Дашкевіч new?

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

“Святло і цень” — выстава-прэзентацыя фотаработ Льва Дашкевіча, якая адбылася на мінулым тыдні ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, спалучае арыгінальныя работы мінскага майстра і яго рэканструяваныя фатаграфіі. Апошнія — плён працы ізраільскага фатографа, спецыяліста ў галіне хімічных і іншых узнаўляльных тэхнік Барыса Равіча, створаныя адмыслова ў рамках сумеснага беларуска-ізраільскага праекта. Зрабіць падобную калекцыю натхніў калегу Алік Замосцін, прадзюсар і фатограф з Ізраіля, які адкрыў для сябе ў Мінску постаць таленавітага беларускага піктарыяліста.

/i/content/pi/cult/593/13181/13-1.jpgТолькі ў красавіку гэтага года ў Іерусаліме адбылася персанальная выстава твораў Льва Дашкевіча, ініцыяваная спадаром Замосціным ды падтрыманая беларускім музеем. Днямі калекцыя рэканструяваных работ, якая сталася магчымасцю папулярызацыі імя беларускага фотамастака, была ўрачыста перададзена ў дар Нацыянальнаму гістарычнаму. На цырымоніі перадачы прысутнічала міністр аліі і абсорбцыі Ізраіля, старшыня таварыства беларуска-ізраільскага сяброўства Софа Ландвер, пацвердзіўшы крок развіцця дыпламатычных сувязяў паміж Беларуссю і Ізраілем.

Гонар Гістарычнага

Гэты праект — цудоўная нагода прыгадаць постаць мінскага фатографа, імя якога было адкрытае беларускай публіцы ў 2002 годзе. Тады — у гонар 120-годдзя з дня нараджэння майстра была зладжана ў гэтым музеі першая персанальная выстава фотамастака “Зачараваны Беларуссю”. І варта адзначыць, што яна не адбылася б без высілкаў загадчыцы аддзела пісьмовых і візуальных крыніц установы Надзеі Саўчанка, якая раскрыла таямніцу невядомай калекцыі фатаграфій, што захоўвалася ў фондах больш за 50 гадоў.

Гэта гісторыя пошукаў вартая асобай згадкі. Бо напачатку была вядомая толькі манагарама “ЛД”, якая пазначала пачак фатаграфій з этнаграфічнай экспедыцыі. Але спецыяліст адразу ўбачыла почырк адметнага майстра і пачала пошукі. Так, першым поспехам у даследаванні сталася знаходка спісу ўдзельнікаў экспедыцыі ў “Белоруссию” Наркамасветы і Высткамбела 1923 года, дзе і было пазначана імя “Леў Дашкевіч”. Нітачка пацягнулася  — і спецыяліст выйшла на звесткі пра выкладчыка сусветнай літаратуры і фатаграфіі Мінскага інстытута народнай адукацыі з такім іменем у Нацыянальным архіве. Далей — падрабязныя звесткі біяграфіі шляхціча герба “Ляліва” выявіліся ў архіве КДБ: аказваецца, фатограф праходзіў сведкам па справе Саюза вызвалення Беларусі, быў пад следствам тры месяцы, пасля — вызвалены. Нітачка абарвалася. Але выратавала даследаванне наступнае: у далейшых пошуках Надзея Саўчанка выпадкова знаходзіць працу па фізіцы цвёрдага цела, аўтар якой — Леанард Дашкевіч. Гэта была проста неверагодная знаходка, якая прывяла спадарыню Надзею да апошняга спадкаемцы фатографа — яго сына, які жыў у Маскве і якому на той час было больш за дзевяноста гадоў. Падарожжа ў сталіцу суседняй дзяржавы — і Леанард Львовіч раскрыў піктарыяльную калекцыю фатаграфій свайго бацькі, якая і сёння прымушае візуалаў з усяго свету прызнаваць майстэрства яе аўтара. Больш за тое: сын падараваў арыгінальныя работы бацькі беларускаму музею.

Аўтарская рэканструкцыя

“Калі я ўбачыў фатаграфіі Льва Дашкевіча, — кажа Алік Замосцін, — адразу адчуў у ім выбітнага аўтара. Нарадзілася ідэя адрэстаўраваць пэўныя здымкі, рэканструяваць іх згодна аўтарскай ідэі”.

Замосцін запэўнівае, што копіі арыгінальных адбіткаў зроблены ў адпаведнасці з задумкай аўтара. Але, мяркую, што параўноўваць арыгіналы і копіі з іх, няхай нават самыя дакладныя, заўжды будзе выпрабаваннем для апошніх.

Варта адзначыць, што творчасць Льва Дашкевіча разнастайная: у яго практыцы ёсць стрыманая дакументацыя, этнаграфічныя замалёўкі, тым не менш, менавіта яго фатаграфіі, зробленыя ў так званых альтэрнатыўных тэхніках, лічацца перлінамі калекцыі. Гуміарабік, браймоль, пігментны друк, рознакаляровае таніраванне — Леў Дашкевіч таленавіта выкарыстоўваў разнастайныя фотатэхнікі. І Барыс Равіч паспрабаваў аднавіць работы акурат у адпаведных таніраваных варыянтах.

І ўсё ж такі святло

Напрыканцы, яшчэ раз пра біяграфію мінскага фатографа. Медык, філолаг, Леў Дашкевіч вывучаў фатаграфію ў Вышэйшай школе графічных мастацтваў у Парыжы. Выкладаў у гімназіях Эрывана і Тыфліса, служыў дзяржаўным фатографам урада Азербайджанскай рэспублікі. Калі ў 1920-я вярнуўся ў Мінск, адным з першых стаў выкладаць фатаграфію ў сталічным інстытуце народнай адукацыі, працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамата асветы БССР, як навуковы фатограф на медыцынскім факультэце БДУ, а і далей у 1930-я — у 1-й клініцы Мінскага медінстытута, Інстытуце тэарэтычнай і клінічнай медыцыны Акадэміі навук БССР… Даследаваў магчымасці дыягностыкі захворванняў з дапамогай люмінесцэнцыі — вывучаў уздзеянне святла на чалавека. Нагадаць гэтыя моманты важна, каб зразумець этапы станаўлення фотамастака, яго кругагляд, вымушаны і заканамерны сыход у навуку, прадыктаваны рэпрэсіямі 1930-х.

У сваіх піктарыяльных работах Леў Урбанавіч выяўляе дзівосны поступ святла ў паўсядзённым жыцці. Яго фатаграфія выразная, жывапісная, але яе асаблівая радасць — паветра. Гэта напаўненне кадра святлом — і — адпаведна — асобнага жыццёвага імгнення. Тое найбольш заўважна ў яго інтэр’ерных здымках, але пейзажы, побытавыя сцэны вылучаюцца не толькі “прыгажосцю кадра”, але сваім запаволеным, сузіральным настроем. І ад таго інтымнасцю.

І яшчэ адно — вядомую фатаграфію Янкі Купалы 1925 года, якую прынята лічыць іканаграфічнай, таксама зрабіў Леў Дашкевіч.

Плануецца, што наступнае месца экспанавання выставы “Святло і цень”  — Астана.

Рэпрадукцыі твораў Льва Дашкевіча прадастаўлены Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"