Жыццё і міфы

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Летась у № 35 “К” ад 29 жніўня быў апублікаваны мой матэрыял пад назвай “Чужых талерак нам не трэба! Як сваю знайсці?..” У гэтай своеасаблівай інструкцыі па адаптацыі маладых спецыялістаў гаворка вялася пра трох паспяховых работнікаў культуры з трох розных раёнаў Беларусі. Гэтыя людзі (усе — з вышэйшай адукацыяй) толькі пачалі набываць досвед. Прайшло паўгода. Я пацікавіўся, што адбылося ў маіх выпадковых знаёмых за гэты час і, самае галоўнае, ці не змянілі яны месца працы.

/i/content/pi/cult/579/12804/4-7.JPGПершае, што хочацца зрабіць, дык гэта развеяць міф пра тое, што малады спецыяліст на першым месцы працы доўга не затрымліваецца. Прынамсі, мае знаёмыя з Кобрына, Докшыц і Дзятлаўскага раёна да новага запісу ў працоўнай кніжцы не імкнуцца і па сёння. Але давайце спынімся больш падрабязна на кожным з іх.

Лілія Туручко — загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Гэта тая, якая адразу адчула сябе ў сваёй талерцы і пачала фантанаваць ідэямі, таму была ўзнагароджана кіраўніцтвам раёна за актыўную жыццёвую пазіцыю… Датэлефанавацца да Ліліі не змог. У бібліятэцы дзяўчаты паведамілі, што нарадзіла яна нядаўна дачку і з лютага знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Але калегі запэўнілі, што Ліля і ў думках не трымае развітацца з калектывам і абавязкова вернецца ў бібліятэку.

Андрэй Чабан — мастацкі кіраўнік народнай студыі “Калейдаскоп” Докшыцкага ГЦК. Усё такі ж жвавы. Не жаніўся, часу няма. А вось інтэрнат далі. У “Калейдаскопе” па-ранейшаму пятнаццаць чалавек. Вельмі шчыльны графік гастроляў па раёне. Дый сам Андрэй у якасці вакаліста пастаянна выступае на самых розных канцэртах у Віцебску. Ці не так нараджаюцца зоркі?

Ніна Баклушына — дырэктар СДК у вёсцы Раклевічы. У лютым пабудавалі дом, адсвяткавалі з мужам пярэбары. Доўга хваліла новага начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Наталлю Калодка. Маўляў, патрабавальная, адказная… У СДК — чатырнаццаць клубных фарміраванняў і гурткоў. З красавіка дадасца яшчэ адзін — па вывучэнні ёгі (знайшлі спецыяліста!). Такіх у раёне больш няма. Клубнае фарміраванне “Што? Дзе? Калі?” (кіруе дырэктар базавай школы Аляксандр Васюкевіч) па выніках мінулага года заняла на Гродзеншчыне другое месца. Леташні план па аказанні платных паслуг насельніцтву выкананы на 110 %. Выкананне сёлетняга плана — 54 мільёны рублёў — таксама справа рэальная. Дзеля гэтага вельмі актыўнае супрацоўніцтва наладжана з санаторыем “Радон”. Сама Ніна Баклушына кіруе клубам прагрэсіўнай моладзі (рабочыя і спецыялісты Раклевічаў), удзельнічае ў адраджэнні велікоднага абраду вёскі, вынікова спявае ў жаночым трыа…

Карацей, жыццё працягваецца. Пабачым праз час, якія яшчэ вяршыні скорацца нашым знаёмым.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"