1941-ы: Брэсцкі рубеж

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

У фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваюцца шматлікія матэрыялы па тэме абароны Брэсцкай крэпасці. Дакументы прадстаўлены ў асноўным успамінамі ўдзельнікаў і відавочцаў тых падзей. У гэтым артыкуле гаворка пойдзе пра двух байцоў 455 стралковага палка 42 стралковай дывізіі — ураджэнцаў Міншчыны.

/i/content/pi/cult/591/13133/14-1.jpgДзевятнаццацігадовы лейтэнант

Сярод абаронцаў крэпасці быў Аляксандр Махнач, які трапіў сюды напярэдадні грозных чэрвеньскіх падзей 1941 года. Дзевятнаццацігадовы малодшы лейтэнант, які толькі скончыў Калінкавіцкае ваеннае пяхотнае вучылішча, з групай таварышаў-выпускнікоў атрымаў накіраванне ў Брэст. Тут быў прызначаны камандзірам узвода ў 455-ы стралковы полк.

Гартаю ўспаміны Аляксандра Іванавіча. На світанку 22 чэрвеня ён прачнуўся ад аглушальнага грукату, калі вакол у хатняй цемры зіхацелі ўспышкі выбухаў, свісцелі аскепкі снарадаў. Усё гэта было настолькі страшна, што яшчэ не зусім ачунялы ад сну лейтэнант кінуўся пад нары. Але ўжо праз некалькі імгненняў Махнач стаў збіраць байцоў. Гэтак арганізавалі абарону, расставіўшы кулямётчыкаў і стралкоў. Увесь дзень, 22 чэрвеня, узвод адбіваў атакі праціўніка. Аляксандр Іванавіч бачыў вакол сябе толькі смерць, кроў, гібель. Ён упершыню сам страляў і забіваў.

23 чэрвеня байцы 455 стралковага палка знайшлі ў сваім распалажэнні склад боепрыпасаў, які ацалеў. Там і здабылі новенькія, яшчэ ў заводскім алеі аўтаматы. Малодшаму лейтэнанту да гэтага часу не даводзілася карыстацца такой зброяй. Выбраўшы момант зацішша, асцярожна выпаўз вонкі, каб патрэніравацца ў стральбе з аўтамата. Далей словы з яго ўспамінаў: “Я ляжаў і прастрэльваў новыя ППД, узятыя са склада, калі мне быццам электратокам адарвала левую нагу. Па мне працягваў страляць з пісталета баец. Калі ён быў забіты мной, высветлілася, што гэта пераапрануты ў вопратку нашага байца нямецкі унтэр-афіцэр...”

Рана Аляксандра Іванавіча была вельмі цяжкай: куля прайшла ад пяткі да калена: “...Я плазун, хадзіць не магу...” Ён ужо не мог змагацца, яго перанеслі ў скляпенні да параненых. “На наступную раніцу 24 чэрвеня вораг спрабаваў прарвацца ў крэпасць з плошчы 6 СД. І гэтым разам быў адбіты”.

Асабліва цяжкая абстаноўка ў крэпасці была з харчаваннем, якое няўмольна заканчвалася. Зноў успаміны Аляксандра Іванавіча: “Хоць і галодныя, але без вады не ідзе. Спрабавалі прастрэліць з пісталета вадаправодныя трубы, але безвынікова... Уначы рабілі вылазкі да рэчкі па ваду, але мала каму ўдавалася яе прынесці, берагі ракі ўвесь час абліваліся кулямі”. Махнач згадвае, як вораг па радыё вёў агітацыю, каб чырвонаармейцы забівалі палітрукоў і яўрэяў, а самі здаваліся ў палон. “У адказ на гэта прагучаў загад ад камандзіра да байца і ад байца да байца: “Падрыхтавацца да бою!”

Падчас моцнай атакі 26 чэрвеня на ўчастку 455-га палка было загадана змагацца нават параненым і кантужаным байцам. Цяпер вораг ішоў лавінай. Выпаўз у казарму і лейтэнант Махнач. Першае, што ён убачыў, — кулямёт “Максім” з запраўленай стужкай, а побач забіты баец. Аляксандр Іванавіч адсунуў цела чырвонаармейца і ўзяўся за ручкі кулямёта. “Вораг вёў на хаду агонь з аўтаматаў, і кулі стракацелі аб шчыт. Мне пабіла рукі і твар пырскамі расплаўленага свінцу”. У яго памяці засталіся зялёныя постаці ворагаў, якія набягалі шчыльным ланцугом, і злы паспешлівы грукат яго кулямёта. Затым апошнія сілы пакінулі яго, і лейтэнант Махнач страціў прытомнасць. Ачуняў Аляксандр Іванавіч у палоне. Гітлераўцы змясцілі яго ў лагер у Паўднёвым ваенным гарадку ў Брэсце. Лейтэнанту давялося прайсці праз фашысцкія лагеры аж да вызвалення, якое наступіла ў 1945 годзе.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры абароне Брэсцкай крэпасці, Аляксандр Махнач узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі. У пасляваенныя гады ён скончыў завочна Літаратурны інстытут, стаў пісьменнікам. Вялікае месца ў яго творчасці займала тэма вайны.

“Ёсць агонь!”

У страшныя чэрвеньскія дні 1941-га мінчанін Аляксандр Пятліцкі быў адным з тых, хто “стаяў да смерці” за Брэсцкую крэпасць. Паводле яго ўспамінаў знятыя фільмы “Ёсць агонь”, “І вечна будзе май”. Як і Аляксандр Махнач, ён быў накіраваны 17 чэрвеня 1941 года ў крэпасць у 445 стралковы полк 42 дывізіі.

Перабіраю пажоўклыя ад часу старонкі машыннага тэксту са страшнымі ўспамінамі: “Калі пачалася вайна, я спаў у адведзеным для нас інтэрнаце. Выбегшы ў нацельнай бялізне, я стаў прабірацца да свайго падраздзялення. Артылерыйскі і мінамётны агонь праціўніка ператварыў Цэнтральны востраў у нешта вогненнае, непраходнае... Усё пакрывалася выбухамі снарадаў і мінаў, чорным дымам і полымем. Ноччу немцы прабіраліся невялікімі групамі, імкнучыся закідаць гранатамі нашы агнявыя кропкі, таму ўсю ноч трэба было глядзець за сваім участкам абстрэлу..."

Ва ўспамінах Аляксандра Пятліцкага першыя дні вайны апісаны да найдрабнейшых падрабязнасцяў. Лейтэнант адзін вёў агонь па немцах, рызыкуючы жыццём здабываў патроны і боепрыпасы. “Я вымушаны быў узяць на сябе арганізацыю па вышуку хованкі для параненых, здаровых прывесці ў баявую гатоўнасць”, — піша ён.

Да канца месяца ў склепе 333 стралковага палка адбыўся сход з нагоды далейшых дзеянняў, бо “скончыліся сухары, не было вады, і, самае галоўнае, скончыліся боепрыпасы. Вырашана было ісці на прарыў у лес з боку Цярэспальскага маста ля вежы. Уся група кінулася атакаваць немцаў, імкнучыся наблізіцца для рукапашнага сутыкнення. Бой доўжыўся працяглы час. Мы цярпелі вялікія страты, і, нарэшце, немцы абстралялі нас з артылерыі, канчаткова патрапаўшы нашу групу прарыву... Пакінутая невялікая частка байцоў сыходзіла хто як мог... Але ўсё ж атрымалася схавацца за сцяной электрастанцыі, а потым перайсці ў падвалы 333 палка”.

У тых сутарэннях знаходзіліся параненыя, якія ўжо не маглі ісці на прарыў. “Яны падпаўзлі да агнявых межаў і вялі агонь, паміраючы ад голаду, смагі і ран, кормячыся адной толькі сырой бульбай. Кожны стрэл трывожыў немцаў, яны абвяшчалі па ўстаноўленым рэпрадуктары аб узяцці Мінска і аб прасоўванні далей на ўсход. У адказ на гэта нашы параненыя адкрывалі агонь, і немцы, удакладніўшы кірунак, абстрэльвалі гэты ўчастак, ператвараючы ўсё ў руіны”.

Аляксандр Лявонцьевіч бачыў, як у страшных пакутах гінулі яго таварышы па вучылішчы, аднак працягваў весці адчайную барацьбу. Да пачатку ліпеня ні вады, ні ежы практычна не засталося. У адзін з дзён лейтэнант Пятліцкі займаўся пошукамі вады і выбіраў зручны падыход да Буга для напаўнення пляшак. З-за кантузіі ён не пачуў, як ззаду падышлі немцы і збілі яго з ног. А далей — нямецкі палон... Бясконца доўгія пяць гадоў. Бяла-Падляска, Хамельсбург, Нюрнберг, Брно, Кроны. Неаднаразова ён рабіў спробы ўцёкаў, аднак Аляксандра Лявонцьевіча лавілі і адпраўлялі ў штрафныя лагеры.

Толькі ў студзені 1946 года Аляксандр Пятліцкі вярнуўся ў родны Мінск. Шмат гадоў абаронцу Брэсцкай крэпасці разам з сям’ёй давялося жыць у падвалах дома па вуліцы Карла Маркса. У жніўні 1954 года Аляксандра Лявонцьевіча запрасілі на сустрэчу з пісьменнікам Смірновым. Тады ён сустрэўся з аднапалчанінам Аляксандрам Махначом, адбылася першая паездка ў пасляваенны Брэст. За заслугі ў Вялікай Айчыннай вайне Аляксандр Пятліцкі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём “За перамогу над Германіяй” і іншымі.

Кацярына КАТЛОЎСКАЯ, малодшы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны