З усёй краіны...

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г


/i/content/pi/cult/593/13183/10-1.jpgНавагрудчына / Не толькі для дачкі

З 22 чэрвеня ў Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў працуе выстава лялек “Матуліна пяшчота”. Тут экспануецца калекцыя Вольгі Крако.

Вольга — шчаслівая мама дзвюх дачок: Вікторыі і Ксеніі. Калі малодшай было пяць гадоў, захацелася самой зрабіць ёй падарунак. Так была пашыта першая лялька. Майстраваць Вользе спадабалася, ды і дачка падарунку ўзрадавалася. Тады Вольга пачала шукаць выкрайкі лялек у інтэрнэце, вучыцца ў школе Наталлі Мукаўнінай па пашыве лялек “Тыльда”.

Аднойчы на свяце ўбачыла выставу Раённага цэнтра рамёстваў і захацела асвоіць тэхніку лапікавага шыцця. Патрапіла на курсы, дзе навучылася шыць коўдры з лапікаў і ўдасканаліла свае “лялечныя” веды. З 2015 года Вольга пашыла больш за 50 тэкстыльных лялек. А для выставы “Матуліна пяшчота” стварыла 17 новых. У планах майстрыхі — асваенне новых тэхналогій .

А яшчэ не выставе прэзентуюцца лялькі майстроў Цэнтра рамёстваў Алены Шульга, Вольгі Юшкевіч, Кацярыны Сіневіч.

Першымі наведвальнікамі “Матулінай пяшчоты” сталі выхаванцы дзіцячага садка № 4. Яны пазнаёміліся з аўтарамі работ, паўдзельнічалі ў майстар-класах па вырабе лялек.

Наталля КЛІМКО, дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў


Свіслач / Час кнігі

У чэрвені ўпершыню на Свіслаччыне быў арганізаваны раённы кніжны фестываль “Кніга і час”. Ён стартаваў на адкрытай пляцоўцы раённай бібліятэкі.

Можна было набыць кніжную прадукцыю на выставе-продажы выдавецтва “Пачатковая школа”, наведаць вернісаж мастакоў-карыкатурыстаў, навучыцца вырабляць закладкі і выцінанкі на тэму “Героі кніг”. Дзеці знаёміліся з нестандартнымі кнігамі: пазламі, плэерамі, цацкамі.

Выставу “Самаробная кніга” прапанавала Гродзенская навуковая абласная бібліятэка імя Яўхіма Карскага. Народныя майстры падрыхтавалі выданні, выкананыя ў тэхніцы разьбы па дрэве, вышыўкі, саломкапляцення. З разнастайнымі выданнямі знаёміла пляцоўка “Бібліятэкі Свіслаччыны”. Працавала летняя зала “Альтанка для чытанкі”, дзе можна было не толькі пагартаць старонкі, але і пачаставацца духмянай гарбатай.

Алена ШПАК, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі


Ганцавіччына / Пра двух гаспадароў старых сядзіб

У сярэдзіне чэрвеня атрымалі запрашэнне ад калег з Ляхавіччыны наведаць першыя Фляр’янаўскія чытанні ў невялічкай вёсцы Фляр’янава, у палаца-паркавым ансамблі, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Дадому вярталіся перапоўненыя пазітыўнымі эмоцыямі і ўражаннямі. Ляхавіцкія калегі арганізавалі на гістарычным месцы цудоўнае свята роднага слова і беларускай песні. І ўсё гэта — ля старадаўняй сядзібы і векавога дуба-волата, які пасадзіла Эліза Ажэшка.

“К” пісала пра тое, што маёнтак, славуты сваім колішнім гаспадаром — філосафам Фларыянам Бохвіцам, набыў былы старшыня калгаса Генрых Траццяк, які разам з жонкай зберагае гістарычную спадчыну. Генрых Міхайлавіч актыўна падтрымаў Фляр’янаўскія чытанні, на якія сабраліся літаратары Ляхавіччыны, пісьменнік Алесь Бадак, а Нацыянальная бібліятэка краіны прадаставіла для экспанавання старадрукі. І зноў загучала тут родная гаворка, як і некалі на пачатку ХХ стагоддзя, калі тут гасцяваў літаратурны бамонд. Радаваўся гаспадар, што жыве сядзіба, патрэбная людзям!

