1941-ы: Мінскі рубеж

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

...Досвіткам 22 чэрвеня 1941 года камандзіра 100-й стралковай дывізіі генерал-маёра Івана Русіянава разбудзіў рэзкі тэлефонны званок намесніка камандуючага войскамі Заходняй Асобай акругі генерал-лейтэнанта Івана Болдзіна, які паведаміў аб вераломным нападзе фашысцкай Германіі на СССР і загадаў камандзіру дывізіі дзейнічаць згодна з сакрэтным “Варыянтам №1”, які прадугледжвае адбіццё часткамі варожай агрэсіі.

Контрудар супраць “абцугоў”

100-я дывізія дыслакавалася ў раёне Уручча (тады яшчэ пад Мінскам). Сфармаваная ў канцы 1923 года, яна прайшла слаўны баявы шлях: у верасні 1939-га ўдзельнічала ў паходзе ў Заходнюю Беларусь, затым — у прарыве лініі Манергейма, за што ўганаравана ордэнам Леніна. Камандзірам дывізіі Іван Мікіціч Русіянаў быў прызначаны ў жніўні 1940 года.

Выконваючы загад штаба акругі, якая стала з пачаткам вайны Заходнім фронтам, воінскія часткі дывізіі былі ўзнятыя па трывозе і да 9 гадзін раніцы выведзеныя ў раёны засяроджвання, абсталяваныя ў бліжэйшых лясах Мінскага раёна, дзе была арганізавана супрацьпаветраная абарона і выстаўлена ўзмоцненая баявая ахова. Камандуючы Заходнім фронтам генерал арміі Дзмітрый Паўлаў загадаў 100-й стралковай дывізіі заняць кругавую абарону ў радыусе дваццаці пяці кіламетраў вакол Мінска і быць у гатоўнасці. Абарону Мінскага ўмацаванага раёна па лініі Дзяржынск — Заслаўе — Стайкі ажыццяўляў 44-ы стралковы корпус на чале з камдзівам Васілём Юшкевічам.

Мінск апынуўся ў напрамку галоўнага ўдару найбуйнейшай групоўкі фашысцкіх войскаў — групы армій “Цэнтр”. 3-я і 2-я танкавыя групы, якія дзейнічалі ў яе складзе, хутка прасоўваліся з паўночнага захаду па флангах войскаў Заходняга фронту ў напрамку сталіцы Беларускай ССР, паступова ахоплівалі “абцугамі” галоўныя сілы фронту з мэтай іх акружэння і далейшага знішчэння. Забяспечыўшы максімальную канцэнтрацыю сіл і сродкаў на ўчастках прарыву, прарваўшы слабыя заслоны і адбіўшы контрудары савецкіх войскаў, з паўночнага захаду да Мінска падышлі нямецкія танкавыя дывізіі. Вораг бязлітасна бамбаваў Мінск, бурыліся дамы, прамысловыя будынкі, гарэлі склады, гінулі тысячы мірных жыхароў. Натоўп бежанцаў накіраваўся на ўсход па Лагойскай, Маскоўскай і Магілёўскай шашы.

25 чэрвеня для аператыўнага кіравання абаронай Мінска ў склад 2-га стралковага корпуса на чале з генерал-маёрам Аркадзем Ермаковым перададзены 100-я і 161-я стралковыя дывізіі. Камандзір корпуса загадаў першай да раніцы 26 чэрвеня выйсці на рубеж Воркава — Вандоліна — Бараўцы — Паперня — Ашмянцы, заняць абарону, прыкрыць подступы да горада з поўначы і спыніць імклівае насоўванне танкаў ворага.

У першым эшалоне абарону занялі 85-ы і 355-ы стралковыя палкі, тут жа перайшоў да абароны 603-і стралковы полк суседняй 161-й стралковай дывізіі. У другім эшалоне ў 4 — 5 км ад першага заняў рубеж абароны 331-ы стралковы полк. Артылерыі, акрамя некалькіх батарэяў 45-міліметровых гармат, у дывізіі не было: зброя была перададзена на ўзмацненне 44-у стралковаму корпусу, які вёў баі на захад ад Мінска.

Знішчальнікі танкаў

Тым часам раніцай 26 чэрвеня немцы выкінулі ў Астрашыцкі Гарадок парашутны дэсант. З падыходам асноўных сіл пяхоты і танкаў вораг планаваў выкарыстаць гэты населены пункт у якасці плацдарма для танкавага ўдару па Лагойскай шашы на Мінск.

