Савет — пра аналітыку

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Наша газета cтала трымае сувязь з прафесіяналамі сферы культуры, імкнучыся не толькі пачуць і зразумець сталічных і рэгіянальных спецыялістаў, але і данесці іх думкі да шырокай грамадскасці. Не менш цікава рэдакцыі ведаць меркаванне чытачоў пра наша выданне. Для дыскусіі 29 сакавіка быў сабраны рэдакцыйны савет “К” (удзельнікаў яго мы вылучылі з ліку членаў нашага вялікага — з 45 асобаў — Экспертнага савета).

Гэтым разам рэдакцыю “К” наведалі для размовы, якая перайшла ў фармат “круглага стала”, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, фатограф Юрый Васільеў, старшыня Беларускага фонду культуры, старшыня Беларускага бюро ICOMOS Уладзімір Гілеп, першы намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі Алена Далгаполава, народны артыст Беларусі, галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча Міхаіл Казінец, дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна Аксана Кніжнікава, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, прафесар Яўген Сахута, дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, старшыня Рэспубліканскага савета дырэктараў абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці Алег Хмялькоў. Многія з членаў савета да пасяджэння перадалі свае пажаданні.

Кантэкст размовы будзе выкладзены ў наступных нумарах, але пазначым закранутыя на сустрэчы праблемы. Хвалююць культурную грамадскасць кадравыя пытанні ва ўстановах, стан беларускай мовы ў грамадстве, абясцэньванне традыцыйнай культуры і нават падмена паняццяў у шэрагу выпадкаў, тэндэнцыя закрыцця бібліятэк і музеяў ў выніку аптымізацыйных працэсаў, разбурэнне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, становішча з гістарычнай часткай Полацка...

Што да газеты, савет падкрэсліў вострую неабходнасць у яшчэ большай колькасці аналітычных матэрыялаў, праз якія работнікі сферы маглі б арыентавацца адносна стану спраў у галіне. Таксама ўзнімалася пытанне прыярытэтаў на палосах “К”. Наогул жа ўдзельнікі пасяджэння падтрымліваюць рэдакцыйную палітыку газеты і застаюцца яе чытачамі.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст