Не ўмоўны лісток кнігавыдачы

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

"Пазабюджэтныя" таямніцы паляшуцкай душы
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама Святлана Завадская параіла нам заехаць у вёску Любішчыцы. Мы заехалі. І зноў не пашкадавалі. Высветлілася, што адзін з нас быў тут некалькі гадоў таму. Таму з’явілася нагода прасачыць дынаміку развіцца тамтэйшых клубнай ды бібліятэчнай устаноў.

/i/content/pi/cult/580/12906/9-6.jpg“А план я не выканаю!”

У Любішчыцы прыехалі пад вечар — той самы час, калі пасля працы людзі маюць магчымасць бавіць вольны час на рэпетыцыі або ўдзельнічаць у самадзейнасці ці тэматычных гуртках мясцовага дома культуры. І тая магчымасць выкарыстоўвалася. Якраз ішла рэпетыцыя вакальнага гурта пад кіраўніцтвам Людмілы Палонскай, на якую сабралася з дзясятак чалавек. Скажам адразу: узровень выканання — прыстойны, ды і з рэпертуарам праблем, здаецца, няма. Маючы гэтыя два складнікі поспеху, прасцей дасягнуць і фінансавых прыбыткаў. З гэтага і пачалі гутарку з дырэктарам Любішчыцкага СДК Святланай Ятчэня — чалавекам шчырым і эмацыйным. Вось толькі яна адразу зазначыла, што план па аказанні платных паслуг насельніцтву не выканае. З аднаго боку, у Дома культуры ёсць што прадаць. Гэта, як мінімум, народная і эстрадная творчасць з адметнай тэатралізацыяй. Хіба СДК (ён, дарэчы, нядаўна адзначыў сваё 50-годдзе) харэографа. Тым не менш статыстыка нярадасная. Калі браць апошнія канцэрты, то, па словах Святланы Ятчэня, у адным сяле прыйшло 8 чалавек, у другім — 25. У выніку на аплату паліва для машыны грошай пайшло больш, чым было зароблена на продажы білетаў на мерапрыемства. І праблема тая тычыцца не толькі ў любішчыцкіх творцаў. Такая ж сітуацыя ў народнага фальклорнага калектыву “Каланянка” з Целяханскай зоны абслугоўвання. Зарабілі яны на трох канцэртах 800 тысяч, а на паліва пайшло 700 з лішкам.

Логіка кіраўніка Любішчыцкага СДК нам зразумелая: няма гледача, няма і мэтазгоднасці выступаць з выязднымі мерапрыемствамі. А ці ёсць тады мэтазгоднасць дзейнасці самога СДК? Мяркуем, што ёсць. Хаця б таму, што паўдзельнічаць у мясцовай самадзенасці прыязджаюць у Любішчыцы нават з райцэнтра. Гэтаксама як прыязджаюць падзівіцца на саламяныя цуды Ніны Чымбар, якая кіруе ў СДК гуртком па саломкапляценні. Адзін толькі трактар у яе ўвасабленні чаго варты! А таму з задавальненнем пераймаюць у яе тэхніку мясцовыя дзеці і не толькі.

Што ж атрымліваецца? У Любішчыцах гатовы навучыць, як зрабіць цікавае мерапрыемства і як наладзіць працу з народнымі майстрамі. А вось як зарабіць грошы на паслугах сферы культуры — з вялікім жаданнем гатовы павучыцца самі. Няўжо абласны метадычны цэнтр не ідзе насустрач? Не надта верыцца.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Падчас нашых аўтатураў заўсёды спрабаваў знайсці адказ на пытанне: як зрабіць, каб сельская ўстанова культуры была прывабнай і карыснай як для мясцовага жыхара, так і для прыезджага турыста? Вядома, можна апраўдваць бяздзеянне несупадзеннем функцый установы з запытамі аўдыторыі. І тым не менш, мне здаецца, ажыццявіць такое спалучэнне інтарэсаў цалкам магчыма. Што для гэтага патрэбна: ключавы аб’ект (у Івацэвіцкім раёне гэта, вядома, Косаўскі палац і сядзіба Касцюшкі), а таксама падрыхтаваныя да інтэрактыўнай дзейнасці сельскія ўстановы культуры. Не абысціся ў гэтай справе і без сістэмы харчавання ды гатэляў (з гэтым на Івацэвіччане праблем няма). Застаецца хіба стварыць праграму для смартфонаў з картай аб’ектаў і іншай дадатковай інфармацыяй або скарыстацца наяўнымі інтэрнэт-картамі, дзе можна нанесці свае ўстановы. Хіба цяжка гэта? Мяркую, што не.

