Пад мантыяй безразважнага Арлекіна

№ 20 (1250) 14.05.2016 - 20.05.2016 г

Кіназорка з Крывеля: спроба аб’ектыўнага аналізу біяграфіі Пятра Алейнікава
Сёння "К" працягвае расповед пра знакамітага савецкага кінаартыста — беларуса Пятра Алейнікава.

/i/content/pi/cult/586/12973/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у №№ 15, 16, 18.)

Пятра Мартынавіча я бачыў толькі аднойчы у Маскве -- выпадкова. Дзесьці ў раёне Чаромушак. Гэта было летам 1962 ці 1963 года, дакладна не памятаю. У нейкага піўнога ларка, дзе тоўпілася вялікая маса вольнага люду, прагных атрымаць куфаль бурштынавага “Жыгулёўскага”, ён стаяў у кампаніі трох немаладых людзей, вельмі пастарэлы, з памятым тварам. У мяне тут жа ўзнікла думка наблізіцца да яго і сказаць штосьці прыемнае. Але -- не падышоў, пасаромеўся. Ды і хто ведае, як ён мог успрыняць мае запозненыя, магчыма, ужо і не патрэбныя яму, кампліменты?

Нашмат пазней мне распавядалі, як аднойчы ў Манрэалі, ля ўваходу ў гатэль “Хілтан”, Уладзімір Высоцкі пабачыў зорку галівудскіх баевікоў Чарльза Бронсана, шырока вядомага ў нас па ролі Бернарда О’Рэйлі ў “Цудоўнай сямёрцы”. Пабачыў і кінуўся да яго, каб сказаць, што ён яго любімы акцёр. Той сплюнуў пад ногі, раздавіў недакурак абцасам і раўнадушна прабурчэў: “Пайшоў ты…” Праз некаторы час Уладзімір Сямёнавіч даваў канцэрт у Галівудзе. Пасля выступлення адбыўся адпаведны фуршэт. Высоцкі хацеў адшукаць Бронсана сярод запрошаных, каб адплаціць яму той жа манеткай, так бы мовіць, “алаверды”, паслаць яго, куды след. Але не знайшоў. Спытаў арганізатараў: чаму няма Чарльза Бронсана, гэтага амерыканскага літоўца, народжанага пад імем Караліса Бучынскіса? У адказ пачуў: мы яго ніколі не запрашаем, бо ён па характары вельмі пануры, нелюдзімы і малапрыемны чалавек. Дык вось, хто ведае, як бы мяне ўспрыняў тады Пётр Мартынавіч. Можа, таксама паслаў бы куды падалей няпрошанага незнаёмца, які прагне залезці ў яго параненую жыццём душу…

Згадвае народны артыст СССР Яўген Веснік: “У нашай высотцы, насупраць заапарка, жыў Пётр Мартынавіч Алейнікаў — адзін з найлепшых артыстаў савецкага кіно. Ён быў схільны да вядомай рускай заганы. І ведаў, што ў яго рак. Раніцамі вартаўнік заапарка рыхтаваў яму чацвярцінку “Рускай”. Паправіцца. Я ведаю, што гэта такое. Пётр Мартынавіч падружыўся з ваўком па мянушцы Норык. Падкормліваў яго. Аднойчы нават пачаставаў сябра кавалачкам хлеба, змочанага гарэлкай. Неяк Алейнікаў прыйшоў вельмі цяжкі. У яго былі сваркі дома. Прыйшоў да Норыка і плача. Вартаўнік мне расказваў: “Заўсёды артыст хваляваўся, што воўк яго ўкусіць. А тут бачу: Норык вылізвае яму слёзы! Пётр Мартынавіч, цверазеючы на вачах, усхвалявана вымаўляе: “Норык! Ты самы лепшы з людзей!!!”

Ужо і не памятаю, калі я ўпершыню паглядзеў каляровы фільм-казку “Канёк-Гарбунок” рэжысёра Аляксандра Роу з Пятром Алейнікавым і Георгіем Мілярам у галоўных ролях. Як я сачыў за кожным рухам, кожным словам Іванушкі, царскага спальніка Чыхіра, дзяўчыны-прыгажуні Зараніцы, цара Афрона!.. Для мяне гэта карціна, знятая па казцы Пятра Яршова, і па сённяшні дзень так і засталася вельмі каштоўным рарытэтам, які захаваў і прыкметы таго часу, і млявую настальгію па ўласным дзяцінстве. Здавалася б, прайшло шмат дзесяцігоддзяў, але гэта дыстанцыя зрабіла стужку яшчэ больш каштоўнай.