100-я дывізія была размеркавана вакол Мінска па фронце каля 100 кіламетраў. Кінуць часткі, узброеныя толькі стралковай зброяй, супраць мінамётаў, артылерыі, танкаў праціўніка было нельга. У мемуарах “У баях народжаная” генерал Іван Русіянаў прыгадваў, што яму адзін сябар, які ваяваў у Іспаніі, распавядаў, як фашысцкія танкі выдатна гараць ад бутэлек з бензінам. Так з’явіўся загад па дывізіі: “Першае. Сабраць у асабістага састава шкляныя пляшкі і заправіць іх гаручым. Другое. Ва ўсіх частках сфарміраваць групы добраахвотнікаў — знішчальнікаў танкаў. Звярнуцца, перш за ўсё, да камуністаў і камсамольцаў. Трэцяе. Начальніку інжынернай службы арганізаваць навучанне асабістага складу прымяненню бутэлек з бензінам для барацьбы з танкамі”. Затым Русіянаў звязаўся па тэлефоне з пакінутым ва Уруччы памочнікам начальніка штаба дывізіі па тыле капітанам Растоўцавым. Загадаў яму неадкладна ехаць у Мінск, узяць на шклозаводзе ўсе наяўныя там бутэлькі, захапіць таксама са складоў дывізіі ўсе пустыя шкляныя пляшкі, загрузіць на аўтамашыны бензін і хутка даставіць усё гэта на перадавую. Вось што запісана ў журнале баявых дзеянняў 100-й дывізіі: “У 13 гадзін 30 хвілін на камандны пункт дывізіі капітанам Растоўцавым была дастаўлена першая партыя бутэлек і бензін для іх напаўнення, якія былі накіраваныя ў 85-ы і 355-ы стралковыя палкі”. Усяго ж за дзень на заправачныя пункты дывізіі было дастаўлена 12 грузавікоў шкляных бутэлек і некалькі тон гаручага.

З трапятаннем у душы і асаблівым пачуццём гонару за абаронцаў Мінска бяру ў рукі газету Заходняга фронту “Чырвонаармейская праўда” за суботу 9 жніўня 1941 года, якая захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Цэлых дзве старонкі газеты выпушчаныя з матэрыяламі пад загалоўкам “100-я ордэна Леніна дывізія ў баях з ворагамі Радзімы”. У артыкулах “Наводчык Іван Кавун”, “Пяць смельчакоў”, “Гераічны полк” і іншых франтавыя карэспандэнты знаёмяць з гераізмам чырвонаармейцаў і камандзіраў злучэння. Вось газетная нататка “Знішчальнікі танкаў”. У ёй засведчана, што “па ініцыятыве капітана Каўрыжкі супраць варожых танкаў упершыню была ўжыта бутэлька з бензінам. Капітан навучыў сваіх байцоў скарыстоўваць у баі грозную зброю. Гэты просты снарад байцы ўжывалі вельмі ўмела. У першым жа баі падраздзяленне капітана Каўрыжкі вывела са строю 16 нямецкіх танкаў. Сам капітан на працягу дня падпаліў каля дзесяці танкаў. Гэты каштоўны вопыт барацьбы хутка перанялі байцы і камандзіры ўсёй дывізіі”.

Наш зямляк, двойчы Герой Савецкага Саюза Маршал Савецкага Саюза Іван Якубоўскі ў кнізе “Зямля ў агні” згадваў: “Асабліва цяжкі бой злучэнне вытрымала 26 чэрвеня. Сотая, спешна заняўшы абарону ў 10 — 15 км на поўнач ад Мінска, адбіла некалькі моцных танкавых нападаў ворага. Толькі на пазіцыі яе 85-га стралковага палка ішло да 50 нямецкіх танкаў. Дваццаць з іх былі знішчаны бутэлькамі з гаручай сумессю. У другой палове наступнага дня дывізія сама перайшла ў наступ і за тры гадзіны бою адкiнула ворага на 13 — 14 км на паўночны захад, знішчыўшы вялікую колькасць танкаў, бронемашын і матацыклаў праціўніка”.

У фондах музея знаходзіцца яшчэ адзін важны дакумент мінулай вайны — выцвілая ад часу “Памятка байцу пра ўжыванне запальных бутэлек”, падрыхтаваная палітупраўленнем Заходняга фронту. У памятцы ўтрымліваюцца канкрэтныя рэкамендацыі воінам: “Падпускай танк да сябе на 15 — 20 метраў, а то і бліжэй, і кідай бутэльку. Выкарыстоўвай варонкі, ямы, канавы, кусты, плот. Смела чакай танк і знішчай яго”. Тут жа змешчаны малюнак варожага танка з указаннем яго слабых месцаў, а таксама апісаны спосабы кідання бутэлек і засады супраць танкаў. Такія памяткі з фондаў музея да гэтага часу захоўваюць пах бензіну і парахавога гару, іх трымалі ў руках байцы генерала Русіянава і іншых злучэнняў.

“Артылерыя — вось што зможа нам дапамагчы!”

На перадавой пад няспынным артылерыйскім, мінамётным агнём часткі закопваліся ў зямлю — вырывалі акопы, злучалі іх хадамі і годна сустракалі танкі ворага. У пасляваенных мемуарах Русіянаў згадваў: “Артылерыя, артылерыя — вось што зможа нам дапамагчы! І вось, нарэшце, камандаванне даслала 151-ы карпусны артылерыйскі полк у складзе 20 гармат 152-мм калібра. Я неадкладна накіраваў яго ў размяшчэнне 355-га стралковага палка, дзе бой быў у самым разгары. Абсталяваць агнявыя пазіцыі не было часу. 151-ы артылерыйскі полк з ходу ўступіў у бой. Большасць прылад, разгарнуўшыся на пазіцыях палка Шварова, ударылі прамой наводкай па танках і пяхоце суперніка. Адважныя артылерысты спалілі восем фашысцкіх танкаў і бронетранспарцёраў, знішчылі вялікую колькасць пяхоты”.

Па даных Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расіі, 100-я дывізія за тры дні баёў на поўнач ад Мінска — 26, 27 і 28 чэрвеня 1941 года — знішчыла і вывела са строю 101 варожы танк, 13 бронемашын, 23 гарматы, збіла 20 самалётаў. З данясення аб баявых дзеяннях камандзіру 2-га стралковага корпуса: “усяго за перыяд баёў дывізіяй знішчана да палка пяхоты, да 1,5 батальёна матацыклістаў і знішчана да 75 адсоткаў матэрыяльнай часткі 25-га танкавага палка”.

І ўсё ж сілы ў той бітве былі няроўнымі — пасля трох сутак жорсткага бою дывізіі генерала Русіянава давялося пакінуць пазіцыі пад Астрашыцкім Гарадком. Іван Мікіціч з горыччу канстатаваў, што “аператыўная абстаноўка на 28 чэрвеня складвалася вельмі неспрыяльна для 2-га стралковага корпуса, у склад якога ўваходзіла 100-я стралковая дывізія. Гітлераўцам удалося абысці нашае злучэнне справа і прабіцца да шашы Мінск — Масква. “...Нам пагражала поўнае акружэнне. Бо якой дарагой цаной мы спынілі ворага ля сцен Мінска! Колькі загінула нашых таварышаў! І вось даводзіцца адыходзіць. У дадзеным становішчы адыход — адзіна правільнае рашэнне”.

Пасля салдаты і афіцэры 100-й стралковай дывізіі працягвалі ўпарта змагацца з ворагам, добра зарэкамендавалі сябе ў баях на рэках Бярэзіна і Днепр, асабліва вызначыліся ў Ельнінскай аперацыі. І цалкам заканамерна, што 18 верасня 1941-га менавіта дывізія генерал-маёра Русіянава ў ліку першых у Чырвонай Арміі атрымала ганаровае найменне гвардзейскай.

...Подзвіг абаронцаў Мінска не забыты ўдзячнымі нашчадкамі; імем генерала Русіянава названа вуліца ў мікрараёне Уручча, у сталічнай сярэдняй школе № 16 працуе музей “Баявы шлях 100-й стралковай дывізіі”. У адной з залаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны змешчаныя фотапартрэты камандзіраў і байцоў славутага злучэння, дакументальныя фатаграфіі перыяду баявых дзеянняў у раёне Астрашыцкага Гарадка, падпаленых нямецкіх танкаў пад Мінскам. Тут жа ў вітрынах размешчаны рэшткі зброі і амуніцыі, асабістых рэчаў воінаў, якія былі знойдзены ў раёне бітвы 100-й стралковай дывізіі.

Каля скрыжавання дарог у Астрашыцкім Гарадку Мінскага раёна ўстаноўлены танк Т-34. На мармуровай пліце помніка высечаныя словы: “Воінам 100-й ордэна Леніна і 161-й стралковых дывізій 2-га стралковага корпуса, якія стаялі насмерць на гэтым рубяжы ў суровыя дні чэрвеня 1941 года. Вечная слава героям!”.

Мікалай ШАЎЧЭНКА, член Беларускага саюза журналістаў