Глядзела я на Генрыха Міхайлавіча і згадала свайго земляка, былога старшыню калгаса імя Кірава — Міхаіла Кунцэвіча. У Агарэвічах таксама знаходзіцца панская сядзіба — помнік архітэктуры, які захаваўся, дзякуючы гэтаму чалавеку. Яшчэ напачатку 1990-х узнікла пытанне: знесці ці захаваць лядашчы будынак сядзібы пані Апацкай. Для калгаса, напэўна, прасцей было б падагнаць бульдозер і зраўняць з зямлёй запусцелы будынак. Але Міхаіл Міхайлавіч, настаўнік па адукацыі, ведаў сапраўдную вартасць гэтай пабудовы. Праўленне калгаса выдаткавала сродкі на рамонтныя работы. Што маглі — рабілі ўласнымі сіламі. Я памятаю, як клеілі шпалеры, фарбавалі падлогу, прыбіралі, і... сядзіба ажыла!

У шыкоўным будынку размясціўся гасцінічны комплекс. Захаваліся перад будынкам тры сажалкі, якія аблюбавалі дзікія птушкі. І гэта — у самым цэнтры вёскі! Сюды сталі прыязджаць турысты, у тым ліку з-за мяжы. А некалькі гадоў таму наведаліся на Ганцавіччыну нашчадкі рода Апацкіх і прыемна здзівіліся, што захаваўся фамільны маёнтак. На вялікі жаль, Міхаіл Міхайлавіч пакінуў гэты свет, але памяць аб ім на Ганцавіччыне засталася добрая і светлая, як і яго справы…

Таццяна МАЛЯЎКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы

 

Дзятлаўшчына / Дэсант і бэбі-шоу

З сакавіка ў Наваяльнянскай гарпасялковай бібліятэцы-цэнтры зносін і інфармацыі рэалізуецца праект “Кніжны дэсант”. Партнёр — Наваяльнянскія яслі-сад. Мэта праекта: спрыяць фарміраванню ўстойлівай цікавасці старэйшых дашкольнікаў да кнігі.

Удзельнікамі праекта сталі супрацоўнікі бібліятэкі, выхавальнікі дзіцячага садка, дзеці старэйшага дашкольнага ўзросту, а таксама бацькі выхаванцаў.

Яшчэ ў сакавіку бібліятэкары наведалі садок і пры дапамозе мультымедыйнай апаратуры арганізавалі літаратурны відэакалаж. Дзеці “здзейснілі падарожжа” ў краіну казак: адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні віктарыны, згадвалі любімыя мультфільмы. Потым было асарці “Мы гуляем і чытаем” і экскурсія ў бібліятэку. У планах — гучныя чытанні “Адпачнем разам з кнігай!”, гутаркі са святаром “Духоўная кніга — дзецям”…

На наш погляд, бібліятэкі павінны ўнесці свой важкі ўклад у развіццё асобы дзіцяці, дзе выхаваўчая роля бібліятэкі будзе ўзрастаць. У канцы года мы падвядзем вынікі і арганізуем бэбі-шоу “Навагодняя казка”.

Лаура КУНЮЦІЦЕ, загадчык Наваяльнянскай гарпасялковай бібліятэкі-цэнтра зносін і інфармацыі

 

Лідчына / Хто там з касой?

Сэнс мерапрыемства закладзены ў самой назве. На сенажаці ля вёскі Ганчары СВК “Беліца-Агра” адбыўся раённы конкурс па ручной касьбе “Звініць каса — жыве вёска”. Ініцыятар — Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці.

Работнікі культуры захацелі нагадаць, што ручная касьба — неад’емная частка нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Конкурс паказаў: традыцыі продкаў не толькі зберагаюцца, але і адраджаюцца.

Нягледзячы на спёку, на конкурс з’ехалася 17 касцоў, з іх нават тры жанчыны. Самаму старэйшаму — Івану Антонавічу Матусевічу з вёскі Ганчары — 80 гадоў, а самаму малодшаму, Ілье Кудла, — 14.

Перад пачаткам працы сеназарніцы (так называлі нашы продкі-славяне жанчын, якія, захоўваючы звычаі даўніны, збіралі на сенакосныя ўгоддзі касцоў) блаславілі касцоў: абвязалі іх травянымі паясамі з лекавых укосных траў (каб спіны не балелі) і ўручылі кожнаму ляльку-абярэг “Пакосніца” (нясе абнаўленне душы і цела). Пад песню “Касіў бацька, касіў я” ў выкананні народнага ансамбля бытавых інструментаў “Каханачка” Мажэйкаўскага дома культуры пачалася касьба.

