Такая сустрэча, скрозь прасякнутая музыкай, магла адбыцца толькі ў сценах гэтай навучальнай установы. Пытанні былі сабраныя напярэдадні, але можна было задаць іх і з залы, перадаць у цыдулцы. Рэктар Акадэміі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына Дулава вольна мадэліравала абмеркаванне, складаючы выкшталцоную музычную форму, і вяла размову лепш за любую тэлезорку прамога эфіру. Не было хіба “рэкламных паўз”, тэлезаставак ды іншага антуражу. Затое з густам і любоўю падабраныя музычныя экспромты выступалі ў якасці ўверцюры, інтэрмедыі і пастлюдыі, прычым класіка гучала самая разнастайная: заходнееўрапейская віяланчэльная, руская вакальная і беларуская цымбальная. Было бачна, як ускінуліся бровы Уладзіміра Тэадоравіча, калі ў творы Уладзіміра Кур’яна цымбалістка Валерыя Корбан пачала граць не звыклымі палачкамі, а… ключом для настройкі інструмента, імітуючы гучанне гавайскай гітары. Цікава, якія ідэі нараджаліся ў маэстра ў гэты момант? Бо ён даўно і плённа супрацоўнічае з маладымі беларускімі музыкантамі, запрашаючы іх саліраваць са сваім калектывам у замежных турнэ, неаднаразова дапамагаў студэнтам Акадэміі з набыццём каштоўных (у тым ліку калекцыйных) інструментаў, сцэнічных строяў, вырашэннем праблем са здароўем. Невыпадкова ў канцы сустрэчы маэстра ўзнагародзілі нагрудным знакам гэтай ВНУ.
Не менш важнымі для творчай моладзі сталі і ягоныя думкі, назіранні, парады:
— Шчасце культуры заключаецца ў тым, што яна вольная. Свабода — гэта найрэдкае шчасце. Перад мастацтвам не стаяць ніякія перашкоды, яно можа лётаць, як птушка. Я не дыктатар у творчасці, цаню чалавека, паважаю ўсіх, з кім працую. За 14 гадоў існавання Нацыянальнага філарманічнага аркестра Расіі я ні разу не павысіў на музыкантаў голас, размаўляю з імі, як зараз з вамі. Невыпадкова пры першай з імі сустрэчы замест “троннай прамовы” я сказаў: “Мы сабраліся, каб любіць музыку, адно аднаго і сваіх слухачоў”. Бо толькі ў любові можа нарадзіцца штосьці добрае і сапраўднае.
Я лічу, трэба не баючыся ісці да свайго прызначэння і штосьці рабіць для іншых. У вас цудоўная Акадэмія, дзе сабраны выдатныя выкладчыкі і рыхтуюцца выбітныя маладыя музыканты. Праз створаны мной Міжнародны дабрачынны фонд прайшлі больш за 22 тысячы дзяцей, сярод якіх ёсць і беларускія. Магчыма, гэты фонд — лепшае, што я зрабіў. Бо самае страшнае ў жыцці — абыякавасць. Быць абыякавым — грэх. Трэба імкнуцца кожны дзень рабіць штосьці добрае.
Наш фонд дапамог у правядзенні 117-ці аперацый, уключаючы найскладаныя, на адкрытым сэрцы. Згадаю такую гісторыю. Аднойчы пасля канцэрта ў Екацярынбургу да мяне падышла жанчына: “Я не была на вашым выступленні, але прашу вас прачытаць гэты ліст”. Прыйшоў у гатэль, чытаю: “У мяне ёсць сын, яму 2 гады 11 месяцаў. Яму патрэбна аперацыя на адкрытым сэрцы”. Яна прасіла толькі аднаго — парэкамендаваць ёй хірурга. Я зрабіў усё, каб яны прыехалі ў Маскву, бо па выглядзе было зразумела, што сям’я не заможная. Аперацыя прайшла паспяхова, хлопчык выжыў. А гады праз тры яны прыйшлі падзякаваць. Хлопчык працягнуў падарунак — кніжку. Гэта быў малітоўнік. Хлопчык аказаўся шостым дзіцем у сям’і святара. “А кім хочаш стаць?” — “Хачу граць на скрыпцы, як вы”. — “А скрыпка ёсць?” — “Няма”. Купіў яму ў Парыжы скрыпку, даслаў. Ён пачаў займацца ў вельмі добрага выкладчыка. А цяпер ён — студэнт Маскоўскай кансерваторыі (перайшоў, праўда, на альт) і стажор у нашым аркестры.
Я вельмі люблю жывапіс, нават патроху збіраю калекцыю. Сёлета я пазнаёміўся з вашым Нацыянальным мастацкім музеем (Там праходзіла прэс-канферэнцыя да фестывалю — Н.Б.). Буду рады, калі атрымаецца штосьці зрабіць для яго. Бо ўвесь час хочацца рабіць штосьці добрае — і вам таго ж раю. З гэтым лягчэй жыць!
Для мяне вытокам энергіі заўсёды была музыка. Калісьці Сяргей Рахманінаў напісаў для амерыканскага часопіса прыблізна такія радкі пра музыку: “Гэта ціхая месяцавая ноч; гэта шэргат жывых лісцяў; гэта аддалены вячэрні звон; гэта тое, што нараджаецца ад сэрца і ідзе да сэрца; гэта любоў!” Я мог бы цалкам падпісацца пад гэтымі словамі. Бо музыка — сусвет, дзе можна знайсці ўсё: суцяшэнне, радасць, каханне. Гэта суцэльная планета, да канца не спазнаная.
Калі музыкант грае, адразу чутна, які ён чалавек. Сама ж музыка можа зрабіць з чалавекам больш, чым просьбы і нават загады. Згадваю, што аднойчы са сваёй грымёркі ўбачыў, як на дах залы Чайкоўскага залезлі трое салдат. Расчыніў акно, пытаюся: “Хлопцы, вы чаго?” — “Ды мы да вас на канцэрт хацелі патрапіць, здалёк спецыяльна прыехалі”. — “Ну, давайце тады, праз вакно залазьце”. Можна ўявіць рэакцыю навакольных, калі я выйшаў з артыстычнага пакоя ў атачэнні гэткай “ваеннай аховы”. “Пасля канцэрта зойдзеце?” — “Вядома, нам жа неяк выйсці адсюль трэба будзе”. Сыгралі канцэрт. Пытаюся: “Ну як?” — “Ведаеце, пасля такой музыкі мы не змаглі б страляць у людзей”.
Фота Аліны САЎЧАНКА
Працяг аповеду — у адным з наступных нумароў.