Між мэйнстрымам і ўнікальнасцю

№ 24 (1254) 11.06.2016 - 17.06.2016 г

Дэталізацыя фестывалю ў Гродне, які... немагчыма ахапіць
4 — 5 чэрвеня ў Гродне прайшоў ХІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Гэта бадай што адзіны выпадак у Беларусі, калі “фестываліць” увесь цэнтр горада, а не асобная плошча. На вуліцах Савецкай і Элізы Ажэшкі (яны звязваюць плошчы Савецкую і Леніна, дзе змясціліся галоўныя фестывальныя сцэны) — натоўп. У дворыках уздоўж вуліц — нацыянальныя падворкі, куды часам не прабіцца. А там і адбываліся грунтоўныя прэзентацыі нацыянальных культур: на буйных сцэнах паказвалі скарочаныя праграмы.

/i/content/pi/cult/590/13104/7-1.jpgФэст распачаўся шэсцем удзельнікаў, што нагадала іншыя беларускія фестывалі, арганізаваныя работнікамі культуры: круглыя шыльдачкі з надпісамі, харугвы, удзельнікі ідуць шэрагамі. Але шэсце ў Гродне аказалася маляўнічым, з танцамі, спевамі, музыкай, паглынальнікамі агню і драконам. Калі ўсе ўдзельнікі падышлі да галоўнай сцэны, намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Качанава зачытала адрас Прэзідэнта краіны з цёплымі словамі да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю.

Спачатку здзівіў удзел байкераў. Але ж за апошнія гады з прадстаўнікоў контркультуры ўдзельнікі байк-клубаў сталі інтэграванымі ў калякультурны мэйнстрым. Яшчэ адной ілюстрацыяй такога кшталту можна назваць выступы на гала-канцэрце Фестывалю нацыянальных культур поп-артыстаў Сашы Нэма і Аляксея Гроса (пра вандроўку на яго радзіму “К” пісала ў папярэднім нумары) у футболках-“вышымайках”, што першапачаткова піярыліся ініцыятывай, якую ніяк нельга назваць мэйнстрымавай арганізацыяй.

Беларусы

У фестывалі ўдзельнічалі прадстаўнікі каля сарака нацыянальнасцей, што жывуць у Беларусі. Уласна айчынную культуру прадстаўлялі гурты і майстры з Гродзенскай вобласці, а таксама “Ветах” з Мінска ды эстрадныя выканаўцы. Нашы рамеснікі змясціліся на плошчы Тызенгаўза. Некаторыя скардзіліся, што месца “непрахадное”, а пляцоўкі ўздоўж пешаходнай Савецкай занялі гандляры кітайскім шырспажывам. Ды вядучы метадыст па дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтве Гродзенскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці Яніна Барысевіч лічыць, што публіка ў Гродне выхаваная шматлікімі кірмашамі, таму кітайскія сувеніры тут не дужа папулярныя, а вось вырабы сваіх, беларускіх, майстроў гатовы купляць. У фэсце ўдзельнічалі ўсе 17 раёнаў Гродзеншчыны. На стэндах тых, хто мае нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, прапаноўваліся даведачныя матэрыялы пра элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Асноўная ж мэта раёнаў — паказаць гасцям фестывалю мясцовыя традыцыйныя рамёствы.

Дзіцячы фальклорны гурт “Нальшчаначка” з Жодзішкаў і ансамбль песні з Казлоўшчыны Дзятлаўскага раёна апрабавалі праграму да фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Гурт “Вяргіня” з Бабічаў на Шчучыншчыне выконваў лірычныя песні. Падчас выступу гурта з Казлоўшчыны і фальклорнага ансамблю “Кужаль” Гродзенскага каледжа мастацтваў гучалі жніўныя песні. (Зарана: першы хлеб з жыта новага ўраджаю даўней маглі спекчы на Пятра, 12 ліпеня.) “Ветах” збольшага граў танцы, пад якія перад сцэнай хутка ўтварыліся пары.

Амаль сорак культур

Некаторыя этнічныя культуры прадстаўлялі некалькі гуртоў з розных частак Беларусі. Украінцы, напрыклад, прыехалі з Веткаўскага, Рэчыцкага, Рагачоўскага раёнаў і з Мінска, прывезлі цікавую выставу ручнікоў. (Ва ўкраінскім хоры быў нават заўважаны знаёмы мінскі музейшчык!) Каб прадставіць пэўны народ на фэсце ў Гродна, неабавязкова мець карані ў этнічнай супольнасці. Удзельнічаў у праграме, напрыклад, мінскі калектыў іспанскага танца, разам з цыганамі танчылі ў гурце і беларускі, як і побач з карэйцамі, індыйцамі, казахамі. Некаторыя супольнасці прадстаўляла літаральна па некалькі чалавек: туркменаў, шры-ланкійцаў, сірыйцаў. ЗША прэзентаваў маленькі чорнаскуры саксафаніст, бацька якога — амерыканец. Некаторыя прадстаўнікі нацыянальных культур (нігерыйцы, карэйцы) увасобіліся ў Гродне студэнтамі-замежнікамі.

