На ростанях: у пошуках тактыкі

№ 10 (1240) 05.03.2016 - 11.03.2016 г

"Коласавы землякі" ды пазабюджэтныя план і факт
У чарговую аўтавандроўку на Брэстчыну выправіліся апошнім зімовым тыднем. І частае выказванне клубнікаў “Навучыце мяне зарабляць!” стане лейтматывам для гэтай і наступных публікацый нашага першага сёлетняга аўтатура.

/i/content/pi/cult/576/12675/10-1.jpgЛітаральна перад самой паездкай досыць выпадкова прачыталі кнігу Язэпа Лёсіка з аповедам пра Мікалаеўшчыну і “мікалаўцаў”, якія вылучаліся сваімі адметнымі традыцыямі і шляхецкім характарам. А з улікам таго, што шлях на Ляхавічы, куды мы і выправіліся, пралягае праз Стаўбцоўскі раён, абмінуць гэта колішняе мястэчка было б недаравальна. Да таго ж яшчэ адна нагода паездкі — згадаць Якуба Коласа (Канстанціна Міцкевіча), а больш дакладна адметны юбілей: 60 гадоў з часу напісання славутага ліста нашага класіка ў абарону беларускай мовы.

Ехалі міма Акінчыц, Альбуці, Смольні і разважалі пра Коласа. Пра тое, што кожны ягоны літаратурны герой — Лабановіч, Сымон-музыка, Міхал з Антосем — так альбо інакш стаялі на ростанях, на раздарожжы. Інакш кажучы, пакутліва, але настойліва шукалі месца ў жыцці для сябе і сваіх нашчадкаў. Дзе, як ні ў Коласавых мясцінах, шукаць рады гэтаму пытанню.

З чыстага аркуша…

Папятляўшы трохі па Стоўбцах, неўзабаве апынуліся ў Мікалаеўшчыне. Менавіта тут Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч зрабіў свой ці не першы жыццёвы выбар… Прайшлі дзесяцігоддзі. Мікалаеўшчына не стала аграгарадком. Паселішча паціху старэе. Колькасць выхаванцаў мясцовай школы штогод змяншаецца. Дарэчы, пра колішні вясковы росквіт тут нагадвае менавіта школьны будынак: дыхтоўны, велічны, з каланадамі на фасадах. Вядомы факт, што ўзводзіўся ён не без апекавання Якуба Коласа. А вось клуба, запэўнілі жыхары, у Мікалаеўшчыне цяпер няма, ёсць бібліятэка, якая пераехала ў новае памяшканне. Шукалі яе доўга. Калі знайшлі, крыху расчараваліся. Занадта ўжо непрэзентабельная — заімшэлая хатка непадалёк ад школы, якая вельмі нагадвае дарэвалюцыйную хату-чытальню.

— Ды што вы, — паспрабавала пераканаць нас у зваротным бібліятэкарка Іна Андроцкая. — У старым будынку ацяпляльныя трубы пацяклі. А тут  — цэнтральнае…

Да слова, раней у гэтым будынку размяшчаўся і вучнёўскі інтэрнат, і школьны гурток па саломкапляценні, але апошнім часам памяшканне пуставала. Мы заспелі якраз пярэбары ўстановы. Перад гэтым Андроцкая зрабіла сваімі сіламі рамонт.

Добра, што муж яе працуе электрыкам, дапамог з праводкай і ўстаноўкай сістэмы асвятлення. Тым днём бібліятэкарка раскладала кнігі па паліцах, а на бібліятэчнай кафедры ляжаў шыкоўны падарункавы том «Новай зямлі». Куды ж без гэтай «беларускай сагі»? Тым больш у Мікалаеўшчыне?

Іна Андроцкая па адукацыі інжынер-тэхнолаг, дагэтуль працавала на пошце. Цяпер — на бібліятэчных ростанях. Працуе са студзеня, толькі-толькі набывае досвед. Хоць і дапамагаюць Іне Андроцкай метадысты, але яна хоча выпрацаваць сваю тактыку, найперш — у сферы інфармацыйнай.

Па словах бібліятэкаркі, мясцовы люд яна добра ведае, мае, спадзяецца, і падыход да людзей. А таму ў планах — стварэнне літаратурнага гуртка, размяшчэнне аб’яў з інфармацыяй пра новыя кніжныя паступленні, наладжванне пастаяннай выставы, прысвечанай творчасці Якуба Коласа. Яшчэ адно ноу-хау: Іна Андроцкая мае жаданне праводзіць у бібліятэцы, так бы мовіць, “рэха “Каласавін” з удзелам літаратуразнаўцаў, паэтаў і пісьменнікаў.

