Сцэна з дзіцячага мюзікла “Прынц — залатыя вушы”. / Фота прадастаўлена тэатрам
Мастацкі кіраўнік тэатра Вячаслаў Панін выступіў аўтарам п’есы, склаўшы яе з перапляцення матываў розных казак і мультфільмаў. Такія прыкметы сучаснасці, як згаданая постмадэрнісцкая сумесь, а таксама кліпавасць некаторых нумароў, удалае выкарыстанне прыёмаў мантажу спрыяюць драматургіі, надаюць спектаклю пругкі тэмпарытм. Вабяць сцэнічныя строі мастака Наталлі Цыганковай, якая ў свой час неаднаразова станавілася лаўрэатам Міжнароднага фестывалю авангарднай моды “Мамант”: чаго каштуюць хаця б касцюмы разбойнікаў, дзе цяльняшкі спалучаюцца з фантазійна-касмічнай тэмай накшталт “Зорных войнаў”.
Сама назва — “… Залатыя вушы” — міжволі настройвае на музыку як галоўны складнік спектакля. Песенныя вершы Ірыны Гаранец цалкам адпавядаюць жанру мюзікла, бо рухаюць сюжэт, а не спыняюць яго музычнымі “стоп-кадрамі”. Кампазітарам названы Аляксандр Сухараў, вядомы па гурту “Эківокі”. Але ў спектаклі, як і звычайна ў праектах гэтага тэатра, шчодра выкарыстоўваюцца многія ранейшыя напрацоўкі: і песні з вядомых мультфільмаў, і частка сцэнічных строяў “на падборы”. Гэта ніяк не рэжа ні вуха, ні вока, бо ўсё стылёва вытрымана — у тым ліку, і праз аднаго аранжыроўшчыка (Віталь Скадорва). Тым не менш, сухараўскія фрагменты адразу прыцягваюць да сябе ўвагу — і меладычнымі ходамі, і ўпадабанымі “фірменнымі” гармоніямі, што парушаюць праславутую абмежаванасць у “тры акорды”.
Дык чаму б тэатру не выйсці, нарэшце, на паўнавартасны аўтарскі мюзікл, прасякнуты сапраўдным музычным развіццём? Бо пакуль тое, што называецца гэтым жанравым азначэннем, мае дачыненне найперш да песеннага рэвю, калі асобныя нумары — вядомыя і новыя — яднаюцца адзінай сюжэтнай лініяй. І толькі калі “нарыхтовак” не стае, пішуцца аўтарскія фрагменты. А той жа Аляксандр Сухараў здольны на большае! Пайшоўшы далей, можна было б, пераадолеўшы міжтэатральную раз’яднанасць, выкарыстаць вопыт Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, калі сціплая музкамедыя — тое ж “Вяселле ў Малінаўцы” — “дапрацоўваецца” прафесійным кампазітарам-сімфаністам Алегам Хадоскам, атрымліваючы не проста дадатковыя нумары, а бездакорную музычную драматургію, вартую мюзікла, сучаснае аркестравае гучанне.
Думаецца, такі зварот да жанру мюзікла ў яго самым высокім прафесійным сэнсе будзе здольны вывесці тэатр на новыя рубяжы. Бо пакуль Маладзёжны тэатр эстрады скіраваны найперш на гумар і забаўляльныя шоу, а мог бы ўзнімаць куды больш разнастайныя тэмы. Гэта, дарэчы, дапамагло б артыстам выйсці з аднастайнай акцёрскай манеры, калі ўсе героі шаржыравана ўтрыруюць жэсты, інтанацыі, працуючы выключна ў эстэтыцы “Маскі-шоу”, увесь час крычаць, нягледзячы на падгучку і абсалютна спраўную гарнітуру.
Заўважна, што тэатр імкнецца напоўніцу раскрываць свой творчы патэнцыял. З’явіліся ў трупе Дзмітрый і Андрэй Дубешкі — узнік спектакль “Двое з куфэрка — бы адбітак у люстэрку”. Падабенства артыстаў-братоў выкарыстана і ў спектаклі “… Залатыя вушы”. Ды той жа Андрэй Кунец (Прынц, у якога з-за гульні “ў Шрэка” замест заняткаў чараўніцтвам выраслі асліныя вушы) не ўпершыню атрымлівае цэнтральныя ролі, дэманструючы не толькі свае спеўныя, але і багатыя акцёрскія, пластычна-харэаграфічныя магчымасці. Гэты малады артыст, які з’яўляецца яшчэ толькі студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, — сапраўдная знаходка для тэатра! І, тым больш, для жанру мюзікла. Значыць, трэба шукаць для яго праекты “на выраст”, дзе можна было б адыйсці ад іміджу вечнага балакі. Тое ж можна сказаць і пра іншых удзельнікаў: ім трэба расці і развівацца, спрабаваць сябе ў розных стылістыках і амплуа, а не паўтараць да бясконцасці аднойчы знойдзеныя вобразы і манеру. Інакш — хаджэнне па замкнутым коле. І — зноў безальтэрнатыўнасць Музычнага тэатра ў час вылучэння на Нацыянальную тэатральную прэмію ў адпаведнай намінацыі, што мае на ўвазе аперэту ці мюзікл.