Ацэньвалася не толькі яе хуткасць, але і якасць (вышыня травы пасля пракосу), чысціня касьбы (як кажуць, каб барады не было), эстэтычны выгляд пракосу. Пераможцам стаў Іван Кароль з вёскі Рулевічы, другое месца — у Станіслава Ждонца з аграгарадка Гуды, трэці — Дыяніз Машкала з аграгарадка Ваверка.

Хочацца аддзячыць спонсарам мерапрыемства: газеце “Наша слова” Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, ААТ “Хлебапрадукт”, лідскаму хлебазаводу. Упрыгожаннем мерапрыемства стала выступленне народнага тэатра беларускай народнай песні “Матуліна песня” з Гродзенскага раёна.

Ганна НЕКРАШ, метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці

 

Бабруйск / Віват, бібліятэка!

Аляксандра Пушкіна з Бабруйскам звязвае многае: яго імя носяць вуліца і гарадская бібліятэка, а яшчэ менавіта тут жыла ўнучка паэта Наталля Аляксандраўна.

У дзень нараджэння бібліятэкі і самога Пушкіна была падрыхтавана святочная праграма, прысвечаная 115-годдзю нашай установы. Спачатку ладзіліся групавыя экскурсіі па бібліятэцы і пушкінскім пакоі-музеі. Выставу “Мой Пушкін” прапанавалі Бабруйская гарадская дзіцяча-юнацкая ўзорная студыя выяўленчага мастацтва “Вясёлка” і дзіцячая школа мастацтваў № 4 імя Уладзіміра Дамарада…

У чытальнай зале прадстаўлена пашыраная экспазіцыя па гісторыі бібліятэкі “Крок за крокам: хроніка падзей”. Яна знаёміць з цікавымі людзьмі, якія прымалі ўдзел у стварэнні бібліятэкі або працавалі ў ёй. Унучка Пушкіна (па мужы — Варанцова-Вельямінава) з сям’ёй пражывала тады ў Бабруйску і прыняла чынны ўдзел у стварэнні бібліятэкі, падаравала шмат выданняў, у тым ліку — кніг свайго дзеда. З 1918 да 1921 года ўстанову ўзначальваў бібліятэказнаўца і бібліёграф Іосіф Сіманоўскі, заслужаны дзеяч культуры БССР, доўгія гады — дырэктар Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Леніна. Першы дырэктар і заснавальнік Бабруйскага краязнаўчага музея Цодзік Славін таксама пачынаў працоўны шлях у гарадской бібліятэцы імя Пушкіна. Пісьменнік Барыс Мікуліч пэўны час тут працаваў.

Сённяшняя бібліятэка знаёміла з цікавай выдавецкай дзейнасцю. А перад установай працавала інтэрактыўная дзіцячая пляцоўка “Мы з дзяцінства Пушкіна любілі”. Эстафету свята падхапіла акцыя “адкрыты мікрафон”, у час яе гучалі вершы паэта, у тым ліку ў перакладах на беларускую мову, а таксама — прысвячэнні. У праекце бралі ўдзел члены літаратурнага аб’яднання “Полацкая галіна”, артысты народнага тэатра Палаца мастацтваў Бабруйска, выхаванцы школы мастацтваў №1 імя Яўгена Цікоцкага, якія ў касцюмах пад пушкінскую эпоху чыталі вершы класіка.

Святочны вечар-канцэрт “Віват, бібліятэка! Віват, Пушкін!” у чытальнай зале падрыхтавалі выкладчыкі згаданай школы мастацтваў і вядучыя з Палаца мастацтваў. У вячэрні час быў арганізаваны кінаэкскурс “У госці ў бібліятэку”, які быў завершаны паказам фільма “Імя слаўнае тваё стагоддзяў будучых набытак” на сцяне будынка.

Вельмі спадзяемся, што наша мерапрыемства закранула прысутных і выклікала цікавасць да бібліятэкі як да культурнага сэрца Бабруйска.

Вольга ЗАЛЕСКАЯ, загадчык Бабруйскай гарадской бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна