Аўдыя-відэа-23

№ 8 (1238) 20.02.2016 - 26.02.2016 г

Студзеньскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць лідар гурта “Port Mone” Аляксей ВАРСОБА (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/574/12600/1-12.jpgГурт “Okna“, міні-альбом “Miesiac”

А.: Ухвальна, што малады калектыў перад выпускам дэбютнага альбома ўсклапаціўся выданнем міньёна. Любы запіс прымушае зрабіць намаганне, зірнуць на свой прадукт адасоблена, дазваляе атрымаць ладную (калі пашанцуе) порцыю крытыкі. Усё гэта вельмі ўзнімае ўзровень музыканта ды спрыяе яго далейшаму росту. Хачу адзначыць інструментальную частку кампазіцый ды добрае пачуццё формы. Упэўненае і яснае гучанне гітары, умелае і, галоўнае, дарэчнае выкарыстанне эфектаў трымаюць аранжыроўку, драматургію ўсіх трох кампазіцый міні-альбома. Несумненна, што ў чалавека, які адказваў за гэту частку працы, вялікі патэнцыял. А вакалісту — тэрмінова да педагога! Матывацыі ў калектыву хапае, зараз справа за прафесійнай дысцыплінай.

В.: “Смурны” індзі-рок, які я рэкамендаваў бы слухаць, напрыклад, пасля прагляду выпуску расійскіх тэленавін "а-ля НТБ". Не проста самадастатковы гурт, але абсалютная рэч у сабе. Ды асабіста мне не надта ўтульна ў такім “свеце”. Вось існуе гурт “Akute”, якi таксама выконвае пахмурную музыку, але ў творчасці магілёўцаў есць прыцягальнасць, чараўніцтва ды нават шарм, а ў лянотны вір мінчан трапляць не хочацца. Прынамсі, асабіста мне.

Гурт “Naka”, альбом “Мая малiтва”

A.: Моцны ды вельмі цікавы ў музычным плане альбом. Гурт заявіў пра абнаўленне складу, што станоўча адбілася на якасці. Новы рэліз “Naka” вылучаюць магутныя разгорнутыя аранжыроўкі, цікавыя інструментальныя пройгрышы, энергічны, напорысты вакал. Зрэшты, апошняе і раней лічылася моцнай рысай калектыву. Асобна хачу адзначыць кампазіцыю “Цемра” — песня вартая любога заходняга рэлізу. У аснову кампазіцыі пакладзены вядомы прыём супастаўлення жорсткага астынатнага рытму ды лірычнага дэкламацыйнага вакалу, вырашаны тут вельмі ўдала і небанальна. У выніку ў музыкантаў атрымліваецца стварыць яркі, выразны, зразумелы кожнаму вобраз.

B.: У чым не папракнеш лідара гурта “Naka” Настассю Шпакоўскую, дык гэта ў адсутнасці ўпартасці. Колькі нерваў ёй папсавала гісторыя з песняй “Малiтва”, але спявачка ўключыла сваю варыяцыю на тэму знакамітага дзякуючы “Песнярам” верша Янкі Купалы ў альбом. Што яшчэ сказаць пра рэліз? Ён першы цалкам на беларускай мове ў дыскаграфіі калектыва (выключэнне — руска-ўкраіна-беларускамоўны трэк «Пра любоў”, дзе сышліся ў вакальным трыа грацыі айчыннай альтэрнатывы — сама Шпакоўская, Святлана Залеская-Бень ды Ганна Хітрык). Добрыя кампазіцыі «Не адпускай” (дуэт з фронтмэнам гурта “Akute” Стасам Мытнікам) і “Цемра”. Работа атрымалася на нерве, пры праслухоўванні некаторых песень мяне нават дрыжыкі прабіралі. Агульны ж дрэйф каманды, на мой погляд, выглядае так: ад песень, звернутых унутр сябе, праз трыбуны ў духу Шаўчука да выкіду ўнутраных перажыванняў вонкі.

Гурт “Ilo & Friends“, альбом “Кола”

A.: У чарговы раз адчуў крыўду за айчынных музыкантаў, дзе, як правіла, дастаткова свежых, цікавых ідэй, на ўвасабленне якіх не стае альбо грошай, альбо майстэрства, альбо спецыялістаў, а часцей — усяго разам. Тут жа перад намі адваротны выпадак: не самы наватарскі ў музычных адносінах матэрыял зроблены дыхтоўна, упэўнена і якасна. Інструменталісты скарыстоўваюць вялікую палітру выразных сродкаў і аранжыровачных прыёмаў, калектыў вельмі сыграны і працуе зладжана, што яшчэ раз падкрэслівае яго прафесіяналізм. Ну і мне асабіста імпануе адсутнасць манернасці ды театральшчыны ў вакалісткі.

B.: На гэтым альбоме беларускамоўнага гурта з Беластоку можна пачуць песні на вершы Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Сыса, Алеся Разанава, што прадугледжвае матэрыял якасны і нават абавязвае. Прыгожы вакал Ілоны Карпюк, разумныя, у меру “наварочаныя” аранжыроўкі, “смачны” інструментал, багаты, паветраны гук, меладычныя трэкі. Стылістычна каманда балансуе на мяжы поп-року ды альтэрнатывы, што вельмі зручна для арганізатараў фестываляў ды ратацый на радыёстанцыях розных фарматаў.

Відэа

Гурт “Amaroka“, кліп на песню “Замятае зiма”

А.: Чарговы псеўдамаладзёжны выраб. Відэапрадукцыя таго ўзроўню, які ўсур’ёз нельга ацэньваць. І справа не ў ідэі фан-кліпа і не ў жанры аматарскай здымкі, а ў адпаведнасці ўзроўню прэтэнзій аўтараў i намаганняў, затрачаных імі на рэалізацыю сваёй ідэі. Зразумела, што ва ўмовах адсутнасці ў нас хоць нейкіх механізмаў камерцыйнага ды/або прафесійнага адбору музыканты, мабыць, прынялі рашэнне, што “пракаціць” і гэта. Кліп складаецца з пастановачных сэлфі- і хоўм-відэа, блага знятых і зманціраваных, як Бог на душу пакладзе — без пэўнага намёку на выказванне. Відавочна, усё гэта было заклікана стварыць эфект дакументальнасці, які пацвярджае папулярнасць гурта ў розных кутках іх фрэндстужкі.

B.: Гурт пайшоў па шляху “БЕЗ БІЛЕТА”. У відэа прыхільнікі адрываюцца пад песню “Amaroka”. Таксама ўсё весела, па-хатняму, са святочным настроем, з усмешлівымі абліччамі. Міленькі кліп без усялякіх прэтэнзій і запытаў. І кампазіцыя не прэтэндуе на яе глыбокае асэнсаванне. Зіма, халады, Новы год, вясна прыйдзе… І танцавальны поп-панк. Мне, як старому фанату ВІА “Полымя”, прыемна, што з творчасцю гэтага ансамбля знаёмы і гурт “Amaroka”. Інакш як растлумачыць тое, што і ў яго песні, ды ў “пламянёвым” хіце савецкіх часоў “Снег кружыцца” ёсць адна і тая ж фраза “Заметает зима, заметает, всё, что было до тебя...”?

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"