Але першае, што трэба зрабіць — падказаць шлях да бібліятэкі. Як мы высветлілі, сёння далёка не ўсе мікалаеўцы ведаюць, дзе размяшчаецца ўстанова. Згодная з гэтым і Іна Андроцкая, якая мяркуе размясціць указальнікі з боку сельсавета, царквы і школы. Што да інфармацыйнай працы, то тут мары разбіваюцца аб рэальнасць: пакуль установа не мае нават тэлефона — пазначаны на сайце райвыканкама ўжо аддадзены прыватнай асобе. Тым не менш, кіраўніцтва раёна абяцае неўзабаве падключыць бібліятэку да сеткі Інтэрнэт. Маўляў, афіцыйна бібліятэка пакуль не прымае чытачоў, а таму і з камунікацыямі можна трохі пачакаць. Рамонтныя работы, і праўда, завяршаюцца, але чытачы, тым не менш, завітваюць і цікавяцца кніжнымі навінкамі. А неўзабаве будуць запрошаны на ўлазіны. Дырэктар мясцовай школы Лілія Кротава паабяцала дапамагчы зрабіць вялікую прэзентацыю бібліятэкі. Словам, справу бібліятэчную Іна Аляксандраўна распачынае з чыстага, так бы мовіць, аркуша.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Стаялі мы побач са школай. Адсюль добра бачны Нёман, шматкроць ушанаваны Песняром. Стаялі і чакалі вяскоўца, дзядзьку сярэдняга веку. Што ён распавядзе пра родныя для Якуба Коласа мясціны? Дзядзька Міця, як аказалася, ішоў у краму па хлеб. Але спыніўся і ў ахвотку пагаварыў. Так, клуба няма, а шкада, бо да бліжэйшага, у Любкаўшчыне, ехаць ды ехаць… Без свайго клуба, карацей, жыццё сумнаватае. Музей — у Смольні… Так, дзятвы і моладзі — усё менш. Мясціны ж тут маляўнічыя, Коласам апетыя. Я запытаўся, а ці ведае дзядзька Міця што-небудзь з “Новай зямлі”? Той, не вагаючыся, пачаў чытаць — ледзь спынілі. Вось такія чытанні на свежым паветры атрымаліся. Адным словам, чытачы ў Мікалаеўшчыне — падрыхтаваныя. Каб іх здзівіць, Іне Аляксандраўне вельмі пастарацца трэба. Дай ёй Бог!

Ад юбілею да юбілею

Гэтым разам вырашылі не заязджаць у добра знаёмы нам філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”, раскінуты ажно па чатырох вёсках, а знайсці музейныя цікавосткі ў самой Мікалаеўшчыне. На жаль, не знайшлі. І толькі вярнуўшыся дадому даведаліся, што ў школе, якая носіць імя Якуба Коласа, маецца цікавы літаратурны музей. Але пра яго нам не сказалі ні ў бібліятэцы, ні хоць бы якія ўказальнікі ці інфармацыйныя стэнды.

Тыя пошукі і расчараванні прывялі да думкі, што перспектыў, найперш турыстычных, у гэтай мясцовасці бачыцца багата. Гэтаксама, як і багата таму перашкод. Так, сёння этнаграфічныя і літаратурныя музеі карыстаюцца цікавасцю з боку шырокай грамадскасці ва ўсім свеце. Але ніхто не пойдзе ў “статычны” музей — нават калі ён мае статус нацыянальнага. І размова тут не пра мультымедыйныя ўстаноўкі з магчымасцямі 3D праекцый ці найноўшыя інфакіёскі, набыццё якіх патрабуе вялікіх сродкаў. Музей не павінен быць адарваны ад мясцовай супольнасці. Трэба жыць яе інтарэсамі і разам з тым быць жывым цэнтрам асветы — у нашым выпадку штомесяц, калі не штотыдзень, праводзіць цікавыя мерапрыемствы каляндарнага цыклу на аснове Коласавых паэтычных апісанняў, арыентаваныя як на турыстаў, так і мясцовых жыхароў.

