Вярнуцца ў народ

№ 25 (1255) 18.06.2016 - 24.06.2016 г

Сімфонія Палаца для духавых, народных, апантаных
Працягваюцца справаздачныя канцэрты абласных самадзейных калектываў. 12 чэрвеня ў Палацы культуры Маладзечна Міншчына прэзентавала шматграннасць творчых сіл. І Маладзечна, і Міншчына засталіся задаволенымі.

/i/content/pi/cult/591/13128/7-1.jpgПра горад і гараджан

Ці не дзесяць гадоў таму, упершыню пачуўшы Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь Сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі, звярнуў увагу на тое, як слухае выступленне мясцовая аўдыторыя. Не проста ўважліва ды сцішана, а з належным шляхетным піетэтам і да музыкі, і да выканаўцаў, і да сябе. Так паводзіць сябе эліта. Станаўленне яе — заслуга работнікаў культуры. Тое ж самае сказаць можна не толькі пра Маладзечна, але і пра іншыя абласныя “сталіцы“. Гэта і яшчэ адзін доказ таго, што традыцыйныя ды высакаякасныя фестывалі, святы, конкурсы прымушаюць публіку адпавядаць, удасканальваюцца і ўдасканальваюць нас, слухачоў, гледачоў, гасцей. Ісціна, якая павінна стаць нормай і для кожнага сельскага дома культуры. Цяпер у лік такіх мерапрыемстваў трапілі і абласныя справаздачныя канцэрты.

Літаральна ўчора скончыўся Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2016“. Здавалася б, эмоцыям у амфітэатры не было мяжы і самы час сцішыць пачуцці і адпачыць. Не. На наступны дзень зала Палаца культуры, дзе распачаўся справаздачны канцэрт абласной самадзейнасці, была паўнюткай, як і ўчарашні амфітэатр.

Канцэрт распачаўся а 14-й. Але пэўны ажыятаж панаваў у Маладзечне яшчэ зранку. На пешаходнай вуліцы Прытыцкага, дзе процьма лавачак і зручны для спатканняў вялікі гадзіннік на каваным слупе, адна бабуля цярпліва, але настойліва даводзіла другой, што сённяшні канцэрт прапусціць нельга, бо выступаць будуць лепшыя з лепшых. У цудоўнай кнігарні крамніцы перажывалі, што сёння для іх — рабочы дзень і ў Палац яны не патрапяць. Словам, “на разагрэве” перад канцэртам у мяне былі і горад, і гараджане.

Пра арганізатараў

“На ўчарашнім фестывалі ўсё ўзлятала і падала, — расказвалі ў палацавых кулуарах пра святочныя феерверкі і салюты ды пыталіся ў работнікаў культуры. — Ці паўторыцца тое сёння?“ “Калі хто і будзе падаць, дык гэта мы, — адказвалі работнікі культуры“. Так нараджаюцца показкі. Ніхто не падаў. Стома напружаных дзён засталася ў закуліссі.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок заўважыла, што на справаздачным канцэрце хацелася паказаць і таленавітасць выступоўцаў, і, што не менш важна, разнастайнасць жанраў. Раіса Вайцяхоўская, дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, магла б шмат распавесці, якімі высілкамі “ўзрошчваецца і сілкуецца“ вялізны гарманічны арганізм. Але на аналіз гэтай “кухні“ спатрэбіўся б аб’ём ладнай “паваранай кнігі“.

Пра Палац

У Палацы трэба трошкі пажыць. Інакш будзеш бясконца блукаць па калідорах і паверхах. Напачатку ратавала тое, што гукі рэпетыцыі чутны былі адусюль, і так альбо інакш да сцэны можна было дабрацца. А там з самага ранку кіравала падрыхтоўчым працэсам рэжысёр Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Вераніка Жыгалко. І рабіла яна гэта вельмі рашуча і прафесійна, таму ў “чыставым“ выглядзе канцэрт прайшоў без відавочных рэжысёрскіх хібаў.