Магчымы і шлях, калі даўно інкультураваны ў Беларусі чалавек шукае свае карані, і з гэтага вырастае мастацкая з’ява. Як прыклад — прадстаўленыя на фэсце эстонцы і башкіры. Эстонскі сямейны гурт стварыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клічаўскага райвыканкама Уладзімір Ваакс, які, хоць і даўно жыве ў Беларусі, не забываецца на сваё эстонскае паходжанне. Некалькі башкірскіх песень выканаў гурт “Няўрыда”, чый лідар, Павел Таіпаў, напалову башкір па бацьку. Увогуле, гурт, можна сказаць, шырокага профілю: граюць уласную музыку, сярэднявечную, спяваюць па-англійску, часам — па-беларуску. У Гродне выступілі ў касцюмах накшталт башкірскіх народных. На рыцарскіх фестывалях “Няўрыда” звычайна грае ў сярэднявечна-фэнтэзійных строях. Здаецца, зрабілі б башкірскамоўную праграму, ды яшчэ з народнымі ўстаўкамі — былі б цікавыя і для беларусаў, і для еўрапейцаў.

Сваёй арганічнасцю запомніўся сольны танец башкіркі Альфіі Міхнюк, што жыве ў Ганцавічах з 1966 года, а нарадзілася непадалёк ад Уфы. Проста на вуліцы спантанна сабраў кола шматнацыянальны танцавальны ансамбль “Легенды Каўказа” з Мінска. Далучыліся афганцы, азербайджанцы… Адна справа, калі танчаць удзельнікі гурта ў сцэнічных строях і адпаведным абутку. А вось калі далучаюцца прадстаўнічыя мужчыны ў строгіх гарнітурах і дарагіх чаравіках, — уражанне зусім іншае.

Літоўцы ў балцкай стрыманасці запомніліся строямі, рэканструяванымі па аўтэнтычных узорах, і чароўнымі кадрылямі проста на асфальце, нават не на літоўскім падворку, і хутчэй для сябе, чым для гледачоў. Індусы ладзілі віктарыны, дэманстравалі строі, паказвалі, як правільна надзець сары, прапаноўвалі зрабіць роспіс хной.

Мінская этнастудыя “Кетры” паказала праграму па матывах усходніх і афрыканскіх танцаў. Са студыі этнічнай пластыкі, што танчыла пад фанаграмы, за пяць гадоў дзяўчаты эвалюцыянавалі ў гурт з уласнымі музыкантамі і вакалісткамі і падрыхтаванасцю да паўнавартаснаага электра-этна-танцавальнага шоу.

Пра эканоміку

Праглядзець праграмы на ўсіх падворках было, бадай, немагчыма, бо шмат імпрэзаў адбывалася адначасова. Хацелася адчуць краіну “на смак”, але да дэгустацыйных сталоў падысці не так і проста праз вялікую колькасць ахвотных. На некаторых падворках яшчэ і гандлявалі нацыянальнымі стравамі. Пляцоўкі абсталявалі рухомымі рукамыйнікамі, што ў спёку было вельмі дарэчы. Набыць што-небудзь на памяць можна было далёка не на ўсіх нацыянальных падворках. Попыт аматараў шопінгу збольшага задавальнялі майстры сучаснага хэнд-мэйду: біжутэрыі, цацак, гаманцоў для манет. “Вышымайкі” таксама прадавалі.

Што да эканомікі фестывалю, то на адны расцяжкі і назвы падворкаў, мабыць, пайшлі істотныя сумы. Хоць удзельнікаў не кармілі за кошт арганізатараў і не аплачвалі ім дарогу, была магчымасць пасяліцца за сімвалічны кошт каля 30 тысяч рублёў за ноч у інтэрнатах гродзенскіх навучальных устаноў. А як распавёў Уладзімір Ваакс, яго калектыву, напрыклад, дапамагла прыехаць з Клічава ў Гродна эстонская дыяспара: “Я не ўпэўнены, што мы змаглі б паўдзельнічаць у фэсце цалкам за свой кошт”.

На фэсце раздавалі задарма спецвыпуск газеты “Вячэрні Гродна” з картай-схемай і раскладам фестывалю. Па ёй можна было арыентавацца ў размяшчэнні нацыянальных падворкаў і асноўных вуліц старога горада. Але, напрыклад, іранскі шацёр, што, адпаведна праграме, размяшчаўся “на вуліцы Сацыялістычнай, ля кінатэатра “Чырвоная зорка” мне як госці горада знайсці было праблематычна, і карта не дапамагла. Язык, канечне, да Кіева давядзе, але хацелася б, каб на карце пазначалі ўсе кропкі.

Вячэрні гала-канцэрт: эстрадная музыка, поп-фольк, рэп… Можа, аўтэнтычныя гурты і не зусім фармат для такога мерапрыемства, але мне здаецца, на галоўнай сцэне фестывалю нацыянальных культур, на гала-канцэрце, акапэльныя спевы ці акустыка былі б дарэчнымі.

Фестываль нацыянальных культур праходзіць з 1996-га кожныя два гады. Як паведамляе БелТА, сёлета фэст наведала каля 120 тысяч чалавек, удзельнікаў было з паўтары тысячы. Падчас фестывалю падпісалі трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур, Культурным цэнтрам Беларусі ў Варшаве і Таварыствам па сувязях з суайчыннікамі за мяжой "Радзіма".

Мінск — Гродна — Мінск

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"