Мяркуем, Стаўбцоўскі райвыканкам і Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа мусіць працаваць у адной звязцы па ўшанаванні і папулярызацыі нашага славутага класіка. Прыгадаем Пушкінскія мясціны пад Псковам. Там з трапятаннем ушаноўваюцца не тое што рэчы і будынкі, звязаныя з класікам рускай літаратуры, але і аўтэнтычны ландшафт, тыя дрэвы, што маглі яго бачыць. А што ў нас? Навокал Мікалаеўшчыны, дзе ў маляўнічых мясцінах размяшчаецца Коласаўскі дзяржаўны заказнік, наадварот, заўважылі, падаецца, надта неахайна высечаныя дзялянкі старога лесу. Зусім сумна ў Коласавых мясцінах выглядае справа і з грамадскім харчаваннем: ніхто не сустрэне падарожнага добрымі шкваркамі ці Коласавай верашчакай з блінамі... Нічога не пакаштаваўшы, скіраваліся ў Нясвіж, дзе з гэтым праблем няма аніякіх. А чаму б у Мікалаўшчыне не аднавіць, скажам, карчму, якая ў свой час размяшчалася побач з мостам праз Нёман? Альбо побач з музейным будынкам у Смольні ці Ластку не зрабіць “шынок” з мясцовымі кулінарнымі прысмакамі і прапаноўваць турыстам блінцы, што “пякліся на сняданне”.

Як грыбнікі са стажам, адгукнуліся б мы і на музейную камерцыйную прапанову пад умоўнай назвай “Грыбнымі сцежкамі Коласа” — з мясцовымі жыхарамі ў якасці праваднікоў-экскурсаводаў. Вядома, пры гэтым ажыццяўлялася б і шырокая рэкламная акцыя. Але самае галоўнае, рэгіянальным невялікім музеям (няхай сабе і філіялам) важна праяўляць актыўнасць не толькі ад юбілею да юбілею.

Кампанія вольных вандроўнікаў

На абвестцы за вітрынным шклом будынка, дзе месцяцца СДК і бібліятэка вёскі Любкаўшчына, прачыталі мы класную піяр-фразу: “Вас вітае бібліятэкар Святлана Канстанцінаўна Пявец!” Міма такога не пройдзеш. Карціць зайсці, павітацца ў адказ, пакорпацца ў кнігах, пагутарыць пра сучасны літаратурны працэс, урэшце — павучыцца…

Сціпласць сціпласці — розніца. Работнік культуры, не намі сказана, павінен быць артыстам, у тым ліку — і ў рэкламе сваіх магчымасцяў ды здольнасцяў. Толькі да такіх пацягнуцца людзі. А сугней, як правіла, хавае за сціпласцю няўменне працаваць з людзьмі і на людзей. Падаецца, так. Таму —хутчэй да Святланы Канстанцінаўны!

Сёння, аказваецца, у бібліятэцы (а яшчэ і абеду няма) паспелі пабываць чатыры чалавекі: два настаўнікі мясцовай школы і двое дзетак. Асноўная чытацкая плынь, распавядае бібліятэкар, чакаецца пасля трох гадзін дня. Скончацца ўрокі, працоўны дзень і ў бібліятэцы збярэцца, да прыкладу, экалагічна-краязнаўчы клуб «Леталет». Ягоныя сябры, у асноўным школьнікі, называюць сябе Кампаніяй вольных вандроўнікаў. Як вам гэта? Нам спадабалася. Адчуваецца, што пры такой назве няма ў клубе фармалізму. А займаецца ён літаратурнымі шпацырамі. І не толькі па Коласаўскіх мясцінах. На школьным аўтобусе вандроўнікі пабывалі, скажам, у вёсцы Жыгалкі. Жыве там, аказваецца, Алімпіяда Мартынаўна Мамонька 1917 года нараджэння, якая ведае безліч песень, казак, прымавак. Усё гэта старанна запісваецца гурткоўцамі.

У свой час да такога прыкладнога краязнаўства прывучаў падначаленых начальнік колішняга аддзела культуры Анатоль Грэкаў. Вынік працы — на кніжных паліцах бібліятэкі: чатыры ладныя зборнікі мясцовага фальклору. Чалавека ўжо няма, а справа Анатоля Васільевіча працягваецца. Вось так бы — ды ў кожным раёне Беларусі. Але не ў кожным ёсць такая гаспадыня-кніжніца, як Святлана Пявец. Яна ў сферы культуры — ці не ўсё жыццё. Як прызнаецца, тактыку кожнага рабочага дня прадумвае загадзя. Сёння, да прыкладу, рыхтуецца выстава па творчасці Якуба Коласа, заўтра — мерапрыемствы, скіраваныя супраць курэння, паслязаўтра чытачы будуць знаёміцца з асаблівасцямі прозы Івана Мележа, а вольныя вандроўнікі адправяцца па чарговым маршруце. Карацей, кожны рабочы дзень бібліятэкара — творчы іспыт. У “экзаменацыйнай камісіі” — чытачы.