Святло, гук падчас канцэрта прэтэнзій не выклікалі. Заслуга ў гэтым, безумоўна, належыць гаспадыні Палаца Святлане Сарока, якая трымае гаспадарку належна. Не варта забывацца на тое, што Маладзечна сёлета — Культурная сталіца Беларусі, а мясцовы Палац — галоўная яе сцэна. І ўвогуле, установы культуры буйных гарадоў краіны амаль усе без выключэння — узорныя па тэхнічным забеспячэнні. Вось да гэтага б узроўню ды нашы СДК падцягнуць…

Для мяне адна з пераваг такіх канцэртаў у тым, што бяруць у ім удзел не толькі артысты раённых ці абласных цэнтраў, але і тыя, у каго сельская прапіска. Дык вось, у Маладзечне вестыбюль Палаца ўпрыгожвалі ўдзельніцы Тэатра дэфіле “Відана“ Лешніцкага СДК з Бярэзінскага раёна. Вытанчаныя дзяўчаты ў дзіўных касцюмах не толькі прэзентавалі жывапісныя палотны, але і дадавалі ім чароўнага зместу.

Прысутнічала ў Палацы і постаць Уладзіміра Мулявіна. Прыз ягонага імя атрымліваюць пераможцы конкурсу маладых выканаўцаў у рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. У імправізаванай экспазіцыі на першым палацавым паверсе — асабістыя рэчы кіраўніка “Песняроў”, залаты дыск гурта, рэдкія фотаздымкі бессмяротнага калектыву з фондаў Музея Мулявіна ў Белдзяржфілармоніі.

Пра ўдзельнікаў

Для таго, каб “паказаць і таленты, і разнастайнасць жанраў”, спатрэбілася ці не тры з паловай гадзіны. Па часе, шчыра кажучы, мнагавата. Па атрыманых эмоцыях — самы раз. Некалькі старонак майго нататніка запоўнены клічнікамі, пастаўленымі насупраць імёнаў і назваў выканаўцаў і калектываў, што асабліва прыйшліся па душы. Гэта, у першую чаргу, памянёны ўжо сімфанічны аркестр маладзечанскага каледжа, а таксама — народны аркестр народных інструментаў той жа ўстановы пад кіраўніцтвам непараўнальнай Тамары Бяльковай.

Аляксандр Саванец уразіў бясконца. Пераможца конкурсу маладых выканаўцаў фестывалю беларускай песні і паэзіі яшчэ раз давёў: прыз імя Мулявіна ўручаны яму па заслугах. Бліскуча, на мой погляд, выступіў народны ансамбль народнай песні “Пліса” Акцябрскага сельскага дома культуры Смалявіцкага раёна. Даўно знаёмы з творчасцю нясвіжскіх артыстаў. Лыжкары, “Аношкаўскія музыкі”, гурт “Зараніца” з ДШМ і гэтым разам аказаліся на вышыні. Салігорскі харэаграфічны ансамбль “Сузор’е” ўражваў шматзначнасцю відовішча, а аllegri-квартэт Мінскага абласнога каледжа мастацтваў — вакальнай канцэптуальнасцю…

Асаблівая гаворка — пра духавы аркестр “Віціны” Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. У фантазіі “Песні нашай Перамогі” хапіла месца і для ўласна духавых экзэрсісаў, і для вакалу, і для харэаграфіі. І ўсё гэта выконвалася адначасова, у рэжыме nоn-sтор і ў строгай адпаведнасці з ваеннай відэахронікай, фрагменты якой дэманстраваліся паралельна. Мяне, напрыклад, зачапіла.

Хапала прыкладаў і ў доказ шматжанравасці. Прысутнічаў размоўны жанр, дзеці старанна капіравалі эстрадных зорак, а казакі так шчыравалі ў фланкіроўцы шашкамі, што страшна было за першыя глядацкія рады.

Пра перспектыву

Такія канцэрты, па маім меркаванні, трэба паказваць па нацыянальным тэлебачанні. Хаця б для таго, каб пераканаўча давесці, што яно сапраўды нацыянальнае. Давайце згадаем, як восем гадоў таму вобласці выступалі з аналагічнымі справаздачамі ў Палацы Рэспублікі, а літаральна ўсю Кастрычніцкую плошчу займалі неабсяжныя гандлёвыя рады з вырабамі рамеснікаў. Сталіца тады была прыемна ўражана. Так, паўтарыць гэты цуд па сённяшнім, складаным у эканамічным плане, часе немагчыма. Дык чаму б не выкарыстаць магчымасці TБ? Хоць у прамым эфіры (ён у нас ёсць яшчэ для культурных дзей?), хоць у запісе — гэтыя перадачы не могуць не стаць рэзананснымі. Гэта ж абласныя цэнтры ў нас прызвычаіліся ўспрымаць належным чынам народную творчасць, а сталіца пакуль застаецца гэткім самадастатковым рафінаваным стварэннем. Як той казаў, мала выйсці з народу, варта ў яго яшчэ і вярнуцца.

Мінск — Маладзечна — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"