Каб зацікавіць і 22,26 %, і 16,02 %

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Ад “музея ў чамадане” да рэканструкцый: “колазварот” атракцый у беларускіх скарбніцах
На адным з беларускіх парталаў некаторы час таму правялі апытанне на тэму “Чаго не хапае беларускім музеям?” У ім прынялі ўдзел крыху больш за дзве тысячы чалавек. Як высветлілася, большасці рэспандэнтаў не стае ў такіх установах інтэрактыўнасці і мультымедыйнасці (22,26 %), а таксама разнастайнасці ў экспазіцыях (16,87 %), цікавых мерапрыемстваў (16,02 %). З гэтай нагоды “К” даведалася ў шэрагу музеяў краіны — ад установы са статусам “нацыянальны” да вясковай бібліятэкі-музея, — якім чынам прыцягваюць у іх патэнцыйных наведвальнікаў.

/i/content/pi/cult/577/12704/7-2.jpgНе сядзіцца на месцы

Лунінецкі раённы краязнаўчы музей, акрамя музейна-педагагічнай дзейнасці, практыкуе такую форму прэзентацыі экспазіцыі, як “музей у чамадане”, адыходзячы ад стэрэатыпу стацыянарнай установы. Існуе яшчэ і “музей у мініяцюры”: макеты экспазіцый паказваюць школьнікам горада і раёна. У чым сутнасць дадзенай акцыі? Не чалавек ідзе ў музей, а музей — да яго, прычым “паказ” тут, у асноўным, — тэматычны (напрыканцы красавіка запланавана экспанаванне рэчаў ваеннай тэматыкі).

Вядома, такі падыход сведчыць і пра тое, што моладзь не ўспрымае стандартныя формы экспазіцыі: патрабуюцца новыя спосабы падачы звестак, каб вярнуць цікавасць патэнцыйных гледачоў, асабліва дзяцей, якіх сёння куды больш за артэфакты мінуўшчыны цікавяць камп’ютарныя гульні. Таму ў Лунінцы, скажам, поруч з аглядавай экскурсіяй для дзяцей пачатковых класаў праводзяць знаёмства з музейнай калекцыяй у гульнёвай форме.

— Новае пакаленне інакш матывавана, і, на жаль, вялікай увагі музеям не надае. Таму намагаемся ўзняць узровень мерапрыемстваў, — распавядае дырэктар музея Наталля Благадзёрава.

А на пытанне, ці ёсць месца ў музеях для няпрофільнай дзейнасці, як тое зараз распаўсюджана, Наталля Барысаўна зазначыла: калі ў музеі ёсць пералік платных паслуг, шэраг уласна культурных прапаноў можна пашырыць і некаторымі дадатковымі — нестандартнымі. У Лунінцы, скажам, акрамя традыцыйных платных паслуг мяркуюць прадаваць сувенірную прадукцыю мясцовых клубных устаноў: вырабы “hand-made” з лагатыпам горада.

Ткацкі станок і гісторыя

Калі пагутарыла з бібліятэкарам Куляшоўскай бібліятэкі-музея сельскага побыту Шчучынскага раёна Людмілай Павядайка, прыгадала сваю аднагрупніцу ва ўніверсітэце, якая родам з вёскі. Яна аднойчы спыталася, ці калядавалі мы калі-небудзь. Усе адмоўна пахіталі галовамі, сёй-той яшчэ і пасмяяўся з гэтага, а я, прызнацца, прамаўчала. Неяк засаромелася… Аднагрупніца ж пачала апавядаць, як у іхняй вёсцы адзначаюць Каляды. Гэта я да таго, што моладзь традыцыі, няхай і не так масава, як хацелася б, а ўсё ж пераймае.