Загаварылі аб праблемах. У бібліятэцы няма чытальнай залы. І разам з тым адно з памяшканняў СДК (побач з абанементам) пустуе. Як кажа бібліятэкар, няма грошай на рамонт. Мы паглядзелі: памяшканне прыдатнае, а рамонт патрэбны мінімальны. Гаспадарчая група аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі з такім фронтам работ справіцца, як думаецца, без праблем.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Упершыню давялося сутыкнуцца з незвычайнай сітуацыяй, калі ў вёсцы маецца свой калектыў “Коласавы землякі”, але прапісаны ён у суседнім аграгарадку за дзесяць кіламетраў. Падобнае часам назіраецца ў футбольных клубах, якія маюць жаданне выступаць на вышэйшым узроўні, але адпаведных умоў і інфраструктуры ў сваім горадзе не маюць. Якое тут можа быць выйсце ў канкрэтнай сітуацыі? Мо варта зрабіць філіял Любкаўшчынскага СДК у Мікалаеўшчыне?

За паўгоддзе — 25 мільёнаў?

Дырэктар СДК Таццяна Гакава са штодзённым творчым іспытам сутыкнулася адносна нядаўна. Прыехала з Казахстана. Як тут зноў не згадаць пра тыя ростані?

Хоць і знаходзіцца Любкаўшчына ўдалечыні ад шумных аўтатрас і моладзь у паселішчы таксама растае, як снег напрадвесні, але нельга сказаць, што СДК — не запатрабаваны. Глядзельная зала ледзь не на трыста месцаў — самая вялікая ў раёне. Так што нярэдка тут ладзяцца раённыя семінары. Народны фальклорны гурт “Коласавы землякі” з Мікалаеўшчыны (паколькі няма там клуба) напоўніцу выкарыстоўвае любкаўшчынскую сцэну. Нярэдка заязджаюць сюды і эстрадныя зоркі…

Але асноўная праблема СДК, як мы зразумелі, у тым, што мясцовы люд не надта прызвычаіўся плаціць грошы за тое, што за савецкім часам было бясплатным. Вывад адзіны: не прывучылі. Таццяна Гакава з гэтым пагаджаецца і дадае з сумам: “Людзі атаясамляюць увядзенне платных паслуг з маім пачаткам працы ў Доме культуры. Нібыта я тыя грошы ў сваю кішэню кладу”.

У выніку леташні план па аказанні платных паслуг насельніцтву (15 мільёнаў рублёў) быў выкананы на 97 %. Камерцыйныя выставы-продажы і канцэрты не далі належнага прыбытку. І ў той жа час за паўгоддзе бягучага года клубнай установе Любкаўшчыны неабходна зарабіць аж 25 мільёнаў пазабюджэтных рублёў. Мы, шчыра кажучы, жахнуліся. У нас што, даходы насельніцтва істотна павялічыліся? Уражанне такое, што планы па аказанні паслуг растуць у нас гэтак жа няўхільна, як скарачаецца колькасць вясковага насельніцтва і адпаведна — колькасць аптымізаваных устаноў культуры.

Частае выказванне клубнікаў “Навучыце мяне зарабляць!” стане лейтматывам і для наступных публікацый нашага першага сёлетняга аўтатура. А пакуль дзелімся адной з канкрэтных камерцыйных прапаноў: фота на памяць з Якубам Коласам. Для гэтага ў СДК ёсць усе ўмовы.

Іншая справа, як ажывіць клубнае жыццё, як заваяваць публіку? Адказ, падаецца, вядомы кожнаму работніку клубаў: змяніць падыходы да працы, павысіць якасць мерапрыемстваў, пастаянна даводзіць насельніцтву, што за якасць трэба плаціць. Былі ж, былі прарывы ў клубнай дзейнасці Любкаўшчыны. Адным часам пасля заканчэння БДУКіМ прыехала сюды на адпрацоўку малады спецыяліст. І па старой памяці запрашала да сябе ў СДК сваіх сталічных знаёмых. І з абрадам “Пасаг нявесты” прыязджалі ў вёску Мікола Козенка, Энгельс Дарашэвіч, Вячаслаў Калацэй са сваімі студэнтамі. І было ўсё жвава ды цікава. Але скончыўся тэрмін адпрацоўкі... А адны “Коласавы землякі” сітуацыю, як ні старайся, не выправяць.

Агульнае (не)лірычнае завяршэнне

Пазабюджэтныя планы, і гэта не толькі наша меркаванне, павінны не замінаць творчасці, а яе стымуляваць. Калі работнік культуры не адчувае матывацыі ў якаснай працы, калі не можа пакарыстацца тым, што зарабіў, для ўмацавання і свайго заробку, і матэрыяльнай базы, дык ці варта чакаць ад павелічэння пазабюджэтных планаў карэннага паляпшэння сітуацыі?

Фота аўтараў

Мінск — Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці — Ляхавіцкі і Івацэвіцкі раёны Брэстчыны — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"