Дзень вышыванкі

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

3 ЛІПЕНЯ — ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Напярэдадні Дня Незалежнасці мінчан і гасцей сталіцы чакае "Дзень вышыванкі", які можа стаць традыцыйным. Праект, арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам і Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, стартуе сёння каля Палаца спорту. Сімвалічна, што менавіта ў Год культуры “нарадзілася” свята, прысвечанае вышытаму нацыянальнаму арнаменту.

/i/content/pi/cult/593/13190/1-1.jpgМерапрыемства пачнецца апоўдні, калі на пляцоўцы будуць прадстаўлены вырабы майстроў народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Таксама ў наведвальнікаў з’явіцца магчымасць прыняць удзел у майстар-класах. Але ўвесь маштаб свята адчуецца а 14-й — афіцыйная частка пачнецца арт-парадам “Пад сцягам у вышыванках”, удзельнікі якога — фальклорныя калектывы, духавыя і інструментальныя аркестры, тэатры, танцавальныя школы. Настрой наведвальнікам падораць гурт “Правакацыя”, арт-гурт “Беларусы”, заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева, Алена Ланская, Вікторыя Алешка, Жанэт, спявак Яўген Ермалковіч і многія іншыя артысты…

Падчас мерапрыемства пройдзе акцыя “Гэта наша” — наведвальнікам будуць раздаваць стужачкі з нацыянальным арнаментам. Да ўсяго, ахвотныя змогуць прыняць удзел у стварэнні калектыўнага пано. Пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў фотаконкурсу “Сэлфі і фота ў вышыванцы” — аматарскія і прафесійныя фатаграфіі можна пабачыць у сацыяльных сетках.

Асаблівасць свята “Дзень вышыванкі” ў спалучэнні традыцыйнасці і сучаснасці. Так, упрыгожваць наведвальнікаў арнаментальным узорам будзе бодзі-арт-салон, а беларускія дызайнеры і вытворцы прадставяць калекцыі з элементамі вышыўкі. З’явіўся “Дзень вышыванкі” невыпадкова: не першы год трымаецца тэндэнцыя на арнаментыку ў адзенні, аксэсуарах, а больш смелая моладзь нават робіць тату ў выглядзе бранзалетаў…

Чаго яшчэ чакаюць ад свята? Рыцарскі турнір, народныя гульні і конкурсы, інтэрактыўная экспазіцыя “Фольк-кірмаш” творцаў са сталіцы і абласцей. Працягнецца дзея канцэртнай праграмай “Арт-фолк” — прагучаць некалькі кампазіцый у выкананні Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”, Беларускага дзяржаўнага Заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай, гуртоў “ByCITY”, “Дразды”, Іскуі Абалян і шоу-балета “Прайд” ды іншых… Скончыцца Дзень вышыванкі маладзёжнай дыскатэкай “Вышыванка.by” і конкурсам “Бітва дзі-джэяў”.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст