Дастаць са схованак

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

Уладзімір Пракапцоў: “Замежнікам цікава тое, чаго няма ў іх”
Выстава беларускай іконы, якая праходзіць цяпер у Музеях Ватыкана, прэцэдэнтаў пакуль не мае. Пра рабочыя калізіі адной з самых значных сёлетніх ініцыятыў па папулярызацыі нашай культуры за мяжой, ад задумы да ўвасаблення якой прайшло дзевяць гадоў, а таксама пра яе магчымы працяг, распавядае генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір ПРАКАПЦОЎ.

/i/content/pi/cult/591/13131/13-1.jpgДапамог кардынал

— Прызнаюся шчыра — напачатку задума правесці выставу беларускіх ікон у адным з найпрэстыжных музеяў свету нават мне самому падавалася недасягальнай марай. Тым не менш, я не спяшаўся ад яе адмаўляцца.

Шмат у чым дапамог выпадак. У 2013 годзе ў Беларусі праходзіла вялікая міжканфесійная канферэнцыя, куды з’ехаліся іерархі розных цэркваў. На канцэрце ў філармоніі я амаль выпадкова, літаральна за кубкам кавы, пазнаёміўся з прадстаўніком Святога Пасаду — кардыналам Франчэска Какапальмерыя. Запрасіў шаноўнага госця наведаць наш музей, дзе акурат праходзіла вялікая выстава праваслаўных абразоў з нагоды 1025-годдзя хрышчэння Русі. Па шчырасці, і не спадзяваўся, што ён знойдзе для гэтага час у сваім напружаным графіку. Ды літаральна назаўтра кардынал стаў нашым наведвальнікам. Адпаведна, у мяне здарылася добрая нагода падзяліцца з Яго Эмінэнцыяй сваёй ідэяй прадставіць у Ватыкане беларускія абразы.

Як ні дзіўна, ён адразу ж яе ўхваліў і пагадзіўся дапамагчы. Менавіта дзякуючы гэтаму працэс, так бы мовіць, пайшоў. Тым больш, праект вельмі актыўна падтрымала наша Міністэрства замежных спраў і асабліва намесніца яго кіраўніка Ірына Купчына, а таксама пасол Рэспублікі Беларусь у Ватыкане Сяргей Алейнік.

Ды, нягледзячы на ўсе спрыяльныя фактары, перамовы праходзілі надзвычай складана, і ўжо толькі потым я зразумеў, у чым прычына. Як выявілася, у Музеі Ватыкана ёсць толькі адно вялікае памяшканне для зменных выстаў, але цяпер яно часова занятае для захавання падарункаў Папу Рымскаму. Адпаведна, выставы наогул там пакуль не праводзяцца, бо іх проста няма дзе размясціць.

І тое, што для нас было зроблена выключэнне — сапраўдны цуд! Для беларускіх абразоў кіраўніцтва музея пагадзілася часова ахвяраваць частку пастаяннай экспазіцыі, вызваліўшы залу, дзе экспануецца візантыйскае мастацтва XV стагоддзя — літаральна па суседстве з залай Мікеланджэла! Чаму так здарылася? Напэўна, прычынай сталі не толькі дыпламатычныя высілкі, але таксама і той імідж, які Беларусь усё больш набывае ў вачах міжнароднай супольнасці, пазіцыянуючы сябе краінай-міратворцам, якая спрыяе паразуменню паміж Усходам і Захадам.

У ролі канструктара

— Але, як выявілася, на гэтым усе праблемы яшчэ далёка не скончыліся. На пачатку мы меркавалі выставіць каля сарака ікон, прычым некаторыя з іх маюць даволі вялікія памеры. Але неўзабаве высветлілася, што ў адведзенай нам зале ўсталяваны стацыянарныя шкляныя вітрыны вышынёю ўсяго ў 90 сантыметраў. Адпаведна, давялося ўпісвацца ў зададзеныя параметры.

Да ўсяго, тыя шкляныя “акварыумы” прызначаны для таго, каб выстаўляць невялічкія і лёгкія экспанаты — прыблізна як у ювелірнай краме. А ў нас — іконы… Таму давялося мне выступіць таксама і ў ролі канструктара, уласнаручна стварыўшы чарцёж спецыяльнага фанернага “дамка” для размяшчэння ўнутры стэлажоў. Менавіта на яго грані і замацоўваліся нашы абразы.

Падрыхтоўка да такой адказнай выставы была надзвычай складанай, але, усё ж, я здолеў знайсці пару гадзін, каб пазнаёміцца з тым бокам жыцця ватыканскіх музеяў, які закрыты для простых наведвальнікаў: рэстаўрацыйнымі майстэрнямі. Як вядома, яны лічацца ці не найлепшымі ў свеце, а такога сучаснага абсталявання, як там, няма нават у Луўры.

Магчыма, у нас тыя цуды тэхнікі з’явяцца яшчэ няхутка — хаця мы робім усе намаганні, каб адпавядаць у гэтым плане сусветным тэндэнцыям. Але назапашаны ў Ватыкане досвед усё адно шмат у чым можа быць карысным і для беларускіх рэстаўратараў. Напрыклад, арганізацыя рабочага месца… Вы не паверыце, але гэта — цэлая навука. Альбо такі важны нюанс: у ватыканскіх майстэрнях няма ніводнага прадмета, зробленага з дрэва. І стэлажы, і шафы, і нават крэслы — толькі з металу. Прычына, думаецца, зразумелая — арганічнае рэчыва спрыяе з’яўленню разнастайных бактэрый. Зразумеўшы гэта, мы вырашылі таксама змяніць свае планы адносна абсталявання новых майстэрняў, якія павінны з’явіцца ў Музейным квартале, поўнасцю выключыўшы драўніну з іх інтэр’ераў.

Падчас свайго візіту я правёў папярэднія перамовы аб тым, каб беларускія рэстаўратары атрымалі магчымасць павысіць кваліфікацыю ў Ватыкане. Кіраўніцтва музея ахвотна гатовае прыняць іх на стажыроўку. Гэту ідэю я агучыў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку падчас яго наведвання выставы 21 мая, і Кіраўнік дзяржавы яе падтрымаў.

Спадзяюся, гэта будзе не адзіны фармат нашага супрацоўніцтва з музеямі Ватыкана. У маіх планах — правесці перамовы з іх кіраўніцтвам з мэтай выставіць у Мінску хаця б малую частку назапашаных там незлічоных мастацкіх скарбаў. Балазе для гэтага неўзабаве надарыцца добрая нагода. Дырэктар Музеяў Ватыкана Антоніа Паалучы ўжо атрымаў ад мяне запрашэнне на адкрыццё выставы беларускіх ікон у нашым музеі, якое адбудзецца ў верасні, напярэдадні ІІІ Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”. Прычым айчынны глядач здолее ўбачыць і тыя абразы, праэкспанаваць якія ў Ватыкане нам не ўдалося з прычыны іх вялікіх памераў.

Што трэба везці ў Парыж?

— Выстава ў Ватыкане прадоўжыцца да 25 ліпеня, але пра яе несумненны поспех можна сцвярджаць ужо сёння. Глядзіце самі: колькасць наведвальнікаў дасягае трыццаці тысяч штодня (прычым адзначу, што гэта турысты не раўнуючы з усяго свету), а літаральна за некалькі першых дзён у кнізе водгукаў было запоўнена старонак дзесяць.

Адпаведна, выбар беларускай іконы для папулярызацыі нашай культуры за мяжой быў цалкам апраўданым. Чым жа яна звяртае на сябе ўвагу ў музеі, экспазіцыя якога перанасычана шэдэўрамі сусветнага мастацтва? Перадусім сваёй самабытнасцю. Беларуская ікона паўстала на скрыжаванні традыцый еўрапейскай культуры, гарманічна спалучаючы ўплывы і візантыйскага, і заходняга мастацтва з аўтэнтычным народным жывапісам. Магчыма, мы нават самі яшчэ не ўсведамляем, якой вялікай культурнай каштоўнасцю валодае наш народ. Хочацца верыць, гэтаму разуменню паспрыяе тая ўвага, якую праяўляюць да беларускіх абразоў і спецыялісты і простыя аматары мастацтваў з розных краін свету.

Сёння многія задумваюцца над тым, якія ўзоры нашай культуры павінны прадстаўляць Беларусь у свеце. Мяркую, адказ на такое пытанне вельмі просты: замежнікам цікава тое, чаго няма ў іх. Не трэба імкнуцца прыстасавацца пад нейкія модныя тэндэнцыі, і ўжо дакладна няма сэнсу прапаноўваць копіі таго, што на Захадзе ўжо зроблена, прычым у куды лепшым варыянце — скажам, нейкія канцэптуальныя “калякі-малякі”.

Мы маем выдатную, высокапрафесійную і самадастатковую школу выяўленчага мастацтва, і ўжо сёння галерысты літаральна палююць за творамі такіх класікаў, як, скажам, Віталь Цвірка альбо Май Данцыг. Перакананы ў тым, што яны могуць з поспехам выстаўляцца ў любым еўрапейскім музеі.

Адно што мы пакуль не ведаем, як гэтым сваім багаццем распарадзіцца, і нашы скарбы сёння, фігуральна кажучы, пыляцца недзе ў схованках. Таму галоўная задача — годна паказаць тое, што мы маем, усяму свету. Я нават не сумняваюся: калі ў тым жа Парыжы ўдасца зладзіць прадстаўнічую выставу беларускага акадэмічнага жывапісу, ёй наканаваны велізарны поспех.

Вядома, многія паспяшаюцца ахрысціць мяне летуценнікам. Але ж гэта — ужо далёка не ўпершыню. Задума правесці выставу ў Ватыкане таксама здавалася далёкімі ад жыцця фантазіямі, аднак у выніку яна адбылася. Сакрэт пераўтварэння мараў у рэчаіснасць вельмі просты — жаданне і настойлівасць. Трэба не ленавацца і шчыра працаваць кожны дзень, робячы справу годна і прафесійна. Кожны мусіць задумвацца, ці годна ён займае сваё крэсла, ці робіць усё, на што ён здатны для выканання сваёй грамадскай задачы. Я задаю сабе такое пытанне літаральна штодня.