Блок ушаноўваецца, а Караткевіч?

Пра сельскую бібліятэку Любішчыц, якой кіруе Ірына Кірчук, “К” пісала ўлетку 2008 года. У гэтай установе тады ўразіла крэсла… Блока, з пальчаткай Незнаёмкі на спінцы, з пажоўклымі аўтарскім рукапісамі на сядзенні. Паэт нібыта толькі што прысутнічаў, але на хвілінку выйшаў. Прыдумка вабіла інтрыгай чытача, стварала ў бібліятэцы адмысловую атмасферу творчага задумення, далучэння да Слова…. Крэсла захавалася і па сёння.

З Блокам усё тут зразумела. Вырашылі паглядзець у дадатак, а наколькі часта трапляе ў чытацкія рукі, скажам, наш Караткевіч. Знайшлі на паліцах поўны збор твораў рамантыка-летуценніка, разгарнулі том і ўбачылі нечакана, што на лістку бібліятэчнай выдачы — ніводнага запісу. Узяліся за другую кніжку і ўвогуле не знайшлі таго аркушыка. У трэцяй і чацвёртай — таксама. У чым справа? Біліятэкарка паведаміла, што аддзел камплектацыі Івацэвіцкай райбібліятэкі дасылае кнігі без лістка выдачы, інакш кажучы, дазваляе ім не карыстацца. Дзеля дакладнасці зазірнулі ў чытацкія фармуляры, дзе ўсе запісы па кнігавыдачы маюцца. Але ж гэта ўсё адно не дапаможа эфектыўна адсачыць запатрабаванасць той ці іншай кнігі. Меўся б электронны каталог — тады іншая справа: вылучыў курсорам назву выдання і атрымаў поўны пералік чытачоў канкрэтнай кнігі.

Але цяпер не пра яго. Апрача кнігавыдачы вельмі актыўна займаюцца ў бібліятэцы і творчасцю. Па словах Ірыны Рыгораўны, пачыналі яны з бісера, пасля зацікавіліся стварэннем народных ляляк-абярэгаў. Ды так, што могуць смела канкураваць з профільнымі народнымі майстрамі з Рагачоўскага, Старадарожскага і Любанскага раёнаў. А зёльніца, створаная рукамі Ірыны Кірчук і напоўненая мятай, мялісай да сардэчнікам, не згубіцца ў інтэр’еры і гарадской кватэры.

Апошнім часам заняткі, на якія збіраецца 8 вучняў, у бібліятэцы праводзяцца двойчы на тыдзень. Выкарыстоўваюць тут нават пластыкавыя бутэлькі, што добра і для экалогіі, і для дзяцей, якія з побытавых прадметаў робяць прывабныя рэчы і радуюць імі сваіх бацькоў.

Апошні трэнд у Любішчыцкай бібліятэцы — стварэнне ўзораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з мешкавіны і карункаў, а таксама велікодныя пісанкі і драпанкі. Бонус такой творчай дзейнасці — платныя майстар-класы, на якія прыязджаюць школьнікі з суседніх вёсак. Ды і Ірына Кірчук са сваёй камандай выязджае ў Івацэвічы, дзе праводзяць майстар-класы ў раённым музеі. Поруч з выкарыстаннем камерцыйнага фонду і камп’ютарнымі паслугамі майстар-класы дапамагаюць выканаць, а часам і перавыканаць план платных паслуг, што складае на паўгоддзе 750 тысяч рублёў. Словам, пабачылі мы тут не сельскую бібліятэку, а, лічы, раённы дом рамёстваў. Што казаць: у бібліятэцы знайшлося месца нават для адметнай фотавыставы.

Але згадаем, што нават самы прэстыжны медаль мае адваротны бок. Праз прадуктыўную дзейнасць бібліятэцы ў Любішчыцах няма дзе захоўваць усё створанае. А чаму б, да прыкладу, не адкрыць пры бібліятэцы імправізаваны музей? Тым больш, як аказалася пасля невялікай пошукавай работы, што адпаведнае памяшканне ў будынку вылучыць пад музей можна. Варта толькі яго добраўпарадкаваць, што, думаем, пад сілу той жа гаспадарчай групе. У выніку, раён можа атрымаць не проста сацыякультурны цэнтр для патрэбаў мясцовага насельніцтва, але і турыстычны аб’ект, прынамсі, лакальнага значэння.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

І трэба ж было залезці ў тыя кніжкі?! Але факт застаецца фактам. У бібліятэцы Любішчыц, як, напэўна, і іншых вёсак раёна, лістком выдачы не карыстаюцца. Дык мо сапраўды не трэба? Я, каб высветліць ісціну, абтэлефанаваў некалькі аддзелаў бібліятэчнага маркетынгу (у тым ліку — па Брэстчыне) і знайшоў пацвярджэнне сваім перакананням: без гэтага дакумента не абысціся.