Па вялікім рахунку Алейнікаў не быў майстрам пераўвасаблення. Праўда, аднойчы імкнуўся гэта зрабіць, калі пагадзіўся ў 1946-м здымацца ў фільме “Кампазітар Глінка” ў ролі Пушкіна. Зняўся, і лічыў гэтую ролю адной з лепшых сваіх кінаработ. Але народ яго ў гэтым вобразе не прыняў. Толькі Пушкін-Алейнікаў з’явіўся на экране, з бакенбардамі і ў крылатцы, зал зарагатаў, словам, смех дый годзе. Як гэта так: улюбёныя народам алейнікаўскія вобразы кухціка Малібогі, Саўкі-трактарыста, шахцёра Вані Курскага з кароннай фразай: “Любоў — гэта як тыф!”, ардынарца чырвонага камдыва Аляксандра Пархоменкі — былога анархіста Васіля Гайварона з яго песняй “Ты ждешь, Лизавета, от друга привета…”, танкіста ў ваенным кінозборніку “Беларускія навэлы” — а тут раптам “сонца рускай паэзіі”, “наша ўсё”! Адыёзныя крытыкі нават загаварылі пра “дыверсію” супраць вялікага паэта. Канешне, пасля гэтага Алейнікаў прыйшоў у роспач, прасіў рэжысёра Льва Арнштама зняць яго імя з цітраў. Але, на шчасце, той не паслухаўся, а Алейнікаў у чарговы раз запіў…

Я перагледзеў не так даўно гэты фільм, канешне, вельмі слабы, але, павінен сказаць, што Пушкін-Алейнікаў мне спадабаўся. Акрамя таго, што акцёр у грыме быў знешне падобны да паэта, ён таленавіта яго сыграў, хаця, можа, паказаў яго залішне сур’ёзным і спакойным: Пушкін усё ж быў, паводле ўспамінаў, чалавекам экспрэсіўным, жывым, рухавым, нават звышэмацыянальным. Прынамсці, Алейнікаў зрабіў на мяне ўражанне больш моцнае, чым ігра яго кіношнай жонкі, трывіяльнай какоткі Марыі Івановай (Глінка) ў выкананні славутай Валянціны Сяровай. Ды і Барыс Чыркоў (Глінка) быў занадта “ідэалагічна” вытрыманы, так бы мовіць, у рэчышчы дзяржаўнага, сталінскага сацрэалізму. Не хапала яму толькі ў кішэню партбілет пакласці. Так ці інакш, фільм атрымаў Сталінскую прэмію, але Пятра Алейнікава яна ніяк не закранула.

Наогул, акцёру, у адрозненне ад многіх яго славутых калег, на падобныя ўзнагароды ніколі не шанцавала. Дзіўная рэч: іграў разам з сябрамі-“не разлей вада” Мікалаем Кручковым і Барысам Андрэевым, іграў з Алегам Жакавым, Барысам Чырковым, Яўгенам Веснікам, Нонай Мардзюковай, Лідзіяй Смірновай, Валянцінай Сяровай, Фаінай Ранеўскай, Аляксеем Абрыкосавым, Тамарай Макаравай — народ іх усіх паважаў, на іх з задавальненнем ішоў, — але, як аказалася, усе яны сталі ферзямі, а ўсенародналюбімы Алейнікаў — пешкай, якая так і не прайшла ў ферзі.

Смешна сказаць, але адзіную ў жыцці першую прэмію за найлепшую акцёрскую работу ў фільме Булата Мансурава “Спатоленне смагі” на Усесаюзным кінафестывалі ў Ленінградзе (1966) артыст атрымаў… пасмяротна. Як і пасмяротны прыз за тую ж ролю на Аглядзе-спаборніцтве кінематаграфістаў рэспублік Сярэдняй Азіі і Казахстана… І нават дзіўны закон яшчэ сталінскіх часоў пра магчымасць прысваення Дзяржаўных прэмій нябожчыкам не закрануў Алейнікава. Аднак дзякуй яго малой Радзіме — Беларусі, на зямлі якой сёння ёсць і імянны Музей у вёсцы Крывель, і цудоўны бронзавы помнік у Шклове, адкрыты ў канцы 2015 года (аўтар Аляксей Паўлючук), і вуліца там жа, названая яго імем.

Так, Пётр Алейнікаў быў у звязцы вялікіх і знакамітых “сваім сярод чужых”, хаця абсалютна ні ў чым не саступаў па таленце і творчай апантанасці будучым шматразовым сталінскім лаўрэатам, “народным артыстам”, ардэнаносцам усіх рангаў. Але ўсе падобныя дзяржаўныя ўзнагароды (уключаючы самы маленькі медалёк!) Петра Мартынавіча абмінулі, абышлі, як “касы дождж”. Магло падацца, што Алейнікаў “якім быў, такім і застаўся” на ўсе часы. Насамрэч, ім усё жыццё кіравала жаданне расці, змяняць акцёрскае амплуа, і не яго віна, што кінарэжысёры не здолелі разгледзець скрытых патэнцыйных магчымасцей Алейнікава для выканання буйных вобразаў, якія ён мог сыграць не горш за, скажам, Барыса Чыркова ці Мікалая Кручкова. Мабыць, адзін Мансураў змог па-сапраўднаму ўбачыць “нутро” Алейнікава ў ролі запраўшчыка Маруціна ў сваім фільме пра будаўніцтва ў 1950-я гады Каракумскага канала — тым самым “Спатоленні смагі” (па раману Юрыя Трыфанава), але гэта роля сталася “лебядзінай песняй” артыста, надта запозненай — незадоўга да яго смерці.

Карціна гэта прынесла 50-гадоваму артысту асаблівую радасць, тым больш, што побач з ім здымаліся яго дачка Арына і сын Тарас. Здымкі ішлі ў пустыні пад Ашхабадам. Вось што распавядаў Булат Мансураў: “У рабочым пасёлку, у пакойчыку недабудаванага дома, мы былі ўдваіх з Пятром Алейнікавым. За фанернай перагародкай была грымёрная, і адтуль даносіўся жаночы голас: “Я яго не пазнала! Памятаю, такі ён быў прыгожы, а зараз…” Пётр Мартынавіч усміхнуўся і заплакаў… Па дванаццаць і больш гадзін у суткі працаваў Пётр Мартынавіч, заражаючы сваёй працавітасцю ўсю здымачную групу. Усё, што ён паспеў зрабіць у фільме, было зроблена за 15 — 16 дзён. Аднойчы я спытаў яго: “Вы не стаміліся?” Ён усміхнуўся і нечакана ў сваю чаргу спытаў, ці змяню я назву карціны. “Не, — адказаў я. — Ні ў якім разе”. — “Добра, не трэба, — вымавіў ён, — гэта мая доўгая смага працаваць, якую я даўно не спаталяў…”

“Няўжо адзін я такі шалапутны?..”

Зразумела, шмат што перашкаджала яму ў жыцці: алкаголь, дзіцячая непасрэднасць, нястрыманая мова, звязаная з формуламі: “заўсёды рэзаць “праўду-матку”, “ніколі не маніць”, “нічога і ні ў каго не прасіць”, “адчуваць сябе незалежным ад прынятай маралі “будаўніка сацыялізму”. Словам, жыў пад дэвізам: думаць адно, а казаць… тое ж самае.

У гэтым сэнсе Алейнікаў быў чалавекам даволі непрадказальным, здольным на такія ўчынкі, якія іншаму падаліся б дзіўнымі, а часам — задужа смелымі і нават небяспечнымі ў тагачасным савецкім соцыуме, дзе жыў ды працаваў акцёр. Праўда, па гэтай частцы быў у яго неразлучны, шчыры да канца жыцця сябра, мабыць, адзіны ва ўсім свеце — гэта Барыс Андрэеў. Здавалася, дзве процілегласці па характары: адзін — жыццеўстойлівы, нязломны, моцны грамабой, які мог разбураць, крышыць усё вакол, калі трэба, нягледзячы на чыны і званні; і — вясёлы балабол з бліскучымі знешнімі данымі, з непаўторнымі ўсмешкай ды інтанацыяй у голасе, абаяльны, жыццярадасны, даверлівы, безабаронны, адчайны, і ў той жа час — зусім недысцыплінаваны і некіруемы ў складаных абставінах. Гэта, зразумела, Алейнікаў. А вось знайшлі ж адзін аднаго, “бас” Барыс Фёдаравіч і “тэнар” Пётр Мартынавіч, абое, адчулі, што іх сяброўства — не толькі здымацца разам у фільмах і жлукціць гарэлку пасля ўдалых ці, наадварот, няўдалых кіназдымак, а тое, што называецца, “ад чыстага сэрца і на вякі”. Абодва яны траплялі ў розныя надзвычайныя сітуацыі, але фартуна доўгі час ахоўвала іх ад непрыемнасцей, бо іх акцёрская папулярнасць была ашаламляльнай. І калі Андрэеў, увешаны ордэнамі і лаўрэацкімі медалямі, з часам “уціхамірыўся”, стаў спакойным і амаль філосафам, Алейнікаў рана апынуўся за бортам жыцця і творчасці — і ў гэтым былі яго і віна, і бяда.

Але мінулага не вернеш. І многае з гэтага мінулага двух такіх непадобных адзін да аднаго сяброў з часам перайшло ў народныя легенды. Прывяду толькі некаторыя. Аднойчы ў цудоўны майскі дзень пасля здымак фільма “Знішчальнікі” Алейнікаў і Андрэеў як мае быць “адпачылі” ў кіеўскім рэстаране на Крашчаціку. Потым няспешна пайшлі ў бок сваёй гасцініцы. Але — не дайшлі. Хутка іх размарыла неадольная стома, і тады Андрэеў са словамі: “Пеця, камандую: “Адбой!” — нагой разбіў вітрыннае шкло мэблевага магазіна. Зайшлі ўнутр. Пабачылі акуратна прыбраны ложак. На падушках — украінская вышыўка, на стуле побач — расшыты рушнік. Артысты без лішніх словаў дзелавіта размясціліся на шырокім ложку і задалі храпака. Ачунялі ў міліцэйскім КПЗ. Малады дзяжурны, які ўбачыў перад сабой знакамітых артыстаў, папрасіў прабачэння, паведаміў па тэлефоне свайму начальніку і пачаў складаць пратакол. “А вось і не складзеш!” — басам заявіў Андрэеў і адным махам выпіў чарнілы з чарнільніцы. Такім своеасаблівым чынам “пахмяліўся”. Пакуль шукалі новыя чарнілы, у КПЗ тэрмінова прыехаў на матацыкле з люлькай начальнік аддзялення са сваёй сям’ёй. Хіба можна прапусціць такі гістарычны момант, калі перад табой два самыя знакамітых кінаартысты! І пачаўся імправізаваны творчы вечар, які плаўна перайшоў у працяг банкета. Кампанія весела распявала песню трактарыста Саўкі “Здравствуй, милая моя…”, а Андрэеў паказваў усім свае моцныя біцэпсы: “Гэта рука рабочага чалавека! Я некалькі гадоў прапрацаваў на заводзе слесарам-электраманцёрам, і ведаю, што такое рабочая жылка…” І далей распавядаў, як самы блізкі сябра Пётр Алейнікаў, які ў гэты момант наліваў сабе віно, пазнаёміў яго з будучай жонкай, Галінай Васільеўнай, дачкой самога камісара міліцыі… І тут Алейнікаў удакладніў: “Так, была такая справа. Аднойчы ехалі мы з Борам у тралейбусе, тут жа, у Кіеве. Загаварылі пра жаніцьбу. Я і кажу сябру: “Ну якая дурніца за цябе пойдзе, за такую глыбу, за лапця вясковага?” А ён мне ў адказ: “А вось ажанюся з першай жа дзяўчынай, якая ўвойдзе ў гэты тралейбус!” Я, канешне, ад смеху зайшоўся. Але тут на прыпынку ўвалілася моладзь, і сярод гэтага натоўпу — сімпатычная такая дзяўчына. Бора адразу — да яе. А тая — у чырвань. Яшчэ б: сама жывая кіналегенда да яе падваліла! Скочылася тым, што Бора настойліва ўзяўся яе праважаць. А хутка згулялі вяселле, на якім я быў сведкам…” Канешне, усе слухалі маналог Алейнікава з адкрытымі ртамі і ніхто не ўспомніў ні пра разбітую вітрыну, ні пра чарнілы, ні аб пратаколе…

А вось выпадак з іншай “оперы”. Здымалася прыгодніцкая карціна “Здарэнне ў вулкане” па сцэнарыі Восіпа Брыка і Міхаіла Разанфельда. Рэжысура была Яўгена Шнэйдара. Але з самага пачатку стала ясна — фільм атрымаецца правальным. Сцэнарый — нікчэмны, сюжэт надуманы, персанажы хадульныя, безаблічныя. Алейнікаў здымаўся ў ролі матроса Шаталава. Побач — артысты Лідзія Смірнова і Андрэй Файт, сурэжысёры — Леў Куляшоў і Аляксандра Хахлова. І знята было ўжо больш за палову карціны. Аднак усё ішло не так. Увогуле, Алейнікаву гэта абрыдла. Праўда, Яўген Шнэйдар штосьці імкнуўся выціснуць з фільма, але акрамя сварак на пляцоўцы, нічога не атрымлівалася. Паміж ім і Пятром Алейнікавым сваркі ўзнікалі асабліва часта і па ўсякім выпадку. Нарэшце, пасля здымак чарговага эпізода, Алейнікаў у нумары ялцінскай гасцініцы не вытрымаў, пры людзях спусціў штаны, павярнуўся да рэжысёра спінай і сказаў: “Вось ты хто, а не рэжысёр!” Пасля чаго пакінуў здымачную пляцоўку. Шнэйдара гэта, канешне, абурыла. І ён тут жа тэлеграфаваў у Маскву пра брыдкі ўчынак акцёра. Хутка адтуль прымчалася спецыяльная камісія, якая запатрабавала ў Алейнікава неадкладна і прынародна папрасіць прабачэння ў рэжысёра, інакш справу накіруюць у суд. Пётр Мартынавіч доўга ўпіраўся, але ўсё ж падаўся назад. Здымкі карціны скончылі, аднак, творам мастацтва яна так і не стала.

У 1945 годзе рэжысёр Аляксандр Файнцымер здымаў “Марскі батальён”. Алейнікаў павінен быў сыграць ролю старшыны Пятра Якаўлева. Раніца. Усё падрыхтавана да рэжысёрскай каманды: “Матор!” Увесь акцёрскі склад у зборы. Але Алейнікава няма. Чакаюць. Няма. Паслалі ў гасцініцу. А там, у нумары, заспелі такую карцінку: моцна выпіўшы, Алейнікаў ганяе з рэменем таксама нейкую п’яную кабету, якая равела на ўсё горла. Давялося выклікаць маракоў, каб тыя ўціхамірылі раз’юшанага артыста і прывялі яго ў парадак. Але рэжысёр на гэта раз дараваў Алейнікаву, не здаў у міліцыю, не пісаў скаргу ў “інстанцыі”, як Шнэйдар, і Пётр Мартынавіч паспяхова дапрацаваў да канца. Дарэчы, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (з 1934 года) Файнцымер на “Беларусьфільме” зняў разам з Уладзімірам Корш-Сабліным” карціну “Канстанцін Заслонаў”, а таксама з’яўляецца аўтарам папулярных кінастужак “Паручнік Кіжэ”, “Катоўскі”, “Овад”, “Тракцір на Пятніцкай”, “Дзяўчына з гітарай”.

Вядомы музычны адміністратар, імпрэсарыа ды паэт-песеннік Павел Леанідаў прыгадваў такую журботную споведзь акцёра: “Мне піць нельга. Хаця, разумееш, калі я своечасова не вып’ю — мне хана: задыхнуся я. У мяне, калі тэрмін прапушчу, задышка жудасная, як у астматыка, а вып’ю — і адыдзе, адхлыне. У мяне, разумееш, у душы — бяда, не прадыхнуць, не перакрочыць, не перамахнуць. Бора Андрэеў — вось які здаровы, а з мяне што ўзяць? Іншы раз думаю: няўжо адзін я такі шалапутны ды неразумны, а пагляджу на вуліцу ці ў залу — і бачу, што ўсім дыхаць няма чым, усім, але яны дурні, трываюць, а я п’ю і не трываю…”

Самае дзіўнае тое, калі верыць хірургу Баснеру, пасля смерці акцёра печань Алейнікава аказалася цалкам здаровай! Дык што ж, алкагалізм Алейнікава — міф? Плёткі? Паклёпы зласліўцаў ці аматараў “смажанага”? Урач сцвярджаў, што акцёр проста (такі быў арганізм) п’янеў з двух-трох кілішкаў спіртнога. Мо і так — не ведаю, хаця такія выпадкі сустракаў сярод маіх знаёмых…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"