ніяк? Вось у чым пытанне…

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

Днямі на прэс-канферэнцыі журналісты спыталі ў старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Паўла Калаўра, ці набыў ён сабе партманэ з аддзяленнем для манет: маўляў, хутка ж дэнамінацыя, падрыхтавацца трэба. На гэта той паказаў сваю банкаўскую карту і сказаў: “Гэта і ёсць маё партманэ, бо я пры разліках карыстаюся выключна карткай”. Выдатна, але, відаць, на фестывалі па розных гарадах Беларусі Павел Калаўр не ездзіць. Бо там з такім “партманэ” часам магчыма і не дасі сабе рады.

/i/content/pi/cult/593/13192/4-22.jpgУ якасці доказу спашлюся на канкрэтны жыццёвы выпадак. Прыехаўшы на фестываль у невялічкі гарадок на Віцебшчыне, першай справай выправіўся ў мясцовую гасцініцу. Дык вось, хоць праблем з засяленнем у мяне не ўзнікла, але ўзніклі пытанні з аплатай. Убачыўшы ў маёй руцэ банкаўскую картку, адміністратар, міла пасміхнуўшыся, сказала: “А мы картак не прымаем!” На пытанне, што ж мне рабіць, яна паказала на банк, які стаяў якраз насупраць будынка: маўляў, ідзіце туды, здыміце грошы — тады і разлічымся. Давялося так і зрабіць, а якія варыянты ў камандзіровачнага небаракі?

Трэба сказаць, што гэта быў не першы выпадак, калі па прыездзе ў пэўны райцэнтр мяне прасілі дастаць наяўныя. Асабліва — калі хацеў набыць сувенір у раённым Доме рамёстваў ці краязнаўчым музеі. У такіх выпадках часам здаралася, што ў супрацоўнікаў устаноў культуры тэрміналы па прыёме картак папросту адсутнічалі. Нехта запярэчыць: які там абарот сродкаў у раённых музеях ці дамах рамёстваў? Таму там хопіць і платы наяўнымі… А вось у абласных цэнтрах можна і тэрміналы ўстанавіць, бо там і людзей больш, і карткамі часцей карыстаюцца.

Усё гэта так, але — не зусім. Калі хто не ведае, у краіне дзейнічае пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 21.05.2014 № 489/7 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2011 г. № 924/16”. Названым дакументам прадугледжваецца выключэнне парогавых значэнняў выручкі для абавязковай устаноўкі плацежных тэрміналаў, якія, у тым ліку, забяспечваюць прыём да аплаты банкаўскіх плацежных картак міжнародных сістэм Visa і MasterCard, унутранай плацежнай сістэмы “Белкарт”, чыю эмісію ажыццяўляюць банкі Рэспублікі Беларусь, і ўвядзенне паэтапнага забеспячэння аб’ектаў гандлю і паслуг плацежнымі тэрміналамі. Да слова, згодна з названай пастановай, у Мінску і абласных гарадах суб’екты гаспадарання павінны былі ўстанавіць плацежныя тэрміналы не пазней за 1 ліпеня 2015 года, у гарадах раённага падпарадкавання — не пазней за 1 студзеня 2016 года, а з 1 ліпеня 2017 года — ужо на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Акрамя таго, гэтай жа пастановай Савета Міністраў краіны з 1 лютага 2016 года з пераліку выпадкаў, калі прыём наяўных грашовых сродкаў суб’ектамі гаспадарання можа ажыццяўляцца без выкарыстання касавага абсталявання, быў выключаны такі від дзейнасці, як дзейнасць па продажы білетаў (абанементаў) на наведванне выстаў, кірмашоў, атракцыёнаў у парках, культурна-відовішчных і спартыўных мерапрыемстваў (музеі, канцэрты, тэатры, цыркі, стадыёны, басейны, дамы культуры ў сельскай мясцовасці, канцэртныя, а таксама другія адкрытыя і закрытыя пляцоўкі).

Для гэтай сферы дзейнасці ў Дзяржаўны рэестр мадэлей (мадыфікацый) касавых апаратаў уключаны аўтаномныя і сістэмныя партатыўныя касавыя апараты, якія могуць працаваць без падключэння да электрасеткі. Партатыўнасць мадэляў дазваляе выкарыстоўваць іх пры ажыццяўленні дзейнасці па-за асноўным месцам знаходжання суб’екта гаспадарання працяглы перыяд і выдаваць плацежны дакумент пры разліку наяўнымі грашовымі сродкамі.

І яшчэ. Той жа, названай мной пастановай у пералік аб’ектаў, дзе ўстаноўка плацежных тэрміналаў з’яўляецца абавязковай, былі ўключаны і гасцініцы. Так што, як бачна, адсутнасць у тым мястэчку Віцебскай вобласці тэрмінала для аплаты банкаўскай карткай, з’яўляецца на сёння парушэннем.

На астачу абавязкова трэба сказаць вось што. Сітуацыя, апісаная мной, сёння хутчэй не тыповая, а даволі рэдкая. У большасці выпадкаў гатэлі ахвотна прымаюць да аплаты банкаўскія карты, а ў многіх айчынных музеях і РДР “безнал” за сувенірную прадукцыю таксама ўспрымаецца як нешта звычайнае, а не неардынарнае… Але час ад часу “праколы”, як бачна, здараюцца. Што ж, правілаў без выключэнняў не бывае.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"