У бібліятэцы-музеі ладзяцца імпрэзы на гістарычную тэматыку, а таксама скіраваныя на папулярызацыю беларускай мовы. Існуе пры ўстанове аматарскае дзіцячае аб’яднанне “Вытокі”. Але відавочная “масавасць” у Куляшоўскай бібліятэцы-музеі збольшага летам, калі юнакі і дзяўчаты прыязджаюць да бабуль. Але, кажа спадарыня Павядайка, і ў іншыя сезоны мерапрыемствы не абмінае мясцовая дзятва. Цягам жа года адбываюцца вечары-успаміны (падчас вечара дзеці пытаюцца, як раней пяклі хлеб, як ткалі, танчылі), праводзяцца акцыі “Займальнае літаратуразнаўства” ды “Літаратурны куфэрак”, а на мерапрыемстве “З гісторыі рэчаў”, напрыклад, нядаўна распавядалі пра ткацкі станок, ля якога часта робяць сэлфі. Падчас іншага мерапрыемства з гэтай серыі мясцовая кабета, якой ужо за 80 гадоў, паказвала, як яна раней пляла паясы. Даведаліся школьнікі і пра саламяных “павукоў”. У хуткім часе Людміла Мікалаеўна абяцае распавесці і пра выкарыстанне льну ў мясцовых традыцыях.

З, так бы мовіць, “нестандартнага” — амаль і ўсё. Шкада, што здымкі Людміла Павядайка захоўвае толькі ў “аналагавым” альбоме: інтэрнэт-прастору яны пакуль не бачаць. Пытаюся: ці прапаноўваў хто-небудзь са школьнікаў-наведвальнікаў “прасоўваць” куляшоўскія цікавосткі ў сацыяльных сетках? На жаль, пакуль ніхто ініцыятыву не праяўляе. Таму хочацца пажадаць установе, каб на наведвальнасць мерапрыемстваў не ўплывалі сезонныя пікі і спады, а моладзь дапамагла бібліятэцы-музею знайсці сваё месца ў Інтэрнэце.

Тым, каму “за трыццаць”, падабаецца

Сярод праблем прыватнага музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах (Дарэчы, пра цікавыя ініцыятывы Старадарожскага раённага краязнаўчага музея можна прачытаць на старонцы 4. — Рэд.)— не толькі адвечная для ўстаноў такога тыпу нястача плошчаў для паказу вялікай колькасці экспанатаў, але і тая самая адсутнасць прасоўвання музея ў Сеціве. Урэшце, мне падалося, што тут якраз і не гоняцца за тым, каб прывабіць наведвальніка: мэтанакіраванага ці транзітнага. Як кажа наглядчык установы Міхаіл Белы, часам студэнты прыязджаюць на экскурсію, мабыць, для “птушачкі”, а вось тыя, каму “за трыццаць”, заўсёды задаволены праведзеным з гістарычнымі артэфактамі часам. Калекцыя выстаўлена ў сямі залах, і кожнае памяшканне — фрагмент гісторыі нашай краіны. Ёсць, напрыклад, прастора, прысвечаная радаводу вялікіх князёў, знайшоўся куток як для аповеду пра Кастуся Каліноўскага, так і для асабістых рэчаў Васіля Быкава.

Музей з квэстамі

— Людзям хочацца новага, і такой патрэбай публіка трымае нас “у тонусе”. Калі сярод школьнікаў і турыстаў найбольш папулярная музейная экспазіцыя “Старажытная Беларусь” (яна ахоплівае час ад неаліту да ХІХ стагоддзя), дык дадатковую ўвагу прыцягваем паказам фільмаў беларускіх рэжысёраў-дакументалістаў, лекцыямі для школьнікаў рознага ўзросту (іх тэмы — “Лялькі з бабулінага куфэрка”, “Гарадская культура на мяжы ХІХ — ХХ стагоддзяў”, “Мінск учора і сёння”), музейнымі заняткамі, на якіх яны вучацца ткаць, рабіць абрадавую ляльку, ствараць герб уласнага роду, — распавядае загадчык аддзела музейных камунікацый Нацыянальнага гістарычнага музея краіны Кацярына Далінская.

Асаблівасць заняткаў у тым, што школьнікі тэорыю замацоўваюць на практыцы. Музей праводзіць інтэрактыўныя гульні, скажам, амаль дзвюхгадзінную “Не шукаючы, не знойдзеш”. З нагоды міжнароднага выставачнага праекта “Усё жыццё ў адным ровары” рыхтуецца квэст з пытаннямі ў вершаванай форме. Ну а пра музейны квэст па філіялах Нацыянальнага гістарычнага, раскіданых, у асноўным, па цэнтры сталіцы, не відае хіба лянівы.

Што да пытання пра няпрофільную дзейнасць, Кацярына Далінская зазначыла: турысты набываюць сувенірныя вырабы, таму музеям заўсёды трэба думаць пра якасць гэтай прадукцыі. “Да ўсяго, у некаторых музеях ёсць кавярні і буфеты, але, на маю думку, у музеі не павінен стаяць пах ежы”, — дадае візаві.

