Горад, якога не ведаеш

№ 27 (1257) 02.07.2016 - 08.07.2016 г

Выстава графікі “Горад, які мы не бачылі. Мінск на малюнках 1940 — 1950 гадоў”, разгорнутая цяпер у Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, паказвае, як выглядаў Мінск пасля вызвалення. Таксама можна пабачыць некоторыя эпізоды новага будаўніцтва на праспекце імя Сталіна. Работы аўтарства Іосіфа Лангбарда, Георгія Заборскага, Уладзіміра Караля, Сяргея Святліцкага, Уладзіміра Стальмашонка. Усяго — пяць дзясяткаў твораў.

/i/content/pi/cult/593/13179/15-2.jpgКалі чалавек робіць выдатную кар’еру і праз гэта становіцца цікавым грамадзе, дык цікавасць тая распаўсюджваецца на ўсю ягоную біяграфію. Тое ж здараецца з краінамі і гарадамі. Імклівае па гістарычных мерках узыходжанне Мінска ад губернскага цэнтра Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі да сталіцы немалой еўрапейскай дзяржавы не можа не ўразіць. Уся тысячагадовая гісторыя горада — пад пільнай увагай даследчыкаў. Здаецца, што кожны перыяд падрабязна разгледжаны і грунтоўна асэнсаваны. Пры гэтым, бадай, ніводзін з іх не выклікае столькі палемікі, столькі супярэчлівых ацэнак у гісторыкаў беларускай культуры, як першае дзесяцігоддзе пасля вызвалення Мінска ад фашысцкіх акупантаў. Я маю на ўвазе спрэчкі пра тое, што горад прыдбаў і што страціў у выніку радыкальнай рэканструкцыі, здзейсненай паводле канонаў сталінскага ампіру.

У згаданы перыяд з’явіўся шырачэзны праспект імя Сталіна (цяпер праспект Незалежнасці) — сімвал горада і ўсёй Савецкай Беларусі. Транспартная плынь у горадзе стала адпавядаць праспекту толькі на мяжы 1960 — 1970 гадоў. Не думаю, што мінчане, якія па вызваленні жылі ў зямлянках, намётах і бараках, былі ў захапленні ад гэтай велічы. Але рэальна праспект аказаўся інвестыцыяй у будучыню. Для архітэктараў ён стаў свайго кшталту камертонам, вызначыўшы горадабудаўнічы маштаб, на які “настройваліся”, якому мусілі адпавядаць усе больш-менш значныя новабудоўлі сталіцы. Гэта, безумоўна, набытак.

Але пры гэтым панесла страты структура горада, якая фарміравалася стагоддзямі. Прыйшоў у заняпад ягоны гістарычны цэнтр — Верхні горад. Мінск, які стагоддзямі, паводле здаровага сэнсу і побытавай логікі, разбудоўваўся вакол ракі, “адвярнуўся” ад Свіслачы. Не генеральны план дапасоўвалі да горада, але жывую тканіну Мінска ўплішчвалі ў генплан. Я не маю намеру кагосьці вінаваціць за тагачаснае недастаткова паважлівае стаўленне да гістарычнай спадчыны. Тыя, хто памятае Мінск у 1944 годзе, распявядаюць, што, стоячы ля разбітага чыгуначнага вакзала, можна было ахапіць вокам прастору аж да таго раёна, дзе сёння новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі. Воку не было за што зачапіцца: замест горада  — поле бітай цэглы. У такіх умовах думаеш не пра адраджэнне палацаў і храмаў, а найперш і ў асноўным  — пра дах над галовою…

Мне падаецца, што найбольшую цікавасць для мінскай публікі ўяўляюць на выставе ў Галерэі Шчамялёва работы мастака-архітэктара Святліцкага. Напісаныя ягонай рукою краявіды разбуранага Мінска знаёмыя хіба малому колу гісторыкаў архітэктуры. Ягоная творчая дзейнасць у асноўным звязаная з Ленінградам. Увогуле, пасляваенная сталіца Беларусі сваім новым абліччам абавязана якраз выхаванцам ленінградскай архітэктурнай школы, якія стала атабарыліся тут. Нездарма галоўную магістраль Мінска калі-нікалі называюць “Неўскім праспектам эпохі сталінскага ампіру”. Варункі маглі скласціся і так, што Святліцкі застаўся бы ў Мінску. Але атрымалася, што праца ў Беларусі была для яго толькі адным з эпізодаў біяграфіі. Тут ён быў, можна сказаць, у камандзіроўцы. У 1944 — 1945 гадах Святліцкі браў удзел у працы ўрадавай камісіі па адбудове беларускіх гарадоў. Вынікам гэтай дзейнасці сталі ягоныя цудоўныя акварэлі, якія адначасова з’яўляюцца дакладным гістарычным дакументам.

Сёння мы ўжо даспелі да таго, што гораду, асабліва сталіцы, патрэбны не толькі эфектныя новабудоўлі, якія ўвасабляюць дынаміку развіцця (з гэтым у Мінску ўсё як мае быць), але і знакі сівой даўніны. Гэта як чалавеку, які выбіўся ў вялікія людзі, не пашкодзіць мець сур’ёзны радавод (сапраўдны ці прыдуманы) і, адпаведна, шляхецкі герб. Мяркую, што справа комплекснага аднаўлення гістарычнага аблічча сталічнага Верхняга горада яшчэ не завершана. Вось тут нам і спатрэбяцца дакументальныя мастацкія сведчанні Сяргея Святліцкага.

У работах Лангбарда, Заборскага і Караля — архітэктараў, якім Мінск абавязаны манументальным абліччам свайго цэнтра, адлюстраваны не толькі сляды пакут на жывой тканіне горада, але і першыя знакі адраджэння. Гледзячы сёння на дынамічную графіку згаданых майстроў, міжволі думаеш пра тое, што архітэктар толькі тады паўнавартасны прафесіянал, калі ён яшчэ і мастак. Прадстаўленае на выставе — гэта не самастойныя творы, а рабочы матэрыял па аднаўленні і перабудове Мінска. Але па ім відаць, наколькі глыбока архітэктары тае пары ўваходзілі ў тэму, аналізавалі зыходную сітуацыю, грунтоўна рабілі праекты.

А, бадай, самы драматычны твор на гэтай выставе — малюнак, зроблены Георгіем Заборскім 24 чэрвеня 1941 года. Бамбардзіроўка. Горад гарыць. У гэтым малюнку боль і экспрэсія на ўзроўні геніяльнага Піранэзі. З гэтымі ўспамінамі архітэктар пайшоў з фронта, каб па вяртанні пабудаваць у Мінску велічны манумент Перамогі.

Гэта выстава ў нейкай ступені дае адказ на пытанне, чаму Мінск, значна саступаючы іншым сталіцам і мегаполісам па шэрагу пазіцый (турыстычнай прывабнасці, культурнай насычанасці, увасобленасці і візуалізацыі гісторыі ў рэчышчы горада…), тым не менш быў своеасаблівай мекай для архітэктараў савецкай пары. Бо такога страшнага разбурэння і такой грандыёзнай адбудовы нідзе больш не было (і дай бог, каб не было!). Вось чаму кніга “Мінск. Пасляваенны вопыт рэканструкцыі і развіцця” стаяла на паліцы ў кожнага спецыяліста горадабудаўнічай сферы. Гэта досвед, аналагаў якога ў свеце няма.

У гэтым, дарэчы, не цяжка пераканацца, калі пасля прагляду выставы выходзіш на вуліцу і бачыш наш Мінск. Адроджаны і разбудаваны.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"