Крокі для духу нацыі

№ 8 (1238) 20.02.2016 - 26.02.2016 г

Уладзімір ПРАКАПЦОЎ, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея краіны, старшыня Канфедэрацыі творчых саюзаў Рэспублікі Беларусь
Сёння Нацыянальны мастацкі музей актыўна ўключаны ў буйныя праекты. Першай значнай спробай маштабнай падзеі стала выстава “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”, праз два гады прагучала “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”. А сёлета адкрыўся праект “Час і творчасць Льва Бакста”, які рыхтаваўся два гады з удзелам беларускіх і міжнародных партнёраў.

/i/content/pi/cult/574/12604/5-1.jpgНічога, прызнаюся, адразу і лёгка не робіцца. І часам Нацыянальнаму мастацкаму можна было б абмежавацца лакальнымі, не такімі энергазатратнымі падзеямі. Але менавіта падобныя крокі, якія робяцца з парушэннем пэўных стэрэатыпаў, культурнай інерцыі, узнімаюць, на маю думку, дух нацыі. І выдатна, што гэта становіцца магчымым праз удзел і падтрымку нашага галоўнага прыватнага партнёра  — “Белгазпрамбанка”.

Шчыра кажучы, калі мы толькі распачыналі працу над тымі ж “Дзесяццю стагоддзямі…”, я сумняваўся ў поспеху справы. Але прыцягнулі ўсю Беларусь: з 29 музеяў прывезлі ўнікальныя рэчы. Да таго ж нам насустрач пайшлі і праваслаўныя, і каталіцкія храмы. Выстава атрымалася грандыёзнай! Гэты праект, лічу, зрушыў штосьці ў свядомасці грамадства. Сёння ў выставе “Час і творчасць Льва Бакста” мы ўжо дзейнічаем больш упэўнена, бо ёсць гэты папярэдні досвед. Тут прадстаўлены восем музейных устаноў. Надрукаваны шыкоўны фаліянт пра Бакста. Дзеля чаго ўсё гэта, запытаеце, робіцца? Каб беларускі глядач даведаўся, якія мастакі нарадзіліся на нашых землях.

Хто ведаў раней, што Хаім Суцін родам са Смілавічаў? Ці шмат у Беларусі можна было пабачыць арыгінальных працаў Шагала? Ці знаёмыя беларусы з тым, што сусветнавядомы дэкаратар і мастак Леў Бакст нарадзіўся ў Гродне? Гэтыя імёны вяртаюцца на радзіму — і людзі спрычыняюцца да іх праз буйныя праекты. Чалавек схадзіў на выставу, пабачыў карціны, пачытаў — і выходзіць з іншым усведамленнем. Ён пачынае адчуваць, што мае дачыненне да гэтых постацяў, чыя творчасць прызнаная ва ўсім свеце! Каб настройваць народ на пэўныя каштоўнасці, трэба працаваць з публікай, выхоўваць пачуццё нацыянальнай годнасці. І такія прыгожыя праекты, пра якія мы кажам, акурат робяць гэта.

Каб падтрымаць лінію, музей ініцыяваў і такі праект, як анталогія беларускага мастацтва “Славутыя мастакі з Беларусі”. Мы ўзялі старт у 2012 годзе, у Год кнігі, і пачалі выпускаць у выдавецтве “Беларусь” невялікага фармату выданні пра нашых класікаў. У кожнай — рэпрадукцыі твораў пэўнага мастака і тэкст пра яго на беларускай, рускай і англійскай мовах. Прачытаць гэта выданне можна за гадзіну. Хруцкі, Жукоўскі, Бялыніцкі-Біруля, Драздовіч, Ваньковіч, Рушчыц… Меркавалі напачатку, што серыя будзе складацца з 30 кніг. Але потым вырашылі працягнуць да 60, 70 імёнаў — і сёння не можам спыніцца. Я называю гэту серыю “наш іканастас”. Для нас важна сабраць постаці, якімі мы можам ганарыцца.

Сёння, дарэчы, мы пачынаем працаваць над наступным праектам. Ён будзе прысвечаны Фердынанду Рушчыцу, вяртанне імені якога музей распачаў, у тым ліку, праз праект з Траццякоўскай галерэяй. У 2020 годзе споўніцца 150 гадоў з дня нараджэння славутага жывапісца і графіка, і мы плануем вялікую выставу ў яго гонар. Увосень мінулага года я паўдзельнічаў у пленэры на радзіме Рушчыца — Валожыншчыне. Беларускія мастакі падарылі свае карціны школе мастацтваў у Багданаве — і гэта ўжо, лічыце, пэўны фонд для будучага музея Рушчыца. У планах таксама такая грандыёзная ініцыятыва, як адраджэнне фамільных могілак і сядзібы. Гэту ідэю ўжо падтрымаў губернатар Міншчыны Сямён Шапіра. Над праектам рэканструкцыі могілак працуе доктар архітэктуры Армэн Сардараў: разам са студзентамі мяркуецца аднавіць браму, адрамантаваць ступені, падняць надмагіллі. Рэканструкцыя закране і свецкія могілкі побач з месцам пахавання мастака. Мастак-дызайнер Алена Матросава распрацавала на падставе дакументаў дызайн-праект адраджэння сямейнай сядзібы Рушчыцаў, які трэба абмеркаваць і знайсці адпаведныя сродкі, магчыма тром краінам — Беларусі, Літве і Польшчы — падаць заяўку на грант з Еўрасаюза.

Ёсць сувязь з унукам беларускага і польскага класіка ў Варшаве, і яго далучэнне да справы адраджэння абмяркоўваецца. Здавалася б, гэта дата яшчэ вельмі далёка, але ўжо зараз трэба пачынаць рабіць пэўныя крокі, каб падзея адбылася. Дамовіцца з польскімі музеямі — каб прывезці знакавыя творы, з мясцовымі ўладамі — каб распачынаць рух па вяртанні імені. Бо далей у планах — прасунуць праект па адраджэнні сядзібы класіка. Там такое прыгожае месца, сапраўдны элемент турыстычнага кольца…

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"