Прыехаў дахаты і паглядзеў свае кнігі, што бяру ў 21-й бібліятэцы-філіяле сталіцы. Усе лісткі выдачы (гл. здымак) — самаробныя, не друкарскага выпуску. На іх абодвух баках пазначаны чытацкі нумар і апошні дзень вяртання кнігі ў бібліятэку. Што гэта дае? А вельмі многае. Чытач дакладна ведае, да якой даты можа трымаць выданні. А бібліятэкар можа прасачыць, як часта канкрэтная кніга выдаецца на рукі. І гэтая апошняя функцыя простага аркушыка падаецца найбольш важнай. Бібліятэкар, ведаючы, наколькі запатрабаванае тое ці іншае выданне, будуе ў адпаведнасці з гэтым сваю штодзённую працу з чытачамі па папулярызацыі кніг, у дадзеным выпадку — вершаў і прозы Уладзіміра Караткевіча. Так што кожны работнік сельскіх устаноў наўпрост зацікаўлены ў тым, каб уласна выразаць і наклеіць на кнігі тыя лісткі.

Чытальная зала ў скверы

Перш чым знайсці цэнтральную бібліятэку Івацэвічаў, трохі пакруціліся па горадзе, які паказаўся нам тым днём шматлюдным і актыўным. Гэтае ж хацелі пабачыць і ў самой бібліятэцы. Адным вокам кінуўшы на кідкія заклікі чытаць і, вывучыўшы асартымент “буккросінгу”, завіталі наўпрост да дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Піліпа Пестрака і адпаведна — дырэктара ЦБС Галіны Гарэлік. Закранулі тэму адсутнасці лістка выдачы на бібліятэчных кнігах. Як патлумачыла Галіны Гарэлік, раней лісткі звароту літаратуры былі прымацаваны да кожнай кнігі. Цяпер з-за эканоміі фінансавання гэта не робіцца. Найперш, тая праблема тычыцца сельскіх бібліятэк. А як няма лісткоў у новых кнігах, то адпала неабходнасць запаўняць іх і ў старых выданнях, на апрацоўцы якіх яшчэ не эканомілі.

Дазволім сабе не пагадзіцца. Не нам указваць, што і як рабіць бібліятэкарам, але для невялікага аркушыка паперы, які ўклейваецца ў кнігу, не абавязкова закупляць фірмовыя разлінееныя бланкі. Думаецца, дастаткова будзе нават скарыстаных на адзін бок старонак фармату А4. Альбо зрабіць лічбавую фіксацыю кнігавыдачы.

Да слова, пра тэхніку. У самой ЦБС налічылі 14 камп’ютараў. Апроч таго ва ўсіх 16 бібліятэках аграгарадкоў таксама маецца па камп’ютары. Пераважная большасць — з выхадам у Інтэрнэт. Яшчэ колькі лічбаў. Усяго ў раёне дзейнічае 32 бібліятэкі з улікам бібліобуса, які мае 8 маршрутаў, абслугоўваючы раз на месяц да 40 населеных пунктаў.

І ўсё ж расповед пра Івацэвіцкую ЦБС хочацца завяршыць на пазітыўнай ноце. Як-ніяк установа змагаецца за сваіх чытачоў. Да прыкладу, каб усім было зручна, бібліятэка на працягу дня не зачыняецца, а абедзенны перапынак для супрацоўнікаў размеркаваны на розны час. А ўлетку ў маляўнічых скверах перад гарадской бібліятэкай мяркуецца ладзіць акцыю “Чытальная зала пад адкрытым небам”. А каб да гэтай акцыі яшчэ далучыць айчынных паэтаў ды пісьменнікаў — цікавасць да яе была б гарантавана. Ды толькі апошні раз пісьменніцкі дэсант з Мінска быў тут на 70-годдзе з дня нараджэння Міколы Купрэева. А так яны — рэдкія госці. Што ж, будзе нагода іх запрасіць.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Пытанне з лісткамі бібліятэчнай выдачы па Івацэвіцкім раёне так і засталося адкрытым. Як, дарэчы, і пытанне з выкананнем планаў пазабюджэтнай дзейнасці, якія дзесьці выконваюцца, а дзесьці — не. Няўжо адказы на гэтыя пытанні варта шукаць толькі ў непрадказальнасці паляшуцкіх характараў?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"