Магчыма, я вельмі старамодная. Расла ў часы, калі кнігі былі жудасным дэфіцытам, а дзеля патрэбнага томіка неабходна было ўзяць “у нагрузку”, як кажуць, аўтара трэцяга гатунку. Кожныя гастролі ў новым горадзе пачыналіся з таго, што бацькі-тэатралы кідаліся па кніжных крамах і камісіёнках (у малых гарадах Савецкага Саюза і на цэнтральных паліцах можна было знайсці тое, што ў сталіцы знікала ці не да выхаду са складоў).
Мая сяброўка распавядала, як у бясконцыя дні сваіх дзіцячых хвароб яна гадзінамі разглядвала кнігі з ілюстрацыямі Віктара Чыжыкава і прыдумляла гісторыі па малюнках Пітэра Брэйгеля. Не забудуся, як плакала маці, калі бабуля ненаўмысна выкінула так цяжка здабыты збор літаратурна-мастацкіх часопісаў “Новый мир”. Памятаю, як у 1990-я, каб было за што жыць, бацькі з болем здавалі ў камісіёнку самыя каштоўныя найменні, а я ўпотай бегала ў тую краму і нашэптвала роднаму альбому Антуана Вато з надарванай вокладкай, што ён толькі мой і ніхто яго не набудзе…
Часам кнігі выкарыстоўваліся не па прызначэнні. У дзяцінстве я рабіла з іх пакойчыкі для цацак, высоўваючы на паліцы томікі ў патрэбнай мне заканамернасці. Неаднаразова стосы фаліянтаў станавіліся прэсам. А аднойчы настаўнік загадаў нам нарыхтаваць лісце, сказаўшы, што лепш за ўсё сушыць яго ў кнігах. Пад расправу патрапіла факсімільнае выданне Пальмера Кокса “Дзіўныя прыгоды і вандраванні лясных чалавечкаў” (тое самае, з якога Мікалай Носаў пазней “запазычыў” фабулу сваёй кнігі пра Нязнайку). Да гэтай пары не магу без пачуцця віны браць у рукі кнігу, якая ад недарэчнай вільгаці пайшла хвалямі…
Тады я адчула, што ў адказе за выданні, якія былі мне і асветай, і лекамі. Узяўшы на ўзбраенне папулярную тады песеньку “Кожнай старонцы трэба лячыцца ў кніжнай бальніцы”, майстравала і размалёўвала згубленыя ў часы шматлікіх пераездаў вокладкі, клеіла з каляровага кардону парваныя карашкі. Дарэчы, і сёння ўжо разам са сваімі дзецьмі перыядычна ладжу такія “бальнічныя дні”. І бачылі б вы з якім гонарам старэйшы распавядае пасля ў садку, як ён з сям’ёй рамантаваў хатнія (а заадно і ўзятыя з бібліятэкі) кнігі!
А зараз перада мной лаўка, збітая з кніг… Відаць, аўтару гэтага “тварэння” бібліятэка патрапіла ў спадчыну: тут класічны “джэнтльмэнскі набор” інтэлегенцыі. Па назвах можна прачытаць жыццё не аднаго пакалення. Вось першыя крокі з казкамі пра жывёл Рэдзьярда Кіплінга, потым падлеткавы максімалізм у кампаніі герояў Фенімора Купера ды Вальтара Скота, хлюпанне носам з Дзінкай, што развітвалася з дзяцінствам. А там прыйдзе чарга пафіласофстваваць з Уільямам Фолкнерам, паспрачацца з Міхаілам Шолахавым, узважыць свае ўчынкі з Іванам Шамякіным.
Прыйдзе… толькі не да таго, хто разглядае “Хатынскую аповесць” Алеся Адамовіча ў якасці падпоркі для спіны, а для “Белага адзення” Уладзіміра Дудзінцава і “Жыцця і лёсу” Васіля Гросмана знаходзіць прызначэнне толькі ў якасці сядушкі падчас марафону па шопінг-цэнтру…
На здымку: "кнігалаўка" на цвіках.
Фота аўтара