Да Бакста з любоўю

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

16 мая ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета прэзентуюць выставу Алены Вантрыён-Макарэвіч — беларускай мастачкі, якая зараз жыве ў Францыі. Экспазіцыя прысвечана 150-годдзю з дня нараджэння выбітнага мастака і сцэнографа, выхадца з нашай зямлі Леона Бакста.

/i/content/pi/cult/586/12994/3-1.jpgПраект з’яўляецца сумесным плёнам Пасольства Беларусі ў Францыі і Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры UNESCO разам з Вялікім тэатрам оперы і балета краіны.

Нагадаем, на 38-й Генеральнай канферэнцыі UNESCO быў зацверджаны на два бліжэйшыя гады спіс памятных дат, якія будуць адзначаць ва ўсім свеце як найважнейшыя культурна-гістарычныя падзеі. У гэтым шэрагу пазначана 150-годдзе нашага суайчынніка Бакста. Яго ведаюць перш за ўсё як аўтара сцэнаграфіі да балетных спектакляў Сяргея Дзягілева, якія на пачатку ХХ стагоддзя зачароўвалі французскую публіку падчас “Рускіх сезонаў” у Парыжы.

У дзень адкрыцця выставы таксама не абыдзецца без па і фуэтэ: гасцей запросяць паглядзець спектаклі “Тамар” Мілія Балакірава і “Шахеразада” Мікалая Рымскага-Корсакава. Гэтыя балеты былі сапраўднымі перлінамі дзягілеўскіх “Рускіх сезонаў”, у ХХІ стагоддзі яны ўвайшлі ў сталы рэпертуар беларускага Вялікага тэатра. Старадаўні сюжэт для нашай сцэны ўзнавіў народны артыст Расіі Андрыс Ліепа.

Работы Алены Вантрыён-Макарэвіч будуць прадстаўлены ў Мінску ўпершыню. Для мінчан аўтар падрыхтавала серыю з 11 палотнаў, прысвечаных балету. Мастак скончыла школу дызайну ў Мінску, потым курс жывапісу ў Вышэйшай нацыянальнай школе вытанчаных мастацтваў у Парыжы. Яе персаналіі з поспехам прайшлі ў вядучых парыжскіх галерэях, а карціны неаднойчы прадстаўляліся ў калектыўных экспазіцыях вядучых сусветных салонаў. У асабістай творчай скарбонцы спадарыні Алены значыцца І спецыяльны прыз і галоўны прыз у намінацыі “Жывапіс” на “Зялёных салонах” у Эрбле, а таксама першы прыз у катэгорыі “Жывапіс” Асацыяцыі вытанчаных мастацтваў.

Алену Вантрыён-Макарэвіч добра ведаюць жывапісцы Віцебска і Брэста, якім былая суайчынніца дапамагае ладзіць экспазіцыі ў французскіх салонах. Яна ж з’яўляецца ініцыятарам і суарганізатарам сумесна з Пасольствам Беларусі ў Францыі выстаў беларускіх мастакоў у рамках “Восеньскага салону”, які пройдзе на Елісейскіх палях у кастрычніку 2016 года. Пра ўсё гэта паведамляе беларускае дыппрадстаўніцтва ў Парыжы.

На здымку: адна з работ мастачкі.