Гуканне… экспанатаў

Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах да мерапрыемстваў (“Спатканне ў музеі”, “Вяснянкі”) рыхтуе яшчэ і майстар-класы: стварэнне сямейнага абярэгу, птушак з гліны і саломы, а таксама канцэрты, гульні, танцы. Асноўная мэтавая аўдыторыя такіх падзей — моладзь.

— На маю думку, наведвальнікам зараз не стае інфармацыі, рэкламы менавіта пра разнапланавасць дзейнасці музеяў. Няўжо нехта лічыць, што музей можа абысціся без дадатковых формаў актыўнасці ў наш час? Канешне, праводзяцца ва ўстановах і сустрэчы з мастакамі, і лекцыі, сям-там ёсць кінаклубы. Гэтая дзейнасць патрабуе актыўнасці як з боку музея, так і ад наведвальніка. Калі з’явіцца апошняя, зменіцца і меркаванне пра музей наогул як пра “застаялую ваду”, — кажа дырэктар згаданага музея Дар’я Ільініч і дадае: — А справакаваць такія захады можна, зноў-такі, масіраваным інфармаваннем.

На думку маёй суразмоўцы, няпрофільная дзейнасць можа быць рознай, напрыклад, продаж сувеніраў, праца фотазоны, дзейнасць кавярні, рэстарана, нарэшце, заўжды карыснага банкамата ці пункта абмена валюты. Асабліва, калі ўсё гэта здолець “абыграць”. “А вось сумнай ксеракопіі ў музеі не месца”, — дадае Дар’я Ільініч.

Тэатралізацыя і рэканструкцыя

Гомельскі абласны музей ваеннай славы не апошнюю ролю адводзіць вонкавай рэкламе, а таксама прасоўванню музея праз медыя і Сеціва. А якія формы профільнай работы з наведвальнікамі задзейнічаны ў музеі? Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Канстанцін Мішчанка расказвае:

— Ладзім інтэрактыўныя групавыя мерапрыемствы, практычныя заняткі ў рамках вывучэння курсаў “Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны”, арганізуем тэматычныя эксурсіі для старшакласнікаў па асобных экспазіцыйных залах. Скажам, у нас моладзь можа навучыцца разборцы-зборцы стралковай зброі ў рамках заняткаў па дапрызыўнай падрыхтоўцы.

Зараз завяршаецца рээкспазіцыя ў дзвюх залах, якія прысвечаны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. А для прэзентацыі музей выкарыстоўвае элементы тэатралізацыі і рэканструкцыі падзей таго перыяду, пра які “гаворыць” экспазіцыя.

— Наведвальнікам жа музея не хапае культуры спажывання музейнага прадукту, а таксама глыбіні ўспрымання мінулых эпох, што звязана з “адрывачнымі” ўяўленнямі пра пэўныя перыяды ў гісторыі, — працягвае Канстанцін Сяргеевіч.

На думку Канстанціна Мішчанкі, музей можа займацца продажам сувенірнай прадукцыі (пажадана, каб яна адпавядала профілю музея), прапаноўваць паслугі накшталт магчымасці рабіць фота побач з экспанатамі, а таксама капіраваць даведачны матэрыял. Хаця б для ліквідацыі тых самых прабелаў у ведах.

Падаецца, пры ўсёй крэатыўнасці шэрагу атракцый і спосабаў разнастаіць праграму наведвання музеяў (гульні, квэсты, лекцыі), гэтым абавязковым па цяперашнім часе акцэнтам не стае пэўнай цыклічнасці, “колазвароту”: каб тым жа школьнікам было цікава наведаць установу зноў і зноў, а музею, чаго прыхоўваць, атрымаць дадатковыя грошы. А тыя самыя квэсты, упэўнена, услед за Нацыянальным гістарычным маглі б скарыстаць і ў Лунінцы, і ў Гомелі. Хіба сталічныя калегі не падзеляцца асновамі набытага досведу? Ну і ці варта казаць, што прадстаўленне ў Сеціве (і ў сацыяльных сетках у тым ліку) — рэч абавязковая? Першы крок да свайго месца ў лакальнай культурнай прасторы цалкам можа аказацца віртуальным.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст